Сяргей Абламейка

КАРОТКАЕ

 

КРЭСОВАЕ

Ведаю многiх беларускiх палякаў. Зь некаторымi шмат разоў i падоўгу размаўляў. Яны добра ведаюць, што iхнiя продкi былi ўнiятамi, i нават праваслаўнымi. I ўсё роўна яны — палякi.

I, здаецца, што я зразумеў тое, чаго яны самi не разумеюць. I ў ХIХ стагодзьдзi, i ў ХХ iхняя польскасьць — гэта ўнутраная эмiграцыя, iхнi пратэст, iхнiя ўнутраныя ўцёкi ад расейскага хамства ў Беларусi.

Унутраная эмiграцыя пры захаваньнi месца жыхарства. Любяць Радзiму.

 

 

БЕЗНАДЗЕЙНАЕ

Безнадзейна дамагацца справядлiвасьцi. Чалавек ня можа яе дамагчыся. Яна можа быць толькi вышэйшая, нябёсамi пасланая. А ад нябёсаў марна чаго-небудзь дамагацца. У iх можна толькi прасiць.

I сумна, што абсалютная большасьць людзей справядлiвасьцi менавiта дамагаецца, патрабуе, чакае, прагне... Замест таго, каб укленчыць i папрасiць.

I яшчэ кожны мусiць ведаць, што справядлiвасьць — рэч адносная, суб’ектыўная. Той, хто яе дамогся цi не дачакаўся, павiнен зразумець, што гэта, магчыма, i ёсьць Вышэйшая справядлiвасьць.

Проста вырашаем ня мы, бо думаем толькi пра сябе.

 

 

ХАЛУЙСКАЕ

Некаторыя назiраньнi i жыцьцёвы вопыт дазваляюць заявiць, што халуйства — зьява прагрэсіўная.

Прынамсi, некаторыя дамагаюцца зь яго дапамогай неблагiх вынiкаў. Яно можа быць непрымальным з пункту гледжаньня маралi, этыкi, але з гледзiшча вынiку — цалкам нармалёвая зьява.

Моцны — амаль заўсёды неразумны, i яму важна дагадзiць. Гэта амаль аксыёма: разумны, стаўшы моцным i адчуўшы, што ад яго нехта цi нешта залежыць, разумова дэградуе, папросту — дурнее.

Гэта нават краiнаў стасуецца. Прыкладаў безьлiч. А сярод людзей — пагатоў. Гэты, глядзiш, лiсьлiвiў, i добрую працу дастаў, гэны дагаджаў — i пасаду мае.

Зразумела, што для ганарлiвых беларусаў гэта шлях непрымальны. Але ўвогуле-то, халуйства — амаль беспамылковы шлях да посьпеху. Трэба толькi ведаць, якому дурню i як дагадзiць.

 

 

РЭФЛЕКСIЙНАЕ

Калi дапусьцiць, што пiсаньне — гэта своеасаблiвае «выпусканьне пары», дык значыць, што памiж рэфлексiяй i ўласна творчасьцю павiнна быць нейкая мяжа. I творцам можа лiчыцца той, хто ўзьняўся па-над гэтай мяжой, той, хто менавiта творыць, стварае.

З другога боку, той, хто рэфлексуе — таксама пiша, стварае свой твор.

Дык дзе ж тая мяжа? Хто i як яе вызначыў? I цi iснуе яна?

Выглядае што трэба прызнаць рэфлексiю адной з падставаў творчасьцi, i, бадай што, — галоўнай.

Iншая справа, што ў няздары i генiя — розны ўзровень рэфлексii, розныя прычыны рэфлексii i розны ўзровень асэнсаваньня гэтай рэфлексii.

 

 

ГIСТАРЫЯСОФСКАЕ

Кажуць, беларусам пашкодзiлi жыды. Маўляў, калi ў нашых гарадох фармавалася буржуазiя, якая звычайна ёсьць носьбiтам нацыянальнае iдэi i лiдэрам нацыянальнага руху, якраз надарылася сумнавядомая «рыса аселасьцi», а хутка — i забарона Кацярыны II жыдам жыць у сельскай мясцовасьцi. Пiшуць, што вось панаехалi яны ў гарады i выцесьнiлi беларускiх гандляроў i цэхавых майстроў.

Можа i так. Хоць, дарэчы, чаму ўсё ж выцесьнiлi? А чаму сёньня цi ня кожны другi менскi бiзнэсмэн — расеец?

Маем i мы нейкую праблему. Нешта з намi ня тое.

 

 

ШЛЯХЕЦКАЕ

У нас адраджэньнем займалася i займаецца пераважна шляхта. нельга не прызнаць ейных заслугаў. Блiзка ўсё, што маем, — дзякуючы шляхце.

