Мiхал Станюта. Партрэт дачкi

 

Кожнае стварэньне мастацтва ёсьць дзiцём свайго часу, але часта яно i мацi нашых пачуцьцяў.

Васiль Кандзiнскi

Цi ня першае, што пачынае маляваць дзiцё, як бярэ ў рукi паперу ды алоўкi — сваiх родных, тату i маму. Кожны, хто вучыцца мастацтву, абавязкова час ад часу бярэ сабе мадэлямi сваiх блiзкiх, тых, хто атачае яго штодзень i гатовы паспрыяць маладому таленту ў яго разьвiцьцi. Пазьней, калi чалавек усё ж адбываецца як мастак, ягоныя памкненьнi папросту могуць ужо не супадаць з жаданьнем наноў адчуць радасьць кроўнага прыцягненьня. Хоць, дарэчы, крэўныя мастакоў заўсёды патаемна чакаюць гэтага...

... Дзецi мастакоў зазвычай стаюцца матывам самага кранальнага й глыбокага кiрунку ў партрэтным жанры. Дзецi — не бацькi, якiя маюць пра самiх сябе ўжо пэўнае й нязрушнае меркаваньне. Дзецi — ня жонкi, якiя мiжволi зазiраюць у палатно як у люстэрка й сьведама параўноўваюць сябе зь iншымi мадэлькамi. Малюючы сваiх дзяцей, мастакi бачаць, альбо хочуць бачыць толькi тое, што гэта iхныя дзецi. Таму ў гэткiх творах няма другога дна, як гэта адбываецца, напрыклад, з партрэтамi чужых асобаў, якiх мастак уяўляе сабе знакава, утрыравана, для прастаты свае задачы. I часам памыляецца. Выбiтны партрэт можа зьмяшчаць зусiм апрычоны ад арыгiналу зьмест. Ад гэтага выдуманага, паралельнага сьвету мастацтва толькi дабiрае...

... Як самастойны жанр партрэт уласных дзяцей зьявiўся ў XVII стагодьдзi. Бясконцы аптымiст Рубэнс i драматычны рэалiст Рэмбрандт стварылi цэлую галерэю сваiх сямейных партрэтаў. Рэмбрандт абагаўляў свайго сына Цiтуса i пiсаў ягоныя партрэты шматкроць, часьцяком пераапранаючы яго ў дзiўныя, экзатычныя строi, як ляльку цi, калi заўгодна, найлепшага актора, якi мог сыграць любую ролю ў ягоных палотнах. Нават пасьля сьмерцi хлопчыка ягоны вобраз не пакiдаў самотнага старога мастака... Цiтус-анёл, Цiтус-хэрувiм, Цiтус-сын...

... Кожнага разу цiкавасьць да сямейных партрэтаў як iнтымных, зробленых найперш для сябе, а не на публiку, абуджаецца на зломах эпохаў i стыляў. Гэты жанр зьявiўся ў Беларусi менавiта ў самым апагеi вонкавых i ўнутраных жарсьцяў, памiж паходам Напалеона й паўстаньнем 1831 году. Дзьве скрайнасьцi — рэлiгiйны жывапiс i партрэт, як i ў XVII стагодзьдзi ў Эўропе, вызначылi найбольшыя дасягненьнi ў мастацтве. Сямейны партрэт запачаткавалi ў Беларусi рамантыкi зь Вiленскага ўнiвэрсытэту: Рустэм, Аляшкевiч, Пешка...

... У 1904 годзе былы выпуснiк Кiеўскай малявальнай школы (як i Малевiч, i Бялынiцкi-Бiруля) i Пецярбурскае Акадэмii, Якаў Кругер адкрывае ў Менску курсы маляваньня й жывапiсу. Разам са школаю Пэна ў Вiцебску, гэта было адраджэньнем мастацкай школы ў Беларусi напрадвесьнi ХХ стагодзьдзя. Адным з тых першых беларусаў, хто атрымаў адукацыю найперш у школе Кругера, быў Мiхась Станюта.

Час вучобы Станюты ў Маскве, у Дзяржаўных вольных мастацкiх майстэрнях, «выняў» яго з куламесы войнаў i руйнаваньняў, што адбывалiся ў Беларусi. Два гады — надта мала для гiсторыi, але надта шмат, як для Беларусi... Вучоба ў буйнейшых расейскiх калярыстаў, Архiпава й Касаткiна, блiзкасьць да пастiмпрэсыянiзму «Бубновага валета», сфармавалi яго рамантычным летуценьнiкам, сквапным на ўражаньнi ад колеру. Станюта вяртаецца ў Менск сталым чалавекам. Не адразу камiсары разгледзелi ў iм «фармалiста», прызначыўшы кiраўнiком аддзела выяўленчага мастацтва пры Галоўпалiтасьвеце. Напэўна, вырашальную ролю тут адыграла тое, што ён быў «чалавекам з Масквы». Зрэшты, й пасьля яго прызначалi на розныя пасады, нават на старшыню Саюза мастакоў БССР. Але гэта было пазьней... У 1921 ён шчыруе над стварэньнем мастацка-вытворчых майстэрняў «Выяўленчае мастацтва». Менавiта ў iх гартаваўся правобраз будучай дзяржаўнай замовы. У iх дзясяткi мастакоў стваралi плякаты, кнiгi, габэлены, нават цацкi... Як бурбалкi ў залiву, пачалi множыцца мастацкiя школы. Станюта сам выкладаў у школе сваго сябра й цёзкi Мiхася Фiлiповiча, у гэтак званай «Свабоднай акадэмii Фiлiповiча». Неўзабаве гэты разгон будзе прыпынены. Зьнiшчальная крытыка не абмiне нiкога. Нават у 1990 годзе ў «Гiсторыi беларускага мастацтва» Дробаў з Масьленiкавым напiшуць, што Станюта «ад матываў упаднiцкай дэкадэншчыны прыходзiць да адлюстраваньня рэальнага жыцьця рабочага кляса...». Сярод вiра над безданьню, у якую няўмольна пераўтваралася бальшавiцкая БССР, Мiхал Станюта ў цiшы сваёй майстэрнi пiша партрэт дачкi.

