Паўсядзённае жыцьцё ў Беларусi 1945-1965

 

Гэты тэкст ня ёсьць рэцэптам посьпеху. Ён утрымлівае толькі парады, інфармацыю ды перасьцярогі, якія будуць патрэбныя для самастойнай працы дасьледчага характару. Гэты тэкст для тых, хто гатовы займацца гісторыяй досыць нетыповым спосабам.

Гісторыя, да дасьледаваньня якой мы запрашаем – гэта гісторыя блізкага навакольля: сваякоў, вёскі, школы, вуліцы, помніка, групы знаёмых, грамадзкай арганізацыі, незвычайнага (а можа быць, менавіта звычайнага) чалавека з суседзяў... Гэтая гісторыя жыве ў памяці даступных Табе сьведкаў, хаваецца ў дасягальных для Цябе дакумэнтах і фотаздымках. Гэтая гісторыя затрымалася ў мурох дамоў, даступных месцах, а таксама ў мэнтальнасьці, навыках і досьведзе людзей. Сьляды тае гісторыі мы знаходзім і ў сёньняшнім дні. Жыцьцё ў нашых гарадах, мястэчках і вёсках; жыцьцё нашых бацькоў і бацькоў нашых бацькоў, іх стаўленьне да працы, да ўладаў, пабытовыя праблемы і асабістыя посьпехі – вось, што мы назавем паўсядзённым жыцьцём і што стане тэмай нашага Конкурсу.

Для Беларусі пэрыяд 1945-1965 гадоў быў насычаны жорсткімі падзеямі і спадзяваньнямі на лепшае; у гэтым пэрыядзе знайшлося месца для жаданьня свабоды. Час пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны Беларусь зьмяшчае ў сабе спробы цывільных жыхароў аднавіць мірнае жыцьцё, але таксама сталінізм і нематываваны тэрор. Для Заходняй Беларусі паваенны пэрыяд характарызуецца масавай саветызацыяй і прымусовай калектывізацыяй. Да пачатку 50-х гадоў працягваўся антысавецкі Супраціў, а другая палова 50-х – сярэдзіна 60-х былі адзначаныя палітычнай Адлігай, калі тысячы палітвязьняў вярнуліся з ГУЛАГу. 1965 – гэта год зьмены кіраўніцтва ў БССР, калі замест Кірыла Мазурава 1-м сакратаром ЦК КПБ быў прызначаны Пётар Машэраў. Гады кіраўніцтва апошняга – з 1965 па 1980, зь іх масавай індустрыялізацыяй і канчатковай ліквідацыяй беларускіх школак у горадзе, складаюць асобны пэрыяд у Найноўшай гісторыі Беларусі.

Вось чаму для пачатку нашых конкурсаў для школьнікаў мы абралі асобны і кампактны пэрыяд з 1945 па 1965 гады.

Для нашага конкурсу таксама важна разуменьне таго, што розныя людзі могуць вельмі па-рознаму ўспрымаць гісторыю. У падручніках гістарычныя падзеі найчасьцей падаюцца ў іх “значных” пунктах і “вялікіх” датах. Затое вельмі рэдка можна пабачыць як гісторыя ўплывае на жыцьцё звычайных людзей. Таму мы прапануем удзельнікам Конкурсу самім для сябе адкрыць атмасфэру тых гадоў і паказаць розныя аспэкты тагачаснага жыцьця.

Удзел у Конкурсе патрабуе збору інфармацыі і дакумэнтаў, ацэнкі іх імавернасьці (праўдзівасьці) – таксама праз параўнаньне іх зь іншымі крыніцамі. На падставе гэтых параўнаньняў трэба рабіць самастойныя высновы. Апроч таго, ад удзельнікаў патрабуецца цікавае прадстаўленьне вынікаў сваіх досьледаў.

Запрашаем да прыгодаў у блізкай Гісторыі.

 

 

Пошук крыніцаў – пошук тэмы

 

Чым бліжэй да нас гісторыя, тым складаней скласьці пра яе неэмацыйнае ўяўленьне. Але ж Ты мусіш зьвярнуцца непасрэдна да крыніцаў, а цікавіць Цябе могуць ня толькі крызысы і пераломы.

