Лісты ў рэдакцыю


 

Добры дзень, Мая Газэта!

Спачатку пра мову — нашу i савецкую. Узбураны апошнiм папярэджаньнем у твой бок. «Наша Нiва» — апошняя выспа ў шэрым акiяне псэўдабеларускага «совдеповского» грамадзтва РБ (рэспублiкi бальшавiкоў). I выспа тая, менавiта выспа, не ў апошнюю чаргу iснуе дзякуючы несавецкаму беларускаму сьветаўспрыманьню. А цi ж магчыма ўспрымаць сьвет i адчуваць сябе цаглiнкай гэтага беларускага сьвету, паслугоўваючыся мовай, якая ня можа перадаць сапраўдную беларускую душу? Ня ведаю, як каму iншаму, а ў мяне рыхтык «уши вянут», калi чую наркоўмаўку, ляпы кшталту «бархатны», «вярыцельныя»... А менавiта гэтую мову i прапануюць нашым дзецям цяпер. I, натуральна, дзiцячая рэфлексiя на яе — «грубая и исковерканная» мова, якую ТРЭБА вучыць, дзеля савецка-беларускае «принудиловки». I дзецi ўспрымаюць праз гэта, што ўсё беларускае — гэта грубае, сялянскае, правiнцыя, адным словам. Пiшу гэта з уласнага досьведу вывучэньня беларускай мовы. У школе, калi «обучался» наркомаўцы, у мяне нiводная струнка не здрыганулася, што гэта нешта роднае, беларускае. I менавiта дзякуючы спатканьню з тарашкевiцай мая беларуская душа схамянулася, адчуўшы нешта спрадвечна роднае, iншымi словамi — «зов предков». I зараз савецкiя беларусы хочуць спынiць гэта, каб нехта яшчэ праз тарашкевiцу не адчуў сябе патрыётам Радзiмы Беларусi. Лiчу, яны ня маюць пасьля гэтага ўчынку маральнага права лiчыць сябе беларусамi, менавiта беларусамi, а не савецкiмi беларусамi. Трымайся, родная газэта, ты нам патрэбная, як нiхто!

У вынiку забароны газэты я згодны дзеля скарачэньня паштовых выдаткаў асабiста забiраць асобнiк у тым месцы, дзе паведамiце. Так i трэба — вы падтрымоўваеце ўва мне беларускасьць, я падтрымаю родную газэту ў цяжкую гадзiну.

Таксама гэтым лiстом прашу Раду БНР прыняць мяне ў грамадзяне вольнае i незалежнае Беларусi. Я — гэта Анiськевiч Уладзiмер, 32 гады, адукацыя вышэйшая, працую ў камэрцыйным банку, жыву ў месьце Баранавiчы, вулiца Камунiстычная (усьмешка лёсу), б. 13А, кв.54.

Жадаю вытрымкi, веры, творчага плёну, узаемадапамогi, беларускасьцi i здароўя, каб усё гэта зьдзейсьнiць.

Уладзiмер Анiськевiч,
Баранавiчы


 

Мы за друкам сьлядзiм,

«Нашу Нiву» iсьсьледуем,

I ня лучшае в нас

Впiчатленьне с газеты...

Убраць перагрузкi!!!

Мы i так беларускую мову ня ведаем,

Ну а тут яшчэ правапiс эты...

Какой-та ня рускi...

Сяржук Сокалаў-Воюш,
Прага


Добры дзень, дарагiя нашанiўцы!