Але нельга не прызнаць, што мела i мае шляхта нейкую санлiвасьць, сацыяльную ляноту i iнфантылiзм. Не глядзiць яна цьвяроза на рэчы.

Можа i бяда беларусаў ад таго, што гэтак шмат было ў нас шляхты. Голая бо прэтэнзiя: не пераймаюцца, што басанож — затое шаблю маюць права насiць... Гэтак i зараз, сярод ляманту пра вялiкую беларускую мiнуласьць у ВКЛ нiхто i не ўспамiнае, што яно, нават каралеўствам не патрапiла стаць, як усе нармальныя (не вялiкiя!) тагачасныя эўрапейскiя дзяржавы, альбо хаця б сатрапiяй, як Расея. Шляхецкая анархiя i хаос сталiся заканамерным вынiкам шляхецкiх жа (а не дэмакратычных) вольнасьцяў i падставаю для анэксii. Разумных галоваў i палiтычнай волi не знайшлося...

Я таксама маю ад мацi шляхецкую кроў.

 

 

ЭПIСТАЛЯРНАЕ

У час тэлефонаў, факсаў i Iнтэрнэту мы недаацэньваем звычайныя лiсты. А тым часам некаторыя з дапамогай асадкi, паперы ды капэрты робяць сабе ў беларушчыне iмя i кар’еру.

У нас традыцыйна высокi статус мае беларуская эмiграцыя, i таму людзi часта спаборнiчаюць за ўплыў на яе. I вось каго ведае беларуская эмiграцыя? Таго, хто нешта робiць? Не, яна i радыё ня слухае, i газэтаў нашых не чытае. Яна чытае лiсты i ведае iмёны iх аўтараў.

 

 

САМАКРЫТЫЧНАЕ

Я спрычынiў Беларусi вялiкую шкоду. Я згубiў рэцэпт нашага пiва i сыру. З падмiрскiх вёсак Кожава i Жухавiчы.

Некалi бабця казала, што сястра ейнае мамы, прабабцi Лiзы, была замужам за сыраварам з суседнiх з Кожавам Вялiкiх Жухавiчаў, i што вось яна мае запiсаны рэцэпт таго сыру. Я, натуральна, перапiсаў ды захоўваў. I вось згубiў. А бабцi ўжо таксама няма. Памятаю толькi, што асноўным кампанэнтам закваскi i асноўным сакрэтам быў, як казала бабця, «кiндзючок» — сушаны i здрабнёны мачавы пухiр маладога цяляцi. I больш нiчога. Больш за 10 таму было. Бабця каштавала прывезены зь Менску «Российский» i казала: «Што гэта за сыр... У нас даўней рабiлi...»

Побач з сыраварам пiвавар меў невялiкi бровар. Мела чамусьцi бабця i рэцэпт таго пiва. Я згубiў яго разам з рэцэптам сыру.

Я — шкоднiк.

 

 

ПАСЬПЯХОВАЕ

Калi побач з вамi мярзотнiк дамогся посьпеху, не пераймайцеся. Па-першае, невядома, цi ён — сапраўды мярзотнiк. Па-другое, невядома, цi гэта сапраўды — посьпех.

Але калi нават i першае, i другое — праўда, не пераймайцеся. Невядома, што будзе заўтра, куды паверне хада падзеяў. Проста рабiце добра сваю справу.

Гэта i ёсьць шлях да посьпеху.

 

 

НЯЗРОБЛЕНАЕ

Чаму мы заўсёды ня зробiм, а пасьля шкадуем? Чаму гэтак шкада менавiта нязробленага?

Як пагляджу, дык людзi часьцей шкадуюць пасьля таго, як нешта не зрабiлi, чым па ўласна зробленым.

Што замiнае зрабiць?

Што замiнае прыехаць да блiжняга, паклапацiцца аб iм, пакуль ён жывы? Што замiнае абняць яго, прытулiць да сябе i сказаць, як ты яго любiш? Што замiнае рабiць для яго гэтую драбязу часьцей?

Нiчога.

I ня зроблена.

 

 

СУПЯРЭЧНАЕ

Ведаеш, што ты не адзiн.

Ведаеш, што i так ужо табе шмат дадзена.

Ведаеш, што трэба ўсiм.

Ня ведаеш, цi той, што побач — сапраўды менш варты, чым ты.

Ня ведаеш, цi варты таго, што хочаш.

Ня ведаеш, урэшце, дакладна, цi сапраўды тое табе трэба.

Не вядома, цi здолееш.

Не вядома, цi яно — будзе.

I не вядома, цi сам — будзеш.

Ведаеш, што можа — так, а можа i — не.

I ўсё роўна — так балiць у грудзёх...

I нейкi стылiст пiша, што сказ ня можа пачынацца з «I».

