ПОШТА


ДАЧАКАЛIСЯ...

 

Я доўга чакаў, калi ж нарэшце зьявiцца той творца, якi «воспоет» новыя, зацьверджаныя рэфэрэндумам сымбалi краiны. Гэты час цягнуўся неяк да прыкрасьцi доўга. Мяне нават ахоплiваў нейкi сорам за прэзыдэнцкую элiту.

Але вось да трэцяй гадавiны Першага Рэфэрэндуму у № 65 БПСМаўскай «Знамя Юности» я пабачыў два вершы, прысьвечаныя новым сьцягу i гербу. Бранiслаў Спрынчан адзiн зь першых захапiў гэтую нiшу. «Наш Флаг», «Герб Державы Белорусской». Вiншуем!

Вершы перапоўненыя гонарам за нашую краiну i яе сымбалi. Прыгожа напiсана: «... Не гривастый лев и не орел, и не всадник, вскинувший клинок, — Утреннего солнца ореол, Из колосьев и цветов венок...» Але шмат людзей, якiя не жылi на вёсцы, могуць зблытаць узыходзячае сонца з заходзячым. А вянок... гм... няёмка i сумна прыгадваць, дзе яго можна пабачыць найчасьцей.

Паэт Уладзiмер Дубоўка, закатаваны пад чырвоным сьцягам, мабыць, у магiле павярнуўся — цяперака ягоны ўрывак iдзе эпiграфам да верша пра «Наш Флаг»: «О Беларусь, мая шыпшына, зялёны лiст, чырвоны цьвет!» — некалькi гадоў таму ў модзе быў працяг — там дзе: «чарнобылем не зарасьцеш». Але цяперака, як лiчаць некаторыя пра Дубоўку: «Дорогого мне поэта мог ли я не вспомнить, если Два его любимых цвета на полотнище воскресли...» Ну нарэшце зьдзейсьнiлася апошняя мара Дубоўкi пра беларускi сьцяг. Стаяў сабе паэт перад магiлай, марыў, а НКВДэшны кат цэлiў у патылiцу.

Дарэчы, пацягнула ад твораў нечым старым i знаёмым. Памятаеце: «Всегда мы помним Ленина и думаем о нем. Мы день его рождения считаем лучшим днем!»

Трэба ўсё ж такi распачаць гаворку пра лiтаратурных творцаў i рэжымы. Праглядаў неяк старыя нумары «Полымя». Калi зь сёньняшняга дня лiчыць — колькi паперы змарнавалi на ўхваленьне Партыi i Правадыра. Некаторым вядомым i «заслуженным», мабыць, крыху няёмка — раптам унукi пажадаюць пачытаць дзядулевы маладзёвыя творы.

Пасьля 90-га адкрыйце «ЛiМ». Здаецца, быццам бы конкурс быў аб’яўлены цi якi спаборнiцтвы iшлi — хто болей напiша пра вершнiка на чырвоным полi i сьцяг з крывавай паласой.

Дзе вы цяпер, тыя вядомыя й «заслужаныя»? Куды падзелася вашая вялiкая любоў да нашых сымбаляў. Цi вам зноўку сорамна i няёмка — перад новым урадам i прэзыдэнтам? Не падумалi, не перачакалi! Цяперака пра «Пагоню» i бел-чырвона-белы пiшуць толькi маладыя нацыяналiсты i рэштка «изгоев», але зь iмi й так усё зразумела.

Нашая лiтаратурная элiта вырашыла зноў перачакаць пэўны час. Агледзецца. Але ж трэба пачынаць некаму, хтосьцi павiнен быць першым. Пасьля можа й нейкую ўзнагароду за сьмеласьць дадуць, якое званьне. У «новыя» падручнiкi разам зь iншымi знакамiтасьцямi трапiш. На месца Генiюш, Арсеньневай i Сяднёва.

Ды невялiкая памылачка адбылася. Ня будуць помнiць гэтыя творы Спрынчана нашчадкi. Бо не патрапяць яны ў падручнiкi беларускай лiтаратуры. Не на той мове напiсаныя. У падручнiкi па расейскай цi сусьветнай лiтаратуры? Неяк няёмка казаць, але... ня цягне... не па тэме...

Калi толькi ня зьявiцца ў нашых школках новая дысцыплiна — «Белорусская русскоязычная литература». А то нейкае парушэньне правоў адбываецца.

Руслан Равяка