СЯМ’Я I ЖАНЧЫНА

Галіна Дзербіна. Права і сям'я ў Беларусі эпохі Рэнэсансу. Менск: «Тэхналёгія», 1997: 176 стар. (ISBN 985-6234-31-X)

Узьнятая гэтай кнiгай тэма i старая, i новая. Старая, бо, бадай, дасьледаваньне права Вялiкага Княства Лiтоўскага было падмуркам вывучэньня гэтай дзяржавы ўвогуле. З пачаткам ХХ стагодзьдя гэтая тэма не атрымала працягу — таталiтарнай дзяржаве не было патрэбы ў прававых досьледах. Iнтарэс да iх ажывiўся ў 1980-х гадах, i асаблiва ў 1990-я (у сувязi з пабудовай «прававой дзяржавы»). Тэма набыла новы iмпульс. А вось дасьледаваньне сям’i i асаблiва становiшча жанчыны ў грамадзянстве ВКЛ для нашай гiстарыяграфii можна лiчыць новай зьявай. Асьвятляючы сям’ю пераважна ў прававым аспэкце, Г.Дзербiна галоўны нацiск зрабiла на разглядзе нашых славутых заканадаўчых помнiкаў — Статутаў ВКЛ 1529, 1566, 1588 гадоў. Шлюбныя дачыненьнi ў iх разглядаюцца, але не ва ўсёй паўнаце. Куды больш зьвестак пра гэта можна знайсьцi ў помнiках кананiчнага права як праваслаўных, так i каталiцкiх. «Шлюбныя дачыненьнi, — пiша Г.Дзербiна, — знаходзiлiся па традыцыi пад юрысдыкцыяй царквы, у пэўнай ступенi рэгулявалiся толькi Статутам 1588 г.» Пасьля такой заявы чытач кнiгi чакае разгляду менавiта царкоўнага права. Але выяўляецца, што iснуе велiзарная нераўнамернасьць ў дасьледаваньнi сьвецкага i духоўнага права старасьвецкай Беларусi. Сапраўды, пра Статуты ведаюць усе. А хто ведае кормчыя кнiгi? А яны суiснавалi побач. Яскравы прыклад — перапiсаныя ў апошняй трэцi XV стагодзьдзя на тэрыторыi Турава-Пiнскай епархii ў адным зборнiку кормчая кнiга Сэрбскай рэдакцыi i так званы Судзебнiк ВКЛ 1468 г. Духоўнае права, тыя ж кормчыя кнiгi, дасьледаваны зусiм мала, i праца Г.Дзербiнай тут ня стала крокам наперад (тут нават не прыгадваецца адзiнае манаграфiчнае дасьледаваньне кормчых Я.Шчапава). Цiкава было б прасачыць, як сьвецкае права ВКЛ эпохi Рэнэсансу суадносiлася i змагалася з царкоўным i сярэднявечнымi пастановамi. Затое ў кнiзе падняты вялiкi пласт магдэбурскiх узаканеньняў, у тым лiку працы польскiх юрыстаў XVI ст. Б.Граiцкага i П.Шчэрбiча. Раней у беларускай гiстарыяграфii iм не шанцавала. Iх ведалi, упамiналi, але не вывучалi. Можа таму, што былi палякамi, пасярэднiкамi памiж Магдэбургам i Беларусьсю? Цяпер гэтая несправядлiвасьць у пэўнай меры пераадоленая. Будзем спадзявацца, што знойдзе свайго дасьледчыка i «Каралiна», бо гэты вядомы нямецкi кодэкс XVI ст. адно толькi прыгадваецца ў данай кнiзе. Традыцыйнасьць абранага Г.