Прэса за Бугам

 

З 11 па 14 траўня ў польскiм мястэчку Казiмеж Дольны прайшоў сэмiнар для рэдактараў беларускiх культурнiцкiх выданьняў, якi наладзiла Фундацыя iмя Стафана Баторыя. На iм прысутнiчалi супрацоўнiкi 11 выданьняў, у тым лiку i «Нашае Нiвы».

 

...Што мусiць адчуць чалавек, калi апошняе, што ён пабачыў перад ад’ездам з роднага гораду — як трое маладых здаровых мiлiцыянтаў зьбiваюць старую? Зьбiваюць за тое, што яна спрабуе зарабiць хоць якую капейку на семках.

Цягнiк на Варшаву крануўся, а ў мяне ў вушах яшчэ зьвiнеў вусьцiшны крык кабеты: «Людзi, дапамажыце!..».

Ня менш недарэчнае здарэньне адбылося на мяжы, калi беларускiя памежнiкi паставiлi перада мною дылему: альбо ў мяне канфiскоўваюць «Нашу Нiву» i я зьнiшчаю паштоўку Артура Клiнава «З Новым годам!», альбо мне давядзецца выйсьцi зь цягнiка i йсьцi ў пастарунак. Ня надта цямячы што да чаго старэнькi польскi ксёндз, сусед па купэ, спуджна лыпаў вачыма... Калi б гэта было летась i для ўезду ў Польшчу патрабаваўся б адзiн толькi ваўчар, можна было б паспрачацца. Але я змарнаваў грошы i два днi для афармленьня падарожных дакумэнтаў... Пагатоў, неба зьбiралася на дождж. Спрачацца не было жаданьня... Выехаў.

...Люблiншчына. Надвiсьлянскiя разлогi. Мiнiятурнае мястэчка мiж горных лагчынаў. Казiмеж Дольны. Гэтае мястэчка славутае сваiм унiкальным архiтэктурным ансамблем, якi склаўся ў 16 стагодзьдзi i ляндшафтам, дзеля захаваньня якога створаны адмыслова нацыянальны парк. Тры тысячы жыхароў. Тры кропкi продажу прэсы... Першае, што мне кiнулася ў вочы, гэта мноства культурнiцкiх выданьняў. Прычым не ў закутках, дзе нiчога не разглядзець, як у Менску, а менавiта перад самымi вачыма пакупнiкоў, наперадзе ўсяе астатняе палiграфiчнае навалы, якая апошнiя гады залiвае Польшчу.

Чаму мы можам навучыцца ў Польшчы? Досьвед нашых суседзяў сьведчыць, што культура, у тым лiку й культурнiцкая прэса, ва ўмовах лiбэральнага ладу, ня толькi не «пасуе» перад «рынкам», але й наадварот, iмклiва разьвiваецца, з годнасьцю несучы свае фундамэнтальныя каштоўнасьцi... У гэтым сэнсе досьвед Польшчы, якая далей прайшла гэты шлях, найбольш паказальны. Вядома, польскi досьвед нялёгка стасаваць да нашых умоваў, ня тыя маштабы, ня гэткая дзяржаўная традыцыя, урэшце, нiколi палякi не выракалiся сваёй мовы. Але ж для нас гэта яшчэ адзiн спосаб зазiрнуць у заўтра.

Апроч грунтоўных бiзнэс-курсаў, якiя доўжылiся штодзень па 12 гадзiнаў, нам давялося (у якасьцi жывога прыкладу) пагутарыць з галоўным рэдактарам часопiса «Кresy». Гэта тоўсты (як два нашых «Полымя») часопiс маладых лiтаратараў Люблiншчыны, якi, мiж тым, імкнецца весьцi агульнапольскi дыялёг. Умоўна кажучы, гэта тая нэўтральная тэрыторыя, дзе амаль усе, якiя ёсьць, лiтаратары Польшчы могуць стасавацца мiж сабою без публiцыстычных спрашчэньняў, безь якiх, нажаль, мы ня можам сабе сёньня ўявiць беларускай культуры. Больш таго, у абсяг тэмаў гэтага часопiса трапляе i найноўшае мастацтва, i архiтэктурная крытыка, i тэалёгiя. Сваю «крэсовасьць» гэты люблiнскi квартальнiк бачыць як абавязак знаёмiць польскага чытача зь лiтаратурамi ўсходнiх суседзяў, перадусiм з украiнскай. Сёньня «Кresy» можна набыць па ўсёй Польшчы, а рэдакцыйныя тэчкi шчыльна ўпакаваныя новымi матэрыяламi далёка наперад. У Казiмежы Дольным, дарэчы, яны маюць восем падпiшчыкаў. На тры тысячы чалавек...

