АВАНТУРЫ ЯГО ЖЫЦЬЦЯ

Рысы да партрэту генэрала Хадзькевiча

 

Я, сын Фартуны, заўсёды шчасьлiвы!

Зь лiста Iгнацiя Хадзькевiча да Яна Генрыка Дамброўскага

 

Ёсьць па кiм вочы выцiраць! Тып, якi ў Рыме зганьбiў сябе й Легiёны, як зграю барбараў, блiскануў на сваёй Бацькаўшчыне такой жа пышнасьцю!

Вацлаў Бэрэнт

 

Аднойчы я натрапiў на газэтны артыкул, дзе гаворка iшла аб апошнiм навуковым адкрыцьцi дасьледчыкаў з Дэлавэрскага ўнiвэрсытэту ў ЗША. Было выяўлена, што людзi, схiльныя да празьмернай рызыкi, у лiтаральным сэнсе зробленыя зь iншага цеста. Бiяхiмiчны склад актыўных рэчываў у iх мазгу адметны ад нормы, што дазваляе адчуць ня жах, а эйфарыю. I чым вышэйшыя стаўкi, тым большае захапленьне апантанага. Кара галаўнога мозгу вылучаецца павышанаю трываласьцю...

У нашае гiсторыi заўсёды хапала людзей зь «iншага цеста», асаблiва ў XVIII ст. Я адчуў, што трохi наблiзiўся да разуменьня нутраной прыроды гэтых людзей. Быў атрыманы штуршок да больш дэталёвага разгляду фэномэну.

Iгнацi Хадзькевiч (ён жа Ходзькевiч, Хадзкевiч, Хацкевiч. Ён жа граф Дэнгоф. Ён жа генэрал Лядаiска, ён жа «гулец», ён жа «шулер»), беларускi шляхцiц. Каронны гвардзеец, капiтан грэнадзёрскага Сiбiрскага палку князя Дашкава, удзельнiк штурму Ачакава, падпалкоўнiк войскаў Вялiкага Княства Лiтоўскага, генэрал-ад’ютант пры штабах францускiх генэралаў-аншэфаў Шампiанэ i Масэны, кавалер Ордэну Ганаровага Легiёну, удзельнiк Вялiкае францускае рэвалюцыi i паўстаньня 1794 г. у Рэчы Паспалiтай, расейскi i францускi шпiён, шэф палiцыi Нэапалю, шэф звышштатнага кавалерыйскага эскадрону ў польскiх Легiёнах, палiтвязень, шулер найвышэйшае клясы...

 

 

ЧАСТКА 1

Поўнач Расеi. Зiмовая пахмурная ранiца 1823 г. Карчма ў ваколiцах Вяткi. Паклаўшы галаву на стол, паўляжыць чалавек. Побач пачатае вядро гарэлкi... Судовы прыстаў канстатуе сьмерць сасланага лiтоўскага шляхцiца Хадзькевiча цi Хацкевiча, цi як яго там яшчэ?! Пры магчымай спробе зьбегчы... А ўвечары, праклiнаючы надвор’е, дарогi i ўсё вакол, прымчаўся фэльд’егер з ужо непатрэбным Найвышэйшым дараваньнем.

Што нам сёньня з таго, што недзе калiсьцi памёр нейкi шляхцiц — цi мала iх памiрала? Цi дзiўна, што аддаваў сваю шпагу направа й налева? Не. Для тых часоў цалкам натуральная рэч. А мiж тым, перад намi — чалавек-легенда, адзiн з апошнiх вялiкiх авантурнiкаў XVIII стагодзьдзя.

I. Радавод

Радавод ягоны нiчым асаблiва не вылучаўся з соцень падобных, што можна ўбачыць у гербоўнiках лiтоўскае цi кароннае шляхты. Паходзiў з заможнага дому гербу «Касьцеша» з мсьцiслаўскага ваяводзтва. Першым значным учынкам у жыцьцi нашага героя была падробка ўласнае мэтрыкi — дзеля таго, каб хутчэй увайсьцi ва ўладаньне спадчынай, якая засталася пасьля сьмерцi бацькi Людвiка, вiленскага земскага судзьдзi. Таму цяжка сказаць дакладна, калi Iгнацi зьявiўся на сьвет. Генрык Масьцiцкi лiчыць прыблiзнаю датай 1760 год.

II. Юнацтва на тле закату
Рэчы Паспалiтай

Нядоўга малады пан Iгнацi заставаўся спадчыньнiкам — усё багацьце прагуляў ды спусьцiў за зялёным столiкам. I тым хутчэй прайграваў, чым больш уладаньнi абрасталi даўгамi. Гэта быў усяго толькi кошт за навуку. Набывалася нешта, на яго погляд, куды больш важнае за бацькоўскiя маёнткi — непераможнасьць у картах.

