Шаноўная рэдакцыя!

“Наша Нiва” — адзiная газэта, якую выпiсваю i чытаю. Я вучуся ў вас беларускай мове, вы — падтрымка i надзея для беларусаў. Па радыё “Свабода” пачула, што “Нашай Нiве” пагражаюць закрыцьцём. Толькi не зьнiкайце! Доўгага жыцьця “Нашай Нiве”!

З павагай, Мазавецкая Т., Менск

 

Дзень добры, “Наша Нiва”!

Ты лепшая, на мой погляд, газэта ў Беларусi. Лепшай газэце трэба мець большы наклад. Рабiце ўсё магчымае дзеля гэтага, толькi не зьнiжайце ўзяты ўзровень. Гэта пажаданьне.

А цяпер прапанова. У Алеся Адамовiча ёсьць кнiга “Карнiкi”. На маю думку, магчыма, а можа i патрэбна, стварыць зараз нешта накшталт “Карнiкi-2” або “Зграя” (назвы, канешне, умоўныя). Безумоўна, зрабiць гэта трэба таленавiта, каб, па-першае, не было сорамна перад Адамовiчам i, па-другое, каб на аснове дакумэнтальных аповедаў узьняцца да ўзроўню высокамаштабнага твору.

Гэты рэжым сканае, але такiя кнiгi будуць актуальныя яшчэ доўга.

Ваш чытач Iваноў I., Гомель

 

Паважаны спадар рэдактар!

Вiтаючы ўсiх супрацоўнiкаў, чытацеляў i прыяцеляў “Нашае Нiвы” ад сябе асабiста, а таксама ад рэдакцыi “Тыднёвiка Магiлёўскага”, выказваю вам абсалютную маральную падтрымку ў цяжкi момант чарговага антызаконнага ўцiску на вас з боку антыбеларускага рэжыму.

Калi “Наша Нiва” сапраўды перастане выходзiць i зьявiцца новая падпольная газэта, мяркую, гэта будзе самая значная падзея ў найноўшым культурным працэсе сёньняшняе Беларусi.

Што б нi здарылася далей, пакуль ваш калектыў жыве i працуе —жыве й дыхае Вольны Край.

Трымайцеся!

Вiктар Суднiк, Магiлёў

 

Дзень добры, “Наша Нiва”!

Чамусьцi так выходзiць, што ў бальшынi вашых нумароў уздымаюцца якраз тыя праблемы, што паўстаюць перад мною на гэтым часе. На адной хвалi iснуем, цi што? Сёньня хачу адгукнуцца на артыкул сп.Адамовiча “Спарон”. Да таго ж, мо й самой стане трохi спакайней, як падзялюся. Калi той, хто будзе чытаць гэты лiст, ня любiць споведзяў, лепей адкласьцi яго ўбок або пачакаць адпаведнага настрою. Але — да справы.

Мне 36 гадоў. Нядаўна ўступiла ў другi шлюб. У першым дзяцей не было па вiне мужа, але тлела падазрэньне, што можа й мая вiна ёсьць, таму трывала амаль 8 гадоў, пакуль сасьпела да разводу. Пасьля пакуль адвыкала, пакуль аддыхалася, час iшоў. Але пашанцавала — у другiм шлюбе адразу зацяжарала. Усё iшло добра, нават без анiякiх непрыемнасьцяў, для многiх непазьбежных у гэты пэрыяд. Я ўжо адчула у сабе першыя рухi, калi генэтычны аналiз выявiў павялiчаную магчымасьць нараджэньня разумова адсталага дзiцяцi. Рэкамэндацыi ўрача i жыцьцёвая лёгiка знаёмых — за тое, што такому дзiцяцi нараджацца i жыць нельга. Вось i ў артыкуле ў апраўдальным тоне ўпамянута пра 71 аборт па генэтычных паказаньнях. А я толькi цяпер зразумела, якi гэта жах — стаць перад патрэбай забойства жаданага дзiцяцi. Я задаю шмат пытаньняў, i мой адказ супярэчыць лёгiцы “рэалiстаў”. Што такое нармалёвасьць? (Разумовая, бо пра фiзычную гаворкi няма — усё ў парадку.) Калi чалавек ня здолее навучыцца чытаць, яму нельга жыць, бо ён разумова ненармалёвы. Так? А жанчына, што нядаўна ў Бабруйску на вакзале ў прыбiральнi нарадзiла дзiця й пакiнула яго голае на халоднай кафлi — яна мае права жыць, бо разумова нармалёвая. Гэта што — лягiчна? Маё дзiця, магчыма, ня зможа працаваць на агульную карысьць, таму яго можна забiць — а побач са мною займаецца карыснай працай жанчына, што зрабiла каля дзесяцi абортаў, але ня хоча прымаць кантрацэптывы з боязi патаўсьцець, i нiкому ў галаву ня прыйдзе палiчыць яе неразумнай.

