СТО ТВОРАЎ БЕЛАРУСКАГА МАСТАЦТВА ХХ СТ

Пакроўскi сабор у Баранавiчах

 

... Пачынаючы з 1910-х гадоў у архiтэктуры Цэнтральнае Эўропы, у супрацьпастаўленьнi да «бесстылёвасьцi» эклектыкi i нарастаючай атэктанiчнасьцi мадэрну, пачала крышталiзавацца новая хваля клясыцызму. Гэтае памкненьне да гармонii i яснасьцi вобразу, замяшанае на боязi найноўшых тэхналёгiяў, якiя прынесла з сабою iндустрыяльная рэвалюцыя, атрымала назоў «нэаклясыцызм». Аднак неўзабаве высьветлiлася, наколькi беспэрспэктыўным аказаўся гэты зварот у мiнулае (дарэчы, не такое i даўняе). Памкненьне да «чысьцiнi» дойлiды, адпаведна свайму тэмпэрамэнту i таленту, успрымалi па рознаму. Для Пiтэра Бэрэнса (якому пазьней падражаў Iосiф Лянгбард) гэта было ўдалым супадзеньнем, якое яшчэ больш падкрэсьлiвала магутнасьць ягонага канструктывiзму. Для славутага венца Ота Вагнэра, нэаклясыка стала адной з фарбаў на ягонай непаўторнай, вагнэраўскай палiтры архiтэктурных прыёмаў. Для юнага француза Агюста Пэррэ клясыцыстычныя прыёмы былi толькi прыступкай да авангарднага функцыяналiзму...

...Сур’ёзьней за ўсiх да нэаклясыкi паставiлiся ў Расеi. У свой час менавiта клясыцызм быў дзяржаўным стылем iмпэрыi. А таму ягоны стылiстычны працяг лёгка ўпiсваўся ў расейскi урбанiстычны краявiд. Праўда, чамусьцi, клясыку расейскага нэаклясыцызму склалi беларусы: Крычынскi й Лялевiч у Пецярбурзе i Жалтоўскi ў Маскве...

У беларускiм дойлiдзтве 1910-х гадоў нэаклясыцыстычныя пабудовы адрозьнiвалiся дасканалым будаўляным майстэрствам, асаблiвай пекнасьцю. Пры тым адразу выявiлася пэўная халоднасьць вобразаў, здрабненьне фармальных дэкаратыўных прыёмаў. Найбольш яскрава творчыя прынцыпы нэаклясыкi выявiлiся ў творчасьцi менскiх архiтэктараў Гая i Гайдукевiча, хоць помнiкаў гэтага стылю багата па ўсёй Беларусi. Найбольш iмпазантныя помнiкi створаныя аднак у культавым дойлiдзтве: Пакроўская царква ў Жабiнцы, касьцёл у Шклове, Петрапаўлаўская царква ў вёсцы Возера на Вузьдзеншчыне, каплiцы ў Магiлёве, у вёсках Моладава i Салтанаўка i шмат, шмат iншых...

...Напрыканцы 20-х гадоў i пачатку 30-х нэаклясыцызм атрымаў шырокае распаўсюджаньне ў архiтэктурных школах Iталii, Нямеччыны i СССР у выглядзе маштабных спарудаў, якiя адлюстроўвалi таталiтарныя iдэалёгii. У другой палове 20-х гадоў нэаклясыцызм вярнуўся i ў Заходнюю Беларусь. Гэта была ўжо другая хваля беларускага нэаклясыцызму. У той час, пакуль сакральнае дойлiдзтва па ранейшаму кампiлявала ў рэтраспэктыўных стылях, клясыцыстычныя формы прыйшлi на зьмену нэабарока ў архiтэктуры дзяржаўных установаў, жылых дамоў i крамаў...

Шэдэўрам беларускага нэаклясыцызму стаў баранавiцкi Пакроўскi сабор. Ён быў пастаўлены на працягу васьмi гадоў, з 1924 па 1932. Асноўны аб’ём бажнiцы — чатырохслуповы ў пляне куб з прымыкаючымi да яго трыма паўкруглымi апсыдамi, пакрыты вялiкiм (найбольшым па тым часе ў краi) купалам з шасьцю круглымi люкарнамi па ўсiм дыямэтры, якiя наскрозь асьвятляюць пакупальную прастору iнтэр’еру. Купал (у трэць сфэры), сканструяваны ў дзьве абалонкi й эфэктна ўвянчаны шарам з крыжам, якi проста пастаўлены на купал i стварае ўражаньне хiсткае раўнавагi. Здаецца, вось-вось падзьме вецер i гэты шар-«дзяржава» пакоцiцца долу...