У пошуках багатага пасагу ўзяў шлюб з Кацярынай Вiльгастоўскай, ад якога нарадзiлiся два сыны. Старэйшы стане палкоўнiкам у расейскiм войску, а малодшы — пiсьменьнiкам i вучоным.

Любоў да бляску i зьнешнiх эфэктаў падказвала iсьцi ў войска. Нядоўга прабыўшы ў шэрагах кароннае гвардыi, прытулку для злачынцаў i падонкаў, зразумеў, што падвышэньня па службе лепш шукаць у Расеi.

III. Герой Ачакава

Паступiў у Сiбiрскi грэнадзёрскi полк князя Ачакава. I прыняў удзел у вайне з туркамi. Ягоная сьмеласьць пры штурме Ачакава ўразiла старэчу Суворава. Атрымаў крыж i званьне капiтана.

Вайну скончылi. Аднастайнае жыцьцё ў залоге зусiм ня вабiла. Падаў у адастаўку i рушыў у падарожжа па Эўропе.

IV. «Хадзема, шаноўная грамада!»

У Парыж прыбыў своечасова. Пачыналася Вялiкая рэвалюцыя... «Хадзема, шаноўная грамада!» — гаркнуў Хадзькевiч i павёў уласны, хутка зьлеплены аддзел санкюлётаў пад сьцены Бастылii. Але цяжка было доўга заставацца ў гушчары падзеяў i ня трапiць пад аўстрыйскiя кулi цi пад сякеру гiльятыны. Не рызыкнуў, тым больш, што дома цяпер рабiлася ня менш цiкавае.

V. Дома

З траўня прынялi Канстытуцыю. Тыя, хто былi незадаволеныя пераменамi, абапiраючыся на расейскiя штыкi, стварылi канфэдэрацыю ў Тарговiцы. У кампанii 1792 г. удзелу ня ўзяў, а сябраў меў з абодвух бакоў. Працiўнiкi новага ладу не перамаглi.

VI. Хадзькевiч i Ясiнскi

У 1793 г. пан Iгнацы пераехаў у Вiльню, дзе разьвёўся з жонкай, адкрыў уласны iгорны дом ды ўступiў у шэрагi змоўнiкаў. Тады ж, за картамi, цi раней — невядома, пасябраваў з кiраўнiком лiтоўскiх патрыётаў палкоўнiкам iнжынэрыi Якубам Ясiнскiм. Не падазраваў палкоўнiк, што для Хадзькевiча ўся кансьпiрацыя была толькi забавай ды жартамi, а то, верагодна, упiсаў бы прозьвiшча сябра ў сотню-другую тых, каго трэба было б павесiць «дзеля выратаваньня мiльёнаў». Ясiнскi робiць пана Iгнацыя сваiм ад’ютантам i надае званьне капiтана войскаў Вялiкага Княства Лiтоўскага. Некаторыя гiсторыкi лiчаць, што Хадзькевiч ужо тады быў на службе расейскага выведу.

Уначы з 22 на 23 красавiка 1794 Ясiнскi на чале 240 жаўнераў абяззбройвае ў некалькi разоў перасягаючую па колькасьцi расейскую залогу. Праз два днi ён адпраўляе Хадзькевiча да Касьцюшкi са зьвесткамi пра паўстаньне ў Лiтве i пакараньне сьмерцю здраднiка гетмана Касакоўскага. Хадзькевiч прывёз Ясiнскаму патэнт генэрал-лейтэнанта, а для сябе 11 жнiўня дамогся эпалеты падпалкоўнiка.

У канцы лета сытуацыя значна пагоршылася. Якуб апынуўся на другiх ролях, а Вiльня пала 12 жнiўня. Усё кацiлася ў бездань.

VII. Пан Тадэвуш пакутуе ў Петрапаўлаўскай крэпасьцi, а пан Iгнацы ў турэцкай правiнцыi

Пасьля падаўленьня паўстаньня быў арыштаваны расейцамi, як лiчыў Масьцiцкi, толькi дзеля выгляду, i як ваеннапалонны сядзеў у Пагрэбiшчах, узяты на парукi Адамам Жэвускiм, адкуль хутка зьбег, чым зрабiў гаспадару шмат непрыемнасьцяў.

Аб’явiўся на турэцкай тэрыторыi ў малдаўскага пашы Пасвана-Аглу. Хадзькевiч з цяжкасьцю трывае вымушанае знаходжаньне ў Малдове. «Туркi нi ваяваць ня ўмеюць, нi гуляць у карты», — гаварыў ён. Так i пакутаваў да траўня 1797 г., пакуль Павал I ня выпусьцiў на волю Касьцюшку, а зь iм усiх, хто здолеў ацалець.