Вы скажаце — эмоцыi. А па-мойму, самыя галоўныя пытаньнi жыцьця чалавек вырашае эмацыйна. Павiнен вырашаць, бо iначай атрымаецца не па-людзку й не па-боску.

Таму я ня дам iрваць на кавалкi маё жывое дзiця, бо ня я дала яму душу й не маё права яе адбiраць.

А верагоднасьць памылкi?! Нiводзiн аналiз не дае 100% гарантыi, што ён правiльны. Цяжка жыць, нарадзiўшы разумовага калеку. А хiба лягчэй жыць маральным iнвалiдам, не прыняўшы выпрабаваньня, пасланага Богам цi лёсам?

На маёй радзiме, у Мёрах, ля касьцёлу пастаўлены помнiк ахвярам абортаў. Побач — бальнiца, i жанчыны iдуць на ГЭТУЮ апэрацыю паўзь яго. Ня ведаю, цi павярнула хоць адна назад, але на пастамэнце зьяўляюцца невядома кiм пакладзеныя кветкi. Я не жадаю стаць адной з тых, хто ня можа прыйсьцi хоць да маленькай магiлкi, бо яе няма. А чалавечак жа быў — i памёр з волi тае адзiнае, каго ён ведаў i ў кiм жыў.

Раней я не была такiм артадоксам у гэтых пытаньнях. I можа, заставалася б такой i надалей. Але зараз я адмаўляюся прымаць разумныя рашэньнi . Я не лiчу разумным грамадзтва, якое катэгарычна выступае супраць сьмяротнай кары i адначасова ня лiчыць забойцамi абортнiц. Людзi лiчаць вiнаватай мацi, што душыць толькi што народжанае дзiця, i ня бачаць крымiналу ў легальных штучных родах 6-месяцовага плоду. Каб верылi ў Бога ўсе, хто зараз моднiчае сваёю верай, такога б не было. Я не вялiкая вернiца, да споведзi не хаджу, у царкве бываю раз на год, але што забойства — гэта грэх, адчуваю пэўна. Калi збудуцца горшыя прагнозы, я не знайду разуменьня сярод знаёмых, i дзякуй мне нiхто ня скажа. Можа, нават сама пашкадую, што зрабiла так, як зрабiла. Але зараз... Зараз я баюся аднаго: паддацца на ўгаворы. Каб жыла мая мацi, яна б мяне падтрымала. А пакуль што я навучылася плакаць бязь сьлёз, у сябе, i яшчэ я зноў пачала весьцi дзёньнiк. Яно лягчэй, калi пiшаш. Вось i зараз палягчэла, хоць напiсала адсотачак зь перадуманага.

А наконт артыкула дзьве заўвагi.

Той мужчына, чыё дзiця забiла Iрына, павiнен усьвядомiць: 1) ён МОЖА мець дзяцей, i значыць, будзе iх мець; 2) Iрына яго не кахала, там была фiзыялёгiя альбо прэстыж; 3) калi сьпiш з жанчынай, скажы ёй шчыра, што хочаш мець дзяцей: спужаецца — значыць, несапраўдная.

I яшчэ лiнгвiстычная заўвага. Ня варта аўтару пiсаць, што жанчына пасьля аборту стала “свабоднай” цi “лёгкай”. Яна стала “пустой”.

Усяго вам найлепшага.

С.В., Бабруйск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0