Востраў

Ганна Матусэвiч

 

У Лiтве «ваколiцай» альбо «засьценкам» называюць шляхецкае паселiшча для розьнiцы ад вёсак цi сёлаў.

З камэнтару А.Мiцкевiча да «Пана Тадэвуша»

На Сёмуху гэтым разам мы зьезьдзiлi ў Востраў. Блiжнi, бо быў яшчэ й Дальнi, за 300-мэтровай паласой лесу воддаль Масьцiшча, што на Койданаўшчыне. Гэта цяпер 300 мэтраў i засталося. А даўней, у часы не такiя ўжо й далёкiя, калi стаялi там 3 хаты, у якiх умяшчаўся ўвесь немалы род Матусэвiчаў, лес абступаў усё навакольле.

Мая бабка Клемянтына, калi я ў маленстве пыталася ў яе: «Адкуль Вы?» — адказвала: «З Вострава». Яна не называла ўжо сваю супольнасьць нi фальваркам, нi засьценкам, нi ваколiцай, нi тым больш — хутарам. Старыя назвы былi бязьлiтасна зьнiшчаныя, але й новыя не прыжылiся. Сваю Супольнасьць людзi, якiм iхнымi дзядамi была пераказана ў спадчыну даўнейшая вольнiца, перахоўвалi ў сэрцах, сьвята ўшаноўвалi. А як жа iнакш? Калi фiзычна зьнiшчаная была iхная Айчына на Зямлi, то людзi ўспамiналi пра сваю Айчыну на Небе, iмя якой — Брацтва.

... Памятаю, як Марыя хавала маленькага Езуса ў яскiнi ад шалёных драпежнiкаў старога сьвету. Памятаю, як павук, аплёўшы павуцiнай тую яскiню, прыдаў ёй нежылы выгляд i тым падмануў пагоню зла. Марыя ў асобе Хрыста нарадзiла Новы Сьвет, i Бог сьцярог тую маленькую Супольнасьць Новага Сьвету. А ў Востраве перахоўвалiся носьбiты рэшткаў старых ведаў, бо зьнiшчаны былi ўжо й кнiгi нашых Асьветнiкаў, i наш Статут, i наша Дзяржава — увесь той лад жыцьця. I толькi засталася Жанчына, Мацi, Матэрыя, Сэрца, Касьмiчны Магнiт, якая памятала...

Дзiўна ўсё ж, што беларусы-адраджэнцы паставiлi помнiк найперш Максiмаваму бацьку, ды ня Мацi. Гэта сьведчыць пра тое, што ў нашым грамадзтве пакуль пераважае грубая фiзычная сiла й нiколькi ня цэнiцца сiла духа. Людзi бачаць толькi тое, што ляжыць на паверхнi. Таму й стаяць на нашай зямлi скрозь помнiкi Ленiну, Дзяржынскаму, што большы ўклад у эвалюцыю ўнесены злой сiлай, чым добрай. Справядлiва, хоць i прыкра. Але я ня буду разбураць помнiк Дзяржынскаму (сам разбурыцца, калi прыйдзе пара), лепш памкнуся паставiць помнiк Востраву.

Цяпер там скрозь дачы. Недзе блiзка й Шушкевiчава дача знаходзiцца. Дзед Чэсiк Заянчкоўскi хораша сказаў пра аднаго з маiх дзядоў — Iгната Матусэвiча. Калi бальшавiкi зьнiштожылi Востраў, дзед Iгналя мусiў перабiвацца на розных казённых работах, пасьля наняўся пастухом у Масьцiшча. Падыйшоў пэнсiйны ўзрост, а стажу яму не ставала. То людзi заступiлiся за яго й далi даведку, што ён пасьвiў людзкiх кароваў. I пэнсiю далi, як належыць. Удзячнасьць — адзiн з пунктаў Статута Брацтва. I хоць простыя людзi не маглi гэта скласьцi ў словах, а тым больш — на паперы, яны насiлi Статут у сваiх душах. А лёгкi дотык душамi самы моцны, бо ён Нябесны, Брацкi.