VIII. За малдаўскiм пастом - рай у Канстанцiнопалi

Прыехаў у Вiльню i прынес прысягу новаму iмпэратару. Калi дагэтуль гiсторыкi толькi дапушчалi, што быў шпiёнам, то цяпер гэта нi ў кого не выклiкае сумневаў. Пасьля Вiльнi прамiльгнуў у С.-Пецярбурзе (магчыма, атрымлiваў iнструкцыi), i зноў у Турэччыну, з таямнiчай дыпляматычна-шпiёнскай мiсiяй. На гэты раз у куды больш вясёлае месца — Канстанцiнопаль. Рэзыдэнт Хадзькевiча амбасадар барон Качубей уводзiць яго ў вышэйшы сьвет сталiцы. Гэты было тое ж, як прывесьцi ваўка ў аўчарню. Ардэнаносныя прафэсiяналы ад палiтыкi, пераможцы бiтваў на сушы i на моры, на зялёным сукне несьлi сакрушальныя паразы ад падпалкоўнiка Хадзькевiча. Больш за ўсiх не пашанцавала партугальскаму консулу Лябрашу. На наступны дзень пасьля ад’езду «расейскага дыплямата» ўвесь Стамбул ведаў, што ён прыхапiў з сабой i жонку консула...

IХ. Legion des
France du Nord

Карэта iмчала каханкаў у Францыю. Якабiнскi тэрор зьмянiўся смутнаю адлiгаю Дырэкторыi. Па старой памяцi наведаў Парыж. Колькi зьмянiлася за гэты час! Дзе ажыўленьне 1789 году? Рэвалюцыя, патрабуючы абаронцаў, ачысьцiла вулiцы. Там, на ўскраiнах Рэспублiкi, цяпер кiпiць сапраўднае жыцьцё. Пра гульню ў карты — бадай, адзiнае крынiцы паступленьняў, — не было й гаворкi — усе ў войску. Хадзькевiч для м-м Лабраш грошаў не шкадаваў, так што першы раз у жыцьцi апынуўся перад пагрозай арышту за даўгi. Як сапраўдны кавалер, ён ня мог кiнуць жанчыну i ўцякчы з гораду. На шчасьце, здолеў угаварыць крэдытораў пачакаць. Вопытнаму афiцэру занятак знайшоўся хутка. Выступiў на чале батальёну супраць Вандэi. Добраахвотнiцкi Паўночны Легiён Хоха стаў на той момант ягонай «Бацькаўшчынай». Грамiў раялiстаў i пра сябе не забываўся — цягнуў цэлы абоз нарабаванага антыкварыяту, каштоўных строяў ды iншых прадметаў раскошы. Крэдыторы засталiся задаволеныя.

Х. Хадзькевiч i легiёны

А ў гэты час легендарны генэрал Ян Генрык Дамброўскi пачаў ажыцьцяўляць вялiкую справу, пра якую марыў яшчэ падчас II падзелу Рэчы Паспалiтай. Дырэкторыя, якая ваявала амаль з усёй Эўропай, дала дазвол на фармаваньне ў Iталii за францускiя грошы г.зв. Польскага Легiёну з грамадзянаў былых Кароны i Вялiкага Княства, што змагалiся ў аўстрыйскiм войску i трапiлi ў палон пад Мантуяй.

Хадзькевiч i Легiёны... Калi ён зьявiўся на iхнiм небасхiле, яго грэнадзёрская постаць на iмгненьне засланiла Дамброўскага i ня менш магутнага Карла Князевiча, узьведзенага Касьцюшкам у генэралы на полi бiтвы. Прамiльгнуў хутка, як зьнiч, але й гэтага было дастаткова, каб прымусiць Эўропу глядзець на легiёны як на гэткую ж супярэчлiвую зьяву, якой быў сам.

У Хоха праваяваў нядоўга. У карты гуляць iзноў не было з кiм, а аграмадны абоз станавiлася цягнуць усё цяжэй i цяжэй. Сышоўся зь Пятром Малешаўскiм, па словах Масьцiцкага, таксама асобай цёмнай, i празь яго пазнаёмiўся з самiм Полем Барасам. Па пратэкцыi апошняга перанесься да Iталii. Уладкаваўся ў Рыме. На Вiля Баргезэ адкрыў шыкоўны iгорны дом.

