Гэй, славяне!..

 

Дзiўнымi гукамi, якiя ў звычайнага беларуса асацыююцца з фальклёрна-пыхлiвым заходнiм суседам, у аўторак распачаў сваю працу ў Празе гэтак званы Ўсеславянскi Зьезд. Як выявiлася, згаданая мэлёдыя — гэта ня толькi «Ешчэ Польска не згiнэла», але яшчэ й Славянскi гiмн, а заадно й Югаслаўскi — колiшнi фэдэрацыйны i сёньняшнi сэрбска-чарнагорскi.

Зьехалася на зьезд некалькi сотняў удзельнiкаў, у паведамленьнях арганiзатараў гэтая лiчба вагалася памiж трымастамi i пяцюстамi дэлегатаў, аднак я не бяруся яе ўдакладняць. Хто ж сюды прыехаў? Пытаньне гэта даволi складанае, бо склад, характар i статус удзельнiкаў залежаў ад канкрэтнай краiны i ад стаўленьня яе кiраўнiцтва да iдэi славянскае еднасьцi.

Так, тры дэлегацыi атрымалi афiцыйнае блаславеньне й падтрымку сваiх уладаў, якiм усеславянская iдэя найбольш грэе душу — сэрбская, славацкая i беларуская.

Цэлы шэраг дэлегацыяў меў даволi прадстаўнiчы выгляд дзеля таго, што ў тых краiнах панславiзм мае шмат прыхiльнiкаў у грамадзтве, аднак адкрыта не прымаецца ўладамi — так, прыкладам, расейская, дэлегацыя была найбуйнейшая i найбольш маляўнiчая — тут вам i артыст Бурляеў, i архiтэктар Шчукiн, i навукоўцы, i бiзнэсоўцы, i пару пэрсанажаў зусiм камэдыйнага выгляду — у бурках, папахах, лямпасах, эпалетах, з даўжэзнымi вусамi i блiзка што ня з шабляй у зубах. Гэта няйначай былi казакi, i iхная прысутнасьць надавала зьезду вадэвiльны настрой. Да iх цудоўна пасавалi шчодрыя дэкарацыi ў выглядзе паўдзясятку праваслаўных харугваў.

Нарэшце, былi й зусiм выпадковыя дэлегацыi, прыкладам польская, якую ачольваў Баляслаў Тэйкоўскi, лiдэр экстрэмiсцкай шавiнiстычнай мiнi-партыi Польская Нацыянальная Еднасьць, якi нават Iсуса Хрыста лiчыць жыдамасонам, а таму езьдзiць малiцца расава чыстым багам на паганскае капiшча недзе пад Гнезнам.

Так цi iнакш, нiводная з дэлегацыяў не прадстаўляла грамадзтва сваёй краiны ў цэлым, як гэта было 150 гадоў таму падчас першага Ўсеславянскага Зьезду ў Празе.

Гэтая сацыяльна-палiтычная сумнеўнасьць праскага форуму славянаў паставiла ў цяжкое становiшча чэскiя сродкi масавай iнфармацыi. Напачатку газэты правага кiрунку паспрабавалi размаляваць зьезд у камунiстычныя колеры — бо ягоныя чэскiя арганiзатары у большасьцi сваёй належаць да тутэйшай (магчыма адзiнай у Эўропе на захад ад Беларусi) камунiстычнай партыi. Аднак гэта было вiдавочнае спрашчэньне праблемы, i таму падчас зьезду вакол яго панаваў iнфармацыйны вакуум — чэхi так i не знайшлi да яго адэкватнага падыходу.

Тым часам кiдаецца ў вочы iстотнае адрозьненьне гэтага зьезду ад таго першага, да 150-годзьдзя якога цяперашнi быў прымеркаваны i на якi ён вельмi часта i, на маю думку, зусiм беспадстаўна спасылаўся. Зьезд 1848 году адбываўся ва ўмовах барацьбы славянскiх народаў за нацыянальную эмансыпацыю i вызваленьне з-пад чужацкага ярма. Паводле духу свайго ён быў лiбэральна-дэмакратычным i ставiў славянскую салiдарнасьць падмуркам будучай незалежнасьцi.