То адкуль жа пачынаецца Востраў? I хто будзе праваднiцай да яго? Iмя старэйшае праваднiцы, яна ж — галоўная ахвярадаўца, трымальнiца й захавальнiца вялiкага роду Матусэвiчаў — бабка Зоня — родная сястра маёй бабкi Клемянтыны па бацьку. 02.02.12 году нараджэньня, яна памятае мiнулае да драбнiц. Яшчэ мяне праводзiлi да Вострава цёця Альдоня з Воршы ды цёця Карольця з Камароўшчыны — родныя сёстры майго бацькi. А мой бацька, калi я спрабавала штось пытацца ў яго, аднекваўся, груба пасьмiхаўся, а калi й расказваў нешта — то пры добрай чарцы. Але я не крыўдую на яго, як не крыўдавала Ларыса Генiюш на свайго тату. Людзьмi да гэтага часу валодае страх. Страх быў нават у бабкi Зонi, мабыць, бо калi я сказала, што шукаю ў архiве зьвестак пра шляхецтва Матусэвiчаў, яна абмовiлася, што «мы не дваране, а нiшчылi нас таму, што радня была ў Канадзе».

Вынiшчалi найлепшых, найшляхетнейшых, найвышэйшых, бо й пярун страляе ў найвышэйшы громаадвод.

Заўсёды быў нехта адзiн, хто прымаў адказнасьць за зямлю. У Востраве таксама быў адзiн. Прадзеда Зонi звалi, здаецца, Апалiнар. Ён першы з Матусэвiчаў i набыў зямлю ў Востраве за 1 км ад Масьцiшча. Апалiнар-прадзед меў дзьвюх дачок i аднаго сына з iмем Апалiнар. Востраў пачынае дзялiцца на хаты. Да аднае з дачок прадзеда Апалiнара прыстаў у прымы Цiжэўскi. Маладыя мусiлi заснаваць сваю хату. Пасьля яшчэ дзьве хаты ставiлi Ян i Юзэф Матусэвiчы — сыны Апалiнара-дзядунi. I ў дакалхозны час, якi памятаюць мае цёткi й старэйшыя людзi Масьцiшча, яшчэ стаялi тры хаты, у якiх жылi адзiн Цiжэўскi з пляменьнiцай Марыяй, што была замужам за чыстакроўным немцам Рудольфам Аўрысам. (Застаўся ён тут з ваеннага разруха, упадабаўшы тутэйшую красуню, што сьведчыць аб тым, што Востраў ня быў iзаляваны ад вялiкага сьвету.) У другой хаце жылi Суднiчанкi — унучкi Юзэфа Матусэвiча. (Да дачкi Юзэфа, мабыць, Бронi, прыстаў у прымы Антон Суднiк зь Мелькавiч, ад якога й пайшлi тыя Суднiчанкi. Падатлiвая беларуская iнтэлiгенцыя, захопленая расейскай рэвалюцыяй, не змагла абаранiць Культуры сваёй зямлi, як гэта, прыкладам, было зроблена ў суседняй Летуве. На Сёмуху ў Востраве з нашай сям’ёй быў Дзiма Тарулiс. Гэты Летувiс зь Менску запiсаў у пашпарце прозьвiшча сваёй жонкi як Таруленя, ды не Тарулiс. Дзiма ўмеў абаранiць сваю Культуру на чужой зямлi.) А ў трэцяй хаце жылi дзецi Яна Матусэвiча — майго прадзеда. Ад таго месца застаўся толькi пень ды рэшткi ствала паваленага дрэва. Яшчэ ў мiнулым годзе клён стаяў... Не засьпелi... Сфатаграфаваць бы хоць гэты пень — адзiную рэчавую памяць пра Востраў. (Муж абурыўся быў на гэта. Ды заступiлiся Дзiма i мая Веранiка. А пасьля пня мой добры муж пасьвятлеў i сам прапанаваў сфатаграфаваць сям’ю Заянчкоўскiх ля iхнай хаты з бэзам у квеценi, што й было зроблена. Дабро множыць дабро, i вы бачылi б, як пасьвятлелi твары ў гэтых спрацаваных людзей, што захавалi для мяне памяць пра Востраў! А Веранiчка ўзяла кару з таго клёну. Яна хоча ўклеiць яе ў свой Дзёньнiк, у тым месцы, дзе апiсвае пра паездку ў Востраў. Гледзячы на яе, я папрасiла ў дачкi кавалачак кары ды паклала ў тэчку з радаводам Матусэвiчаў.)

Пiшу, а Мiколка пытаецца ў мяне: «Мама, а для каго ты пiшаш?»

— Для цябе, сынок. Вырасьцеш — прачытаеш пра Востраў.

