Палёт капусьнiцы

Сяргей Харэўскi

 

Бялянка капусная, альбо папросту капусьнiца, зьяўляецца на сьвет у розных кутках Эўропы. I толькi зьявiўшыся на сьвет, адразу пачынае сваё бясконцае падарожжа на паўночны Захад. Ляцiць яна, праўда, толькi ўдзень i толькi ў цёплае надвор’е. Яна не сьпяшаецца, i калi ёй у дарозе патрапляюцца купы прыдатнае зелянiны, яна затрымлiваецца там. Некалькi гадзiнаў яна сiлкуецца, альбо адкладвае яйкi i рухаецца далей. Жыцьцё яе кароткае — тры-чатыры тыднi, але й за гэты час яна пасьпявае зьдзейсьнiць падарожжа за трыста кiлямэтраў ад таго месца, дзе нарадзiлася.

Пад канец лета зь яек вылузваюцца новыя капусьнiцы. Яны таксама народжаныя для палёту, аднак у iншы бок, строга назад, на паўднёвы Ўсход. Тыя матылi, што пазьяўлялiся ў сярэдзiне лета, каля тыдня ляцяць на паўночны Захад, пасьля, нiбы схамянуўшыся, таксама лятуць да канца жыцьця назад. За мiльёны гадоў нiшто не парушыла гэтага парадку... Легкакрылыя, амаль бязважкiя матылi будуць ляцець заўсёды, насуперак усiм вятрам, дажджам цi людзкiм праблемам...

Тым часам вецер зьмяняецца амаль бясконца. Ён то сьцiхае, то йзноў надзiмаецца ва ўсю сваю моц. Ён можа кружляць па палетках цi заблукаць у лясных гушчарах... Але ён нiколi не паверне назад.

Калi адбылася аварыя ў Чарнобылi, дзьмуў цяжкi вецер з паўднёвага Ўсходу, як заўсёды ў Беларусi напрыканцы красавiка. У неба ўзьляцела 70 тонаў ядзернага палiва й 700 тонаў радыяцыйнага графiту. З чым гэта параўнаць? Зь Хiрасiмаю? Але тая маса радыёактыўных рэчываў, што ўтварылася пасьля выбуху там, не перавысiла 4,5 тонаў...

Чарнобыльскi вецер з паўднёвага Ўсходу прынес пакуты мiльёнам людзей. Сёньня трацяцца калясальныя сродкi на лекаваньне людзей, на дэзактывацыю, добраўпарадкаваньне паселiшчаў, бясплатнае харчаваньне дзецям, школьнiкам, навучэнцам ПТВ i тэхнiкумаў, якiя жывуць на забруджанай радыёнуклiдамi зямлi. На пачатак 1996 году ў Беларусi ў радыёактыўнай зоне знаходзiўся 3221 населены пункт... У iх змушаныя заставацца 1 мiльён 841 тысяча чалавек, альбо блiзу 18% насельнiцтва Беларусi. На жаль, людзi — ня лёгкiя матылi, каб узьняцца й зьляцець куды ў сьвет, далей ад сваёй бяды...

Каго б нi пераконвалi савецкiя генэтыкi й мэдыкi — у тым, што далёкiх генэтычных наступстваў ня будзе, — гэтага не гарантуе нiхто. Нават праз тры гады пасьля катастрофы мiнiстар аховы здароўя Ўкраiны Раманенка пераконваў сьвет, што аж да 2026 году, калi й памрэ колькi людзей ад гэтае навалы, то гэта будзе нешта памiж 200 i 600 чалавек. На той момант, калi чыноўнiк гэта казаў, ужо памерлi сотнi людзей. Паводле ацэнак амэрыканскага доктара Гейла (спэцыялiста па трансплянтацыi касьцянога мозгу), ад наступстваў Чарнобыля да таго ж часу загiне сама меней 75 000 чалавек. Каму тут верыць?

Паводле матэрыялаў Мiжнароднай канфэрэнцыi 1995 году, наладжанай фондам UNFPA i прысьвечанай насельнiцтву й разьвiцьцю, насельнiцтва Беларусi скароцiцца да 2025 году прыблiзна на мiльён чалавек... Для параўнаньня заўважу, што нас будзе менш, чым у Азэрбайджане цi Таджыкiстане, дзе сёньня жыве ўдвая менш людзей i дзе не вiдаць канца войнам i крызiсу. Няўхiльна расьце дзiцячая сьмяротнасьць. Сёньня гэты паказчык складае 15 сьмерцяў немаўлятаў на 100 000 нараджэньняў. Цi шмат гэта? Для ўяўленьня: гэта ў два разы больш, чым у Пуэрта-Рыка, Iзраiлi цi Новай Зэляндыi, i ў тры разы —чым у Сынгапуры, Нарвэгii цi Ганконгу. Паводле гэтых паказчыкаў мы «апярэдзiлi» Чылi, Малайзiю, Ямайку i ўсталi на ўзроўнi Шры-Ланкi. А зараз уявiце сабе пачуцьцi бацькоў тых дзяцей, што памерлi, не пасьпеўшы пабачыць сьвятла. На каго iм наракаць? На вятры з паўднёвага Ўсходу?