Славянская iдэя, як прыкладам i любы этнiчны нацыяналiзм, захоўвае пазытыўны характар аж да моманту дасягненьня галоўнай мэты — вызваленьня з-пад чужога (асаблiва неславянскага) панаваньня i стварэньня роўнапраўных нацыянальных дзяржаваў. Пасьля таго, як гэта дасягнута, гэтая iдэя непазьбежна робiцца рэакцыйнай, або стаецца прыкрыцьцём нейкай iншай, адкрыта не афiшаванай.

Як здаецца, у выпадку нашага зьезду мы маем справу якраз з другiм выпадкам. Варта толькi прагледзець тэмы абмеркаваньняў у сэкцыях. «Эканамiчнае супрацоўнiцтва славянскiх народаў» — чым не адраджэньне ўжо амаль забытага Савету Эканамiчнай Узаемадапамогi? «Пэрспэктывы справядлiвага й дэмакратычнага грамадзтва ў ХХI стагодзьдзi» — з галоўным сюжэтам — Дамо адпор НАТО — чым не адраджэньне Варшаўскага Пакту? Тое самае ў галiне сацыяльнай абароны, культуры, спорту, iнфармацыi. Iмкненьне вярнуць Усходнюю Эўропу, хоць бы ў яе славянскiм абсягу, у сфэру геапалiтычных уплываў Расеi было на зьезьдзе вiдавочным. Варта дадаць, што расейцы дамiнавалi на ўсiх трыбунах, замiлавана называючы ўсiх «братьямi». Пры гэтым у цэнтры ўвагi ўсе днi зьезду была Беларусь — як адзiная частка Расеi, адкуль сёньня рэальна можна распачаць гэткi геапалiтычны рэванш, DRANG NACH WESTEN.

Афiцыйная Прага прадбачала, што дух зьезду будзе, мякка кажучы, пярэчыць зьнешнепалiтычнаму курсу сёньняшняй Чэскай Рэспублiкi, а таму канцылярыя прэзыдэнта Гаўла, Мiнiстэрства Замежных Справаў, кiраўнiцтва Рыма-Каталiцкай Царквы яшчэ перад пачаткам зьезду рашуча ад яго адмежавалiся. Гэтаксама й праваслаўны праскi архiяпiскап на ўсялякi выпадак адмовiўся ад удзелу ў прымеркаваных да зьезду ўрачыстасьцях, на якiя ён быў ласкава запрошаны.

Чэскiя ўлады не памылiлiся. Зьезд вылiўся ў масавую манiфэстацыю пратэсту супраць уступленьня Чэхii й Польшчы ў НАТО, а таксама лiтаральна патанаў у антынямецкiх i антызаходнiх лёзунгах i эмоцыях. Найбольш дасталося Вацлаву Гаўлу. Седзячы ў залi зьезду, я шчодра папоўнiў свой запас ненарматыўнай чэскай лексыкi — кожны раз, як чародны прамоўца з гневам называў iмя прэзыдэнта, навокал проста пачыналася спаборнiцтва — хто прыгажэй яго абзаве.

Яшчэ адна загадка, якая так i засталася неразгаданаю. Сярод 12 сьцягоў краiнаў-удзельнiц вiсеў адзiн, якi я пабачыў упершыню: цёмна-сiнi зь няроўным жоўтым клiнам пасярэдзiне, а ўздоўж краю клiна — штук 8 белых зорак. Апытаньне чалавек 20 арганiзатараў нiчога не дало — нiхто ня ведаў, чый гэта сьцяг. Вось табе й славянская еднасьць.

Пасьля двух дзён працы ў сэкцыях, сёньня зьезд сабраўся на сваё апошняе пленарнае паседжаньне, на якiм былi абвешчаныя ягоныя вынiкi. Сярод iншага на зьезьдзе быў утвораны мiжнародны славянскi камiтэт, у склад якога ўвайшло па 5 прадстаўнiкоў ад кожнай краiны. Наступны зьезд пастаноўлена склiкаць у Менску — сталiцы адзiнай краiны, якая пагадзiлася стацца наступным гаспадаром гэткага форуму. Ня быў абыдзены ўвагай i гаспадар гэтай краiны — Аляксандру Лукашэнку, як адзiнаму славянскаму прэзыдэнту, якi даслаў зьезду афiцыйнае прывiтаньне, быў накiраваны адмысловы лiст з прапановай стацца ганаровым прэзыдэнтам новаўтворанага Славянскага Камiтэту. Разам з гэтым газэта Камароўскага рынку «Славянскiй Набат» была зацьверджаная ў якасьцi афiцыйнага друкаванага органу гэтай арганiзацыi. Былi таксама прынятыя рэзалюцыi супраць пашырэньня на ўсход блёку НАТО, супраць эканамiчнай блякады Югаславii, супраць косаўскага сэпаратызму, дасланыя прывiтальныя лiсты маскоўскаму партыярху i рымскаму папу.