Пра гісторыю, да спазнаньня якой мы запрашаем, немагчыма знайсьці што-небудзь у падручніках. А ў нашай гістарыяграфіі практычна няма кніжак на гэты тэмат. Таму, адкрываючы для сябе блізкую гісторыю, Ты мусіш зьвяртацца да арыгінальных крыніцаў.

Памятай: крыніцай можа быць усё, што ёсьць сьледам дзейнасьці чалавека ў мінулым і што можа служыць для спазнаньня гэтага мінулага; колькасьць і ўсе віды крыніцаў назваць не магчыма. Крыніцы падаюць інфармацыю непасрэдна альбо гэтак, што яе трэба вычытваць паміж радкамі. Важна не ўпусьціць патрэбныя для цябе крыніцы – дакумэнты, фотаздымкі, дзёньнікі, мэмуары, лісты альбо рэчы штодзённага ўжытку. Але ёсьць яшчэ адзін від крыніцаў, які ты можаш сам ажывіць – гэта чалавечая памяць.

Ты мусіш адрозьніваць крыніцу ад дасьледаваньня, зробленага на яе падставе. Такое дасьледаваньне нясе ў сабе меркаваньні, інтэрпрэтацыі дасьледчыка. Ты сам выканаеш потым такую працу над крыніцамі.

Надрукаваныя дасьледаваньні – манаграфіі, падручнікі і г.д., – могуць Табе дапамагчы пры падрыхтоўцы, пры фармуляваньні пытаньняў, акрэсьленьня кірунку працы альбо праверцы праўдзівасьці зьвестак. Але гэтыя кніжкі не павінны быць прадметам дасьледаваньня “самі ў сабе”. Няма нічога больш бясплённага, чым проста перапісваньне і злучэньне фактаў, узятых з чужых кніжак.

Не імкніся ахапіць вялікія тэмы ці доўгія гістарычныя пэрыяды. Калі паспрабуеш вывучыць “культурную сытуацыю” ці “гісторыю горада”, то Ты сам прымусіш сябе да перапісваньня. Пэрыпэтыі тэатральнага калектыву ці здарэньне ў тваім горадзе на працягу абранага (няхай кароткага) пэрыяду, паказаныя дзякуючы вялікай колькасьці крыніцаў (напрыклад, праз розныя дакумэнты і ўспаміны) маюць большыя шанцы стаць аўтэнтычным, цікавым адкрыцьцём ды распавесьці нешта важнае пра эпоху.

З другога боку – калі, раптам, Ты знойдзеш асобнага надзвычай цікавага чалавека і прымусіш яго па-просту распавядаць пра 20 гадоў ягонага жыцьця, а Ты потым толькі перанясеш гэтыя ўспаміны з касэты на паперу, то гісторыя, хутчэй за ўсё, не адкрые Табе свайго сапраўднага аблічча.

Распачынай заўжды з дэталяў. Пашукай нешта тое, што Цябе зацікавіць: у размове зь людзьмі на тэму тых часоў (пытайся пра канкрэтныя моманты, постаці, погляды), у хатнім ці іншым даступным архіве, у альбоме з фотаздымкамі. Натхніць можа артыкул у газэце, плякат, афіша, шыльда крамы, можа быць кадар са старой кінакронікі альбо здарэньне, запісанае ў лісьце ці дзёньніку. Сьлед гісторыі можна знайсьці паўсюль. Трэба ўмець заўважыць у паўсядзённасьці тое, што ня ёсьць відавочным, але адначасова характэрным для свайго часу – хоць зь сёньняшняга пункту гледжаньня яно нават абсурднае ці неімавернае. Набыцьцё тэмы можа стаць добрым пачаткам.

Потым пытайся, шукай, сумнявайся – вяртайся, зноў пытайся, спраўджай. Не спыняйся на адной крыніцы, нават аўтэнтычнай, дзякуючы якой ты можаш раскрыць толькі адзін аспэкт рэчаіснасьці. Альбо наадварот, Ты можаш давесьці, што гэтая крыніца непраўдзівая і ёсьць фальшывым сьледам – гэтаксама, як аўтэнтычны акт прысуду не абавязкова павінны быць пералічэньнем сапраўднай віны асуджанага, але можа стаць сьведчаньнем несправядлівасьці суда.