Дзербiнай накiрунку палягае i ў тым, што дасьледаваньне шлюбу i сям’i вядзецца амаль выключна на заканадаўчых помнiках — Статутах i прывiлеях. Гэтую працу збольшага ўжо зрабiлi дасьледчыкi ХIХ ст., бо Статуты вядомыя даўно, яны навiдавоку. Цяпер актуальным зьяўляецца вывучэньне таго, а цi не разыходзiўся закон з практыкай, як практыка ўплывала на прыняцьце новага закону. Неабходна зьвяртацца да неабсяжнага мора судовай дакумэнтацыi, якая яшчэ ў большасьцi неапублiкаваная. Да гэтай складанай задачы ўжо прыступiлi замежныя дасьледчыкi, прыкладам, лiтоўская калега Г.Дзербiнай — I.Валiканiтэ, якая шмат гадоў назад абаранiла дысэртацыю пад тыповай тагачаснай назвай «Сацыяльна-эканамiчнае i прававое становiшча жанчыны ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм (канец XV — першая палова XVI ст) i яго адлюстраваньне ў Першым Лiтоўскiм Статуце». Працы гэтай дасьледчыцы ў кнiзе Г.Дзербiнай не ўпамiнаюцца, гэта незразумела, як i абмiнаньне акадэмiчнага шматтомнага лiтоўскага выданьня Статута 1529 г. Пiсаць пра сям’ю азначае пiсаць пра становiшча жанчыны. Жанчына ёсьць сапраўдная гераiня кнiгi Г.Дзербiнай. Аўтарка высока адзываецца пра маральнае аблiчча жанчыны XVI-XVII стст. I не згаджаецца з украiнскiм дасьледчыкам ХIХ ст. А.Лявiцкiм, што заганаў у тыя часы было больш за цнотаў. Пэўна, праўда на баку Г.Дзербiнай. Кнiга падняла цiкавую праблему: чаму ў тыя стагодзьдзi няма яскравага прыкладу жаночага лёсу, якi б паказаў сапраўдную самаахвярнасьць. Здаецца, жанчыны эпохi Рэнэсансу не iмкнулiся ўзьняцца над абставiнамi склаўшагася жыцьця. Але гэта ўжо iншая тэма. Кнiга ж адметная i тым, што ў ёй шмат месца адведзена выпрацоўцы беларускай юрыдычнай тэрмiналёгii. Нарэшце наша навука дачакалася больш адэкватнага перакладу знакамiтага нямецкага кодэксу, назву якога дасюль перакладалi як «Саксонскае зярцала». Зразумела, трэба казаць «люстра», але i не «Люстра саксаў», а «Саксонскае люстра». Так званы Судзебнiк 1468 г. даўно пара называць па-беларуску Статутам, як гэта рабiлi яго першыя выдаўцы, «судзебнiк» — штучнае слова расейскiх пiсцоў. Наогул кнiга — неабходны падмурак у нашай навуцы для дасьледаваньня старасьвецкай сям’i, просты i надзейны. Цi збудуе хто муры, бо падмурак — гэта яшчэ ня дом?

