Уладзiмер Скрабатун

КАТЭДРАЛЬНЫ САБОР У ГЛЫБОКIМ

 

Глыбокае — маленькi гарадок, пабудаваны з дрэва, як i ўсе гарады ў гэтае мясцовасьцi. Галоўным будынкам у iм быў ня замак, а вялiкi кляштар. Напалеон спынiўся тут, сюды ж прыбыла яго гвардыя...

Адольф Т’ер

 

Глыбоцкi Катэдральны сабор Нараджэньня Найсьвяцейшае Багародзiцы Полацка-Глыбоцкае епархii
выдатна прэзэнтуе архiтэктуру Беларусi 17-18 стст. Да паўстаньня 1863-64 гг. гэта быў касьцёл кляштара айцоў Ордэна кармэлiтаў босых. За актыўны ўдзел мнiхаў кляштара ў паўстаньнi прыстанак кармэлiтаў быў зачынены, а велiчны храм расейцы перадалi праваслаўным.

Гiсторыя бажнiцы пачынаецца з таго часу, калi Язэп Корсак, стараста Дзiсьненскi, ваявода Мсьцiслаўскi, жадаючы зрабiць Глыбокае агменем распаўсюджваньня каталiцызму, фундаваў у 1628 годзе касьцёл парафiяльны Сьвятое Тройцы ў Глыбокiм, пабудаваны напачатку з дрэва. 30 красавiка 1638 году ён фундаваў у Беразьвеччы манастыр базыльянскi ў iмя Сьвятых Пятра i Паўла. У наступным, 1639 годзе, фундаваў у Глыбокiм касьцёл i кляштар айцоў Ордэна кармэлiтаў босых i аддаў iм мястэчка Глыбокае, а таксама Ластавiчы, Сьвiлу, Перадолы, дакупiў iм за 140 000 злотых Гнязьдзiлава i Вольберавiчы. У 1642 годзе фундаваў ва ўдзеле касьцёл у iмя Нявiннага Пачатку Найсьвяцейшае Марыi Панны i аддаў яго мнiхам Ордэна францішканаў.

Язэп Корсак памер у чэрвенi (альбо лiпенi) 1643 году «бязжонны». Ня маючы нашчадкаў, усе свае маёнткi завяшчаў на будаўнiцтва глыбоцкiх сьвятыняў, частку — сваёй адзiнай сястры Фядоры. Корсак быў перакананым унiятам.

Для паскарэньня будаўнiцтва касьцёла i кляштара кармэлiтаў Корсак падараваў мнiхам сем коняў для падвозу будаўнiчых матэрыялаў. I да сёньня бытуюць розныя паданьнi, зьвязаныя з будаўнiцтвам кляштара. Сьцьвярджаецца, што ад Полацка да Глыбокага стаяў жывы ланцуг людзей, якiя перадавалi цэглу з рук у рукi.

Будаўнiцтва было скончанае ў 1654 годзе. У гэты ж год Глыбокае было занята войскамi маскоўскага цара Аляксея Мiхайлавiча. Аднак храм застаўся некранутым. Спаленымi сталiся драўляныя касьцёлы, як у кармэлiцкай (правабярэжнай) частцы — мястэчку Глыбокiм, так i ў левабярэжнай (радзiвiлаўскай) — горадзе Глыбокiм. (Рака Бярэзьвiца дзялiла цяперашняе Глыбокае на дзьве часткi. Мястэчка належала да Полацкага ваяводзтва. Горад — да Ашмянскага павету Вiленскага ваяводзтва. Гэта — абсалютна выключны выпадак у гiсторыi Беларусi.) Новапабудаваная бажнiца мела выгляд «суворага» барока, з масыўнымi тоўстымi сьценамi, з аднолькавымi вежамi на заходнiм i ўсходнiм фасадах. Аскетычны выгляд касьцёла нагадваў крэпасьць цi мiнiятурны замак. Пра выгляд вежаў можна меркаваць паводле тых, якiя дагэтуль захавалiся на заходнiм фасадзе хiба што бязь зьменаў.

