Птушкi

Бруна Шульц

 

Надышлi жоўтыя, поўныя нудоты зiмовыя днi. Парудзелую зямлю пакрываў дзiравы, працёрты, закароткi абрус сьнегу. На многiя дахi яго не хапiла, i яны стаялi чорныя або ржавыя, гонтавыя стрэхi й выгбы, што хавалi ў сабе закопчаныя прасторы гарышчаў — чорныя, абвугленыя пралёты, што наставiлi рэбры крокваў i бэлек — цёмныя лёгкiя зiмовых вятроў. Кожны сьвiтанак адкрываў новыя комiны й дымнiкi, што вырасьлi ўначы, выдзьмутыя начной вiхурай праз чорныя трубкi д’ябальскiх арганаў. Камiнары не маглi адмахацца ад крумкачоў, якiя, нiбы чорнае жывое лiсьце, абсядалi ўвечары галiны дрэваў пад касьцёлам, зноўку адрывалiся, трапечучы, каб урэшце прылiпнуць кожны да свайго месца на сваёй галiне, а на золку зьляталi вялiкiмi чародамi — туманы сажы, хлапякi сопату, трывожныя i фантастычныя, што плямiлi мiргатлiвым карканьнем каламутныя пасы сьвiтанку. Днi счарсьцьвелi ад холаду й нуды, як пазалеташнi бохан хлеба. Прыступалi да iх з тупымi нажамi, без апэтыту, зь лянiвай соннасьцю.

Бацька ўжо не выходзiў з хаты. Ён палiў у печах, вывучаў глыбiнную iснасьць агню, вычуваў салёны, мэталiчны прысмак i вэнджаны пах зiмовага полымя, халодную пяшчоту саламандраў, што лiзалi блiскучую сажу ў гарлавiне комiна. Гэтымi днямi ён з замiлаваньнем рамантаваў верхнюю частку пакою. У любую пару дня яго можна было бачыць, калi, прытулiўшыся на самым версе драбiнаў, ён майстраваў штосьцi каля столi, каля гзымсаў высокiх вокнаў, ля шароў i ланцугоў падвешаных лямпаў. Малярскiм звычаем, ён карыстаўся драбiнамi як аграмаднымi хадулямi, i пачуваўся добра ў той птушынай пэрспэктыве, побач з маляваным небам, арабескамi i птушкамi на столi. Ад рэальнага жыцьця ён аддаляўся ўсё болей. Калi мацi, заклапочаная й засмучоная ягоным станам, спрабавала ўцягнуць яго ў размову пра сямейныя справы, пра плацёж найблiжэйшага «ultimo», ён слухаў яе з раздражненьнем, поўны неспакою, з дрыжыкамi на адсутным твары. I бывала, што перапыняў яе раптам заклiнальным жэстам рукi, каб пабегчы ў кут пакою, прыльнуць вухам да шчылiны ў падлозе i з паднятымi указальнымi пальцамi абедзьвюх рук, якiя выражалi найвышэйшую важнасьць досьледу, слухаць. Тады мы яшчэ не разумелi сумнага сэнсу тых экстравагантных выбрыкаў, прыкрага комплексу, якi дасьпяваў углыбiнi.

Мацi ня мела на яго нiякага ўплыву, затое вялiкую пашану i ўвагу дарыў ён Адэлi. Прыборка ў пакоi была для яго вялiкай i важнай цырымонiяй, якую ён нiколi не прапускаў, са сполахам i ўзбуджэньнем назiраючы за Адэлiнымi манiпуляцыямi. Усiм ейным дзеяньням ён прыпiсваў глыбокае сымбалiчнае значэньне. Калi дзяўчына маладымi й сьмелымi рухамi совала шчотку на доўгiм дзержаку па падлозе, гэта было вышэй за ягоныя сiлы. Зь ягоных вачэй лiлiся сьлёзы, твар крывiўся ад цiхага сьмеху, а цела страсаў доўгi спазм аргазму. Яго ўражлiвасьць ад козыту даходзiла да вар’яцтва. Дастаткова было, каб Адэля скiравала на яго палец, рухам, якi азначаў казытаньне, i ён у дзiкiм спалоху ўцякаў праз усе пакоi, захлопваючы за сабою дзьверы, каб нарэшце ў апошнiм упасьцi жыватом на ложак i зьвiвацца ў канвульсiях сьмеху пад уражаньнем самой уяўнай карцiны, зь якой ня мог даць сабе рады. Дзякуючы гэтаму Адэля мела над бацькам амаль неабмежаваную ўладу.

У той самы час мы ўпершыню заўважылi ў бацькi зацiкаўленьне да жывёлаў. Напачатку гэта была цiкавасьць паляўнiчага й мастака разам. Магчыма, была таксама глыбейшая, заалягiчная сымпатыя бязвольнага да адзiнакроўных i такiх адметных формаў жыцьця, экспэрымэнт зь нявыпрабаванымi сфэрамi быцьця. Толькi ў пазьнейшай фазе гэтая справа атрымала той несамавiты, блытаны, глыбока грэшны й супрацiўны прыродзе выгляд, якi лепей не выцягваць на сьвет Божы.

Пачалося ўсё з выседжваньня птушыных яек.