I ўсё ж, так хочацца.

 

 

БАЦЬКОЎСКАЕ

Мне 14-15 год. Я iду некуды з бацькам. Размова выйшла на вельмi асабiстыя i шчырыя тэмы. Нейкi час я вагаюся i, урэшце, насьмельваюся спытаць у бацькi пра сваю праблему.

Я кажу яму, што пакутую ад сьцiпласьцi i нерашучасьцi ў адносiнах зь дзяўчатамi. У падмацаваньне расказваю некалькi выпадкаў, калi, падчас школьнай дыскатэкi цi недзе яшчэ, я ад сьцiпласьцi гэтак i не наважыўся падысьцi да дзяўчыны, якая спадабалася.

Бацька здумлiва маўчыць, а пасьля кажа:

— Ты ня сьцiплы i не нерашучы. Ты проста баiсься, што яна з табой ня пойдзе. Баiсься прайграць...

 

ШУФЛЯДА

Польска-беларуска-расейская моўная калiзiя.

Мой сябар-паляк Рычард прымае ў сябе ў Люблiне двух хлопцаў —Валодзю з Томску i Андруся зь Беларусi. Усе трое гавораць па-польску. Рычард просiць Валодзю, каб падаў яму нейкую кiнгу з шуфляды пiсьмовага стала. Валодзя стаiць i разгублена азiраецца навокал. Рычард паўтарае просьбу.

— Не разумею, дзе ўзяць? — нiякавата перапытвае Валодзя.

Рычард крычыць з суседняга пакою, каб Андрусь пераказаў Валодзю па-расейску.

— Володя, возьми её в шуфляде стола, — кажа Андрусь.

— Але што такое шуфляда? — кажа зусiм зьбянтэжаны хлопец зь Сiбiры.

— Ўвай! — Андрусь б’е сабе па ілбе. — У вас няма слова «шуфляда»! А як у вас гэта называецца?

Ён высоўвае адну з шуфлядаў пiсьмовага стала.

— В столе, под столом, в ящике...

 

 

ЧЭСКАЕ

Я зразумеў, чаму чэхi ня любяць людзей з былога СССР. Усiх нас, i ўкраiнцаў, i беларусаў, i iншых, яны называюць «русамi» i ня вельмi прыхiльна сустракаюць у крамах, рэстаранах i музэях. Кажуць, што гэта наступства 1968 году.

Але я зразумеў iншае. I зразумеў пасьля 1,5 год жыцьця ў Празе, толькi трапiўшы чарговы раз у Нямеччыну. Памiж немцамi i чэхамi iснуе праблема Судэтаў, але аўтарытэт нямецкае цывiлiзацыi для чэхаў непахiсны. У iх больш людзей гавораць па-нямецку, чым у нас па-польску.

Некалькi разоў я i мае калегi са «Свабоды» траплялi на мяжы, пры выезьдзе з краiны цi пры ўезьдзе ў яе, у непрыемныя сытуацыi. Нам у досыць непрыхаванай форме давалi зразумець, хто мы i адкуль. Нам амаль увадкрытую казалi: вы, барбары, едзеце ў цывiлiзаваную эўрапейскую краiну, да вялiкага 10-мiльённага эўрапейскага народу... Было вельмi крыўдна. Асаблiва трымаючы ў памяцi беларуска-чэскiя стасункi з 14-га стагодзьдзя i ведаючы, што мы — гэткая ж ахвяра Масквы, як i яны, толькi больш гаротная, бо раней пад Маскву трапiлi.

I вось еду я з жонкай на аўто ў Мюнхен. Перасекшы чэска-нямецкую мяжу, кiлямэтрах у 60-80-ці ад яе спыняемся на прыдарожнай пляцоўцы, каб перадыхнуць ды выпiць кавы. Сядаем за адзiны на пляцоўцы столiк i, раптам, я заўважаю непадалёк досыць вялiкую, прымацаваную на дыхтоўным мэталёвым слупе шыльду. На ёй намаляваная нашая пляцоўка, спрэс закiданая пустымi бутэлькамi, пакетамi i косткамi. Намаляваны таксама чалавек, якi зьбiрае ўсё гэтае сьмецьце ў адчынены багажнiк свайго аўто. I, самае галоўнае, уверсе шыльды надпiс па-чэску (!!), дакладна: «Вы, калi ласка, сваё сьмецьце забiрайце з сабой». Я не ўтрымаўся i нават зафатаграфаваў.

Цяпер я чэхаў зразумеў.

А ўвогуле, Чэхi — вельмi цывiлiзаваная i прыгожая краiна. I нацыянальна здаровая. I людзi прыгожыя. Лiтаральна. Я iх вельмi люблю, хоць яны мяне — не.

Я iх разумею.

1996-98, Прага