Сто твораў ХХ стагодзьдзя

Станiслаў Жукоўскi. Iнтэр’ер

 

У 10-я гады ХХ стагодзьдзя ў эўрапейскiм жывапiсе нацюрморт, як нiколi раней, набыў сваё апрычонае гучаньне, выяўляючы вельмi эмацыйнае ўспраманьне натуры мастакамi. Менавiта нацюрморт, як некалi ў жывапiсе малых галяндцаў, стаў неад’емнай часткаю iнтэр’ераў, пэйзажаў, партрэтаў. У адначасьсе прадметы зажылi сваiм жыцьцём, па-за сыстэмаю сувязяў з канкрэтнымi асобамi. Мастакi, без увагi на пэрсанальныя густы й кшталты, iмкнулiся злучыць у адно, у больш складаную, дыялектычную канструкцыю нацюрморт, пэйзаж i iнтэр’ер. Нараджаўся новы жанр. Яму было наканавана стаць яшчэ адным крокам да разбурэньня ўсялякiх жанраў...

...Злучэньне ў адно пэйзажу, нацюрморту й iнтэр’еру — адна з самых вымоўных тэндэнцыяў i ў мастацтве Расеi 10-х гадоў. Рэй у гэтай мiжжанравай камбiнаторыцы вёў напачатку Канстанцiн Каровiн, адзiн з настаўнiкаў Жукоўскага. Ягоная iмпрэсiянiстычная манера дасягнула найвышэйшага ўзьлёту менавiта ў гэтай галiне... Букет ружаў у кантражуры шалёных сонечных прамянёў на тле марскога краявiду — гэта пакуль толькi аповяд пра радасьць iснасьцi... Кампазыцыйныя прыёмы Каровiна падхапiлi i беларусы — Жукоўскi з Дабужынскiм. Нацюрморт на вакне, нацюрморт у контражуры на тле краявiду... Падобных работаў у Станiслава Жукоўскага ў тыя гады было ўжо дзясяткi. Праўда, усё далей яны адыходзiлi ад iмпрэсiянiзму. Рэчы ў супастаўленьнi з прыродай набывалi ўсё болей сымбалiзму, кантраставалi зь ёю... Сама манера (ды й задачы) зблiжалi яго з мадэрнам. Урэшце, ён стаў майстрам iнтэр’еру, сапраўды, чыста ў дусе мадэрну. У гэтым жанры ён зрабiў тое, што ў свой час для Расеi зрабiў Ян Хруцкi — запачаткаваў жанр нацюрморту...

...Станiслаў Жукоўскi нарадзiўся ў фальварку Ендрыхавiчы, на Гарадзеншчыне, прынамсi гэтак пiшуць ягоныя бiёграфы. Сам мастак у сваёй аўтабiяграфii асобна падкрэсьлiваў, што ягонае дзяцiнства прайшло ў вёсцы Стараволя, што каля Пружанаў (у той час — у складзе Гарадзенскае губэрнi). Бацькi здолелi выправiць яго на вучобу ў Польшчу. Тут, у Варшаве, ён атрымаў сваю першую адукацыю ў клясычнай гiмназii Лугоўскага. Пазьней ён пераехаў назад, да сваякоў у Беласток, дзе скончыў рэальную вучэльню. Менавiта ў Беластоку Станiслаў Жукоўскi пачаў сваю мастацкую адукацыю пад кiраўнiцтвам выкладчыка з вучэльнi Южанiна, зь якiм ён пасябраваў. Южанiн, сам гадаванец Пецярбурскае Акадэмii мастацтваў, падрыхтаваў юнага мастака да далейшага навучаньня, дапамог з расейскаю моваю. У 1892 годзе Жукоўскi ўпершыню трапляе ў Расею, дзе да 1901 году займаецца ў Маскоўскай вучэльнi жывапiсу, скульптуры й дойлiдзтва...

...Настаўнiкамi Жукоўскага ў Маскве была слынная пляяда клясыкаў расейскага жывапiсу: Каровiн, Сяроў, Архiпаў, Левiтан. Праўда, апошняга ён упарта ня згадваў у сваiх аўтабiяграфiях (у адрозьненьнi ад савецкiх мастацтвазнаўцаў). Бадай, прычына была не ў антысэмiтызьме... Ледзьве пачаўшы прафэсійную навуку, Станiслаў Жукоўскi бярэ ўдзел у 1895 годзе ў выставе перасоўнiкаў. Гэта яшчэ мала пра што сьведчыць, бо хто тады толькi ня плiшчыўся ў перасоўнiкi... Аднак, у тым самым годзе ён атрымаў прэмiю за свой пэйзаж «Травень», на конкурсе Таварыства пекных мастацтваў. А ўжо ў наступным годзе атрымоўвае наступныя дзьве прэмii за работы «Красавiцкi вечар» i «Восеньскай ноччу». Вось гэты посьпех сьведчыў пра большае. Слава ймклiва ўзносiла яго на сваiх лёгкiх крылах ад самага пачатку мастакоўскага шляху...

