Не пакiдайце ж мовы нашай, iрляндзкай...

Вiкторыя Лоўкiс

 

Моўная асаблiвасьць Iрляндыi* i яе падабенства да Беларусi, пра што не аднойчы пiсала «НН», — бiлiнгвiзм. Але, у адрозьненьне ад сёньняшняе РБ, вяртаньне амаль зьнiклай iрляндзкай (гэльскай) мовы ва ўжытак зьяўляецца афiцыйнай палiтыкай дзяржавы.

 

Iрляндцы, карэннае насельнiцтва краiны, ужо ў V ст. мелi сваю мову — гайдэльскую. Яна склалася як асобны дыялект кельцкiх моваў у працэсе асымiляцыi даiндаэўрапейскага насельнiцтва выспы. Жыхары Iрляндыi называлi сябе гайдэламi, у англiзаванай форме — гэламi, мову — гэльскай. Саманазоў «гэлы» выкарыстоўваецца iрляндцамi да цяперашняга часу. На iрляндзкай (гэльскай) мове, адной з найстаражытных моваў Эўропы, у сярэднявеччы была створаная багатая лiтаратура: гераiчны эпас, мiталягiчныя сагi, бардаўская паэзiя ранейшага пэрыяду i патрыятычная паэзiя — пазьнейшага. Аднак разьвiцьцё мовы было перапынена гвалтоўнай асымiляцыяй, што праводзiлася ангельцамi з XII ст., i асаблiва актыўна — з XVII ст.

Зьнiшчэньне мовы бачылася заваёўнiкам адной з умоваў поўнага паняволеньня краiны. Культура ды мова Iрляндыi былi пастаўленыя па-за законам: не дазвалялася выкладаньне ды кнiгадрукаваньне па-iрляндзку, забаранялiся народныя песьнi, танцы, гульнi, нельга было насiць нацыянальны строй. У вынiку такога ўцiску ангельская мова стала ў Iрляндыi сродкам зносiнаў i гутарковай мовай народа. У пачатку XIX ст. гутарковая iрляндзкая мова захоўвалася толькi ў аддаленых заходнiх раёнах краiны, так званых раёнах гэлтахт. Кансэрвацыя побыту i мовы на захадзе Iрляндыi, асаблiва ў правiнцыi Коннахт, — вынiк масавага гвалтоўнага перасяленьня iрляндцаў з астатнiх раёнаў краiны пасьля заканчэньня кромвэлеўскай экспэдыцыi, якая мела за мэту канчаткова задушыць Iрляндзкае паўстаньне 1641-52 г.

Ангельцы з надзвычайнай упартасьцю ўкаранялi сваю мову i вынiшчалi iрляндзкую. Тым ня менш, поўнай этнiчнай асымiляцыi не адбылося. Як адзначаў Ф.Энгельс у сваёй «Гiсторыi Iрляндыi», «ангельцы падпарадкавалi сабе народы, якiя належалi да самых розных расаў. Толькi iрляндцаў ангельцы не адолелi. Прычынаю таму надзвычайная плястычнасьць iрляндзкае расы. Пад лютым уцiскам, пасьля кожнай спробы вынiшчэньня, праз кароткi час, iзноў уздымалiся яны зь яшчэ большай сiлай, як калi раней. Яны нiбы бралi сваю галоўную моц у варожым стане, якi прызначаўся для iхнага ж прыгнёту. У другiм, а часта i ў першым пакаленьнi чужаземцы ператваралiся ў большых iрляндцаў, як самыя iрляндцы, а апошнія, чым болей засвойвалi ангельскую мову i забывалi на сваю, тым болей станавiлiся iрляндцамi».

