Iгнат Канчэўскi

ВЕРШЫ ЗЬ ВIЛЕНСКАГА АРХIВУ

 

 

* * *

Не хавайце мяне ў цмантары, —

Пахавайце мяне пры дарозе,

На вярху зялянавай гары,

Пад услоньнем плакучай бярозы.

I высокi пастаўце мне крыж,

Памалюйце яго на зялёна;

Хай у сьвятую глыбокую выш

Ён працягне нямыя далонi.

Усё жыцьцё жыць хацеў я зь людзьмi

Ў iх працоўнай, пакутлiвай долi.

Хай жа разам з жывымi ў полi

Пабягуць мае ночы i днi

На гаротным працоўным раздольлi —

Пахавайце-ж мяне ў чыстым полi.

* * *

Чэрвень красаваў маёвымi кветкамi.

млявае сонца садзiлася за гарою.

А блакiтнае неба з хмаркамi рэдкiмi

Дыхала пакорнасьцяй упаўшага зною.

I гэтага вечару царкоўныя звоны

Назаўсёды ў душы маёй зазьвiнелi.

Я прыняў iх у душу галодны, стамлёны

Каб яны аб духу надземскiм мне пелi.

Тады з ласкавым тварам дзявочым,

I чаромухай сумнай прайшоўшага мая

Павёў мяне звон па гарах у ночы.

У цёмныя ночы страчанага раю.

У страчаны рай, у дакучную штодзённасьць,

У голад i бруд, у лiхую нядолю...

Ах цi аб тым летуцеў, цi таго хацелась

У вечар чэрвянёвы ласкавы i кволы!

ТАК ГЛЫБОКА...

Так глыбока нешта ў сэрцы грае,

Што сама ня ў стане разгадаць.

Ведаю, што маю i ня маю.

Як дзяньнiца краскi раскiдае,

Так хачу тварыць i раскiдаць.

Сеець ноч туман алмазны з зорак.

Сонца тчэ вясёлачку з расы.

А вясна пахучых кветак морам

Залiла луг, пышны панадворак —

Сад жыцьця каханьня i красы.

У душы маёй бы расквiтаюць зоркi.

Чую — прылiваюцца к грудзям

Чад вясны бы пах мiгдалаў горкiх.

I шапоча штосьцi: кветкi, зоркi —

Усё, што маю мiламу аддам!

* * *

Па сьвятой зямлi — Яго сьвятыя ногi

Да схiлёных голаў — рук сьвятых прыткненьне...

Падарожнага пазналi ўсе дарогi

I даюць прытулак усе Яму каменьнi.

Буйны вецер — адгалосак грознай буры,

Прыблiжоннай буры ды для нас далёкай.

Сьцiхнуць нема ўраз сьляпыя ўсе вiхуры

Як пачуюцца iмi*) сьвятога крокi.

I пазнаюць вобраз чысты i чаканы

Усе блуднiцы, усе, хто ў зморы i агiдзе

Усе, хто брудны быў, слабы цi хворы, п’яны,

Бо iм штось шаптаў увесь час праканана:

— Так, Ён прыйдзе, Ён напэўна прыйдзе!

*) Слова перакрэсьлена простым алоўкам (А.А.)

САКАВIК

З сонцам яснацветным золатна-пякучым

У блакiтах неба пад дзiцячы крык,

Ласку пацалункаў веснавых нясучы

Зноў закрасаваўся шчасны сакавiк.

На стале ў шклянцы распусьцiлась верба *)

Можа хутка, хутка бледныя сухоты.

Падрахуюць сумны свой з жыцьцём расчот.

Акунусь тады я ў сiнiя высоты —

Там хiстаць касьмiчны будзе карагод

А калiсь iзноў над змучанай зямлёю

Закрасуе вербай кволы красавiк.

Ранiцаю сьветлай з агнявой зарою

На зямлю спушчуся пад дзiцячы крык

*) Гэтыя чатыры радкi ў рукапiсах недакончаныя.

У СЬВЯТОЧНЫ ДЗЕНЬ

Так прыгожы старажытныя званiцы.

Блiскi сэрцы крыж драўляны на растаньнях.

У тыя белыя бяз сонейка ранiцы,

Калi цiха дзень засмучаны ўпаўзае,

А ў сэрца радасьць льецца нечакана.

Вецер сам адзiн цалуе Божы раны.

У апаску бедраў, што як сьцяг дзiцячы,

Калысае на гiпсовай хвiгуры.

Там ўвярху са срыбра вылiтыя хмуры;

У вачох сьлязiнкi... (Каб iх хто ня ўбачыў!)

Папяровы краскi зьвялi з роснай ночкi

У Хрыстовым зь белых рож, лiлей вяночку.

У душы так многа цiхага прастору!

Дык чаго-ж сумуеш ты, сьвяты дзянёчку,

Прытулiўшыся да сiнiх плахтаў бору?

* * *

Шэрыя вокны сьвецяцца матавым сьветам.

Ноч за вокнам прытулiлася сном-цiшынёй.

Ты зразумець памагла ў ноч восеньню гэту

Тое, што лепш аддаць у каханьнi, чым браць.

Ведамы нам ад даўна ўсе казкi каханьня —

Тым пазналi яго, што зямныя жаданьнi

Сквапнаму богу каханьня ў ахвяру далi

I ўзьнясьлi да неба сьвет душ, крохкiя жалi зямлi...*)

*) Верш незакончаны i неапрацаваны.

Публiкацыя Андранiка Антаняна