Ня ў стане доўга знаходзiцца ўдалечыні ад ваенных прыгодаў, выказаў жаданьне ўступiць у Легiёны. Дамброўскаму i так хапала падазроных постацяў, а ператвараць здаровае цела свайго войска ў Легiён iншаземцаў не хацеў. Хадзькевiч зрабiў свае захады. У адзiн зь дзён генэрал Макдональд выклiкае Князевiча: «Мой генэрал, прыемна мне адчуваць дух, якi мiж вамi пануе; выйшаў толькi што ад мяне афiцэр (яшчэ зь непрызначаных), мае доказы, што служыў падпалкоўнiкам, хоча з намi iсьцi як падпаручнiк, просiць толькi аб тым, каб яго хутчэй прызначылi, а ён яшчэ роту сваiм коштам апране. Як мага хутчэй, бо часу ня маем, таму прашу генэрала прызначыць яго зараз жа». Князевiч толькi вылаяўся пра сябе, але нiчога рабiць не заставалася. Трэба заўважыць, з французамi Хадзькевiч адну мову знаходзiў куды прасьцей i хутчэй, чым зь землякамi. Меў сябраў i добрых знаёмых сярод генэралаў: Шампiянэ, Макдональда, Жубэра, Масэны, Маро, Бэрнадота (гаварылi, Банапарт таксама заўважыў лiтоўскага падпалкоўнiка). Празь некаторы час пачаў шукаць хады па атрыманьнi шэфаўства над усёй кавалерыяй. Дарэмна. Для кiраўнiцтва Легiёнаў ён быў у першую чаргу проста авантурнiкам i драпежнiкам. Раззлаваны, пачаў плесьцi iнтрыгi супраць Дамброўскага i Князевiча, павуцiньне якiх разарваў выбух Нэапалiтанскае вайны. З усiх бакоў на Рым рушылi аўстрыйцы, расейцы, нэапалiтанцы. 8-мітысячная франка-польская залога сьпешна пакiдала горад успазоры 80 тысячаў генэрала Мака. Дзе ўжо тут да высьвятленьня адносiнаў!

ХI. Хадзькевiч, Шампiянэ й «збаўчыя лёзунгi Рэвалюцыi»

... Як толькi чуў звон шабляў, адразу ж кiдаўся ў гушчар бiтвы. Шампiянэ адзначыў «iльвiную адвагу» лiцьвiна i прыстроiў пры сваiм штабе. Па войсках пайшла чутка, што ў адной з сутычак, калi генэрал-аншэфа абкружылi аўстрыйцы, Хадзькевiч адным ударам палаша зьнес галаву найвялiкшаму з атакаваўшых драбаў. Пасьля гэтага выпадку для Шампiянэ стаў у адной асобе ад’ютантам, целаахоўнiкам, памочнiкам па асобых (i далiкатных) даручэньнях, проста сябрам. Патураньняў для сябе не рабiў, а кулi не выбiраюць — пад Iтры быў цяжка паранены...

На чале двух батальёнаў узяў Мандовi, за што, як пiсаў граф Жэвускi, атрымаў генэральства (iншыя крынiцы не пацьвярджаюць). Прагны i амбiтны Шампiянэ ня супраць павялiчыць сваю маёмасьць за кошт працiўнiка, у чым знаходзiць падтрымку ўлюбёнага ад’ютанта. Аднойчы, пасьля таго, як вораг замардаваў параненых у францускiм лязарэце, Хадзькевiч выступiў дабраахвотнiкам на чале карнае экспэдыцыi. А калi нехта запытаў яго, куды рушыць, адказаў з уласьцiвым яму цынiзмам: «Маю загад даць асьвету мясцовым жыхарам, каб здольныя былi да прыняцьця свабоды, якая iх чакае» цi, як у Бэрэнта — «збаўчых лёзунгаў Рэвалюцыi». Мястэчка Маяна, побач зь якiм ляжаў няшчасны лязарэт, пайшло дымам, а ўсё, што было вартае паратунку — рабавалася.

... Дамброўскi i Князевiч з занепакоенасьцю назiралi, як шматлiкiя справы Легiёну цяпер залежалi ад падтрымкi Хадзькевiча.

ХII. Генэрал Лядаiска,
шэф палiцыi Нэапалю

Аправiўшыся ад першых паразаў, французы дзень за днём прыводзiлi хаўрусьнiкам доказы свайго ваеннага мастацтва, народжанага свабодай Рэвалюцыi. У студзенi 1799 здабылi Нэапаль. Хадзькевiч настолькi добра спраўляўся з абавязкамi, асаблiва ў частцы трафэяў i кантрыбуцыяў, што Шампiянэ не знайшоў лепшай кандыдатуры на пасаду шэфа гарадзкой палiцыi. Галоўны палiцэйскi вельмi нагадваў героя з опэры-буф i, нiбыта ў жаданьнi да канца адпавядаць апэрэтачнаму антуражу, бярэ прозьвiшча «генэрал Лядаiска» — аднаго з пэрсанажаў раману Лювэ дэ Куврэ «Прыгоды кавалера дэ Фаблэ», заснаванага на фiкцыйных падзеях з жыцьця Рэчы Паспалiтай.

