Вось сымбаль твой...
Анатоль Цiтоў. Геральдыка беларускiх местаў / Мастак А.Бажэнаў. — Менск: Полымя, 1998.
Падмурак беларускай гiсторыi памацнеў: зьявiўся новы варыянт кнiгi Анатоля Цiтова пра беларускiя гарадзкiя гербы. Прыемна ўзяць у рукi гэтае выданьне, падзiвiцца на шматлiкiя, па-майстэрску зробленыя выявы гербаў на глянцавай паперы, перагартаць i перачытаць не адзiн раз... Калi папярэдняя манаграфiя аўтара (1989 году) зьмяшчала гербы 73-х гарадоў, то цяперашняя — 146-цi. Мусiць, аўтар наўмысна зрабiў падвышку роўна ў два разы. Такое памнажэньне беларускiх гарадоў з гербамi тлумачыцца тым, што А.Цiтоў абраў этнаграфiчны падыход да вызначэньня «беларускi»: калi раней такiм загадвалi лiчыць тое, што ляжала ў межах БССР, то цяпер магчыма называць беларускiм менавiта беларускае. Зьмешчаныя ў кнiзе аўтарытэтныя мапы паказваюць сапраўдныя межы нашай геральдыкi ад Бранска i Дарагабужа на ўсходзе да Бранска i Ломжы на захадзе, ад Себежа на поўначы да Славатычаў i Гароднi (Гарадной) на поўднi. Таму падставай — зьвесткi лiнгвiста Я.Карскага, гiсторыка М.Доўнара-Запольскага i эканамiста Я.Канчара. Па-за межамi ўласна беларускай тэрыторыi апынулiся старажытныя гарады з гербамi Воiн, Ламазы, Астраленка, Новы Груд, Кольна, Сувалкi, Сейны i iншыя, але А.Цiтоў i iх уключыў у кнiгу. З усiх «новых» набыткаў беларускай геральдыкi сапраўдным дыямэнтам ёсьць старажытная Вiльня, але дзеля справядлiвасьцi трэба адзначыць, што яе герб уважаўся за беларускi i раней, прыкладам, складальнiкамi энцыкляпэдыi «Беларусь» (1995 год).
Значна пашыраныя агульнатэарэтычныя разьдзелы кнiгi, зьявiлiся i зусiм новыя матэрыялы (пра геральдыку рамесных цэхаў у гарадах). Аднак шмат засталося i таго даўняга «матэрыялу», ад якога было б варта адмовiцца. Цi ня дзiва, што амаль кожны разьдзел кнiгi пачынаецца з цытатаў Маркса i Энгельса? «Клясычнае вызначэньне (мяшчанскай грамады пры фэадалiзме) дадзена Ф.Энгельсам», — лiчыць аўтар. У навуцы дастаткова сапраўды клясычных дасьледаваньняў пра фэадалiзм, i пра гэтую тэму таксама. А вось каб спазнаць, што клясы i саслоўi — гэта не адно й тое ж, сапраўды можна было абмежавацца прачытаньнем згаданых «клясыкаў». Арыгiнальны i, асьмелiмся сказаць, не марксiсцкi падыход у аўтара да складанай праблемы — чым адрозьнiвалiся гарады (месты) ад мястэчак. А.Цiтоў мяркуе, што наяўнасьцю ў першых i адсутнасьцю ў другiх прывiлею на магдэбурскае права. Вось адсюль i тлумачэньне назвы кнiгi — яна прысьвечаная менавiта местам (гарадам), бо некаторыя могуць зьдзiвiцца: а куды дзелiся мястэчкi зь iх гербамi. Для аўтара i яны — гарады.
Нягледзячы на салiдныя дадаткi, у кнiзе пастаянна адчуваецца брак агульнага разьдзелу пра геральдыку, правiлы складаньня гербаў, левы i правы бок у гербах i г.д. Аўтар дае такiя зьвесткi ашчадна, патроху i на розных старонках, так што недасьведчанаму чытачу будзе ў нейкай ступенi нязручна скласьцi з гэтых блiскучых мазаiчных кубiкаў цэласную карцiну геральдыкi як мастацтва складаньня гербаў. Гэтае мастацтва прайшло такi складаны шлях i, дарэчы, жыве i зараз, бо ёсьць патрэба складаць гербы для нашых новых гарадоў. Чамусьцi аўтар вырашыў адмежавацца ад сучаснасьцi i даводзiць выкладаньне толькi да першых дзесяцiгодзьдзяў ХХ ст. А.Цiтоў прапануе вылучаць два этапы: дагеральдычны (сымбалi Наваградка i Вiцебска) i геральдычны (усе астатнiя з 146 гербаў). Дадатак пазагеральдычага этапу (герабавая творчасьць у БССР) паказаў бы сёньняшнiм мастакам, што ня трэба выдумляць ужо прыдуманае i выдаваць сваю прадукцыю за геральдычнае мастацтва. Самы яскравы прыклад такой дзейнасьцi — старажытны гербавы алень Гораднi з чырвонай зоркай замест крыжа памiж рогамi. Жывёлiна нечым нагадвае герояў вядомага рамана Вайновiча.