Паводле тых жа крынiцаў iнфармацыi, мацярынская сьмяротнасьць у Беларусi складае 37 жанчынаў на 100 000 нараджэньняў. На тле сусьветнае статыстыкi — гэта зусiм змрочны паказчык. Гэта больш нават, чым у Грузii цi тым жа Азэрбайджане. У Гiшпанii, Данii, Iрляндыi гэты паказчык не перавышае 10 выпадкаў. А ў Англii, Аўстралii цi Швэйцарыi яшчэ напалову менш...

Ня цяжка прадбачыць, што нежаданьне беларускага рэжыму «весьцi народ за цывiлiзаваным сьветам» абернецца яшчэ больш катастрафiчнымi наступствамi. У Беларусi спажываецца энэргii на душу насельнiцтва 3.427 лiтраў палiва ў год, а мы ведаем, што гэта на ўзроўнi Новай Каледонii i менш, чым на Трынiдадзе й Табага, Саўдаўскае Арабii, Сiнгапуры, ды яшчэ шмат дзе. Лiчбы мала што гаворыць выпадковаму чытачу. Не паленаваўшыся, можна высьветлiць, што ўсе пералiчаныя краiны месьцяцца ў цёплым клiмаце й ня маюць патрэбы ацяпляць будынкi i вытворчасьць зiмою... Тады стане зразумелым, чаму Лукашэнка любiць нагадваць, што наша краiна ў Эўропе. Каб хто чаго не пераблытаў, чытаючы статыстыку. Зрэшты, Бог зь ёю, з энэргiяй i нафтай, якой бракуе ўсё больш i больш, пра што любы беларускi аўтамабiлiст ведае й без статыстыкi. А вось памiраюць беларусы не на паперы... I якая розьнiца мацi, сярод якiх безыменных тысячаў прапала яе дзiцё.

Няхай у дзяржавы няма грошай... Гэта можна зразумець. Цяжкая савецкая мiнуўшчына, перабудова эканомiкi. Але навошта замiнаць тым, хто спрабуе дапамагчы?.. Iснуе, напрыклад, у Нямеччыне Асацыяцыя чарнобыльскiх iнiцыятываў. Яна курыруе блiзу 250 чарнобыльскiх iнiцыятываў. Толькi дзякуючы iм у нямецкiх сем’ях аздараўляецца каля 12 тысячаў (!) беларускiх дзяцей. Ня будзем разьбiрацца, зь якiх раёнаў i гарадоў яны туды трапляюць, бо гэта не iстотна, зважаючы, што ў любым выпадку 90% беларускiх дзяцей сёньня на што-небудзь хворыя. Немцы стараюцца не для справаздачы. Здавалася б, каму гэта можа замiнаць? Аднак летась былi прынятыя дадатковыя папраўкi ў заканадаўства, сэнс якiх у тым, каб дзяцей не вывозiць, а дапамагаць iм на месцы. Дапамагаць матэрыяльна, каб можна было з гэтай дапамогi... здымаць падаткi на карысьць тае самае дзяржавы, якая ня можа сама нiчога зрабiць. Немцы iнвэстуюць сотнi тысячаў марак (не дзяржаўных, а прыватных!) у мэдычнае абсталяваньне, лекi, харчы... А тут кiраўнiцтва РБ прыдумала новыя мытныя правiлы. У вынiку толькi зь Нямеччыны ў Беларусь не патрапiла каля 80 канвояў гуманiтарнае дапамогi. Гэта больш за 200 тонаў грузаў... Мiнулай вясною да Вялiкадня нямецкiя дзеткi падрыхтавалi беларускiм дзеткам 8000 падарункаў. Праўда, прыгожа? А вось беларускiя службы бяз дай прычыны зачынiлi гэты сюрпрыз на тры месяцы на складзе... Цукеркi сапсавалiся, амаль усё пагрызьлi мышы. Што засталося, аддалi ўсё ж беларускiм, нiбыта сваiм дзецям... У чэрвенi.