Наперадзе была новая эпоха — эпоха ракако. Выгляд храма ўжо не адпавядаў мастацкаму густу 30-х гадоў 18 ст. Касьцёл зазнаў значную перабудову пад кiраўнiцтвам таленавiтага вiленскага дойлiда Яна Кшыштафа Глаўбiца, «дыктатара» новага стылю. Гэты пэрыяд, калi перабудоўвалiся альбо будавалiся новыя храмы з высокiмi, стромымi, шмат’яруснымi вежамi, зь фiгурнымi франтонамi на фасадах, у храмавым дойлiдзтве ракако Беларусi атрымаў асобнае азначэньне — «вiленскае барока». Стваралася ўражаньне лёгкасьцi будынка, iмклiвага ўзьлёту вежаў да нябёсаў. Гарэзьлiвая архiтэктура ракако, зь яе выгібамi й заглыбленьнямi, фiгурнымi й хвалiстымi гзымсамi, мудрагелiстымi ракайлямi, стварала ўяўленьне аб жыцьцi як аб захапляючым сьвеце. Дойлiды адлюстравалi багацьце элiты таго часу, панаваньне над усiмi, але яны верылi, што ствараюць творы не аднаразовыя, а вечныя. Новаперабудаваны глыбоцкi касьцёл кармэлiтаў у iмя Народзiнаў Найсьвяцейшае Мацi Божае быў асьвечаны вiленскiм бiскупам Ежы Анцутам 3 лiпеня 1735 году. Гэта была першая бажнiца ў межах сучаснае Беларусi, якая адкрыла цэлую эпоху ў храмавым дойлiдзтве — эпоху «вiленскага барока». Ужо пазьней былi перабудаваныя альбо пабудаваныя нанова Полацкая Сафiя, касьцёлы Менску, Вiцебска, Iвянца, Дзятлава i славутая Беразьвецкая царква.

Крыху трэба сказаць пра тое, якi выгляд пасьля вялiкай перабудовы меў увесь разьлеглы ансамбаль глыбоцкага кляштара Ордэна айцоў кармэлiтаў босых.

Перад касьцёлам была ўзьведзеная трохпралётная ўваходная брама ў плястыцы ракако, якая захавалася й да сёньня...

Кляштар атачала мураваная сьцяна, часткова вастракольле. Рог сьцяны, ад боку цяперашняга пастарунку мiлiцыi, замыкала каплiца, бы па аналёгii з крэпасной вежай, але ў стылёвае сувязi з храмам. Яна была зьнiшчаная пасьля апошняй вайны, частка мураванай сьцяны разабраная на цэглу. Сам кляштар быў выкананы ў форме квадрата з унутраным дваром, засаджаным грушамi. Адзiн бок крыла кляштара складаў касьцёл даўжынёй 72 аршыны, тры другiя — сьцены корпусу-iнтэрнату, таксама даўжынёй па 72 аршыны. Сам кляшторны корпус меў два паверхi. (У гiстарычнай лiтаратуры часам пiшацца, што ён быў трохпавярховы. Тут, напэўна, блытанiна вынiкае з таго, што кляшторны корпус сапраўды меў мансардавы паверх, якi можна лiчыць трэцiм паверхам.) Мнiхаў у кляштары было да 30 чалавек, клерыкаў — 50. Кармэлiты ўтрымлiвалi элемэнтарную вучэльню, канвiнкт (iнтэрнат) на 12 бяднейшых вучняў, бiблiятэку на 2,5 тыс.тамоў. Апроч справаў выключна рэлiгiйных, тут адбывалiся шматлiкiя дзеi гiстарычныя, паэтычныя, мэдычныя i прававыя. Кляштар меў свой фiзычны кабiнэт, якi ўтрымлiваў 130 штук рознага iнструмэнту, iлюстраваныя кнiгi i пляны, збор гравюраў i мапаў. Быў i свой шпiталь, якi пасьля перабудовы разьмяшчаўся ў асобным будынку. Была ўласная аптэка. На першым паверсе кляштара разьмяшчаўся пакой для выдачы лекаў, былi лябараторыi, пакоi для захаваньня матэрыялаў, склад зёлак.