...У 1898 годзе Станiслаў Жукоўскi атрымоўвае вялiкi срэбны мэдаль са званьнем кляснага мастака. Гэтае пашаны ён заслужыў за чарговы пэйзаж «Веснавая ноч», якi, дарэчы, проста з выставы набыў слынны фундатар мiльянэр Мамантаў. За iм усьлед некалькi краявiдаў работы Жукоўскага купляе для сваёй галерэi Трацьцякоў... У чым сакрэт ягонае папулярнасьцi ў тыя гады? Бо сапраўды, беларускаму шляхцюку 25 гадоў убiцца ў расейскi бамонд было, па меншае меры цяжка. Можна растлумачыць гэта, да прыкладу, наступным чынам — да яго ў расейскiм мастацтве нiхто не пiсаў шарае гадзiны. У Жукоўскага пэйзаж пераўтвараецца ў завязку нейкага аповяду, пачатак п’есы. Гасьне сонца, што закацiлася за вершалiны дрэваў, недзе запалiўся агенчык, зараз загучыць голас ад аўтара... Анi шышкiнскага натуралiзму, анi левiтанаўскае сэнтымэнтальнасьцi.

Як i многiя iншыя выхадцы са шляхецкiх сем’яў, ён аддаў належнае i рамантызму. Захаваўся ягоны шкiц «Паляваньне на зуброў у Белавескае пушчы», якi зьберагаецца ў архiве Пецярбурскае Акадэмii мастацтваў. Разьятраны сьмяротна паранены зьвер-волат, гатовы рынуцца ў апошнi двубой. За сконам магутнай iстоты сочаць зьнямелыя паляўнiчыя — расейскiя вяльможы. Адносiны Жукоўскага з мастацкай Акадэмiяй таксама склалiся. Ягоны пэйзаж, напiсаны ў родных мясьцiнах — «Нёман», быў дыплямаваны на акадэмiчнае выставе, а за тым i набыты ў Акадэмiю. I прызнаньне атрымаў, i патрыётам застаўся... Нягледзячы на тое, што Жукоўскi ня могучы кiнуць сваiх сяброў у Расеi на стала жыў у Маскве, ён па-ранейшаму рэгулярна наведваў бацькоўскi край, дзе i пiсаў свае славутыя пэйзажы: «Восеньскі вечар», «Ветрана», «Плацiна», «Ельнiк» (чамусьцi ён любiў менавiта ялiны, дзе «д’яблу душу прадаваць») i шмат, шмат нёманскiх краявiдаў...

У 1907 годзе Станiслаў Жукоўскi атрымоўвае званьне акадэмiка. З гэтай прапановаю выступiлi Цьвяткоў, зямляк Крыжыцкi i Куiнджы, якi хоць i быў грэкам, але меў невытлумачальны сэнтымэнт да беларусаў — Рушчыца, Туржанскага i Жукоўскага. Беларусы, дарэчы, плацiлi старому Куiнджы ўзаемнасьцю i ягоны творчы ўплыў на iх быў невыпадковым. Крыху пазьней Жукоўскаму, у 1910 годзе, была ўручаная ганаровая прэмiя iмя Куiнджы, за славутае палатно «Плацiна», якое шматкроць экспанавалася. Гэты твор цi ня самы клясычны ўзор iмпрэсiянiстычнасьцi ў беларускiм мастацтве. Вучань Каровiна i Архiпава, Жукоўскi арганiчна падхапiў iхняе захапленьне iмпрэсiянiзмам. Напачатку 10-х гадоў гэта выявiлася ў поўную сiлу...