З заходняга боку, ад галоўнага фасаду, працяглая, завужаная трапезная злучае асноўны аб’ём з квадратнай у пляне трох’яруснай стромкай званiцаю, якая сканчаецца чатырохгранным цыбулепадобным шатром з высокiм шпiлем. У сакавiтай плястыцы званiцы марфалягiчныя элемэнты клясыцыстычнага дэкору трактаваныя досыць вольна: кутавыя адзiнарныя i спараныя калёны, паўкалёны, лапаткi, прафiляваныя гзымсы ствараюць узаемаспарадкаваныя, але асобныя ў кожным ярусе рытмы. Абрысы званiцы — алюзiя на неўтаймаваную плястыку тутэйшага барока. Звыклая i больш натуральная тутэйшая традыцыя эстэтычных уяўленьняў. Галоўны ўваход вызначаны паўцыркульным тымпанам, шчыльна ўстаўленым памiж дзьвюх паўкалёнаў. Паўднёвы й паўночны фасады выдзяляюцца манумэнтальнымi портыкамi, дэкараванымi моцна стылiзаваным iянiчным ордэрам. Яны, моцна вынесеныя за асноўны аб’ём, ствараюць надзвычай урачыстае афармленьне бакавых уваходаў у бажнiцу, якiя адчыняюцца падчас найбольшых сьвятаў. Атворы вокнаў i блэнды (вокнападобныя нiшы) асноўнага аб’ёму, а таксамадругога ярусу званiцы аблямаваныя няглыбака прафiляванымi лiштвамi з трохкутнымi сандрыкамi.

Асобна варта адзначыць, што гэтая бажнiца мае вялiзарныя скляпеньнi ў цокальным паверсе, куды вядуць самастойныя бакавыя праходы. Яшчэ глыбей зьмешаная вялiкая крыпта, а пад алтаром i рызьнiца. Гэтыя скляпеньнi нагадваюць пра катакомбныя традыцыi раньняга хрысьцiянства...

Будаўнiцтва сабора перацярпела шэраг iстотных зьменаў. Першапачакова плянавалася ўзьвесьцi невялiкую драўляную царкву па праекце архiтэктара Юрыя (Ежы) Жаландкоўскага, па праекце якога быў пабудаваны зусiм побач Крыжаўзьвядзенскi касьцёл. Гэты драўляны касьцёл, разьмешчаны па дыяганалi за колькi дзясяткаў мэтраў ад Пакроўскага сабору, уяўляе сабою даволi зграбную фантазiю на тэмы народнага беларускага дойлiдзтва, готыкi й барока. Падобна, што пастаўленая непадалёк драўляная ж царква, мусiла б адлюстроўваць нейкую iдэйную праграму. Напрыклад — спалучаць беларускiя і ўсходнiя, бiзантыйскiя матывы. Але ў той самы час урад Польшчы вырашыў зьнесьцi ў цэнтры Варшавы расейскi катэдральны сабор Аляксандра Неўскага, якi ўвасабляў сабою трыюмф Расейскае iмпэрыi над Польшчай. Гэтая калясальная бажнiца ў псэўдарускiм стылi была пабудаваная ў 1902 годзе па праекце славутага пецярбурскага архiтэктара Лявонцiя Бэнуа (якi ў той самы час пабудаваў у Пецярбургу нэараманскi касьцёл у Ковенскiм завулку). У 1923 годзе было вырашана яго зьлiквiдаваць. Але перад польскiмi ўладамi паўстала праблема: як захаваць унiкальныя мазаiкi з гэтага сабору...

Буйныя мазаiчныя пано для варшаўскага сабору былi выкананыя ў Пецярбургу, у буйнешай мазаiчнай майстэрнi В. Фралова. Мазаiкi былi выкананыя паводле кардонаў i пад кiраўнiцтвам славутых расейскiх мастакоў: М. Брунi, В. Васьняцова, М. Кошалева i В. Думiтрашкi. Iх выраб адбваўся паэтапна, спачатку ў тэхнiцы адваротнага набору (наклейваньне на кардон вонкавым бокам кавалачкаў смальты), а пасьля простага (мантаж на бэтон), ужо ў самой Варшаве. Унiкальны мастацкi твор вырашана было закансэрваваць, зьняўшы са сьценаў сабору. Для iх разьмяшчэньня спатрэбiлася iншае прыдатнае месца. Выбар выпаў на Баранавiчы, дзе па настаяньню праваслаўнага клеру было вырашана пабудаваць бажнiцу выключных памераў (зважаючы на веравызнаньне большасьцi тутэйшага люду). Першапачаткова новая бажнiца была задуманая, як паменшаная копiя зьнесенага сабору ў Варшаве. Прыступiлi да работаў. Але, на шчасьце, ад гэтай iдэi адмовiлiся. Ад першага праекту засталiся толькi вялiкiя падземныя й цокальныя памяшканьнi. Да новага праекту спрычынiўся архiтэктар Станiслаў Фiлiсевiч.

Творчае крэда Фiлiсевiча можна вымоўна зразумець, пазнаёмiўшыся зь ягонымi будынкамi банкаў, якiя зьбераглiся дасёньня — у Берасьцi (1926) i ў тых жа Баранавiчах (1932). У ягонай творчасьцi выкарыстаньне матываў позьняга клясыцызму спалучаецца зь iншымi стылёвымi запазычаньнямi, нагадваючы эклектызм 19 стагодзьдзя. Аднак свабодная, элеганцкая iнтэрпрэтацыя рэтраспэктыўных элемэнтаў, арыгiнальнасьць кампазыцыйных прыёмаў, а таксама простае абыходжаньне з найноўшымi матэрыяламi (сталь, бэтон, шкло) сьведчыць за ягоную мадэрнасьць.