Дык вось, пра Матусэвiчаў, зь якiх выйшла я, Ганна. Не, герба свайго шляхецкага яны ня мелi, ведама ж, як ня мелi, вiдаць, папяровага шляхецтва, хоць усе адзнакi шляхецкага ладу жыцьця захавалi. Каталiкi, хрысьцiлiся ў Койданаўскiм касьцёле, хавалiся на фамiльных могiлках, што былi сярод лесу дзесьцi за 1 км ад Вострава. Дзе тыя могiлкi цяпер? Пэўна, нечая дача стаiць на касьцях маiх продкаў. Бабка Зоня казала, што iх не было ўжо й пасьля вайны, калi яны зь сястрой Лёдзяй шукалi iх. Яшчэ пры калхозах зьнесьлi на падмурак нечай хаты вялiкi надмагiльны камень, на якiм былi выбiтыя крыж ды iмёны дзядунi, бабунi, бацькоў, а таксама iхнай дачкi Амiлькi. Зоня даглядала могiлкi, пакуль жыла ў Востраве, траву абрывала, а як сыйшла адтуль, то ўсё пайшло прахам.

Дзядуню звалi, якя ўжо казала, Апалiнарам, а вось iмя бабунi Зоня забылася: цi то Стэфа, цi то Пэля. Хата ў iх была велiзарная й жылi яны, тры пакаленьнi, разам. Усяго 17 душ. Жонка Яна Матусэвiча мела падвойнае iмя: Каралiна Валерыя з дому Арцюшэўскiх. Гэта ў яе гонар мая бабка Клемянтына й назвала сваю дачку Карольцяй.

Цёцi Карольцi не падабаецца сваё iмя, бо «надта ж доўгае». Вельмi цiкавы яна чалавек. Скончыла 7 клясаў, мела шырокi сьветапогляд i на вёсцы лiчылася цi ня самай вучонай. Перад вайной рабiла праваднiцай, вазiла беларускiх артыстаў у цягнiку. I вось, памятаю, паехалi мы зь ёй у Менск паступаць у мэдвучэльню. Iдзем па горадзе, а яна пытаецца ў першага стрэчнага: «Скажэце, калi ласка, дзе тут вулiца Максiма Горкага?» А былi гэта самыя зрусiфiкаваныя 70-ыя гады, i для мяне, школьнiцы, якой за 8 гадоў навучаньня прышчапiлi зьнявагу да ўсяго свайго, пытаньне тое прагучала, як грунтоўная лекцыя на тэму багатай культуры роднай зямлi.

Мая бабка Клемянтына, як магла, захоўвала культуру свайго роду. Вось i старэйшаму сыну дала падвойнае iмя: Вiктар Аляксандар. Не памагло тое, загiнуў ён на вайне. Наогул, яна была ўладарнай жанчынай, шанавала сваю радню, адсоўваючы ў бок дзедкаву.

Але вернемся да хаты Яна й Каралiны Матусэвiчаў. У iх было 13 дзяцей, што нараджалiся прыблiзна праз 2 гады. Старэйшая Юзэфiна была дзесьцi з 1892 году. Тады Янiна, Клемянтына, Гвiдан, Павал, Леакадзiя, Вiльгельм, Эмiлiя, Iгнацы, Ян, Зоня, Стась, апошнi Баляслаў з 1918 году. Савецкая мараль тлумачыць, быццам даўней нараджалi шмат дзяцей, бо таго патрабавала сялянская псыхалёгiя. Калi ж паглядзець на ўсё з вышынi, убачыцца, што гэта быў Натуральны лад жыцьця Вострава. Наўрад цi маглi гэтыя малаадукаваныя людзi сфармуляваць тое, што, прыкладам, я ўжо сфармулявала: грэхам зьяўляецца нават прадухiленьне ад лёсам вызначанага зараджэньня дзiцяцi, але сэрцы iхныя ведалi Статут Брацтва.

Выйшла замуж Юзэфiна за летувiса Вiнцэнта Бутлiса й паехалi яны на заробкi ў Канаду. Юзэфiна там неўзабаве памiрае й перад сьмерцяй просiць мужа, каб той прыехаў у Востраў i ўзяў замуж ейную сястру Янiну. I ён тое зрабiў, бо памятаў Статут цераз жанчыну.

Гвiдан з вайной патрапiў у палон, адтуль яго таксама забралi ў Канаду. Адтуль, з Канады, яны памагалi свайму раскiданаму ўжо Востраву, пасьля вайны асаблiва iстотна.