...Напрыканцы 1900 — у пачатку 10-х менавiта тая група беларускiх мастакоў, якiя гадавалiся ў Маскоўскай вучэльнi жывапiсу, скульптуры i дойлiдзтва, задавалi тон у пэйзажным жывапiсе з iмпрэсiянiстычным «ухiлам» — Бялынiцкi-Бiруля, Пятровiчаў, Туржанскi i Жукоўскi... Сярод гэтае кампанii Жукоўскi, у тыя гады рэзка вызначыўся большай пасьлядоўнасьцю ў памкненьнi авалодаць мажорным, сьвежым успрыманьнем натуры, iмiтуючы на беларускай глебе францускую манеру. Раптам ягоныя палотны засьляпiла сакавiцкае сонца, кобальт восеньскага полудня, зiхоткае зьзяньне лiлёвых ценяў... З таго пэрыяду ягонае палатно «Парк агаляецца» з шалёна-белымi сьценамi нейкае сядзiбы, бадзёры прахалодны паўнацюрморт-паўiнтэр’ер «На вэрандзе» з залатымi хрызантэмамi на белым стале ў стракаценьнi сiнiх ценяў, «Вёска на беразе возера» са шчыльнай сьвiнцовай вадою й бездакорна чыстым паветрам... Па-сутнасьцi, ён быў першым, i застаўся апошнiм iмпрэсiянiстам у Беларусi, як Каровiн у Расеi...

...Частыя выцечкi з Масквы ў Беларусь сталi для Жукоўскага невычэрпнаю тэмаю. Настальгiчнай, фiзыялягiчна-патрыятычнай, абсалютна здароваю тэмаю. У гэтых пераездах ён пiша шмат, шмат эцюдаў, якiя пазьней пераўтваралiся ў славутыя палотны. I ўжо цяжка распазнаць цi гэта Панямоньне, цi Падняпроў’е, цi напiсана гэта пад Менскам цi пад Смаленскам. Але гэта ўсё недзе побач, трывiяльная нечаканасьць... «Белы дом», «Веснавая дарога», «Веснавая вада», «Вялiкая дарога», «Стары дом» — гэтыя карцiны мелi нязьменны посьпех. Працы Жукоўскага куплялi ўсе вядомыя ў Расеi фундатары i калекцыянэры: Рабушынскi, Мамантаў, Марозаў, Трацьцякоў...

...Прыходзiла й эўрапейская слава. Вядома, што Жукоўскi экспанаваўся i ў эўрпейскiх салёнах. Праўда, там больш дзiвiлiся ягоным раньнiм рэчам, напрыклад «Восеньскай ночы». За палатно «Веснавы вечар», напiсанае ў 1909 годзе, ён у 1912 атрымоўвае залаты мэдаль у Мюнхене...

...Пакрысе чыста пэйзажныя матывы ў Жукоўскага ўсё часьцей саступаюць месца iнтэр’еру з элемэнтамi нацюрморту й пэйзажу. Клясычным ягоным палатном стаў «Радасны травень», напiсаны ў 1912 годзе. Гэты твор, якi захоўваецца ў Трацьцякоўцы, шматкроць рэпрадукаваўся... Тыповы iнтэр’ер беларускага шляхецкага дому: сьветлае габляванае бярвеньне нешаляваных сьценаў, па якiх разьвешаныя старасьвецкiя партрэты (натуральна, у залачоных рамах). На падваконьнi — скрыня зь пяшчотнымi пралескамi. За вакном — расквечаны сонцам сад. Крыштальныя промнi маладога веснавога сонца шчодра разьлiваюцца па пакоі...

Першая сусьветная вайна зьмянiла шмат, зьмянiла многiх. У шале сацыяльных катаклiзмаў людзi хапалiся за розныя iдэi, намагаючыся хоць нешта захаваць сваё. Экзальтаванасьць грамадзкае думкi перакiдвалася на мастацтва, як iскра на iльняную кастру. «Той не мастак, хто на блiскучым яблыку, пакладзеным для нацюрморту, не пабачыць павешаных у Калiшы. Можна не пiсаць пра вайну, але Трэба пiсаць Вайною,» — гэтак казаў у тыя гады Маякоўскi. Жукоўскi рушыў далей — ён пачаў пiсаць тое, што баяўся згубiць, i што гiнула ў Беларусi незваротна. Родны край, у якiм засталiся бацькоўскiя маёнткi, радавое котлiшча, былi бязьлiтасна адрэзаныя ад яго. Прадчуваньне немiнучага канца таго сусьвету, у якiм ён вырас, i куды марыў вярнуцца, сусьвету старасьвецкiх шляхецкiх фальваркаў сярод пушчаў, штурхала яго да працы. У тыя гады ён пiша дзясяткi iнтэр’ераў. Залiтыя сонцам пакоi, камiнныя залi, гасьцёўнi, распахнутыя насустрач крэўнаму паветру вокны й дзьверы... Напiсаныя па памяцi, яны ўжо апавядалi пра нешта зусiм iнтымнае, мройнае. Пiр падчас чумы? Нежаданьне мiрыцца з рэчаiснасьцю? А цi варта зь ёй мiрыцца?