Працяглая барацьба iрляндцаў за незалежнасьць, адраджэньне нацыянальных традыцыяў прывяла да ўзьнiкненьня ў 1893 г. Гэльскае Лiгi (Gaelic League), заснаванай з мэтаю адраджэньня ня толькi мовы й лiтаратуры, музыкi, тэатру, але й нацыянальных спартовых гульняў, напрыклад, гэльскага футболу, харлiнгу — iрляндзкага варыянту хакею на траве, а таксама народных танцаў. Прадстаўнiкам Лiгi ўдалося адрадзiць цiкавасьць да мовы нават у такiх гарадох, як Дублiн, Уотэрфорд, Лiмэрык, дзе асымiлятарская дзейнасьць ангельцаў праявiлася наймацней. Гэльская лiга садзейнiчала стварэньню Нацыянальнага iрляндзкага ўнiверсiтэту (заснаваны ў 1909 г.) з катэдрамi кельцкае археалёгii, гiсторыi Iрляндыi, iрляндзкае мовы ды лiтаратуры. Разьвiцьцё iрляндзкага лiтаратурнага адраджэньня стымулявалi Iрляндзкi лiтаратурны тэатар (з 1899 г.) i нацыянальны «Эббi тэатар» (з 1904 г.).

Асаблiва актывiзаваўся рух за адраджэньне мовы пасьля ўтварэньня незалежнае iрляндзкае дзяржавы (1921 г.). Адной з галоўных задачаў праграмы кiраўнiчай партыi «Фiянна файл» пастаўлена «аднавiць iрляндзкую мову народа ды разьвiць нацыянальны лад жыцьця ў адпаведнасьцi з iрляндзкiмi традыцыямi ды iдэаламi».

Пачынаецца iрляндызацыя краiны. Мова ўведзеная ў якасьцi абавязковага прадмету ў школах. Яе мусяць ведаць дзяржаўныя службоўцы. Усе афiцыйныя дакумэнты выдаюцца на дзвюх мовах: iрляндзкай ды ангельскай. У гарадох замененыя ўсе шыльды з назовамi вулiц — цяпер яны ўключаюць i iрляндзкiя назовы. Аўтобусныя прыпынкi, тэлефоны-аўтаматы i нават грамадзкiя прыбiральнi ўказваюцца толькi па-iрляндзку. На iрляндзкай мове выходзiць некалькi газэт ды часопiсаў, а дзьве фiрмы, якiя падтрымлiваюцца дзяржавай, выпускаюць кнiгi толькi на гэтай мове. Усё скiравана на тое, каб iрляндзкая мова, прызнаная на роўнi з ангельскай афiцыйнай мовай краiны, стала яшчэ i першаю мовай.

Агульная колькасьць асобаў, якiя карысталiся iрляндзкай мовай ды пры гэтым лiчылi яе сваёй роднай, дасягае 240 тыс. чалавек (блiзу 10% насельнiцтва краiны). Павелiчэньне лiку знаўцаў мовы адбылося ў раёнах, якiя найбольш цярпелi ад англiзацыi (Ленстэр) i ў гарадох, галоўным чынам за кошт буржуазii i iнтэлiгенцыi. У раёнах, дзе iрляндзкая мова захавалася як жывая, лiк ейных знаўцаў павялiчыўся нязначна. Iрляндыя тады так i не перайшла цалкам на iрляндзкую мову.