Усё гэта ня ёсьць такім простым, вымагае цярплівасьці і высілкаў. І... можа не атрымацца. Але варта паспрабаваць.

 

 

Людзі

 

На ўсіх этапах дасьледчай працы найважнейшаю для Цябе крыніцаю могуць быць перадусім людзі – жывыя сьведкі мінулых падзеяў. Яны могуць распавесьці цікавыя гісторыі, удакладніць, хто адлюстраваны на фотаздымку, зазначыць значнасьць дакумэнту – адкрыць пасьлядоўнасьць падзеяў калі не ў дэталях, то напэўна перадаць атмасфэру таго часу.

Варта спрабаваць размаўляць зь людзямі, распытваць іх, дазнавацца. Можа стацца, што нехта са сваякоў, сусед, “звычайны” знаёмы мае сваю ўласную гісторыю, быў сьведкам ці ўдзельнікам цікавай падзеі, зьдзейсьнілі важны жыцьцёвы выбар.

Ёсьць людзі-апавядальнікі, якія гатовыя ад перашга пытаньня распавесьці пра цэлае жыцьцё; ёсьць такія, якія будуць маўчаць, пакуль не патрапіш на найважнейшы для іх тэмат. Але ёсьць і такія, якія нават пры цярплівым распытваньні “цэдзяць” сваю гісторыю, альбо ніколі яе не распавядаюць: ня хочуць, ня ўмеюць, баяцца.

Кожны сьведка патрабуе свойго спосабу размовы, таму ўсе атрыманыя ўспаміны варта адпаведным чынам для іх апрацоўваць, але ўсе ўспаміны патрабуюць спраўджэньня, праверкі – калі Ты хочаш каб рэчаіснасьць, прачыненая Табою, была б праўдзівай, выразнай, цікавай.

Тое, што сьведка ёсьць цікавай (а тым больш, вядомай) постацю, ахвотна і маляўніча распавядае – мала для посьпеху. Ніводны ўспамін ня можа быць вольным ад суб’ектывізму, ніводны ўспамін нельга прымаць на веру некрытычна.

Важна тое, якое дачыненьне аўтар успамінаў меў да падзеяў. Па-рознаму ўбачаць падзею сьведка, ахвяра ці “ахоўнік парадку”. Памяць ненадзейная. Часта выштурхоўваецца зь яе тое, што было кепскім, непрыемным. Часта наадварот – тое, што рабіла балюча, прымушала да цярплівасьці, запамінаецца назаўжды, а ў аповядах нават перабольшваецца.

З пэрспэктывы часу інакш ацэньваюцца людзі, іхныя паводзіны, матывацыі, мэты – іншы раз дзеля таго, каб пацьвердзіць слушнасьць (альбо не) іхнага выбару, калі-нікалі таму, што толькі пазьней сталі зразумелымі іхныя намеры, а бывае і такое, што час дазваляе дараваць іхныя ўчынкі.

Часам праз гады чалавек ня проста ўзгадвае, але і кампілюе свае “новыя ўспаміны” – з таго, што сапраўды здарылася з аўтарам успамінаў, з таго, што здарылася зь іншымі людзьмі, а таксама з таго, што было пачутае ці прачытанае. Бывае, успаміны базуюцца нават на плётцы ці пагалосцы, якія таксама могуць быць крыніцаю ведаў пра людзей і іх час. Гэта ўсё яшчэ бывае прапушчанае праз фільтар уяўленьня – як тое “павінна было быць”, праз фільтар уласных ацэнак і досьведу пазьнейшых часоў. Можа здарыцца, што Ты сутыкнесься таксама са спробаю “абароны біяграфіі”, калі апавядальнік будзе адстойваць сэнс свайго жыцьця, уласны выбар, мэты і ідэалы, якім служыў.

Трэба ўмець аддзяляць факты канкрэтнай біяграфіі ад агульнай ніці гісторыі.

Варта пытацца пра іншых людзей, пра зносіны зь імі, пра іншых сьведкаў ці ўдзельнікаў здарэньняў – можа быць удасца іх знайсьці, спраўдзіць, як яны бачаць той час, пачуць розныя меркаваньні пра тыя падзеі. Нават у тым выпадку, калі няма відавочнай розьніцы інтарэсаў, а гэтым самым і розьніцы ў ацэнцы падзеяў, расповяды могуць значна адрозьнівацца.