ХIII. Хадзькевiч i легiёны - 2

Подзьвiгi Хадзькевiча ня лепшым чынам адбiвалiся на рэпутацыi Легiёнаў. Многiх абурала, што пры рабунках у Нэапалi ён карыстаўся паслугамi легiёнавых грэнадзёраў, а маладыя афiцэры, трапляючы пад уплыў прыцягальнасьцi ягонай постацi, ператваралiся ў «дрэнных хлопцаў».

Нягледзячы нi на што, працягваў беспасьпяховыя спробы стаць шэфам кавалерыi i, нарэшце, угаварыў Дамброўскага даць згоду на стварэньне за ўласны кошт двух звышштатных эскадронаў. Дамброўскаму цяжка было зьвязваць сябе з марадзёрам, якi цягнуўся за Легiёнамi «па ўсёй Эўропе крывавым сьледам». Але... Яму так не хапала кавалерыi!

XIV. Генэральскiя эпалеты i Ордэн Ганаровага Легiёну

Перамогу ў нэапалiтанскай кампанii адзначылi трыюмфальным уездам у Парыж. Не аддаючы перавагi зайздросным францускiм генэралам, на чале калёны Шампiянэ паставiў Князевiча, чыя багатырская постаць i велiчны жэст — нiбыта адлiтая з бронзы конная статуя, — рабiлi зь яго iдэальнага прадстаўнiка абодвух перамогшых войскаў. ...А ў ар’ергардзе рушыў прылучаны да вайсковага абозу Дамброўскага табар з трафэямi генэрал-аншэфа i Лядаiска.

Паводле чарговага сьведчаньня, на гэты раз вiленскага актора Скiбiнскага, Хадзькевiч за ўдзел у кампанii быў адзначаны генэральскiмi эпалетамi, а пазьней — Ордэнам Ганаровага Легiёну.

XV. Хадзькевiч мiжнародны фiнансавы афэрыст

Урачыстасьцi толькi суцiшылiся, а Хадзькевiча выклiкаў Барас — каб прапанаваць выкананьне буйной фiнансавай дывэрсii. Дырэкторыя надрукавала аўстрыйскiх банкнотаў на многiя мiльёны, i Хадзькевiч павiнен быў паклапацiцца аб тым, каб яны як мага хутчэй разышлiся па абшарах працiўнiка. Французы ў выпадку правалу, па палiтычных матывах не маглi аказваць дапамогу ў выратаваньнi, але ж i стаўкi былi фантастычныя! За 100 падробленых атрымлiваў 20 сапраўдных. Пад прозьвiшчам графа Дэнгофа з Iнфлянтаў, разам з м-м Лябраш адправiўся ў падарожжа. Зьдзiўляў i захапляў правiнцыяльную Нямеччыну. Многа пазьней гаварыў графу Жэвускаму, што патрацiў тады ня менш за 10 мiльёнаў рэйнскiх гульдэнаў! Спынiўся ў Франкфурце ў сувязi зь цяжарнасьцю м-м Лябраш, дзе трапiў у поле зроку ўладаў. Нехта з атачэньня папярэдзiў, што ёсьць загад аб яго арышце. Прыхапiў самыя каштоўныя рэчы i пешшу ўцёк да Парыжу. У лiхаманкавай сьпешцы нават ня здолеў разьвiтацца з м-м Лябраш. Пасьля зьнiкненьня Хадзькевiча ў сваiм сэкрытэры яна знайшла тысячу луiдораў i шмат каштоўнасьцяў...

XVI. 18 Брумэра Напалеона Банапарта

Пакуль ён разьяжджаў, група вышэйшых францускiх генэралаў, усё тыя ж Шампiянэ, Бэрнадот ды iншыя задумалi зьдзейсьнiць ваенны пераварот — Дырэкторыю замянiць на Трыюмвiрат на чале з Бэрнадотам. Шампiянэ ўзгадаў пра спрытнага ад’ютанта i запрасiў далучацца. Пакуль рыхтавалiся, 18 брумэра VIII году Рэспублiкi ўсiх прагнучых улады апярэдзiў генэрал Банапарт, а цяпер — Першы Консул.

Прыйшлося хутка замятаць сьляды... I не сьвяцiцца ў Парыжы.

XVII. У ценю гiльятыны

У наступным 1800 годзе Хадзькевiч удзельнiчае ў аблозе Генуi ў войску Масэны. За адвагу i незвычайныя здольнасьцi прызначаны генэрал-ад’ютантам пры штабе. Праўда, у Легiёнах далёка ня ўсе прызналi ягонае генэральства.

Заняпад Масэны, замяшанага ў цёмныя грашовыя афэры i ваенна-палiтычныя падкопы, пацягнуў за сабой ўсiх астатнiх. Хадзькевiча арыштавалi на падставе... падробкi аўстрыйскiх банкнотаў. Канешне, гэта была толькi зачэпка. Напалеон, узмацняючы дыктатарскую ўладу, даручыў мiнiстру палiцыi Фушэ высьветлiць пра ўсiх няўдалых канкурэнтаў. Не жадаючы настройваць супраць сябе вядомых генэралаў — калi хто зь iх i трапляў у няласку, дык ненадоўга. Затое без усялякiх цырымонiяў пахапалi дзеячоў другарадных.