Мая бабка Клемянтына ў 1915 годзе выйшла замуж за майго дзедку Мiхала Суднiка ў Камароўшчыну, вёску мо кiлямэтраў 12 ад Вострава. Бабцы было 20, дзедку 34. Яны мелi чатырох сыноў i трох дачок. Ад рэпрэсiяў iх уратавала толькi кульгавасьць дзедкi ды, магчыма, нейкiя хiтрыкi з падзелам хаты, бо ўсiх заможных гаспадароў бальшавiкi зь вёскi павысылалi. О, як Суднiкi ставiлi новую хату! Прыйшлi з Вострава сем братоў Клемянтыны. Хлопцы, што дубы! Уся вёска дзiвiлася з тае работы! Хлопцы, хлопчыкi, Дзяды мае, Брацiкi родныя... I амаль усе ж Вы паляглi, коштам сваiх жыцьцяў арганiзаваўшы заслону той чорнай сiле, што навалiлася на нашу зямлю...

Паўлюць быў жанаты, меў дваiх дзяцей, прыстаўшы ў прымы на Басарэўшчыне (цяпер i Басарэўшчына, i Калодзеўшчына зьлiлiся ў адно Масьцiшча), калi яго схапiў хапун. Як расказвала мне цёця Альдоня, ён рабiў драцянiкам (электрыкам) на вольным пасяленьнi ў Воршы. Сканаў на слупе ў кагцях у 1937 годзе.

Вiлюсю ў 1922-м было 18, i быў ён за кармiльца ў сям’i, бо памерлi ўжо бацькi, калi яго схапiлi й турнулi на вайну ў Туркестан. Лёдзя яго вызваляць езьдзiла аж да Чарвякова. А той сказаў, што не павiнны былi забiраць па законе, але ўжо позна, i ён нiчым ня можа дапамагчы. Праўда, на першы раз Вiлюсь яшчэ вярнуўся ў Востраў, затое пазьней энкавэдысты расправiлiся зь iм. Нежанаты быў, як i найменшы Болюсь, якi таксама, вiдаць, патрапiў у iхныя лапы, бо прапаў хлопец бязь вестак.

Стась загiнуў у першыя днi вайны, i на Яся «прыйшло iзвяшчэньне, як на пагiбшага». Цёця Карольця памятае Яся, разумнага, спакойнага хлопца. Даваў ёй навушнiкi — слухаць радыё.

Адзiн Iгналя вярнуўся з вайны жывым, але ён страцiў жонку, якую немцы павесiлi за партызанства. Ажанiўся другi раз, але Янiна (па-савецку — Надзя) неўзабаве памерла зь нейкай хваробы. Гадаваў адзiн дзьвюх дачок, апошнiм часам асталяваўся ў Слуцку. Часта прыяжджаў да нас, я памятаю яго, спакойнага, разважлiвага. Памёр 12.04.84, пражыўшы 75 гадоў.

Паклажа жанчын з Вострава была не лягчэйшая, проста па прыродзе сваёй жанчыны цярплiвейшыя за мужчын. А цярпеньне ёсьць разуменьне таго, што адбываецца. А калi разумееш, тады ймкнесься найспрытней разьмеркаваць груз на плячах, бо несьцi яго трэба ўсю доўгую дарогу. Тады свая сярмяжка ня цяжка. Хоць, канечне, было ўсяго i ў жанчын. I няшчасьце было, i сьмерць. Вось як у Амiлькi. Езьдзiла дзяўчына ў Сьверынава, на матчыну радзiму, калi яшчэ была адкрыта мяжая. Было то напрадвесьнi, а на ёй былi туфелькi ды лёгкае палiто, у адрозьненьне ад ейнае прыяцелькi, якая была ў кажуху ды валёнках. Ехалi па Нёмне на санках, правалiлiся пад лёд. Амiлька захварэла, аднялiся ногi. Апошнюю карову прадалi, лячылi ў Менску, у доктара Шапiры, ды ён скалечыў дзяўчыну: яна не магла ўстаць. Памерла ўжо мацi, на вайну забралi ў кастрычнiку Вiлюся, а Зонi было ўсяго 9 гадкоў — не было каму даглядаць спаралiжаваную Амiльку. А ў яе пайшлi пролежнi, трэба было варочаць. Вiлюсь перад адыходам купiў сястры вянок i сукенку, i тая ўсё прасiла паказаць ёй куплю. Памерла ў лiстападзе 1922 году ў 16-гадовым веку.