Неабходна шукаць розныя спосабы праверкі інфармацыі, зьвяртацца да разнастайных відаў крыніцаў.

 

 

Паперы

 

Эпоха, якую Ты будзеш дасьледаваць, спарадзіла шмат папераў.

Павелічэньне колькасьці дзяржаўных установаў і бюракратызацыя дзяржавы (плянаваньне, справаздачнасьць і кантроль на ўсіх ступенях) давалі ў выніку тоны дакумэнтаў. Кожная арганізацыя – школа, фабрыка, калгас, музэй, тэатар..., — павінны мець свой архіў, які зьяўляецца неацэнным сховішчам ведаў пра саму арганізацыю, пра яе людзей, пра яе зносіны з вонкавым сьветам.

Спрабуючы ўплываць на спосаб мысьленьня і дзейнасьць чалавека, “выхоўваць” яго, савецкая ўлада бамбардавала жыхара Беларусі штодня незьлічонай колькасьцю пісьмовых загадаў, забаронаў, аб’яваў, цыркуляраў, плякатаў, лёзунгаў... Асобы від крыніцаў – тагачасныя газэты.

Малая даступнасьць у тыя часы тэлефонаў спрыяла ліставаньню праз пошту. А дзейнасьць цэнзуры спрыяла пісаньню “ў шуфляду” ўспамінаў ці дзёньнікаў.

Усё тое, што было напісанае, можа быць для Цябе крыніцай інфармацыі.

Багатымі крыніцамі ведаў пра эпоху могуць быць дакумэнты, якія ўзьніклі ў выніку дачыненьняў “грамадзянін-дзяржава”: пасьведчаньні, даведкі, дыплёмы, просьбы, заявы, звароты, прысуды, пэрсанальныя анкеты, скаргі... Такімі дакумэнтамі эпохі ёсьць паперы з працы, а нават рахункі ці запісы сямейнага бюджэту. Трэба спрабаваць праз гэтыя дакумэнты асьвятліць фрагмэнты жыцьця.

Можа пашанцуе і, дакрануўшыся да гэтых завалаў папераў, Ты патрапіш на выключны дакумэнт альбо на сьлед незвычайнай падзеі. Але праца з дакумэнтамі не заўжды абяцае посьпех. Таму трэба ад пачатку абраць які-небудзь кірунак і шукаць мэтадычна.

Гэта можа быць спроба рэканструкцыі нейкай справы, спрэчкі, пратэсту. Запісаныя ў паперах пэрыпэтыі ў межах якой-небудзь установы могуць раскрыць мэханізм функцыянаваньня ўлады. Можа быць, Твая ўвага скіруецца на цікавага чалавека, які дараспавядзе “рэшту”.

Незвычайную ролю ў спазнаньні мінуўшчыны могуць адыграць разнастайныя асабістыя запісы – найперш, дзёньнікі (асабліва тыя, якія пісаліся штодня), успаміны, прыватныя лісты. Хоць і гэтыя крыніцы маюць пэўную абмежаванасьць, пра што ўжо распавядалася ў папярэднім разьдзеле, і не павінны быць адзінай крыніцай ведаў пра рэчаіснасьць.

Трэба праверыць, ці маеш Ты доступ да арыгіналу, ці да Цябе патрапіла толькі копія альбо перапісаны тэкст. А пры перапісваньні тэкст можа быць “папраўлены” самім аўтарам, які стаў “мудрэйшым”, дзякуючы пазьнейшаму досьведу.

Важнымі ёсьць многія аспэкты, якія датычаць акалічнасьцяў, умоваў, повадаў і прычынаў паўстаньня тэксту. Ці фіксацыя на паперы адбывалася адначасова з падзеямі, ці была пазьнейшай – гэта зьмяняе ацэнку тэкстаў і стаўленьне да іх, зьмяняе іх герархію, уплывае на сэлекцыю. Зь якімі канкрэтнымі мэтамі ствараўся гэты тэкст – ці пісаўся ён дзеля публікацыі, ці ў пошуках нечыяй прыхільнасьці? Ці мог аўтар тэксту нечага баяцца, ад некага хаваў свае запісы – ад сваякоў, ад начальства, ад міліцыі, ад карных органаў... Наколькі гэтыя запісы ёсьць адбіткам рэчаіснасьці, а наколькі – асабістасьці аўтара. Некаторыя могуць прыпісваць сабе ўчынкі, якія не зьдзяйсьнялі, распавядаць пра месцы, у якіх не маглі быць, цытаваць пачутае меркаваньне як сваё.