Непадалёк ад кляштара, уздоўж цяперашняй вулiцы М.Горкага, ляжаў разьлеглы кляшторны сад, якi быў аточаны высокай мураванай сьцяной. Яе разабралi на цэглу падчас аднаго суботнiка ў 80-я гг. Частка яе, некалi вельмi працяглай, захавалася ад боку цьвiнтара «Копцеўка». Выканана яна з чырвонае цэглы. Муроўка чаргуецца з дамешкай валуноў — штось у «стылi» замкавай муроўкi, з арачнымi нiшамi. На месцы сада — стадыён, а ў час вайны — цьвiнтар, дзе хавалi нямецкiх жаўнераў. Аднак засталiся ў некалькi абдымаў лiпы, ясенi й вязы на колiшнiх прысадах. Тое, пры дбайных адносiнах, магло б стаць фонам для аднаўленьня аднаго са старэйшых паркаў Беларусi.

Меў кляштар i сваю фабрыку сукна, вялiкiя гмахi складоў i сьвiранаў. На гандлёвым пляцы рынку кармэлiтаў (цяпер пл.17 верасьня), памiж двума касьцёламi — Траецкiм i Кармэлiцкiм — стаяла вялiкая мураваная аўстэрыя ў стылi барока. Як пiсаў Ота Гедэман, аўтар кнiгi аб гiсторыi Глыбокага часоў Рэчы Паспалiтае: «Гэта ўстанова была ўнiвэрсальнай, гэта значыць карчмой, заезным домам, а таксама свайго роду клюбам i забаўляльнай установай. Сюды прыяжджалi ў нядзельныя i сьвяточныя днi арыстакраты, у гандлёвыя днi зьбiралiся мяшчане i падданыя, тут наладжвалiся пагулянкi й танцы, вельмi часта пiлi гарэлку, пра што сьведчаць шматлiкiя акты...» Рынак кармэлiтаў заняпадаў i адраджаўся з прычыны вялiкай канкурэнцыi з боку рынка ў радзiвiлаўскай частцы Глыбокага — больш заселенай i зь вялiкай колькасьцю крамаў.

Ансамбаль аўстэрыi канчаткова быў зьнiшчаны мясцовай уладай у пач. 80-х гг. На яе месцы — фантан зь мясцоваю назвай «Сьлёзы Карэпавай» (колiшнi «мэр» Глыбокага). Да гары, на якой стаяў кляштар, падступалi сажалкi, выкапаныя падданымi кляштара. Адна — даволi вялiкая, тры меншыя, злучаныя памiж сабой пратокамi. Сажалкi служылi вадасховiшчам, якое прыводзiла ў рух млын. У сажалках мнiхi разводзiлi рыбу. Яшчэ ў 1651 годзе беразьвецкiя базыльяне скардзiлiся на кармэлiтаў, якiя «рыбу гвалтам ловяць у базыльянскiм возеры Астроўна, сажалкi сабе кляшторнымi рыбамi напаланiлi». Марожаных карасёў, санным шляхам, дастаўлялi нават у Каралевец (Кёнiгсбэрг). На месцы сажалак стаiць цяпер Глыбоцкi кансэрвавы завод.

На адлегласьцi, на Копцеўскiм пагорку, стаiць i сёньня Iльiнская каплiца, якая некалi належала да кармэлiтаў. Яе адносяць да фундацыi Корсака 1640 году. Формы архiтэктуры клясыцызму гавораць пра тое, што гэты выгляд яна набыла дзесь на мяжы 18-19 стст.