А вось пра Лёдзю я мала што ведаю, хоць i жыла яна блiзка, у Менску, i памерла нядаўна, у 1991 годзе. Нiбы муж ейны служыў немцам i пасьля вайны ўцёк зь iмi. Прозьвiчша ў яго было —Басарэўскi, тутэйшы хлопец. А Лёдзя, дзякаваць Богу, дастала дакумэнты й грошы за яго атрымлiвала. Такiя рэчы тады хавалi. Мала ў каго было ўладкаванае асабiстае, сямейнае гняздо, таму й пiльнавалiся так гнязда агульначалавечага, брацкага.

Заглянем цяпер у Матусэвiчаву хату, калi жылi яны не раскiданыя, усёй вялiкай Супольнасьцяй трох пакаленьняў. Расказвалi мне пра тое бабка Зоня ды цёця Карольця, якая ўцякала ў маленстве ад сваёй работы з Камароўшчыны ў Востраў. Хата велiчэзная! Хлеў, гумно. Ворнай зямлi было з гектар. Сенакос быў у iх кепскi, то мусiлi трымаць усяго адну карову. Засявалi сырадэлю. Частку зямлi пусьцiлi пад пасеку, а то пад лес. Перакулiся цераз агароджу — зьбiрай колькi хочаш сунiцаў, чарнiцаў, дурнiцаў, журавiнаў, усякiх грыбоў! Бывала, пакуль Зоня напалiць печ, ранiчкай хлопцы панапрыносяць ёй кашы вялiзныя грыбоў!

Дзядуня Апалiнар жыў 110 гадоў. У дзень сьмерцi шчэ схадзiў, памалацiў грэчку суседцы. Прыйшоў дахаты, памыўся, апрануў чыстую кашулю, залез на палацi, затым лёг у ложак i запрасiў дачок да сябе. Чакаў доўга адну дачку. Дачакаўся нарэшце й памёр. Было гэта ў 1919 годзе. Так што казкi часта нам кажуць чыстую праўду.

А бабуня, як i Зонiны бацькi, памерла праз год, у студзенi. Уся сям’я ляжала пад тыфусам, якi занесьлi нямецкiя салдаты, што начавалi ў iх. Першай памерла бабуня. Было ёй 95 гадоў. Затым памёр бацька. Зоня ўспамiнае, як папа (мая мама са Сьверынава кажа — тата; у Матусэвiчаў — папа) сядаў на зэдлiк каля сям’i й бедаваў: «Дзеткi, мае дзеткi!» Ён, хворы, мусiў даглядаць гаспадарку, бо на матчыных руках былi дзецi: малодшаму Болесю цi споўнiлася два гадкi.

Востраў даваў волю, але й накладаў вялiкую адказнасьць. За памылкi даводзiлася надта дорага плацiць, часта коштам свайго жыцьця, як бачым. Тут жа старэйшае пакаленьне дзялiла агульны горкi лёс сваёй зямлi. Папа ўночы аглядаў гаспадарку. Устрывожаная мама разбудзiла Вiлюся, каб той пашукаў бацьку. Вiлюсь стрэў яго на ганку, а ўдзень ён памёр. Гэтыя людзi памiралi, як жаўнеры. Кожны зь iх нёс сваю паклажу да канца, не iмкнучыся скiнуць, бо ведалi, што за кожны няўдалы рух балiць беднае сэрца. Ян Матусэвiч пражыў 55 гадоў. Апошняй, у самым канцы студзеня, памерла Каралiна Валерыя. Хавала мужа, прастудзiлася, захварэла на запаленьне лёгкiх. Было ёй усяго 45. Першая чорная хваля злой навалы выбiла старэйшую генэрацыю; будзе й другая, якая разбурыць саму хату, увесь Востраў.