Калi размова вядзецца пра слодычы, нават калi i пра Вялiкдзень, уся размова нiбы не ўсур’ёз. Але на складах, пазамыканыя самадурамi, прападаюць тоны мэдыкаментаў, менавiта безь якiх, быць можа, у гэтую хвiлю недзе памiрае дзiця цi парадзiха. У гэтым сэнсе крылатае лукашэнкаўскае: «ня нада, спасiба за баагатварыцельнасьць» набывае куды больш змрочны сэнс, чым гэта нам здалося ад пачатку. У савецкiх свая гордасьць...

Так, людзi чамусьцi ня лётаюць. I жывуць там, дзе наканавана. Мiж тым, лёгiка сёньняшнiх уладаў, у сваю чаргу, нiчым не адрозьнiваецца ад лёгiкi капусьнiцаў. Адзiн раз абраны накiрунак не падлягае анiякай карэкцыi. Iнстынкт. Калi на думку Лукашэнкi радыяцыйныя зоны — «нармальнае месца для працы», то хто будзе спрачацца?..

Мiж тым, у «нармальных» мясьцiнах сваё жыцьцё. На Гомельшчыне, напрыклад, выпадкi па ўсiх вiдах хваробаў павялiчылiся ў дзевяць разоў. Нiчога дзiўнага, бо тамака агульная плошча сельскагаспадарчых земляў з узроўнем забруджаньня звыш 1 Ku на квадратны кiлямэтар на сёньня складае больш за 806 тысячаў гектараў, i на ёй функцыянуе 370 калгасаў i саўгасаў. Разам з суседнiмi абласьцямi гэта складае 446 калгасаў i дзясяткi саўгасаў. Людзi там працуюць на палетках, ходзяць у лес, на рэчку. Пакуль у вёсках будуць жыць вяскоўцы, нiхто ня зьменiць ладу iхнага жыцьця. А таму яны будуць паглынаць усё болей i болей радыёнуклiдаў самi i кармiць iмi iншых. Радыяцыя распаўзаецца па краiне, як мэтастаза. Здаровых дзяцей ужо на сёньня па ўсёй Беларусi толькi 10%. Праз пакаленьне здаровых беларусаў ужо ня будзе ўвогуле...

Людзi, якiх амаль гвалтам спрабавалi перасялiць у чыстыя раёны, павярталiся. Чаму? Натуральна, не з-за «любовi да роднага калгасу»... Проста нiхто й не зьбiраўся дбаць пра iхны лёс пасьля адсяленьня. Нi працы, нi звычнага ладу жыцьця iм не прапаноўвалi. Паехалi назад. I чынавенства з разуменьнем матылёў-капусьнiцаў дапамагае iм вярнуцца.

Ёсьць на Гомельшчыне дзьве вёскi, Савiчы й Сабалi, дзе ўзровень забруджанасьцi адпаведна складае 11,2 i 17,2 Ku на квадратны кiлямэтар. Туды прыехалi (i павярталiся) самасёлы, адпаведна 84 i 56 сем’яў... Якiя мусяць быць дзеяньнi ўладаў, якiя выдатна разумеюць небясьпеку для здароўя людзей?.. Не, не здагадаецеся... Яны загадам накiравалi туды маладых лекараў, настаўнiкаў, рабочых, якiя толькi пасканчалi вучобу. Гэтая моладзь ахвяравала сваiм здароўем дзеля «шчасьця» iншых? Не, у iх папросту няма выбару. Iншай працы, ды яшчэ з прыбыткам («грабавыя») iм не дастаць... У вынiку — нават тое, што там вырабляюць, па сабекошце даражэй за розьнiчныя кошты. Гэтую прадукцыю нiкуды ня «сплавiш», апроч як на свой, родны беларускi рынак. Пры тым, на мадэрнiзацыю абсталяваньня, рамонт аўтапарку грошай не застанецца. Гэта ў сёньняшняй Беларусi ўжо даражэй, чым утрыманьне ў «зоне» людзей. I людзкое жыцьцё становiцца таньнейшым за расейскую нафту...

Чалавек можа зрабiць амаль усё. Можа зрабiць шмат. Пакарчаваць лясы, разараць зямлю, узьляцець да зораў. Нават павярнуць рэкi. Але нiколi чалавек не паверне вецер i нiколi ня спынiць палёт матылёў. Ды й навошта? Калi ў чалавека ёсьць магчымасьць выбраць сабе лёс самому. Прынамсi, ня быць падобным да жамяры...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0