Панятак «правiнцыйнасьцi» культурнае прэсы ў Польшчы, за апошнiя дзесяць гадоў сьцёрты. Мяне, да прыкладу, ўразiў часопiс «Format» з Вроцлава, якi прысьвечаны розным галiнам выяўленчага мастацтва й культуры. Як i належа часопiсу пра мастацтва, у iм выключнае месца займаюць iлюстрацыi. У кожным нумары блiзу 250 здымкаў, палова зь якiх каляровыя. Уявiць сабе што-небудзь падобнае ў Беларусi я ня здолеў. Ня менш цiкавы часопiс, як на маю думку, дык абавязковы для тых, хто цiкавiцца авангардным мастацтвам, «Мagazyn sztuki», выдаецца ў Гданьску. Амбiцыi гэтага выданьня сягаюць вельмi далёка — яны спрабуюць ахапiць аналiтыкай усё сусьветнае мастацтва, ад iнсталяцыяў i вiдэа да вiртуальных кiнэтычных твораў. Гданьскi «Мagazyn sztuкi» друкуе тэксты паралельна па-польску й па-ангельску. Цi ня дзякуючы гэтаму, палова ягоных падпiшчыкаў па-за Польшчаю.

Сёньня ў Польшчы выходзiць каля дзьвюх соцень выданьняў, прысьвечаных усiм аспэктам культуры. Яны выдаюцца ў 44 гарадах i мястэчках. Палова зь iх мае агульнанацыянальную аўдыторыю. Гледзячы на паўдзясятка выданьняў па архiтэктуры, я толькi ўздыхныў, прыгадаўшы, што ў Беларусi няма ўжо нiводнага.

Адкуль бяруць грошы палякi, якiя выдаюць сёньня культурную прэсу? Адусюль! Ад магiстратаў, як люблiнскiя «Кresy» цi пазнаньнскi «Czas», ад заможных эмiгрантаў, як «Кultura», ад каталiцкага клеру, як «Wiez», цi «Znaк». Ад замежных i айчынных спонсараў, ад грамадзкiх i палiтычных арганiзацыяў. Але найперш, кожнае выданьне зарабляе само па сабе. Стратныя выданьнi не ўратуюць анiякiя пэрманэнтныя датацыi. Шкода, калi зьнiкае цiкавае й важнае выданьне з-за браку сродкаў, як напрыклад вядомыя «Еx Libris» i кракаўскi «NaGlos». Але пры тым, краявiд польскай культурнай прэсы не бяднее, адбываецца перацяканьне iнтэлекту ў выданьнi, дзе ёсьць больш спрытныя дырэктары й мэнэджары. Якiя дадуць iнтэлектуалам жыць лепей. Польскiя калегi сьцьвярджаюць, што фiнансавы прарыў яны адчулi толькi пасьля таго, як адмовiлiся ад паслугаў дзяржаўнае пошты i самi пачалi афармляць падпiшчыкаў. Манаполiя была зламаная. Сёньня культурныя выданьнi Польшчы жывуць найперш за кошт таго дадатковага прадукту, якi можна стварыць у рэдакцыi — розныя вiды палiграфiчных паслугаў, рэкляма, фiнансавыя апэрацыi, i, вядома, выраб кнiг. Часопiс «Кultura», што выдаецца ў Парыжы, выдаў на сёньня ўжо больш як паўтысячы кнiг. Дзясяткi, сотнi кнiг выдалi i iншыя часопiсы i газэты. Гэтак званы «рынак» уратаваў польскую культуру, зрабiў яе неабходным i даступным таварам. Як дарэчы i маленькае мястэчка Казiмеж Дольны, у якiм усю ноч гараць агнi, асьвятляючы шэдэўры правiнцыйнага рэнэсансу. Гатэлi, кавярнi, рэстараны адчыненыя для 2 мiльёнаў турыстаў, якiя прыяжджаюць сюды штогод. На тры тысячы жыхароў...

Сяргей Харэўскi