Як і любая іншая крыніца, асабістыя запісы павінны быць разгледжаныя крытычна. Інакш кажучы, трэба правесьці іх аналіз – ацаніць праўдзівасьць.

 

 

Вобразы

 

Усё ХХ стагодзьдзе – гэта час рэвалюцыйных зьменаў у тэхніцы захоўваньня і перадачы інфармацыі. У пэрыяд, які Ты будзеш дасьледаваць, фатаграфія робіцца надзвычай папулярным, пашыраным спосабам фіксацыі рэчаіснасьці – і афіцыйнай, і прыватнай.

У пэрыяд, які будзем аналізаваць, выраб і пашырэньне афіцыйных фільмаў і фота ў большай ці меншай ступені мелі на мэце прапагандысцкую функцыю – гэта значыць, што яны мусілі паказваць рэчаіснасьць згодна з тым, як яны павінны былі выглядаць на меркаваньне ўладаў. Варта памятаць, што кінафільм, нават калі ён называецца дакумэнтальным (кінакроніка ці рэпартаж зь месца падзеяў) заўжды ёсьць пераўвасабленьнем рэчаіснасьці, гэта значыць канструкцыяй, выкананай аўтарам фільму праз адбор вобразаў, сюжэтаў, герояў, праз мантаж кадраў, праз камэнтар.

На стражы пажаданага для ўладаў вобразу рэчаіснасьці стаяла цэнзура. Але яе панаваньне ў прыватнай сфэры, у адрозьненьне ад сфэры публічнай, было досыць абмежаваным. Цэнзура не магла цалкам уплываць на прыватныя фотаальбомы, якія робяцца вельмі папулярнымі ў Беларусі ў 60-я гады. Сярод сюжэтаў, якія часта паўтараюцца – здымкаў зь сямейных урачыстасьцяў, з вандровак ці вакацыяў, – можна патрапіць на такія, якія паказваюць які-небудзь цікавы момант, напрыклад, дачыненьняў “грамадзянін-улада”.

Пытайся, хто ёсьць на фотаздымку, дзе, кім, пры якіх абставінах быў зроблены здымак. Ад Цябе, ад Тваёй дапытлівасьці залежыць, ці ажывуць вобразы, ці даведаесься, што было перад тым і што сталася потым – у якой пасьлядоўнасьці падзеі ўвекавечаныя ў тыя хвіліны на здымку.

Ты маеш ня шмат шанцаў натрапіць на нецэнзураваныя матэрыялы, яшчэ меней – на тое, што цэнзура “зьела”. Уважлівы разгляд розных “вобразаў”, таксама створаных афіцыйна, можа адкрыць тое, што не зьбіраўся перадаваць фатограф (і на што магла не зьвярнуць увагу цэнзура) і што зьяўляецца праўдзівым настроем ці пачуцьцямі людзей таго часу.

Параўнаньне вобразаў рэчаіснасьці, “прычасаных” (таксама і ў прыватнай фатаграфіі) і бяз рэтушы, супастаўленьне гэтых вобразаў зь іншымі крыніцамі, можа прынесьці нечаканыя вынікі ў спазнаньні праўды. Паступова Ты зразумееш яе насуперак тагачасным прапагандыстам.

Бачаньне гісторыі могуць даць таксама іншыя захаваныя вобразы рэчаіснасьці: малюнкі (таксама карыкатуры), графіці, скульптура, прадметы штодзённага ўжытку, а таксама помнікі, архітэктура, асяродзьдзе чалавека...

Ня толькі тое, што ўспрымаецца непасрэдна, але таксама ўмовы, мэты і акалічнасьці зьяўленьня нейкай крыніцы, роля, якую яны выконвалі, рашэньні, зьвязаныя зь імі, стаўленьне да іх людзей, і г.д. – для дапытлівага дасьледчыка могуць стаць шанцам адкрыцьця цікавага сьледу мінуўшчыны.

 

Архіў Найноўшае Гісторыі, травень 1998

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0