Скарыстаўшы апошнi прыклад, пяройдзем да разгляду канкрэтных гербаў. Гарадзенскi алень з падачы аднаго польскага дасьледчыка атрымаў мянушку «алень сьв. Губэрта». Быў у VIII стагодзьдзi такi бiскуп Льежа. Пра яго распавядалi, што той, будучы паганцам у маладосьцi, вельмi любiў паляваць. Аднаго разу перад iм зьявiўся цудоўны алень з крыжам памiж рогамi — знак Божага заклiку. I Губэрт прыняў веру Хрыстову, стаў манахам. Беларускiя дасьледчыкi яшчэ не зьвярнулi ўвагi на тое, што такую самую гiсторыю расказвалi шмат вякоў раней пра бiзантыйскага сьвятога Яўстафiя Плакiду. Пра апошняга на Русi ведалi яшчэ ў ХI ст. Каб пра яго ведалi яшчэ i ў ХХ ст. iдэалягiчныя цэнзары, то, пэўна, не замянiлi б крыж на зорку, бо «праваслаўны» герб быў бы ў нечым «прымальным», прынамсi, як дэкарацыя.
У кнiзе прыведзеныя новыя цiкавыя падрабязнасьцi пра герб Шклова. У папярэднiм варыянце кнiгi А.Цiтоў далучаўся да дасьледчыкаў мiнулага стагодзьдзя, што герб горада з выяваю бязьмену сымбалiзаваў гандаль. Цяпер высунута новае тлумачэньне, дзякуючы лацiнскаму надпiсу «юстыцыя» на гарадзкой пячатцы: бязьмен — гэта своеасаблiвы сымбаль справядлiвасьцi. Тут нейкая старажытная блытанiна. Справядлiвасьць, роўнасьць перад законам у Старажытным Рыме ўвасабляла багiня Эквiтас, якую ў пазьнейшай Эўропе часта малявалi з шалямi ў руках. Бязьмен на такi сымбаль ну зусiм не прыдатны, нават у руках i Юстыцыi. Магчыма, асэнсаваньне бязьмену як сымбалю Юстыцыi — зьява пазьнейшая.
Выкажам уласнае разуменьне словаў з апiсаньня мсьцiслаўскага гербу. У прывiлеях ён апiсаны як «меч з шчытом наверх». Паводле А.Цiтова, на самой справе на рэальных пячатках маецца выява рукi, узброенай мячом, што высунулася з-за шчыта. З прыведзеных выяваў бачна, што тая рука высунулася з воблака, меч скiраваны ўгару. А што датычыць шчыта — то ў прывiлеях так, пэўна, названая гарда — перакрыжаваньне мяча.
Аўтар часьцяком выкарыстоўвае ў тэксьце старасьвецкiя тэрмiны i выразы, якiя, здавалася, ужо зьнiклi з нашай мовы, сьмела iдзе на моўныя экспэрымэнты. Дзякуючы А.Цiтову шмат якiя словы атрымаюць сваё другое жыцьцё. Але гэта не пра тэрмiн «полецаi» у сэнсе «палiцыя», якi нiбыта сустракаецца ў старажытным прывiлеi вялiкага князя. Той пiсаў: «Полецаем теж войту и бурмистром и радцом вси месцы пустыя, в месте и около места, к осаженью и размноженью людей», што па-сучаснаму будзе: «Аддаем таксама войту i бурмiстрам i радцам усе мясьцiны пустыя...» Скрозь у кнiзе трапляецца скарачэньне «ВкЛ», бо, маўляў, пiшацца «Вялiкае княства Лiтоўскае». Аднак тое напiсаньне — «княства» праз малое «к» — старая маскоўская традыцыя, якая супярэчыць даўнiм беларускiм дакумэнтам, таксама адноўленай традыцыi напiсаньня ВКЛ.
Пры ўсiх вартасьцях новая праца А.Цiтова мае iстотны грэх — там ня згадваюцца навуковыя апанэнты аўтара i iх погляды на некаторыя пытаньнi генэалёгii (погляды слушныя), ня згадваюцца iх працы. Дарма. Гэтай кнiгай А.Цiтоў даказаў, што ён па-ранейшаму — цэнтральная постаць ў беларускай геральдыцы i не яму баяцца крытыкi.
Валеры Пазьнякоў