Хадзькевiч хлусiў i выкручваўся як вуж. Гульня са сьледчымi каштавала пакуль што месяцамi чаканьня сьмерцi. Памiрае Шампiянэ. Лядаiска нi хвiлiны не сумняваецца, што ягоны апекун быў атручаны. Пасьля гэтае весткi распавёў пра ўсё... Праз два гады сьледзтва кроў арыштаваных ужо нiкому не была патрэбная, а iхныя паказаньнi ўяўлялi цiкаўнасьць хутчэй для архiваў. Рэспублiканская Францыя стаяла на парозе iмпэрыi.

У Фушэ было досыць часу, каб упэўнiцца ў здольнасьцях Хадзькевiча, якога намераваўся выкарыстаць у шпiёнскiх мэтах. Гэта было няцяжка — падчас Консульства слава генэрала Лядаiска парасла бур’янам.

XVIII. Француская падзяка

Недзе ў 1802 г. выйшаў на волю. Атрымаў назад усе ўзнагароды i званьнi, а таксама прызначэньне камандзiрам над некалькiмi батальёнамi, якiя стваралiся ў Нармандыi, але разам з тым i вуснае ўказаньне, каб празь некаторы час падаў у адстаўку (як iншаземец, замяшаны ў палiтычную змову). Французы, улiчваючы былыя заслугi генэрала, забясьпечылi пасьведчаньне аб адстаўцы найлепшымi рэкамэндацыямi i прызналi права патрабаваць палову пэнсii, якая належыць ягонаму званьню. Ад пэнсii з гонарам адмовiўся.

ХIХ. Пецярбурскiя

злопрыгоды

Напрыканцы 1802 году з Гаўра паплыў да С.-Пецярбурга. У адзiноце. Неразлучная м-м Лябраш, пакуль тамiўся ў Тамплi, знайшла новага каханка.

Непрыемнасьцi насьцiглi i тут. Абыграў сына нейкага буйнога вяльможы. Бедны хлапец, ня ў стане разьлiчыцца, спрабаваў скончыць самагубствам. Распачаўся скандал, якi дакацiўся да самага верху. Хадзькевiча прыцягнулi да генэрал-палiцмэйстэра Хэртля. На пытаньне «Як адважыўся ўзяцца за занятак, якi перасьледуецца па закону?» адказаў, што, ня маючы сродкаў для жыцьця, ухапiўся за шулерства «як тонучы за брытву». Варты жалю выгляд героя шматлiкiх бiтваў ня мог не выклiкаць скупую сьлязу ў маладога рамантыка Аляксандра I. Мабыць, за былыя заслугi пад Ачакавым iмпэратар прызначыў вэтэрану пажыцьцёвую пэнсiю — 1 тысячу рублёў штогод. Але з гораду папрасiў зьехаць.

А Хадзькевiч i без таго не зьбiраўся марнаваць тут свой час. Нуда...

 

 

ЧАСТКА II

Лепш быць першым у правiнцыi... Удалiўся ад эўрапейскiх цэнтраў i ад удзелу ў значных падзеях. З гэтага часу гiсторыя ягонага жыцьця дайшла да нас у легендах, паданьнях, анэкдотах i дасьцiпных афарызмах, якiмi iскрылася амаль кожнае слова генэрала.

I. Хадзькевiч - правадыр войска зялёнага сукна

Тульчын на Валынi — рэзыдэнцыя апошняга вялiкага магната на землях былой Рэчы Паспалiтай, таргавiчанiна Станiслава Шчэснага Патоцкага. Па яго сьмерцi, у сакавiку 1805 г., спадчына — 1,5 млн. га зямлi i 130 тыс. сялянаў, перайшла сыну Шчэснаму Ежы, агарнутаму нейкай псыхапатычнаю прагай да азартных гульняў. Тульчын ператварыўся ў зборышча шулераў i прайдохаў, што зьляталiся як крумкачы. Правадыр зграi — Хадзькевiч. Паводле няслушнай заўвагi афiцыялiста Патоцкiх Антонiя Хжаншчэўскага: «Больш доблесны на зялёным сукне, чым на полi бiтвы». Тут ён заклаў сваю штаб-кватэру, адкуль рабiў вылазкi на кiеўскiя кантракты, да Вiльнi i далей у Эўропу (у прыватнасьцi, выконваў некаторыя даручэньнi Фушэ).

