Тазiк беларускi

Тазiк беларускi. Зборнiк вершаў. Менск, «Бервiта» 1998, — 96 с.: iл.

Каб заняць памяшканьне ў вялiзарным сквоце пад назваю «Лiтаратура», неабходна ў першую чаргу самавольна заняць якi-небудзь пустуючы пакой i павесiць на дзьвярах шыльду. Лягчэй за ўсё гэта зрабiць гуртам, асаблiва калi плён тваёй творчасьцi альбо мала зразумелы суайчыньнiкам, альбо калегi па пяру (хоць табе i даўно вядома, што гусь сьвiньне не таварыш) iгнаруюць твае вершы й груба ставяць пад сумлеў наяўнасьць у цябе хоць нейкiх лiтаратурных здольнасьцяў. Пасьля трэба знайсьцi «свайго» лiтаратуразнаўцу, якi б давёў паспалiтаму (i ня толькi) чытачу пра апрычонасьць тваю й тваiх хаўрусьнiкаў.

Бум-бам-лiтаўскi начальнiк Зьмiцер Вiшнёў так i паступiў. У вынiку ўсяго гэтага пабачыў сьвет зборнiк «Тазiк беларускi», пад вокладкаю зьмясьцiлася восем бумбамлiтаўцаў i адзiн «госьць» Валянцiн Акудовiч. Апошняму было даручана напiсаць прадмову, бо ў В.Акудовiча барада патрыяршая й акуляры як у Ярузэльскага, а яшчэ ён ведае процьму разумных словаў. Рашэньне не з найгоршых, тым больш, што выбiраць беларускiм «авангардыстам» асаблiва не было з каго. У адных рука не падымецца паставiць на адну палiцу Iльлю Сiна й Вiяна, а Вiшнёва з Кёно, другiя — проста не зразумеюць адкуль прыйшлi гэтыя дзiўна апранутыя маладыя людзi.

Аўтар прадмовы знайшоў вешчуна, якi прадбачыў нараджэньне новае лiтаратурнае плынi. Потым паспрабаваў выявiць, якiя тыпалягiчныя адрозьненьнi памiж нованароджанай групоўкаю й прызнанымi лiтаратарамi. Калi А.Федарэнка правёў гэтую мяжу па лiнii, якая задаволiць i Iвана Шамякiна й вясковага бiблiятэкара ды ўсiх паўпiсьменных папоў разам — што напiсана проста й зразумела — гэта ад Бога — усё астатняе ад Лукавага. То Валянцiн Акудовiч, таксама рубiць с пляча, бо па ягоных словах, ўся пост-савецкая беларуская лiтаратура (апрача Бум-бам-лiта, само-сабою), працуе «ў састарэлай эстэтыцы, архаiчных формах мысьленьня» (стар.7), i эстэтычна не адрозьнiваюцца ад сваiх храналягiчных папярэднiкаў. Што ж, слушна, бiнарная апазыцыя «сацрэалiзм» — «Тутэйшыя», сапраўды, даволi хлiпкая, як i астатнiя супрацьстаўленьнi, якiя жывуць (знаходзяцца) па-за межамi вокладкi падручнiка лёгiкi, скрадзенага з унiвэрсытэцкае бiблiятэкi. Пасьля, паводле прынятых канонаў, вылучае тэзыс, што «новыя» (Бум-бам-лiт) ужо (!) сталi натуральнымi для новага жыцьця. Ясна, калi браць за крытэр натуральнасьцi (нармальнасьцi) — канфармiзм, адзiн з базысаў, на якiм трымаецца мяшчанская, або iначай дробнабуржуазная (як каму больш падабаецца) мараль, то тут Акудовiч мае рацыю. Лiтаратары з ББЛу, тут апярэдзiлi ўсiх i ўся, сваёй гатовасьцю друкавацца на любых шматках паперы. Iх вершы можна знайсьцi ў любой газэце й часопiсе, рэдактару якой прыходзiць у галаву экстравагантная iдэя надрукаваць вершык на беларускай мове: ад «Советской Белоруссии» да старонкi «Грамафон» у «Нашай Нiве». Ну й апошнi цьвiк, якiм аўтар прадмовы прыбiў шыльды да новых дзьвярэй, у сквоце з саманазваю «Беларуская Лiтаратура», вельмi падобны на той, якiм нашы продкi прыбiвалi на дзьвярах новай дзяржавы «Вялiкае Княства Лiтоўскае». Пяць стагодзьдзяў таму, нашы прадзеды высмоктвалi з пальца паданьне пра рымлянiна Палеймона, якi даў пачатак новаму княскаму роду, каб паганыя ворагi на Ўсходзе не пiсалi, што Гедымiн — сын конюха. Сёньня ж Валянцiн Акудовiч шукае прарадзiму Бум-бам-лiту ў Афрыцы, мэтадам народнае этымалёгii прывязваючы нармальны беларускi эмаляваны тазiк да афрыканскага тамтаму. Нi з аўтарамi Баркулабаўскага летапiсу, нi з Валянцiнам Акудовiчам спрачацца нiкому ня раю, бо iхнiя iррацыянальныя тэзысы народжаны брутальнымi надзённымi праблемамi выжываньня й самазацьвярджэньня.