Пасьля далучэньня Глыбокага да Расеi, падчас трох разбораў Рэчы Паспалiтай, кармэлiты пачалi ратаваць яе дух у тутэйшым краi. Яны выкарыстоўвалi сваю дзейсную зброю — адукацыю. 1 лiпеня 1798 году правiнцыял кармэлiтаў заўважае: «Кляштар глыбоцкiх кармэлiтаў штогод будзе плацiць 10 000 злотых на ўтрыманьне пры беразьвецкай школе дзесяцi вучняў». Празь сем гадоў, у 1803 годзе, iнспэктар Вiленскага ўнiвэрсытэта, ксёндз Ксавэры-Мiхаiл Богуш у рапарце аб сваёй паездцы пiша: «Праездам з Лужкоў заехаў у кляштар кармэлiтаў босых, каб падзякаваць за зробленыя ахвяраваньнi для навучаньня беднай шляхты, за забесьпячэньне жыльлём, адзеньнем, харчаваньнем, утрыманьне аптэкi i лекара. Дзецi ж гэтыя ў знак падзякi тым жа кармэлiтам, i гэта адзначыць мушу, за свой кошт навучаюць па вёсках сялянскiх сiротаў абодвух палоў у колькасьцi 84; у тых жа самых фальварках вучаць бедную шляхту — 4 чалавекi. У самiм кляштары ўтрымлiваюць 12 сiротаў, якiя вучацца чытаць, пiсаць, арыфмэтыцы i асновам музыкi». Далей iнспэктар просiць, каб Вiленскi ўнiвэрсытэт выказаў кармэлiтам падзяку.

Настаў 1812 год. 18 лiпеня ў Глыбокае прыбыў Напалеон. Ён разьмясьцiўся ў трох кельлях верхняга паверху кляштара. Тут ён прабыў 10 (па iншых дадзеных — 7) дзён у чаканьнi цяжкае артылерыi. Напалеон загадаў стварыць у Глыбокiм склады баявых i харчовых запасаў. «Прыгожы кляштар у вельмi ўрадлiвым раёне», — так ахарактарызаваў прыстанак кармэлiтаў обэр-шталмайстар Напалеона А.Куленкур. «Урадлiвя раўнiны Глыбокага», як пiсала Дэ Сэгюр, павiнны былi пракармiць «Вялiкую Армiю» Напалеона.

Iснуе паданьне, што аднойчы iмпэратар паклiкаў да сябе архiмандрыта кляштара i запытаў айца-кармэлiта: «Цi вялiкiя ўладаньнi кляштара?» «Тысяча хатаў», — адказаў мнiх. «Гэта занадта шмат! — сказаў Банапарт. — А чым вы займаецеся?» «Молiмся», — адказаў кармэлiт. «А гэта вельмi мала!» — былi словы iмпэратара.

У першы ж дзень свайго знаходжаньня ў Глыбокiм Напалеон выдаў загад усiм карпусам аб распаўсюджваньнi «Адозвы Канфэдэрацыi генэральнай да палякаў». Гэтая адозва прызначалася палякам, якiя знаходзiлiся на расейскай службе. З Глыбокага за яго подпiсам быў адпраўлены загад ад 20 лiпеня, якi ў вострай форме асуджаў францускiх жаўнераў за марадзёрства, прызначаў ваенные суды для пакараньня вiнаватых.