Аднойчы, суправаджаючы маладога Патоцкага ў падарожжы зь Бярдзiчава ў Кiеў i ўбачыўшы ў полi стог, прапанаваў прымiтыўную, але настолькi ж, як высьветлiлася, азартную гульню ў саломкi. Хто карацейшую выцягне — бярэ стаўку. Нiякi шулерскi досьвед у гэтай забаве ня меў вартасьцi, i так дзiўна здарылася, што Хадзькевiчу i тут пашанцавала, а Шчэсны Ежы ўсё больш распаляўся... Праседзеўшы пад стогам палову дня, прайграў ня многа нi мала — 14 тыс. дукатаў.

Шчэсны Ежы дзень за днём руйнаваў спадчыну, страчваючы наяўныя грошы, фальваркi, вёскi. Не прайшло i трох гадоў, як апынуўся поўным банкрутам. Толькi адзiн Хадзькевiч выйграў у яго два мiльёны польскiх злотых. Нехта са знаёмых, убачыўшы ў Тульчыне генэрала пасьля доўгага часу, заўважыў, што той папаўнеў. «Ба! Двух Патоцкiх зьеў!» — пачуў той у адказ.

II. У Вiльню — Эльдарада шулераў

Зьеўшы «Пiлаву», рушыў на Бацькаўшчыну. Уладкаваўся ў Вiльнi — сапраўдным Эльдарада шулераў. Зажыў па-магнацку. Стварыў уласную гвардыю, а хутчэй выведку з гарэзаў i свавольнiкаў усiх сацыяльных групаў. Жартаўлiва называў сваiх малойцаў «плёткамi». «Плёткi» мелi права доступу да ягонага стала, дома, багацьцяў. Штодзень бралi золата зь ягоных куфраў. Але за гэта павiнны былi быць гатовыя на ўсё: ляцець удзень i ўноч з канца ў канец Эўропы, каб зьдзяйсьняць волю гаспадара, жартаваць, помсьцiць, вышукваць прастакоў з грашыма, выведваць, дзе будзе i калi вялiкi збор людзей — баль, кiрмаш, пiкнiк цi нешта падобнае, дзе кватаруюць вышэйшыя расейскiя афiцэры, цi маюць i ў якой колькасьцi наяўныя, цi гуляюць у карты, i калi не, то як можна прывабiць i г.д.

III. Рэха славутай мiнуўшчыны

Аўстрыйская кампанiя 1809 г. зноў нагадала пра былое. Хуткi на рашэньнi Хадзькевiч прадаў маёмасьць i нават каштоўнасьцi другой жонкi, каб сфармаваць уласны полк у Галiцыi. Не атрымалася па невядомых прычынах...

IV. Яго адмоўная
прывабнасьць

Габрыэля Пузынiна з Гюнтэраў, дама недурная i добрапрыстойная, у сваiх мэмуарах пад назвай «У Вiльнi i дварах лiтоўскiх», безумоўна, не магла абысьцi постаць Хадзькевiча. Асуджаючы выхадкi i паводзiны «гульца» i «шулера» (пад гэтымi прозьвiшчамi яго ведалi ў Вiльнi), адчуваецца, глядзела на яго не бяз тайнага захапленьня. Мацi Пузынiнай паскардзiлася аднойчы пану Iгнацыю на тлум з шынка, якi знаходзiўся побач зь ейным домам. Гэты тлум не даваў заснуць. Наступнаю ноччу ўсё было цiха. А калi запытала, якiм чынам яму гэта ўдалося, — «Гэта мае людзi, — адказаў. — Яны мяне слухаюць».

Жарты, моцна разбаўленыя цынiзмам. Цi цынiзм жартамi? Асаблiва даставалася жанчынам. Мог даць фору Дон Жуану i Казанове разам узятым — гэткi зьбiральны вобраз. Нiводная паненка не магла ўстаяць перад яго д’ябальскаю чароўнасьцю. Шмат разоў браў фiктыўныя шлюбы, меў мноства каханак, разбэшчваў Вiльню сваiмi «Райскiмi вечарамi» цi папросту оргiямi. У тульчынскiя часы, калi са Шчэсным Ежы сядзеў пры фараоне ў шынку, узьнялася раптам моцная навальнiца. Маланка ўдарыла ў комiн i забiла пахолка, якi стаяў побач з гульцамi. У Хадзькевiча нiводны мускул не дрыгануў. Не адкладаючы картаў, флегматычна заўважыў: «Калi б у мяне так стрэлiла, гаварылi б, што кара Божая».

Спаткаўшы ўбогага, даставаў для яго з кiшэнi ўсё, што ў жменю ўмяшчалася, ня гледзячы — золата цi срэбра; цi грошы, гадзiньнiк, табакерку ня зямлю ўронiць — не нахiляўся за iмi, рабiлася ўласнасьцю прыслугi. Але мог адмовiць нават у сухой скарынцы жабраку. Зусiм непрадказальны.