Усё сваё сьвядомае жыцьцё я пражыў у цэнтры Менску, i, пэўна, няма ўжо тутака куточка, якi б мне быў незнаёмы. Аднак жа, час ад часу даведваесься пра зусiм нечаканыя й дужа цiкавыя рэчы. Неяк, шпацыруючы ля Дому ўраду, я ўскiнуў галаву i ўбачыў чырвонаармейца зь вялiкiм сьцягам у рукох, на якiм было напiсана: «Пад сьцягам Ленiна да перамогi коммунiзму». Во гэта дык навiна: у цэнтры Менску парушаюцца нормы «агульнапрынятага» правапiсу! Слова «сьцяг» пiшацца празь мяккi знак, а «коммунiзм» у родным склоне мае канчатаку. Ня дзiва, бо Ленiн перад Домам ураду ўзьняўся якраз напярэдаднi сумнавядомае рэформы правапiсу 1933 году. Як вядома, падчас акупацыi 1941-1944 гадоў фашысты скiнулi статую правадыра, а пастамэнт з барэльефамi i чырвонаармейцам пад «сьцягам» Ленiна застаўся да «вызваленьня». Дык што рабiцьмем? Як грамадзянiн Жураўскi «хвалюецца» пра «Нашу Нiву», дык «пахвалюемся» пра Ленiна. Паколькi «ўнармаваць» беларускую мову на помнiку Iльлiчу цяжкавата, дык хiба што застаецца яго прыбраць нарэшце ад Дому ўраду. Дарма, што цяжкi. Няўжо ў сталiцы РБ — горадзе-героi Менску будуць парушацца «агульнапрынятыя» наркамамi БССР у 1933 г. правiлы белмовы? Далоў Ленiна-парушальнiка з галоўнага пляцу Беларускае Славянскае Самастойнае Рэспублiкi!

Вiктар Мухiн,
Менск


Добры дзень, паважаная Рэдакцыя!

Мне вельмi падабаюцца вашыя артыкулы, асаблiва пра беларускую мову. Напрыклад, артыкул Севярына «Жаба ў роце». Хачу падзялiцца з вам адным назiраньнем, але я ня ведаю, як вы ацэнiце мой пункт гледжаньня.

А хто з вас спрабаваў размаўляць з савецкiм чалавекам? Не, ня з тым, хто ўсё жыцьцё гаворыць па-беларуску, а са звычайным гараджанiнам. Неяк я быў на днi нараджэньня адной знаёмай, i там адно падпiтае дзяўчо па прыколу пачало размаўляць на тых слэнгах, якiх яна начулася, працуючы праваднiком. Гаварыла яна, мiж iншым, i па-украiнску. Я папрасiў яе пагаварыць па-беларуску. Ня ведаю, дарэчы, хто яна па нацыянальнасьцi, але тое, што я пачуў, было жахлiва.

Я ня надта шчыры прыхiльнiк адраджэньня, для мяне беларуская мова — гэта мова фiлязофскiх разважаньняў.

Я пачуў, як звычайная дзяўчына загаварыла па-беларуску, трохi горш, як гавораць у нас па радыё, але гэта была яна. Яна, мова, якой нас вучылi на ўроках у школе й якая адлюстраваная ў школьным (старым) расейска-беларускiм слоўнiку Грабчыкава.

Гэта была мова без анiякага гумару, мудрасьцi, цi з чым там яшчэ павiнна быць жывая крынiца. Гэта была трохi зрусiфiкаваная, але ўвогуле правiльная, сухая, фармальная мова. Дзе яна ёй навучылася, у школе? У-у, тады яна добрая вучанiца.

Я вас прашу, не заклiнайце пасрэднасьць — гэтага джына з бутэлькi. Калi я хачу штосьцi адраджаць на Брэсцкiм Палесьсi, дык гэта толькi палескую гаворку.

З павагай, Валянцiн,
Берасьце


«Наша Нiва», дзень добры!

Вось такая абвестка зьявiлася ў школах Гомеля:

Выпускник!

С 5 июня по 1 июля 1998 года в Республике Беларусь проходит акция «Выпускник - 98». Она включает в себя возможность получения выпускниками школ, ПТУ, ССУЗов молодежного билета БПСМ с оплатой стоимости самого билета — 12500 рублей, но без оплаты годового членского взноса.

В рамках этой акции создаются общественные контрольные комиссии БПСМ при приемных комиссиях техникумов и ВУЗов Республики Беларусь, целью которых является защита законных прав абитуриента, являющегося членом Белорусского патриотического союза молодежи, и исключения злоупотреблений и нарушений в ходе вступительных экзаменов, и обеспечения равных прав граждан на получение образования.

Городской комитет БПСМ».

Мяне ўжо цяжка чым-небудзь зьдзiвiць, а тут не стрымалася! Цiкава, цi хто-небудзь яшчэ можа ствараць «контрольные комиссии»?

Валянцiна Бандарэнка,
Гомель

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0