У 1831 годзе край перажываў трывожныя днi, пачалося паўстаньне, якое ў ваколiцах Глыбокага, Лужкоў i Дзiсны прыняло значны размах. У Лужках быў створаны паўстанцкi камiтэт. Вялiкую дапамогу камiтэту аказаў глыбоцкi кляштар кармэлiтаў. Са сваiх маёнткаў ён паставiў 300 сялянаў. У распараджэньне камiтэту былi вызначаныя ксяндзы-кармэлiты Анзэльм Гурскi, Iгнат Руткоўскi, Патрыцы Корсак, Нарцыз Валынскi. Пасьля падаўленьня паўстаньня яны былi асуджаныя, як i 62-гадовы прэор Уладыслаў Казакевiч, ксёндз Глыбоцкага Траецкага касьцёлу Рамуальд Глiнскi i малады сьвятар унiяцкай царквы Аляксандар Скалабановiч (унiяцкая царква стаяла на месцы цяперашняга рэстарану «Колас»). Сьледзтва вёў вiцэ-губэрнатар магiлёўскi Мураўёў. Сьцены кляштара кармэлiтаў сталi на доўгi час месцам знаходжаньня Мураўёва-вешальнiка, месцам чалавечых пакутаў.

Нiчога не далi ўступкi ксяндза Крушынскага. Ужо ў 1842 годзе вялiкiя ўладаньнi кармэлiтаў: Глыбокае, Ластавiчы, Перадолы, Запалоўе, Амбросавiчы, Каралевiчы, Варанова, Сьвiла, Вольверавiчы, Янкi i Крукi, дзе былi 3174 мужчыны, перададзеныя ў скарб. Усюды былi прызначаныя адмiнiстратары. Для кляштара было пакiнута толькi 203 дзесяцiны зямлi. Але кляштар захаваўся.

Надышоў 1863 год. Па традыцыi кляштар ня мог застацца абыякавым да таго, што рабiлася на ўсходнiх землях былое Рэчы Паспалiтае. У 1878 г. глыбоцкi дабрачынны А.Кастлiнскi пiсаў: «Год 1863 iзноў паклiкаў на сцэну дзеяньняў ксяндзоў кармэлiтаў глыбоцкiх, якiя, парушаючы прысягу, падбухторвалi да паўстаньня, хавалi злачынцаў...» Зьдзейсьнiўшы суд пасьля задушэньня паўстаньня i выявiўшы вiну ксяндзоў, касьцёл i кляштар былi закрытыя i аддадзеныя праваслаўнаму духавенству.

1865 год — год закрыцьця. А ў 1878 годзе будынак яго быў пасьля перабудовы перароблены i асьвячоны пад царкву. Фабрыка сукна, станкi, аптэка, шпiталь, пабудовы прыйшлi ў заняпад. Пансыянат закрыты, бiблiятэка з 2,5 тыс. тамоў, збор карцiнаў i геаграфiчных мапаў разам зь фiзычным кабiнэтам былi перададзеныя Вiленскаму музэю. Большасьць сабранага загiнула альбо была раскрадзеная.

У 1892 годзе два крылы кляштара былi разабраныя на цэглу з-за спарахнеласьцi. У 1885 годзе над сяродкрыжжам храма быў збудаваны фальшывы драўляны купал «бiзантыйскага» кшталту, для чаго прыйшлося абнiжыць дах i разабраць бакавыя франтоны. Гэтую «перабудову» Станiслаў Лёранц назваў «сьведчаньнем выключнай адсутнасьцi культуры». Купал згарэў ў лiпенi 1944 году.

У гады незалежнай Беларусi храм перажывае новы рэнэсанс. Праваслаўная царква (б. касьцёл кармэлiтаў) стала Катэдральным саборам Полацка-Глыбоцкай епархii. Трэба сказаць, што гэтаму тытулу выдатна адпавядаюць вялiкiя памеры храма i яго выдатная архiтэктура. Пiлiгрымаў колiсь перад храмам вiтаў бы надпiс на мармуровай плiце: «У iмя Бога! Стань Богабоязна, вандроўнiк, i на сам вiд сьвятынi складзi ўдзячнасьць неўмiручаму iменi Корсакаў».

Хада гiсторыi сёньня iдзе сваёй чарадой... Выдатны помнiк архiтэктуры прыходзiць у заняпад. Касмэтычны рамонт не вытрымлiвае й году. Пабелку, выкананую няякаснай фарбай, змывае дождж, сьнег, вiльгаць. Працякае дах, завiльгочваецца муроўка, зьяўляюцца трэшчыны...