Ня ўсе дамы ў Вiльнi былi адкрытыя для генэрала, бо хоць захаплялiся iм, але й пабойвалiся. Казiмiр Скiбiнскi ўзгадавае, як Хадзькевiч заявiўся без усялякага запрашэньня на яго вясельле са сьпявачкай Камiнскай 5 лiстапада 1814 г. «Прыйшоў каля поўначы. Вядомы ўсёй Вiльнi як любоўны авантурнiк i карцёжнiк. Гаварылi пра некалькi дзясяткаў ягоных жонак, якiм ягоныя ўласныя лёкаi давалi шлюб. Высокага росту, апрануты балёва, у белых шаўковых панчохах, у чаравiках з дыямэнтавымi спражкамi, чорныя кароткiя нагавiцы, белая аксамiтная камiзэлька, чорны фрак са стужкай (ордэнскай? — А.Ш.), chapeau bas пад пахай».

доктар Станiслаў Мараўскi мог бы дадаць, што найдаражэйшае адзеньне, найдаражэйшую, заўсёды сьвежую парыскую бялiзну насiў наўмысна нядбайна, усё на iм ляжала як бы ад нежаданьня. Фракi падраныя, кашулi пакамечаныя, але белыя, як сьнег.

Аблегчыўшы кiшэнi гасьцей больш чым на паўтара кiляграма золата, па-ангельску зьнiк.

V. Нечаканы прыезд

Напрыканцы таго ж 1814 г. Хадзькевiч назаўсёды пакiнуў Вiльню, каб рэшту дзён правесьцi ў сваiх уладаньнях на Валынi. Прыезд генэрала парушыў спакой, што быў наступiў пасьля скананьня Шчэснага Ежы. Сафiя Патоцкая «Грэчанка» добра бачыла небясьпеку. Дзеля зьберажэньня роду трэба было нешта рабiць, балазе памочнiкi знайшлiся ўплывовыя — сын ад яе першага шлюбу расейскi генэрал Вiтэ (ён жа дэ Вiт), царскi обэр-шпiён, i жанiх яе дачкi ад другога шлюбу са Станiславам Шчэсным малады флiгель-ад’ютант Аляксандра I, начальнiк штабу 2-ой армii ў Тульчыне — Павал Дзьмiтрыевiч Кiсялёў. Вiтэ сутыкнуўся з Хадзькевiчам у Кiеве падчас кантракту. Убачыўшы Аляксандра Патоцкага на яго кватэры, седзячым на канапе мiж панам Iгнацiем i яшчэ нейкiм карцёжнiкам, вымавiў: «Як мне шкада, Аляксандар, бачыць цябе як Хрыста на крыжы памiж двума разбойнiкамi». «Куды больш цiкавей бачыць столькi крыжоў на адным разбойнiку», — парыраваў Хадзькевiч.

У канцы 1819 г. генэрал за картамi лiтаральна да нiткi абабраў камiсара iнтэндатуры Бясчаснава, а камiсар разьлiчваўся казённымi грашыма. Повад быў мiзэрны, але Вiтэ i Кiсялёў паклапацiлiся аб тым, каб арыштавалi менавiта Хадзькевiча, кiнулi ў кiеўскую турму, а адтуль выслалi ў Вятку.

Згодна легендзе, дзякуючы намаганьням апошняй каханкi Хадзькевiча, вясковай дзяўчыны па прозьвiшчы Сойка, пра справу стала вядома Аляксандру I. Калi ён запатрабаваў дакумэнты i ўбачыў у iх розныя юрыдычныя парушэньнi, у другi раз выратаваў героя Ачакава — памiлаваў i загадаў вярнуць назад.

... Пан Iгнацы зразумеўшы, што Фартуна кiнула яго сам-насам зь Лёсам, не знайшоў сiлаў змагацца цi проста не схацеў. Запiў насьмерць. I ў нудзе, бязьдзейнасьцi i нягодах скончыў жыцьцё...

VI. Апошняя заўвага

Карцiна супярэчлiвага жыцьця генэрала Хадзькевiча была б няпоўнаю, калi б не дадаць яшчэ адну рысу — сьведчаньнi графа Жэвускага.

«... Адну толькi рэч шанаваў — рэлiгiю, у якой быў выхаваны. Нiколi супраць яе не дазваляў сабе наймалейшага жарту.

Даведаўся раз, што ў Печажы памiрае яго добры знаёмы афiцэр батальёну скарбовай мiлiцыi Драч. Набажная гаспадарыня Печажа паведамляе Хадзькевiчу, што памiраючы ня хоча паяднацца з Богам i сьвятара да сябе не пускае. Хадзькевiч хутка ляцiць да Драча i робiць тое, чаго нiхто зрабiць ня мог. Пасьля кароткае размовы Драч просiць сьвятара i памiрае як добры каталiк».

Андрэй Шпунт

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0