У 1916 годзе ён пiша свой славуты «Iнтэр’ер». Сухая, рэгiстратарская назва на дзiва неадпаведная палатну, дакладней, ягонаму духу. Па сваёй апавядальнасьцi яно блiзкае да ягоных раньнiх краявiдаў i нацюрмортаў. Ранiца... Усе, бадай, яшчэ сьпяць. Хораша, сьвежа й цiха. У расчыненым вакне — у эўфарыi зялёнага шалу заходзяцца дрэвы густых прысадаў. Паўсюль скачуць пералiвiстыя, сонечныя плямы. Па пяшчотна-салатовых шпалерах тускна зьзяюць старыя рамы партрэтаў, старых, стускнелых родных партрэтаў... Блакiтны ядваб канапы. Фатэлi, мяккiя й ўтульныя. Няма раскошы, але выключны густ. Няма пэрсанажаў, а апавяданьне можа быць... Цi было гэтак у Ендрыхаўцах цi ў Стараволi? Так павiнна было быць. Родны дом, радасьць вяртаньня. Ягоны «Iнтэр’ер» — гэта руплiва вывераная, пралiчаная кампазыцыя. Тактоўна падабраныя фарбы. Сама манера пiсьма ў гэтым палатне Жукоўскага ўжо не выдае на iмпрэсiянiзм. Iмпрэсiянiзм — не фантазiя.

Гэтым палатном Жукоўскi фактычна сьцьвердзiў жанр iнтэр’еру, як паўнавартаснага мастацкага жанру, празь якi можна выявiць гэтаксама столькi пачуцьцяў, колькi iх ёсьць у мастака. Бадай, на iм гэты жанр i скончыўся.

Пасьля ўсталяваньня бальшавiцка-польскага мiру, Жукоўскi вяртаецца на радзiму. Назаўсёды. Ён вяртаецца разам з блiзкiм сябрам, земляком, Мар’янам Лялевiчам, выбiтным пецярбурскiм архiтэктарам. Тут, дома, мроi адступаюць. Бацькоўскiя маёнткi парабаваныя. Доўгiя спробы неяк адрадзiць гаспадарку плёну не далi. Ён прадае землi й пераяжджае да Лялевiча ў Варшаву. Доўгi час ён жыве на вулiцы Кошыкавай. Тут быў плён у мастацтве, да якога ён iзноў вяртаецца пасьля доўгага перапынку. Шматлiкiя iнтэр’еры i краявiды Палесься й Панямоньня прынесьлi яму славу i ў Варшаве.

У 1944 годзе сябра Жукоўскага, Мар’ян Лялевiч загiнуў падчас Варшаўскага паўстаньня. Празь некалькi месяцаў памёр пад Варшаваю i мастак.

Сяргей Харэўскi


 

У папярэднiх нумарах прадстаўленыя творы:

1. Фэрдынанд Рушчыц. Зямля

2. Мсьцiслаў Дабужынскi. Вiцебск, лесьвiца

3. Марк Шагал. Прамэнад

4. Iльля Рэпiн. Беларус

5. Марк Антокальскi. Помнiк Кацярыне

6. Вiтальд Бялынiцкi-Бiруля. Блакiтная каплiца

7. Хаiм Суцiн. Паж

8. Казiмер Малевiч. Чорны квадрат

9. Язэп Драздовiч. Пагоня Ярылы

10. Валянцiн Волкаў. Менск, 2 лiпеня 1943 году

11. Манумэнт Перамогi

12. Помнiк Ленiну ў Менску

13. Пётра Сергiевiч. Шляхам жыцьця

14. Аляксей Глебаў. Францiшак Скарына

15. Мiхал Фiлiповiч. Бiтва на Нямiзе

16. Лявон Вiтан-Дубейкаўскi. Касьцёл Пятра i Паўла ў Дрысьвятах

17. Лявон Тарасэвiч. Бяз назвы

18. Ян Булгак. Выгляд з Зарэчча

19. Iосiф Лянгбард. Менская Опэра

20. Аркадзь Астаповіч. Дворык

21. Клаўдзі Дуж-Душэўскі. Сьцяг

22. Прывакзальная плошча ў Менску: