НОТА «МЕ»

 

У кожнага горада, мне так здаецца, ёсьць свая каронная пара, свой матыў. Я маю на ўвазе месяц, час сутак i нават стан неба, пры якiх горад найбольш дакладна альбо выйгрышна паўстае перад тымi, хто жадае калi ня жыць i памерцi тут, дык прынамсi пакiнуць горад у сваёй памяцi. У маёй асабiстай калекцыi застануцца загульны студзеньскi вечар Масквы, прывiдная шарая гадзiна верасьнёўскае Вiльнi, няўтульная кастрычнiцкая ноч Петраграда ды п’янкi захад кастрычнiцкага сонца ў Адэсе. I мне здаецца, я дакладна падгадаў свае зьяўленьнi ў дадзеных месцах i часе, каб ужо нiколi не вяртацца ў тыя гарады. А калi й вяртацца, дык усё ў тыя ж дакладныя часы. Вызначаныя ня мной, а ўсё тымi паэтамi сваiх кварталаў, каб i я адчуў сябе масквiчом, пiцерцам цi адэсiтам. Чые радкi й мэлёдыi ўжо даўно намалявалi майму ўяўленьню i «Москву златоглавую, звон колоколов», i «закутанный в дожди и холод фасад Петровского дворца», i «фонари, что за Пересыпью светятся», i, вядома, «паветра, напоенае цiхiм гусьцеючым мрокам».

Ужо якi месяц я жыву ў горадзе Менску. Але назваць сябе менчуком мне не паварочваецца язык. Называцца ж мiнчанiнам не паварочваецца нутро. Я не без хваляваньня толькi зараз пачынаю ўваходзiць у горад, якi нанова, у якi ўжо раз засяляецца менчукамi — пэрсанажамi новае беларускае лiтаратуры — Глёбуса, Дынько, Севярынца. Жывымi жыхарамi сваёй сталiцы, не абавязкова героямi вулiчных баталiяў, але цалкам пазбаўленых якiх бы там нi было прыкметаў савецкасьцi. Iхная прысутнасьць ня толькi на старонках новае лiтаратуры, але ў рэальным жыцьцi ўсё больш заўважная. Пра што i на якой мове яны б нi гаварылi, я ведаю што слова «мiнск» у iхных размовах не прамiльгне. I справа тут ня ў выбары на карысьць моднай лiтары, а ў выбары свайго места й ладу жыцьця. Не жывецца iм у Мiнску, i я разумею чаму.

Горад Мiнск усё болей становiцца прыдуманым i несапраўдным. Вялiзным але ня надта цiкавым музэем побыту савецкага чалавека ў пэрыяд пiку ягонага разьвiцьця з жывымi, але ад гэтага ня больш цiкавымi, экспанатамi, сваiмi жыхарамi — мiнчанамi ды iхнымi достопримечательностями. Усяго, ад чаго цягне апрануць белую кашулю, ды мармычучы сабе пад нос «все стало вокруг голубым и зелёным» цi «цвети мой Минск под небом журавлиным» (адзiным, што мне прыгадваецца пра мiнск) флянiраваць ад Домiка I зьезду да помнiка Марату Казею. Але падман будзе цягнуцца нядоўга. Па тых маршрутах любiмыя героi не хадзiлi й наўрад цi пройдуць. А ў домiк той я сам нядаўна зайшоў, i мне там спадабалася. Утульны менскi дамок, дзе сабралiся мiлыя жыдоўскiя людзi пагаманiць пра палiтыку, i якiя ўявiць не маглi, якiя краявiды паўстануць за вокнамi праз колькi гадоў пасьля iхных пасядзелак за гарбатаю. Ды ўсё роўна ў горадзе, якi на ўсiх мапах пазначаны як «Мiнск», нават ля манумэнта Победы, гэтага сымбаля сталiцы БССР паветра ўсё роўна застаецца менскiм. Насычанае воляю й жаданьнем жыць ствараючы. Калi-небудзь гэтае паветра набудзе моц шквальнага ветру й зьнясе бэтон вулiцы, што сёньня мае нахабства звацца Нямiгаю, адновiць Верхнi горад i замчышча, i на колiшнiх мiнскiх вулiцах паставiць iншыя помнiкi. Цi будзе каму тады лiць сьлёзы па зьнiклым Мiнску? Не ўяўляю.

Сёньня ў горадзе Менску выходзяць ажно дзьве газэты («Наша Нiва» й «Навiнкi»), пiшуцца наiўныя вершы й высокаклясныя эсэ, сьпяваюцца мацерныя прыпеўкi й рокавыя баляды, а галоўнае будуюцца самыя фантастычныя пляны на будучыню. У Мiнску адбываецца ўсё астатняе — прэм’еры, матчы, гастролi, сэлектарныя нарады ды McDonald’s’ы. I я бязь лiшнiх развагаў гатовы ахвяраваць гэтым усiм астатнiм дзеля таго, каб пакiнуць сабе шанец калi-небудзь далучыцца да кагорты менчукоў. У Менску сёньня цiкавей i цяплей, ня кажучы ўжо пра заўтра. Таму мне няма патрэбы мяняць час i месца свайго быцьця. У пошуках чыста менскага матыву.

Зьмiцер Бартосiк