... У любых абставiнах, перад прадчуваньнем немiнучай жорсткасьцi лёсу, у чалавека застаецца магчымасьць прызнаньня ў любовi. Да Бога, да каханай жанчыны, да родных дзяцей...

Партрэт дачкi Стэфанii, якi быў створаны ў 1923 годзе, i надоўга, на дзясяткi гадоў, быў схаваны ад публiкi, стаў тым ня менш цi ня самым выбiтным дасягненьнем Станюты-жывапiсца. Нечаканая, рыхтык як у Гагена, дэкаратыўная трактоўка фону й поўная прыхаванае дынамiкi кампазыцыя. Выламаная, дакладней, надуманая пастава дзяўчыны выдае ў ёй ня толькi гарэзу, але й разьняволеную артыстычную асобу. Пры дакладна разьлiчанай кампазыцыйнай схеме, у гледача ўсё адно застаецца ўражаньне адвольна выхапленага фрагмэнта са стыхiйнае плынi рэчаiснасьцi. Маланкападобная кампазыцыйная вось падкрэсьленая зусiм чыстым, дэкаратыўным жывапiсам. Каляровыя плямы, дзвонкiя ноты аранжу й кобальту, заклiканыя ня столькi перадаць канкрэтны асяродак, як падкрэсьлiць радаснае адчуваньне невычарпальнае энэргii. У гэтым сэнсе гэты твор куды блiжэй да чыстага жывапiсу, да вырашэньня большых задачаў, чым адлюстраваньне «рэальнага жыцьця».

Невядома, наколькi высока ацэньваў гэты свой твор Мiхал Станюта, якi безнадзейна далёкi ад усiх наступных ягоных работаў. Гэткiх, як «Бэтоншчыкi» (1927), альбо «На будоўлi» (1929). Аднак у гэтым, нiбыта напiсаным праз залатое шкло, партрэце наша мастацтва атрымала выбiтны ўзор чыстае красы, унiкальны для эпохi сярэдзiны 20-х гадоў БССР.

Напiсаны, бадай, без усялякае «праграмы», партрэт дачкi Стэфанii, стаў сымбалем патэнцыялу тае, маладое Беларусi. Той самай Стэфанii Станюты, будучай легенды беларускага акторства, прымадонны Нацыянальнага тэатру iмя Янкi Купалы, якую мы ведаем па яе ролях у «Плачы перапёлкi», у «Людзях на балоце», у «Сьнежнай каралеве», па шмат якiх iншых ролях у тэатры й кiно.

Сяргей Харэўскi

 

Мiхал Станюта (1881, Iгумен — 1974, Менск) жывапiсец, графiк, пэдагог. Пачатковую мастацкую адукацыю атрымаў у Менскай малявальнай школе Кругера. З 1918 па 1920 займаўся ў Дзяржаўных вольных мастацкiх майстэрнях у Маскве. У 1920 годзе ачолiў аддзел выяўленчага мастацтва Галоўпалiтасьветы Беларусi. З 1924 быў сакратаром аб’яднаньня мастакоў Беларусi, пасьля — Усебеларускага аб’яднаньня мастакоў, да 1930.


 

У папярэднiх нумарах прадстаўленыя творы:

1. Фэрдынанд Рушчыц. Зямля

2. Мсьцiслаў Дабужынскi. Вiцебск, лесьвiца

3. Марк Шагал. Прамэнад

4. Iльля Рэпiн. Беларус

5. Марк Антокальскi. Помнiк Кацярыне

6. Вiтальд Бялынiцкi-Бiруля. Блакiтная каплiца

7. Хаiм Суцiн. Паж

8. Казiмер Малевiч. Чорны квадрат

9. Язэп Драздовiч. Пагоня Ярылы

10. Валянцiн Волкаў. Менск, 2 лiпеня 1943 году

11. Манумэнт Перамогi

12. Помнiк Ленiну ў Менску

13. Пётра Сергiевiч. Шляхам жыцьця

14. Аляксей Глебаў. Францiшак Скарына

15. Мiхал Фiлiповiч. Бiтва на Нямiзе

16. Лявон Вiтан-Дубейкаўскi. Касьцёл Пятра i Паўла ў Дрысьвятах

17. Лявон Тарасэвiч. Бяз назвы

18. Ян Булгак. Выгляд з Зарэчча

19. Iосiф Лянгбард. Менская Опэра

20. Аркадзь Астаповіч. Дворык

21. Клаўдзі Дуж-Душэўскі. Сьцяг

22. Прывакзальная плошча ў Менску

23. Станіслаў Жукоўскі. Інтэр'ер

24. Пакроўскі сабор у Баранавічах