У 1925 годзе ўрад стварыў Камiсiю гэльскае мовы для вывучэньня з эканамiчнага i этнаграфiчнага пунктаў гледжаньня некаторых мясцовасьцяў захаду i поўдня Iрляндыi, а таксама паўднёвага захаду Ольстэра. Камiсiя вылучыла два тыпы раёнаў: Фiор-Гэлтахт, дзе па-iрляндзку размаўляе ня менш за 80% насельнiцтва, i Брэйк-Гэлтахт, дзе мовай валодае ад 25 да 80% насельнiцтва. Абодва гэтыя тыпы раёнаў маюць пераважна сельскi характар, з дробнымi iзаляванымi паселiшчамi цi мястэчкамi. Камiсiя адзначыла зьмяншэньне колькасьцi iрляндамоўных жыхароў «гэльскiх раёнаў» у сувязi зь iхным слабым эканамiчным разьвiцьцём, галоўным чынам, за кошт эмiграцыi**. Зьмяншэньне асаблiва выразнае сярод асобаў ва ўзросьце ад 30 да 39 гадоў. I хоць, як падкрэсьлiвалася ў дакладзе, самыя спрыяльныя ўмовы для захаваньня й далейшага разьвiцьця iрляндзкай мовы назiраюцца менавiта ў «гэльскiх раёнах» (найлепшыя — у групе раёнаў Фiор-Гэлтахт), тым ня менш, iхнае насельнiцтва дзьвюхмоўнае. Колькасьць жа асобаў, якiя размаўляюць выключна па-iрляндзку, настолькi нязначная, што нават перапiс 1936 году не дае пра iх падрабязных зьвестак. У нягэльскiх раёнах, дзе прэса, радыё, кiно, тэатар, царква, гандаль, прамысловасьць карыстаюцца ангельскай мовай i школьнае выкладаньне на iрляндзкай мове не зьвязанае з рэальнай моўнай сытуацыяй, верагоднасьць аднаўленьня i ператварэньня iрляндзкае мовы ва ўсеагульную гутарковую зусiм нязначная. У той жа час эмiграцыя i ўнутраная мiграцыя насельнiцтва спрыяюць распаўсюджаньню ангельскае мовы ў «гэльскiх раёнах».

Адраджэньне мовы сутыкнулася са шматлiкiмi цяжкасьцямi, адна зь якiх — лiнгвiстычная. Зьнiшчэньне ангельскiмi калянiзатарамi пiсьмовае мовы iрляндцаў прывяло да поўнага зьнiкненьня лiтаратуры на нацыянальнай мове. У вынiку апошняя страцiла сваю лiтаратурную форму, распалася на дыялекты. Яшчэ ў канцы XIX ст. энтузiясты адраджэньня мовы спрабавалi стварыць стандарт мовы на аснове жывой гаворкi насельнiцтва заходняга ўзьбярэжжа ды блiжэйшых выспаў. Аднак замацаваньню лiтаратурнай формы перашкаджала спаборнiцтва дыялектаў. Першы iрляндзка-ангельскi слоўнiк, складзены П.Дзiнэнам (упершыню выдадзены ў 1904 г.) сьведчыць пра няўстойлiвыя моўныя нормы i пра нявырашаныя пытаньнi тэорыi iрляндзкае мовы.

Некаторыя дасьледчыкi трымалiся меркаваньня, што архаiчную iрляндзкую мову (канстытуцыя 1937 г. зацьвердзiла ў якасьцi дзяржаўнай мовы старажытнаiрляндзкую гэльскую) цяжка выкарыстоўваць у сучасным iндустрыйным сьвеце; у ёй адсутнiчаюць абазначэньнi многiх паняцьцяў i прадметаў. Менавiта таму апошнiм часам навукоўцы-лiнгвiсты вельмi iнтэнсiўна запаўняюць усе прабелы, уважлiва дасьледуюць ды аналiзуюць слоўнiкавы фонд. Яшчэ адна складанасьць — недахоп квалiфiкаваных выкладчыкаў, якiя б вольна валодалi мовай i былi здатныя выкладаць яе. Аднак сотнi школьных настаўнiкаў з iмпэтам вывучалi мову, праводзячы вакацыi ў тых нешматлiкiх раёнах краiны, дзе насельнiцтва яшчэ размаўляла па-iрляндзку. Разьвiцьцё моўнай палiтыкi стрымлiвалася i недастатковым дзяржаўным фiнансаваньнем мерапрыемстваў. Толькi 2-3% нацыянальнага бюджэту вылучаюцца ўрадам краiны на праграму адраджэньня мовы.