На праведзенай пасьля зьезду прэсавай канфэрэнцыi не адбылося нiчога надзвычайнага — яе фактычна праiгнаравалi карэспандэнты галоўных чэскiх мас-мэдыяў. Каб надаць канфэрэнцыi жывасьцi, я задаў правакацыйнае пытаньне кiраўнiку беларускай дэлегацыi спадару Касьцьяну, папрасiўшы па-беларуску расказаць пра цяперашнi стан беларускай мовы ў незалежнай Беларусi. Калi не па-беларуску, дык ня трэба, папярэдзiў я. I да гонару спадара Касьцьяна, ён на цудоўнай беларускай мове адказаў, што калi б я ня швэндаўся па эмiграцыях, а прыехаў у Менск i прыйшоў бы ў парлямэнт, дык мог бы пачуць, што ён, спадар Касьцьян, выступае на паседжаньнях толькi па-беларуску. Што ж, праверыць гэта я пакiдаю нашым слухачам. Адно радуе — усе яны, як выглядае, могуць выдатна гаварыць па-беларуску. Толькi дай каманду.

Мой славенскi калега запытаўся пра маральны сэнс славянскай еднасьцi пасьля этнiчных чыстак у Босьнii, дзе тры славянскiя народы выразалi адзiн аднаго. У адказ на гэта галоўны сэрб, пiсьменьнiк Янковiч, пачаў гiстэрычна крычаць, што ў вас, славенцаў, наогул рукi ў крывi нявiнных сэрбскiх салдатаў, якiя падчас распаду Югаславii прыехалi на мiрных танках у Славенiю, каб уратаваць славенцаў ад катастрофы сэпаратызму. Ага, значыць ёсьць славяне добрыя й славяне дрэнныя.

Аднак галоўнымi скандалiстамi на зьезьдзе былi русiны, якiх арганiзатары зьляпiлi ў адну дэлегацыю, хоць тыя прыехалi з розных краiнаў — Чэхii, Славаччыны, Югаславii, Вугоршчыны. Русiны нападалi на ўкраiнцаў, што тыя не прызнаюць iх за асобны народ. Украiнiзм — казалi яны — гэта наогул германская iнтрыга, каб разьбiць адзiны руска-русiнскi народ. Аднак кiраўнiк украiнскай дэлегацыi, якi, вiдаць, у душы быў абсалютна згодны з гэтым тэзысам, так i ня ведаў што адказаць i толькi нэрвова ўсьмiхаўся. А мажны расеец, што сядзеў побач зь iм, зазначыў, што русiнаў — такога народу — у слоўнiку Даля няма.

Закончыўся зьезд там жа, дзе й распачаўся — пад помнiкам Сьвятому Вацлаву, у самым цэнтры Прагi. Памятаю, пры адкрыцьцi беларускiх дэлегатаў засмуцiла поўная абыякавасьць пражанаў да таго, што адбываецца. Арганiзатары сказалi нам, што проста нiхто ня ведае, — завяралi яны — аднак на закрыцьцё сюды мае прыйсьцi палова Прагi — як 150 гадоў таму. Аднак на закрыцьцi людзей было не нашмат болей. Пражане, што праходзiлi мiма калярытнага зборышча з вадэвiльнымi казакамi, бародамi й харугвамi — пазiралi на яго зь цiкавасьцю й неўразуменьнем. Маладзейшыя, распазнаўшы сьцягi й лямпасы, зьбiралi ў памяцi рэшткi даўно забытай расейшчыны й раз-пораз выкрыквалi: «Домой! Домой!»

Так вось няскладна й закончылася сьвята, так сказаўшы, узурпатараў славянскай iдэi. Сапраўды, славянская Прага была для iх непрытульная. Цяпер усе надзеi сусьветнага славянства пакладзеныя толькi на адзiн горад — Менск. Вiдаць, канцэптуалiстам з газэты «Славянскi Набат» давядзецца распрацоўваць тэзу аб магчымасьцi перамогi панславiзму ў адной асобна ўзятай краiне.

Сяргей Шупа,

Прага