Зрэшты, на старонках зборнiку ёсьць i ўласна бум-бам-лiтаўскi тэарэтык — Юрась Барысевiч, якi шукае апраўданьне лiтаратурным практыкаваньням сваiх паплечнiкаў. Адзiн з асноўных тэзысаў ягонага артыкулу «Лiтаратура зь першых рук» у тым, што «Бум-Бам-Лiт — гэта рух за вызваленьне лiтаратуры ад дыктатуры друкарскага станка ды iншых прыладаў iндустрыi прыгожага пiсьменства, якая даўно ўжо пераўтварыла паэзiю ў нейкую галiну капiталiстычнай эканомiкi або народнай гаспадаркi сацыялiзму. Iндустрыялiзацыя ўнутры самой мовы (падзелу лексыкi на ўнармаваную й вульгарна-жаргонную, друкаваную й моўленую — прычым такi падзел мае месца i ў граматыцы, i ў фанэтыцы), але i да клясавае сэгрэгацыi сярод лiтаратараў, iхняга падзелу на мэтраў i графаманаў.» (стар.39). I справа тут зусiм не ў клясычным разыходжаньнi тэорыi i практыкi (зборнiк «Тазiк беларускi» надрукаваны на афсэтнай машыне маладзечанскай друкарнi «Перамога»), колькi ў няўважлiвасьцi Ю.Барысевiча да гiсторыi разьвiцьця пiсьменства i мовы. Няўжо шаноўны тэарэтык думае, што моваю Катула мог карыстацца рымскi сэнат? А можа ён упэўнены, што мова Статутаў Вялiкага Княства, аповесьцi пра Трышчана ды Iжоту, i жывое маўленьне люду пастаплiтага былi iдэнтычнымi? А можа ў старажытным Рыме ды Сярэднявечнай Лiтве лiтаратура зьведала iндустрыялiзацыю-капiталiзацыю? Тут бы й блазнаваты Арто пакруцiў бы пальцам ля скронi. Спрабуючы «гуманiзаваць» нелюбоў бум-бам-лiтаўцаў да пiсьменства, цi дакладней, пiсьменнасьцi, Барысевiч зьвяртае ўвагу чытача на «рэакцыйную» сутнасьць пiсьменства, як зьявы. Пры гэтым ён спасылаецца на кнiгу «Сумныя тропiкi» Клёда Левi-Строса, якi заўважыў, што барацьба зь непiсьменнасьцю заўсёды супадае з узмацненьнем кантролю над грамадзянамi з боку ўлады. Але хай кiне ў мяне камень той, хто скажа, што фатаграфiя была прыдуманая не для таго, каб нельга было езьдзiць за мяжу з чужым пашпартам, а рухавiкi ўнутранага згараньня, каб мiлiцыя апэратыўней магла рэагаваць на несанкцыянаваныя мiтынгi... Якое адкрыцьцё нi вазьмi — пабачыш, што дзяржава вельмi хутка навучылася iм карыстацца ў сваiх мэтах. I беды нашае цывiлiзацыi, паходзяць не з таго, што ў сьвеце занадта шмат пiсьменных людзей. Проста ў сьвеце занадта шмат людзей, якiм карцiць, каб пра iх думалi што яны пiсьменныя.

Можа быць, што тэксты Зьмiцера Вiшнёва (Алеся Туровiча, Вiктара Жыбуля, Сержа Мiнскевiча, Iльлi Сiна i г.д.) афарбаваныя аўтарскiм выкананьнем, ажываюць на вачох публiкi. Але мне не пашчасьцiла пабываць на бум-бам-лiтаўскiх iмпрэзах. Тады чаму гэтыя людзi не выпускаюць заместа паўфабрыкатных кнiжак i хаатычных газэтных публiкацыяў, якiя мяжуюць з парадамi «Як гадаваць парсючкоў» не тыражуюць аўдыё-вiдэазапiсы сваiх выступленьняў? Тады б i Ю.Барысевiчу не прыйшлося б думаць, якi шлях абраць. Альбо стварыць банду з паэтаў-нэалудытаў, удзельнiкi б якой прабiралiся ў друкарнi, з мэтаю зьнiшчэньня прыладаў працы нашчадкаў Скарыны, каб вырваць лiтаратурную творчасьць з пашчы капiталiстых, iмпэрыялiстых, iндустрыялiстых... Альбо сьлёзна цытаваць Антанэна Арто, пра тое як у кнiжках укрыжоўваецца ня толькi паэзiя, але й самое жыцьцё. Ён абраў апошнi варыянт. Больш просты й бясьпечны, але зусiм не эфэктны. А шкада!

Андранiк Антанян


 

Чарговая падказка.

А.Р. Яшчанка. Гомель у другой палове ХIХ — пачатку XX ст. Гiсторыка-этнаграфiчны нарыс, Гомель, 1997, 80 ст.

Едучы аднаго разу ў горад, якi, як мне здавалася, я ведаў да самых вантробаў, мне было прыемна й цiкава пачытаць гiсторыка-этнаграфiчны нарыс А.Р.Яшчанкi «Гомель у другой палове XIX-пачатку XX ст.». Прыемна, таму што гэта першая сустрэтая мною беларускамоўная кнiга такога пляну прысьвечаная Гомелю. А цiкава, таму што я зноў мог дазволiць сябе пагуляць зь яго вялiкасьцю часам, ды чытаючы ўявiць сябе падарожнiкам у той правiнцыйны горад, што паўставаў са старонак гэтае брашуры. Ва ўсёй сваёй непрыгляднасьцi. Атмасфэру якога сучасьнiкi абмалёўвалi так: «Мы не блещем внешним видом: у нас всё выглядит так, как будто жизнь однажды сразу остановилась и замерла, не имея сил выйти из состояния инертности и покоя. У нашего города вид заспанного, сумрачного захолустья, и нет следа той бодрости, которая пульсирует в больших провинциальных городах и столицах, нет следа влияния кипучей жизни культурных уголков нашей родины. «Город в футляре», в котором все идет по раз заведенному шаблону...» Ня ведаў бы я, куды ехаў — жаданьня дабрацца да канечнага пункта ў мяне б не паболела пасьля такiх сэнтэнцыяў.

Ня ведаю чаму, але самыя сухiя зьвесткi зь мiнулага веку, датычныя канфэсійнага цi нацыянальнага складу, коштаў на жыльлё, забруджанасьцi вулiцаў цi сямейнага побыту для мяне куды больш захапляльнае чытво за якiя-небудзь «падарожныя» дэтэктывы. Напэўна, не таму, што мне ўжо нiколi не пажыць у гомельскiх гатэлях «Марсэль» цi «Савой», дзе «номера и белье в гигиеническом отношении вне конкуренции», нiколi не пакаштаваць кухнi рэстарана «Медведь» под наблюдением московского повара», не наведаць «Театр художеств» с роскошным трехъярусным залом и кинематографом», дзе «незаметно ни малейшего мигания», i нiколi не паўдзельнiчаць у роварнай экскурсii ў Чарнiгаў. А, можа, таму, што не засталося й сьледу ад тых жыхароў, што раз-пораз узьнiкаючы ў кнiзе ў выглядзе красамоўных прыкладаў, пераўтваралiся ў пэрсанажаў, вартых асобных аповядаў. Як селянiн князя Паскевiча, якi «Будучи неграмотен, бродит он, Григорьев, по разным селениям и господским домам, предсказывает будущее, толкует сны, склоняет женщин в монашество и некоторых слабоумных постриг в оное...», гомельская мяшчанка iўдзейскага веравызнаньня Хейфец, «якая зьбегла з праваслаўным хлопцам i некаторы час хавалася ў яго сваякоў у палацы кн. Паскевiча, каб прыняць праваслаўе», цi «футболист, бравший много призов в г. Киеве, А.Либман, под руководством котораго ведется игра учащейся молодежи». Але мой сум яшчэ й ад таго, што ў горадзе, ў якi я прыеду амаль не засталося нiчога, што «вне конкуренции». Але магло й павiнна было быць. У чым я лiшнi раз упэўнiўся пасьля прачытаньня беларускага нарыса спадара Яшчанкi пра зусiм ня сумны, зь сёньняшняга гледзішча, горад. Хутчэй наадварот. Горад жыдоўскiх анэкдотаў ды рэстаранаў зь бiльярдамi, горад-балаган жорсткiх рамансаў i блатных куплетаў. Усяго таго яркага, таннага, але разам з тым i прыцягальнага, чым павiнен вылучацца паўднёвы горад-порт. Беларускi Марсэль, Брэмэрхафэн цi Адэса, якi й да сёньня не адгадаў свой сэнс у беларускiх межах, што не сягаюць мора. Але гэтая сьцiплая кнiжка — чарговая падказка.

Зьміцер Бартосік


 

Сучасная «Спадчына»

Часопiс «Спадчына», №1, 1998

«Старадаўняй Лiтоўскай Пагонi не разьбiць не спынiць не стрымаць!». Часопiс «Спадчына» спрабуе самым сваiм iснаваньнем спраўдзiць прарочыя словы Максiма Багдановiча. Выява Пагонi, якая за апошнiя гады стала як бы таварным знакам часопiсу, ганарлiва i нават нахабна зьзяе з усiх чатырох каляровых старонак вокладкi першага нумару за 1998 год, што прысьвечаны ўгодкам БНР. Крамольны нумар адразу ж стаў рарытэтам. Ён зьнiкаў з паштовых скрыняў, «губляўся» на пошце, iмгненна разьляцеўся з шапiкаў «Саюздруку».

Але «Спадчына» цiкавая ня толькi вокладкай. Як i раней, кожны нумар частуе чытача выборнымi тэкстамi. Цi то гэта ўспамiны дзеячоў беларускае справы, цi напаўзабытыя лiтаратурныя досьведы, альбо эксклюзіўныя пераклады старабеларускiх цi старапольскiх помнiкаў, або цiкавыя архiўныя публiкацыi цi весткi зь беларускае дыяспары. Немагчыма пералiчваць усё, што прыцягвала ўвагу за мiнулы год, але прынамсi мяне асаблiва ўразiлi «Турмы Беларусi» Андрэя Заеркi ў шостым нумары, зацiкавiлi тэксты Ўладзiмера Сядуры (Глыбiннага) у трэцiм. Дарэчы гэты гiсторык беларускага тэатру так i чакае свайго сапраўднага вяртаньня ў беларускi кантэкст. Некалькi нумароў запар чытаю «Фашызм» Жэлю Жэлева — шкада, што такая публiкацыя не зьявiлася гадоў на пяць раней. Мне iмпануюць спробы рэдакцыi вяртаць спадчыну ў гэткiм варыянце правапiсу, у якiм яна стваралася, уключаць ва ўжытак лацiнку. Адзiнае, што зьдзiўляе, гэта — чаму яшчэ раз-пораз па старонках часопiсу поўзае наркомаўка — можа лепш было б прыбраць зусiм гэтыя парэшткi? Але гэта, магчыма, не самае важнае.

Першы нумар удаўся ня толькi Пагоняю. Падбор матэрыялаў — вакол тэмы БНР i барацьбы за незалежнасьць такi, што часопiс можна чытаць увесь — нават не выбiраючы, што лепшае. Пачынаецца ён з прывiтаньня Iвонкi Сурвiлы, Прэзыдэнта Рады Беларускае Народнае Рэспублiкi да васьмiдзясятых угодкаў беларускай незалежнай дзяржавы, тэкста, якi цяпер, калi пашыраецца рух аднаўленьня грамадзянства БНР, набывае для нас гучаньне надзвычай важнае: «Нягледзячы на намаганьнi цяперашнiх уладаў яго падмануць ды зноў аддаць у няволю, верую, што ён [беларускi народ - В.А.] знойдзе адвагу i мужнасьць, каб абаранiць незалежнасьць свае дзяржавы.»

Неардынарная падборка патрыятычных вершаў — ад Уладзiмера Жылкi да Рыгора Барадулiна парадуе ня толькi аматара паэзіi, але будзе карыснаю для годнага настаўнiка, выхавацеля. З далейшых тэкстаў я б адзначыў публiкацыю рэфэрату Макара Краўцова аб Радзе БНР, якi дае жывы, хаця часам i спрэчны нарыс падзеяў 1918 году. Успамiны Юркi Лiстапада, удзельнiка Слуцкага збройнага чыну вяртаюць ня толькi да тых далёкiх у часе падзеяў, але й да тэмы актыўнае барацьбы за бацькаўшчыну. Гэтую тэму працягвае на мой погляд цiкавейшы матэрыял нумару — артыкул Нiны Стужынскай i Ўладзiмера Ляхоўскага «Абуджаныя Слуцкiм паўстаньнем». Гэта — гiсторыя маладзёвага супрацiву на случчыне ў 1925-26 гадох, практычна да сёньня невядомая й цяпер вернутая грамадзтву. Гэты яскравы эпiзод, на маю думку, як бы дадаецца да нейкай агульнай панарамы вызвольнага руху беларускай моладзi. Ад юных случчакоў да саюза Беларускiх Патрыётаў да «Чайкi» i, нарэшце, да цяперашнiх маладых змагароў — так складаецца найноўшая гiсторыя Беларусi. Гэтая роля моладзi ў барацьбе за волю вартая больш пiльнай увагi ня толькi «органаў», але й гiсторыкаў сучаснасьцi.

Увогуле, «гiмн змаганьня» — вось, напэўна лейтматыў «Спадчыны», i гэта цяпер самы сучасны, самы актуальны матыў у нашым краi. «Спадчына» не жыве ў мiнулым, яна — вяртае мiнуўшчыну сучаснасьцi й будучынi, а значыцца нам i нашым нашчадкам — нашую Спадчыну.

Вацлаў Арэшка