Урад праводзiць сваю палiтыку праз таварыствы мовы, якiх налiчваецца пятнаццаць. Самае старое i шматлiкае — Gaelic League, самае маладое i найбольш актыўнае — Gael Linn. Iхныя высiлкi каардынуюцца ўрадавай радай, пры ўдзеле якой былi выпушчаныя два слоўнiкi: тэхнiчных тэрмiнаў i новы англа-iрляндзкi. Зараз Gaelic League мае больш за трыста аддзяленьняў па ўсёй краiне. Лiга зьяўляецца iнiцыятарам стварэньня вечаровых групаў вывучэньня iрляндзкае мовы, пры гэтым выкладчыкi прыцягваюцца на добраахвотных пачатках. Асобы, якiя скончылi вечаровыя групы, атрымлiваюць значак у выглядзе залатога пярсьцёнка, памерам з заручальны — Fainne. Да лiку iрляндцаў, якiя мелi права насiць Fainne, належалi многiя палiтычныя дзеячы, у тым лiку i першы прэзыдэнт Iрляндыi Э. Дэ Валера.

Гэльская лiга ладзiць штогадовыя фэстывалi iрляндзкай культуры — toirreachtas. Гэтыя сьвяты працягваюцца дзевяць дзён i складаюцца з конкурсаў на лепшы твор толькi на iрляндзкай мове. Акрамя таго, дзеля захаваньня i збору вуснай народнай творчасьцi, Лiга штогод праводзiць фэстывалi, так званыя фэйзеанны, спаборнiцтвы ў танцах, сьпевах, музыцы, лiтаратурнай творчасьцi, якiя звычайна адбываюцца ў Дублiне. У 1958 г. з Гэльскай лiгi вылучылася Gael Linn — арганiзацыя, заснаваная групай былых студэнтаў, якiя распачалi вытворчасьць кружэлак з запiсамi народнай музыкi, хранiкальных i мастацкiх фiльмаў, адмысловых радыё- i тэлеперадач, субсыдаваньне культурных праграмаў. З грашовага фонду Gael Linn даюцца трохмесячныя стыпэндыi для паездак у раёны гэлтахт. Яшчэ адно дасягненьне Gael Linn — стварэньне ўва многiх гатэлях гэльскiх кабарэ, дзе выконваюцца iрляндзкiя народныя песьнi i танцы, адбываюцца канцэрты арфiстаў.

Шмат зрабiў для распаўсюджаньня iрляндзкай мовы i нацыянальны «Эббi тэатар». Стваральнiкi яго сьвядома ставiлi мэтай садзейнiчаць адраджэньню роднай культуры, i таму напачатку на сцэне iшлi п’есы толькi на iрляндзкай мове. Пасьля, аднак, галоўнае месца ў рэпэртуары сталi займаць п’есы iрляндзкiх аўтараў, якiя пiсалi па-ангельску. Усё ж лiтаратура на iрляндзкай мове ня мае шырокага кола чытачоў, бо па-iрляндзку чытае толькi невялiкая частка iнтэлiгенцыi. «Ад шырокiх масаў iрляндзкага народу лiтаратар аддзелены падвойнай сьцяной — як пiсьменьнiк краiны, у якой народ не чытае, i як пiсьменьнiк iрляндамоўны, у той час як мовай народа зьяўляецца ангельская», — пiша прафэсар iрляндзкай лiтаратуры Д.Грын.

Натуральна, што абавязковае вывучэньне iрляндзкай мовы ў школе дапамагло захаваць мову. У сярэднiх школах i рамесьнiцкiх вучэльнях на ёй вывучаюцца некаторыя прадметы, а ў шэрагу школаў, асаблiва ў тых раёнах, дзе iрляндзкая мова яшчэ выкарыстоўваецца ў побыце, усе прадметы выкладаюцца па-iрляндзку. Аднак сустракаецца ня так шмат выпускнiкоў школаў, якiя б карысталiся роднай мовай, а большасьць зь iх мае аб ёй досыць цьмянае ўяўленьне. Навучэнцы пiшуць i чытаюць на ёй толькi ў той ступенi, якая неабходная для здачы iспытаў. Да таго ж у краiне iснуе толькi адзiн унiвэрсытэт, дзе выкладаньне вядзецца па-iрляндзку — у горадзе Голуэй (Galway). Была спроба ўкараненьня iрляндзкай мовы ў войску, аднак ад гэтае iдэi давялося адмовiцца.