Мяне хвалюе iншае... Як цьвердзiць мясцовая плётка, адна бабуля з адлеглага хутара ўвяла бацюшку ў вушы, што зь яе хутара, за трыццаць кiлямэтраў, быў бачны да вайны купал, i што яго трэба абавязкова аднавiць. Бабулiна «iдэя» ўсiм спадабалася — i начальству, i бацюшку. Думка бабулi можа стацца больш кампэтэнтнай, чым думка гiсторыка архiтэктуры Станiслава Лёранца, не кажучы пра меркаваньне краязнаўцаў, якiя дзесяцiгодзьдзямi зьбiралi iканаграфiчны матэрыял i маюць уяўленьне, якiм храм быў да перабудовы пад царкву. Гэта значыць — у сваiм поўным выглядзе, як помнiк архiтэктуры «вiленскага барока». Нiкога ўжо ня будзе хваляваць тое, што фальшывы бiзантыйскi купал з «цыбулiнай» наверсе не пасуе нi да барока, нi да ракако. Праектнае бюро выканае заказ згодна волi бабкi, бо трэба ведаць i думку народу. Будынак, хаця й з «благими» намерамi, будзе маральна зьнiшчаны.

Хвалюе тое, хто будзе рэалiзоўваць праект. Спэцыялiсты альбо крутыя «шабашнiкi»? У верасьнi гэтага году я наведаў вёску Мамаi ў ваколiцах Глыбокага. Тут ёсьць праваслаўны (некалi каталiцкi) храм, якi пасьля 60-х гг. быў зачынены i прыстасаваны пад калгасны склад. Храм, з выразнымi рысамi клясыцызму, цяпер адбудоўваецца... Але як?! Прыгналi кампрэсарную ўстаноўку i... на гладкiх сьценах храма робяць тынкоўку «пад шубу». Бацюшку, напэўна, усё адно, што губляюцца пад тынкоўкай абрысы капiтэляў на калёнах, архiтэктурная клясыцыстычная аздоба на франтоне... Над дахам узьвялi купал псэўдарускага стылю, якога нiколi не было. Мураваная сьцяна, якая атачае храм, з тыповай для гэтага краю разынкавай муроўкай, зафарбаваная ў белы колер — зьнiшчыўся ўвесь яе прывабны выгляд...

Iнiцыятыву глыбоцкiх уладаў, парафiянаў i праваслаўных сьвятароў трэба вiтаць! Але стылiстыку гiстарычнага храма павiнны вырашаць спэцыялiсты. Я не зьяўляюся катэгарычным працiўнiкам узьвядзеньня на сяродкрыжжы глыбоцкага катэдральнага сабора купала. Але, калi гэтага купала хочуць «усе»!?, то ён павiнен быць збудаваны згодна з канонамi стылю ракако i ўпiсвацца ў ансамбаль храма i быць не грандыёзных памераў, што парушыць стылiстыку будынку, а адпаведнай прапорцыi. Акрамя таго, павiнна быць канцэпцыя будучынi былога кляштара кармэлiтаў у Глыбокiм. Зразумела, што нiхто ня будзе настойваць на адбудове фабрыкi сукна i сьвiрнаў. Аднак варта аднавiць два крылы кляштара, якiя можна скарыстаць для патрэбаў Полацка-Глыбоцкае епархii, карцiннай галерэi, музэя... Адбудаваць мураваную сьцяну, каплiцу, аўстэрыю, двухпавярховую плябанiю. На ўсё гэта — няма грошай. Але гэта сёньня. А праз год, пяць? Грошы могуць знайсьцiся, але што будзе, калi ад пачатку будзе прынята недастаткова абгрунтаванае рашэньне i нiчога нельга будзе зьмянiць ужо потым?

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0