А пакуль што маладыя памкнуцца паставiць новую хату, бо старая ўжо струхнела. Грошай не было, то яны прадалi частку старой хаты ў Негарэлае. Зачалi будаваць новую, а тут ужо калхозы прыйшлi. Хлопцаў «давялi да двара» — значыць, наклалi на iх непасiльны падатак, i мусiлi Матусэвiчы прадаць хату ў Койданава Шмею, тагачаснаму старшынi калхоза. Хату перавезьлi на цяперашнюю 1-ую Ленiнскую вулiцу. Стаiць насупраць аптэкi, побач з баракам, дзе была некалi больнiца. Пра гэта прагаварыўся-ткi мой бацька неяк. А я схадзiла сёньня, разьведала дакладны адрас: вулiца 1-ая Ленiнская, 46. Хата добраўпарадкаваная, абкладзеная цэглаю, суседзiць з ваенкаматам. Як варам мяне аблiла старая бабка, да якой я зьвярнулася па даведку: «А что за интерес такой? Там уже все перестроено, живут совсем другие люди... Может вы с какой другой целью интересуетесь?!»

Калхоз зрабiў пчэльнiк на месцы Матусэвiчавай хаты, i жыхары Вострава разышлiся хто куды. Болюсь i Вiлюсь рабiлi кавалямi ў Тоўстым лесе, Iгнат i Стась — у Комале, на Вузьдзеншчыне, на дрэваапрацоўчым заводзе. Зоня некаторы час хадзiла ў падсочку, зьбiрала смалу, а ў 1935 годзе падалася ў Менск. Там мучылася, жыла ў сутарэньнi, прыстасоўваючыся з вольнiцы да казённых работаў, i дапамагала, дапамагала, дапамагала й сваiм, i чужым, бо сэрца яе ведала, што ўсе людзi — браты.

У вайну Iгнат з жонкаю й двума дзецьмi вярнуўся ў Востраў i жыў у пчэльнiку. Пасьля перабраўся ў Негарэлае да жыда Кiзiна, а самога Кiзiна схаваў у сваiм гумне стары Цiжэўскi, што рабiў увесь гэты час пчаляром. У Дальнiм Востраве стаяў нямецкi атрад, i немцы адтуль прыйшлi па сена да Цiжэўскага. Уткнулi салдаты сахор, а там нешта мяккае. Паглядзелi — пярына. (Халодна ж было!). За пярынай вывалаклi й жыда. Немцы забралi Кiзiна й Рудольфа з Марыяй (не паглядзелi, што чысты немец быў!), а Цiжэўскага не зачапiлi, сказалi: калi хочаш жыць —уцякай! Ён — на каня i ўцёк у Заходнюю. Пасьля вайны зноў вярнуўся й рабiў пчаляром, але гэта ўжо быў ня той Востраў i ня тыя людзi.

Даўнейшы Востраў перахоўваецца хiба ў Зонiным сэрцы 86-гадовай бабулькi, што сядзiць адна ў бруднай аднапакаёўцы па вул. Студэнцкай у Менску. Яна не крыўдуе на дачку, што цэлы месяц не заходзiць да яе. Яна шле са сваёй мiзэрнай пэнсii грошы ў турму ўнукам. Яна цераз мяне замовiла ймшу ў Чырвоным касьцёле па сваёй палеглай раднi з 18-цi чалавек. Яна — Мацi, бо яна данесла памяць пра Востраў. I гэтая старая Жанчына ёсьць прадстаўнiца Новай расы, бо рабiць дабро для яе гэтак жа натуральна, як дыхаць.

Падаючы ў якасьцi эпiграфа слупок Мiцкевiчавага Камэнтару, я думала пра тое, што ймя Адама Мiцкевiча яшчэ веснавым сонцам шугане ў нашую хату, калi мы здолеем адмыць вокны. Адам Мiцкевiч баранiў Культуру маiх дзядоў з Вострава. Я пачула крык Ягонай душы аб тым, каб жанчына ўзяла ў рукi Ягоную кнiгу й пайшла дзеля таго ў Чырвоны касьцёл. Там, у сутарэньнi касьцельным, мы зь Веранiкай, дыяканам ды дзяўчынай Марыяй доўга шукалi Pana Tadeusza. Разгубiўшыся сярод стосаў запячатаных кнiг, я прасiла Бога, каб Ён памог мне. I памог. I знайшла я... Пасьля даволi доўга таргавалася з касьцельнымi людзьмi пра кошт кнiгi, прычым я набiвала цану, а яны зьнiжалi. Ня так, як на кiрамашы. Нарэшце, сыйшлiся на 100 тысячах. Апусьцiла я грошы ў касьцельную скарбонку. То няхай яны будуць сымбалiчнай платаю за памiнальную ймшу па ўсiх маiх дзядах з Вострава. Хоць i ведаю, што за малiтвы не бяруць грошай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0