Заклапочаны моўнай сытуацыяй урад у 1958 годзе ўсклаў вырашэньне праблемы бiлiнгвiзму на спэцыяльную камiсiю, у склад якой уваходзiлi прадстаўнiкi розных фракцыяў, што падтрымлiвалi рух за адраджэньне мовы. Даклад камiсii, апублiкаваны ў 1964 г., рэкамэндуе:

- стварыць нацыянальны моўны фонд;

- правесьцi навуковае дасьледаваньне iрляндзкай мовы як жывой гутарковай мовы з выкарыстаньнем сучасных мэтадаў «моўнай лябараторыi»;

- стварыць нацыянальную выдавецкую раду па публiкацыях на iрляндзкай мове кнiг, п’ес, падручнiкаў, музычных твораў;

- прызначыць стыпэндыi для пiсьменьнiкаў i журналiстаў, якiя пiшуць па-iрляндзку;

- вырабляць фiльмы на iрляндзкай мове i г.д.

Прынята лiчыць, што ў 1971 годзе было каля 600 тыс. чалавек (20,7% жыхароў Iрляндыi), якiя валодалi iрляндзкай мовай. Некаторыя дасьледчыкi мяркуюць, што значная колькасьць людзей, асаблiва ва ўзросьце ад 20 да 40 гадоў, валодае iрляндзкай мовай лепш, чым яны самi лiчаць, i што «менавiта ў гэтым факце хаваецца спадзеў на захаваньне мовы, аднак не на адраджэньне яе».

У канцы 70-х у нiжняй палаце парлямэнту Iрляндзкай Рэспублiкi каля 2/3 чальцоў маглi зразумець сэнс прамовы на iрляндзкай мове i ня менш за 1/6 маглi браць удзел у дэбатах на гэтай мове. Нягледзячы на тое, што службоўцы дзяржаўных установаў абавязаныя валодаць роднай мовай i выкарыстоўваць яе (за гэта яны атрымлiваюць 10% надбаўку да заробку), толькi ў Мiнiстэрстве адукацыi i ў Дэпартамэнце па справах раёнаў гэлтахт iрляндзкая мова шырока выкарыстоўваецца ў паўсядзённай працы.

Прыхiльнiкi iрляндзкай мовы бачаць у ёй аснову нацыянальнай самабытнасьцi, усяго iрляндзкага. Яны адмаўляюць ангельскую мову, якая падаецца iм чужой. Iншыя ж лiчаць, што гiсторыю назад не павернеш, i калi так ужо атрымалася, дык цi варта спрабаваць што-небудзь зьмяняць. Адсутнасьць гэтак доўгачаканага ўсеагульнага iнтарэсу да iрляндзкае мовы прымушае яе прыхiльнiкаў задацца пытаньнем, як гэта зрабiў аўтар аднаго з артыкулаў на гэтую тэму: «Што ж сталася з нацыянальным духам, якi некалi прымушаў сталых людзей уначы, нягледзячы на дождж i вецер, пакiдаць свае хаты i зьбiрацца ў памяшканьнях, прадзiманых скразьнякамi, куды прыяжджаў на ровары школьны настаўнiк, навучаў iх пачаткам iх роднай мовы, атрымлiваючы за гэта жабрацкае ўзнагароджаньне? Цяпер мова карыстаецца прызнаньнем ў грамадзтве, яна атрымала падтрымку ўраду, яе выкладаюць у школах, яна паўсюль, i ўсё ж яе няма нiдзе, акрамя бедных хацiн на заходнiм узьбярэжжы. Якiм чынам i калi яна атрымала ўдар, якi адштурхнуў яе ад народу, што песьцiў яе тады, калi гэта было небясьпечна?». Аўтар не знаходзiць адказу, але лiчыць, што калi не прыняць самыя экстранныя меры да палiтыкi адраджэньня мовы, то «iрляндцам прыйдзецца назаўсёды разьвiтацца са сваёй нацыянальнай мовай i адначасова з хоць якой-небудзь надзеяй на нацыянальную самабытнасьць».