Валеры Пазьнякоў


 

Latyszonek O. Bialoruskie farmacje wojskowe. 1917 – 1923. Bialystok, 1995. 273 s.

Кніга Алега Латышонка пачынаецца са сьцьвярджэньня, што Беларусь стала незалежнаю дзяржаваю без усялякіх высілкаў са свайго боку. Менавіта гэткае меркаваньне распаўсюджанае сярод тых асобаў, хто хоць нешта ведае пра Беларусь.

Аўтар паставіў сабе мэту разглядзець гэтую праблему ў гістарычным ракурсе, без загадзя ўсталяваных вынікаў. Зьвярнуўшы асноўную ўвагу на вайсковую дзейнасьць беларусаў пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. ў Расейскай Імпэрыі, А.Латышонак прасачыў дзейнасьць беларускіх палітыкаў дзеля ўсталяваньня Беларускай дзяржаўнасьці, іхныя высілкі ў спробах арганізацыі Беларускага войска.

Кніга складаецца зь дзесяці разьдзелаў, першы зь якіх дае кароткі нарыс беларускага руху ад пачатку ХХ ст. да Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. ў Расейскай Імпэрыі. У другім разглядаецца ўжо ўласна вайсковы рух у 1917 – 1918 гадох. Абодва гэтыя разьдзелы напісаныя аўтарам на падставе апрацаваньняў, надрукаваных раней манаграфіяў і артыкулаў. З архіўных матэрыялаў скарыстаныя некалькі дакумэнтаў з архіваў Польшчы. Гэткі падыход да першага разьдзела цалкам апраўданы і лягічны, бо грамадзка-культурны рух ня ёсьць праблемаю, якая ставіцца галоўнаю. А вось да другога падыход трэба лічыць заганным. Гэтая праблема дасьледаваная ў гістарыяграфіі недастаткова. Тлумачэньні гэтаму ёсьць два – у савецкі час тэма практычна не закраналася, а ў часы незалежнасьці ўвайшлі ў дзеяньне эканамічныя матывы, інфармацыя пра беларускі вайсковы рух пасьля Лютаўскай рэвалюцыі знаходзіцца ў архівах Санкт-Пецярбурга і Масквы. Аўтар таксама, відаць, не займаўся досьледамі ў Расейскім дзярж. Ваенна-гістарычным архіве (Масква) і Расейскім дзярж. Гістарычным архіве (СПб.), лягічным было б наведаць і некаторыя іншыя расейскія архівы. Увогуле гэты разьдзел найбольш слабы ў кнізе, а сама праблема патрабуе сур’ёзных досьледаў і, маю надзею, асобнай манаграфіі.

Трэці разьдзел прысьвечаны беларускім аддзелам у жамойцкім войску, хоць ён і пакрывае час з 1918 па 1923 гг., разгледжаны таксама стасункі беларусаў і жамойтаў у 1915—1918 гг., але гэтыя факты трэба прызнаць зьбегам абставінаў. Як кажуць, “ад беднасьці”. Аўтар цалкам слушна канстатуе чыста кан’юнктурны характар жамойцкай падтрымкі.

Чацьвёрты разьдзел – гэта палітыка Савецкай Расеі ў 1918—1920 гадох да Беларусі ў вайсковай сфэры. Да гэтага разьдзелу можна зрабіць падобныя заўвагі, як да другога, зьмяніўшы назвы архіваў.

У пятым разьдзеле – “Дзейнасьць Беларускай Вайсковай Камісіі ў 1919—1921 гадох” у невялікім аб’ёме, аднак поўна й падрабязна, паказаныя высілкі БВК па стварэньню ўласнага войска.

Наступны разьдзел прысьвечаны вайсковым фармаваньням генэрал-маёра Станіслава-Мар’яна Булак-Балаховіча. Тэматычна зь ім зьвязаныя й наступныя два – пра Слуцкі збройны чын і расфармаваньне беларускіх вайсковых аддзелаў у Польшчы.

Дзейнасьць генэрала С.Булак-Балаховіча прадстаўлена вельмі падрабязна, з выкарыстаньнем шматлікіх зьвестак з польскіх архіваў. Аўтар закранаў гэтую тэму ў некалькіх артыкулах, і, як здаецца, менавіта яна стала ядром задумы кнігі. Адзіны тып крыніцаў, які аўтар не скарыстаў, гэта ўспаміны расейскіх эмігрантаў, калі пашукаць, дык і сярод пэрыядычнага расейскага эмігранцкага руху магчымы знаходкі.

У дачыненьні да Слуцкага вайсковага чыну, напэўна, трэба было скарыстаць “успаміны” А.Сокала-Кутылоўскага.

Як дапаўненьне да агульнага ўражаньня можна разглядаць дзевяты разьдзел, пра іншыя вайсковыя фармаваньні, зьвестак пра якія пакуль што няшмат. Гэта Беларуская дывізія ў Адэсе (1919), спробы ўтварэньня ўрадам БНР на чале з А.Луцкевічам з ваеннапалонных у Нямеччыне і Францыі вайсковых аддзелаў (1919-1920), і атрады г.зв. Койданаўскай Самастойнай Рэспублікі.

Вельмі цікавым ёсьць апошні разьдзел, пра мундуры й вайсковыя адзнакі, а іх выгляд можна пабачыць на фотаздымках.

У падсумаваньні ўсёй кнігі аўтар дае адказ на тое, з чаго пачаў, лічбаю 11 000 афіцэраў і жаўнераў, якія рабілі высілкі і са зброяй у рукох змагаліся за Бацькаўшчыну. Аднак чыста вайсковы рух без належнага палітычнага кіраваньня, а найперш адзінасьці ў ім, нічога на дае, колькі б ня было тых людзей. У Малдове быў 100 000-ны Беларускі корпус, які зьнік як дым, нічым сабе не праявіўшы. А.Латышонак падкрэсьлівае адсутнасьць рэалізму ў беларускіх дзеячоў, а я, разьвіваючы цьверджаньне аўтара, дадаў бы хранічную заражанасьць сацыялізмам Беларускага руху.