Напрыклад, берасьцейскi банк уяўляе сабою трохпавярховы корпус з высокiм цокальным паверхам, якi складаецца з двух узаемапэрпэндыкулярных крылаў, злучаных аб’ёмам у выглядзе дамiнуючай над ўсiм гмахам ратонды са сфэрычным купалам. Кампазыцыйны акцэнт створаны на зарыентаваных на цэнтральную вулiцу i плошчу аб’ёмах, сцены якiх падзелены пiлястрамi з iянiчнымi капiтэлямi й трохчвэрцевымi калёнамi. Дзякуючы дакладнай, халоднай i здробненай трактоўцы вонкавага дэкору, асаблiва калi зважаць на магутны атык, будынак стварае ўражаньне манумэнтальнасьцi, асаблiвай значнасьцi, што трапна адпавядае прызначэньню будынка. Няцяжка заўважыць, колькi элемэнтаў кампазыцыi й дэкору перанес на гэты будынак Фiлiсевiч з праекту Пакроўскага сабору: скрыжаваньне аб’ёмаў, ратонда з купалам, высокi цокаль, якi дадае манумэнтальнасьцi, адвольна кампанаваны лёгкi iянiчны ордэр...

Шукаць стылiстычных аналягаў Пакроўскаму сабору ўсё ж бессэнсоўна... Па-першае, у тыя гады, бадай, толькi на Заходняй Беларусi былi магчымасьцi разгарнуць такiя работы для пабудовы праваслаўнага храму. Па-другое, спэцыфiчныя задачы (экспанаваць ацалелыя мазаiкi) вымагалi ад будаўнiкоў i спэцыфiчных архiтэктурных прыёмаў.

На працягу 1926 i 1927 гадоў карпатлiва закансэрваваныя мазаiкi былi перавезеныя з Варшавы ў Баранавiчы. Зробеныя ў сталiцы Расеi i адслужыўшы сваё ў сталiцы Польшчы, гэтыя шэдэўры мазаiчнага рамяства знайшлi прыстанак у Беларусi. Мазаiка В. Васьняцова, «Мацi Божае з малым Хрыстом», фрагмэнт некалi вялiкай кампазыцыi «Пра цябе радуемся», зьмешчаная ў канцы апсыды, у алтарнай частцы. Мазаiка «Спас з данатарам», у тымпане франтона паўднёвага портыку, i «Дэiсус», у портыку з поўначы, вырабленыя па кардонах М. Кошалева. «Данатар» на каленях перад Хрыстом — партэт архiтэктара Бэнуа з мадэльлю варшаўскага сабору ў далонях... Па кардонах акадэмiка М. Брунi зробленыя мазаiкi «Мацi Божая з анёлам» (у iнтэр’еры над паўднёвым уваходам), а таксама фрагмэнт кампазыцыi «Сабор архiстрацiга Мiхаiла» (у тымпане паўночнага портыка). У iнтэр’еры сабора ёсьць таксама яшчэ дзьве мазаiкi В. Думiтрашкi: на паўночным стаўпе — выява мiтрапалiта Алексiя, на паўднёвым — Iосiфа Валоцкага.

Мастацтва мазаiкi было фактычна невядомае ў Беларусi да ХХ стагодзьдзя. Ягонае зьяўленьне ў нашым краi — частка культурнiцкага экспарту з Расеi ў калёнii. Цi то гэта тычыцца мазаiкi на фасадзе каплiцы-пахавальнi Сьвятаполк-Мiрскiх у Мiры (таксама з майстэрнi Фралова), цi то на Катэдральным саборы ў Менску, дзесяць гадоў таму прывезенай з Масквы, гэта ўсё ж толькi экспарт. Але сваiмi маштабамi мазаiчны цыкль у Баранавiчах ня мае сабе роўных у Беларусi (i ня толькi), роўна ж як i самой iдэяй праэкту — пабудаваць для ўжо йснуючых мастацкiх твораў спэцыяльны сабор...

У iнтэр’еры Пакроўскага сабору зьбярогся таксама адзiн з найбольшых у Беларусi iканастасаў. Вакананы ў псэўдабiзантыйскiм духу памiж 1929 i 1930 гадамi, ён быў адмыслова прызначаны для абразоў з варшаўскага сабору. Абразы, напiсаныя i ў акадэмiчнай манеры i ў «рускай», уяўляюць сабою ўнiкальныя ўзоры афiцыйнага мастацтва, якiя выкананалi клясыкi расейскага жывапiсу: Васьняцоў, Брунi, Урубель...

Сярод усяе архiтэктуры Беларусi Пакроўскi сабор у Баранавiчах застаўся найбуйнешым помнiкам нэаклясыцызму i самай значнай сакральнай пабудовай ХХ стагодзьдзя, давершанай у 1932 годзе.

Сяргей Харэўскi