Iмпэт, зь якiм праводзiлася палiтыка адраджэньня iрляндзкае мовы ў 20-я гады XX ст., пайшоў на спад. Многiя найбольш вядомыя змагары за мову загiнулi пад час вайны за незалежнасьць у 1919-22 г., а астатнiя палiтычныя лiдэры былi занятыя грамадзянскай вайной. Нi царква, нi прадстаўнiкi дзелавых колаў не спрыялi распаўсюджаньню iрляндзкай мовы. Многiя палiтыкi, нават тыя, хто найбольш актыўна выступаў супраць ангельскай мовы, на самой справе самыя ня верылi ў магчымасьць адраджэньня iрляндшчыны. Што да царквы, то яна ня мела й ня мае пэўнай пазыцыi ў гэтым пытаньнi, i перавага, якая аказвалася той цi iншай мове, залежала ад самiх сьвятароў.

У першыя гады iснаваньня новай дзяржавы многiя спадзявалiся, што iрляндзкая мова стане першай мовай у краiне. Аднак блiзкасьць Англii, шчыльныя сувязi памiж дзьвюма краiнамi, у вынiку якiх Iрляндыю запаланяюць радыёпраграмы, кнiгi, часопiсы i фiльмы на ангельскай мове — гэтага дастаткова, каб гарантаваць захаваньне прыярытэту ангельшчыны. Зараз нават ва ўрадавых колах прызнана, што самае большае, на што можна спадзявацца, — што iрляндзкая мова будзе побач з ангельскай звычайным сродкам зносiнаў.

З распадам патрыярхальнага ўкладу, якi захоўваўся тут да XX ст., зьнiкла глеба, на якой традыцыйна iснавала iрляндзкая мова. I ўсё ж, нягледзячы на тое, што толькi 20% насельнiцтва нядрэнна ведае па-iрляндзку i толькi невялiкая частка паўсюдна карыстаецца роднай мовай, рух за яе адраджэньне мае свае посьпехi — iрляндзкая мова ня зьнiкла са штодзённага ўжытку.

 

*Iрляндзкая Рэспублiка (Eire) — дзяржава ў Заходняй Эўропе, займае 5/6 выспы Iрляндыя. Мяжуе з Паўночнай Iрляндыяй, якая ўваходзiць у склад Злучанага каралеўства Вялiкабрытанii i Паўночнай Iрляндыi. Плошча — 70,3 тыс. кв. км. Насельнiцтва — 3,57 млн. чал. (1988), 98% усiх жыхароў — iрляндцы. Сталiца — Дублiн. Афiцыйныя мовы — iрляндзкая i ангельская.

** Iрляндыя — адзiная краiна ў Эўропе, дзе насельнiцтва зь сярэдзiны XIX ст. на працягу болей чым 100 гадоў скарачалася за кошт эмiграцыi, якая была i застаецца да гэтай пары (хоць i ў меншай ступенi) адной з характэрных рысаў iрляндзкага жыцьця. Iрляндцы так раскiданыя па сьвеце, што iх можна сустрэць у многiх краiнах, асаблiва ў ЗША, Канадзе, Аўстралii i Новай Зэляндыi. Сярод усiх iрляндцаў доля тых, хто жыве ў Iрляндыi, складае толькi 44%, у Вялiкабрытанii — 31%, у ЗША — 21%.