Ўладзіслаў Вяроўкін-Шэлюта.

 

Балаховiч, Станiслаў-Мар’ян Мiкадзiмавiч-Мiхалавiч

* 10.2.1883

Зь сялянаў Ідзкай воласьцi Новааляксандраўскага павету Ковенскай губернi, веравызнаньня рымска-каталiцкага.

Навучаўся ў Петраградзкай прыватнай мужчынскай гiмназii Сьв.Станiслава.

18.11.1914 па прызначэньнi Начальнiка Штабу Дзьвiнскай Вайсковай Акругi прыбыў у полк i залiчаны ў сьпiсы 2 лейб-уланскага Курляндзкага палка [на 1910 г. гэты полк стаяў у г.Кальварыя].

4.6.1915 за выключнасьць у дзеяньнях супраць непрыяцеля падвышаны да рангу малодшага унтэр-афiцэра.

8.7.1915 загадам Галоўнакамандуючага армiямi Паўночна-Заходняга фронту ад 8.7.1915 за № 1604 за баявыя заслугi падвышаны да рангу прапаршчыка.

26.9.1915 загадам па войсках 5 армii № 205 за заслугi ў справах супраць непрыяцеля ўзнагароджаны ордэнам Сьв. Ганны 3 ступенi з надпiсам «За храбрасьць».*

4.11.1915 камандаваны ў партызанскi атрад.

30.5.1915 будучы нiжэйшым чынам, за праявы выбiтных учынкаў храбрасьцi i самаадданасьцi загадам па 37 армейскiм корпусу за № 21 ўзнагароджаны Георгiеўскiм крыжам 3 ступенi за № 1006925 (загад па палку № 172).

У ноч з 8 на 9.6.1915 падчас разведкi ля вёскi Шапалiшкi аскепкамi разрыўное кулi атрымаў параненьнi скуры левага пляча.

8.12.1915 загадам Галоўнакамандуючага армiямi Паўночнага фронту за № 175 за заслугi ў ваенных дзеяньнях ўзнагароджаны ордэнам Сьв.Ганны 3 ступенi зь мячамi i бантам.

6.12.1916 Найвышэйшым загадам зацьверджанае падвышэньне на ранг прапаршчыка армейскае кавалерыi 9.6.1915.

4.5.1916 Найвышэйшым загадам зацьверджанае ўзнагароджаньне ордэнам Сьв.Ганны 4 ступенi з надпiсам «За храбрасьць».

28.5.1916 Найвышэйшым загадам падвышаны ў ранг карнэта.

25.8.1916 Найвышэйшым загадам зацьверджана ўзнагароджаньне ордэна Сьв.Ганны 3 ступенi зь мячамi i бантам.

12.12.1916 старшынства ў ранзе карнэта лiчыцца з 9.1.1915.

24.6.1917 падвышаны да рангу паручнiка, старшынства з 3.11.1916.

12.3.1918 з прычыны невяртаньня з камандыроўкi выключаны са сьпiсаў палка.

Жонка: Генрыета Мартынаўна з Гарбеляў.

Дзецi:

1.Алена, * 18.4.1907

2. Мэдард-Юльюш, * 1.1.1910

3. Генрых-Мартын, * 3.6.1911

 

Крынiца: Расейскi Дзяржаўны Ваенна-Гiстарычны Архiў, фонд 3575, вопiс 1, справа 170, аркушы 505, 505зв., 506, 510.

Паслужны сьпiс атрыманы аўтарам ад Мiхала Кацiн-Ярцава (Масква, Расея).

У паслужным сьпiсе вiдавочная памылка - трэба «4 ступень» (У. В.-Ш.).

 

Генэрал-маёр Станiслаў-Мар’ян Булак-Балаховiч у беларускiм мундуры. 25.9.1920. Здымак атрыманы аўтарам з асабiстага архiву Георгiя Тарноўскага (Лансдэйл, Пэнсыльванiя, ЗША). Друкуецца ўпершыню.