Коштам вялiкiх высiлкаў i грошай бацька выпiсваў з Гамбургу, з Галяндыi, з афрыканскiх заалягiчных станцыяў апладнёныя птушыныя яйкi, якiя даваў для выседжваньня аграмадным бэльгiйскiм курам. Гэтая працэдура была займальная i для мяне — тое праклёўваньне пiсклянятаў, сапраўдных дзiватвораў з выгляду й афарбоўкi. Немагчыма было ўгадаць у тых пачварах з аргамаднымi, фантастычнымi дзюбамi, якiя адразу ж пасьля нараджэньня разявалiся шырока, сычэлi прагнавiтымi прорвамi глотак, у тых яшчарах з хiлымi голымi целамi гарбуноў — будучых паваў, фазанаў, глухароў ды кондараў. Зьмешчанае ў кошыках, у ваце, гэтае цмачынае адродзьдзе ўздымала на цяжкiх шыях сьляпыя, зарослыя белаю плеўкаю галовы, безгалоса каркала нямымi горламi. Бацька хадзiў уздоўж палiцаў у зялёным хвартуху, як садоўнiк уздоўж парнiкоў з кактусамi, i вываблiваў зь нiкчэмнасьцi тыя сьляпыя пульхiры, пульсуючыя жыцьцём, тыя нязграбныя брухi, што прыймаюць навакольны сьвет у форме ежы, тыя наросты жыцьця, што навобмацак пнуцца да сьвятла. Праз пару тыдняў, калi тыя сьляпыя пупыры жыцьця лопалiся да сьвятла, пакоi поўнiлiся каляровым шумам, мiгатлiвым шоргатам сваiх новых жыхароў. Яны абсядалi карнiзы фiранак, гзымсы шафаў, гнездавалiся ў гушчары мэталiчных разьвiлак i завiтушак жырандоляў.

Калi бацька вывучаў арнiталягiчныя атлясы i гартаў каляровыя таблiцы, здавалася, што зь iх вылятаюць тыя пярнатыя прывiды, i напаўняюць пакой каляровым трапятаньнем, лахманамi пурпуру, паскамi лазуру, мядзянае зелянiны ды срэбра. Пад час кармленьня яны ўтваралi на падлозе стракатыя, рухомыя градкi, жывы дыван, якi, варта было каму-небудзь непрыкметна ўвайсьцi, распадаўся, разьлятаўся на асобныя кветкi, якiя трапяталi ў паветры i ўрэшце асядалi ў верхняй частцы пакою. Асаблiва мне запомнiўся адзiн кондар, аграмадны птах з голай шыяй, з маршчынiстым, у шчодрых наростах, тварам. Гэта быў худы аскет, будыскi лама, поўны непахiснай годнасьцi ва ўсiх сваiх паводзiнах, што кiраваўся жалезнымi правiламi свайго вялiкага роду. Калi ён сядзеў насупраць бацькi, нерухомы ў сваёй манумэнтальнай пазыцыi векавечных эгiпэцкiх бостваў, з вокам, зацягнутым белаватым бяльмом, якое ён насоўваў на зрэнку збоку, каб цалкам замкнуцца ў сузiраньнi сваёй годнай самоты, дык выглядаў са сваiм каменным профiлем на старэйшага брата майго бацькi. Тая самая матэрыя цела, сухажыльляў i зморшчанай цьвёрдай скуры, той самы твар, высахлы й касьцiсты, тыя самыя арагавелыя, глыбокiя вачнiцы. Нават моцныя рукi ў вузлах, доўгiя, худыя бацькавы далонi з выпуклымi пазногцямi мелi свой аналяг у кагцiстай лапе кондара. Калi я глядзеў на яго заснулага, ня мог пазбавiцца ад ўражаньня, што перада мною мумiя — высахлая, а таму й зьменшаная мумiя майго бацькi. Мяркую, што й ад матчынай увагi не схавалася гэтае дзiўнае падабенства, хоць мы нiколi не краналi гэтае тэмы. Характэрна, што кондар карыстаўся тым самым, што й бацька, начным гаршком.

Не спынiўшыся на выседжваньнi ўсё новых экзэмпляраў, бацька ладзiў на гарышчы птушыныя вясельлi, высылаў сватоў, прывязваў у празорах страхi спакусьлiвых, ссумаваных нарачоных i дасягнуў нарэшце таго, што дах нашай хаты, аграмадны, двухскатны гонтавы дах, стаў сапраўднай птушынай гасподай, Ноевым каўчэгам, да якога зьляталiся летуны ўсякага роду i з усiх бакоў. Нават праз доўгi час пасьля таго, як птушынае гаспадарства было зьлiквiдаванае, у птушыным сьвеце ўтрымвалася тая традыцыя нашага дому, i падчас веснавых пералётаў на наш дах ня раз сядалi цэлыя хмары журавоў, пэлiканаў, паваў ды iншага птаства.

Забава тая, аднак, неўзабаве пасьля кароткага буяньня набыла сумны выгляд. Даволi хутка бацьку давялося перасялiць на падстрэшша, у два пакоi, што служылi нам кладоўкамi для рызьзя. Адтуль ўжо на золку даносiлася зьмяшанае курлыканьне птушыных галасоў. Драўляныя скрынi ў пакоях падстрэшша, узмоцненыя рэзанансам гарышча, лiтаральна зьвiнелi ад шуму, трэпету, сьпеваў, такаваньня й булькатаньня. На некалькi тыдняў мы страцiлi бацьку зь вiдавоку. Толькi зрэдку ён спускаўся дахаты, i тады мы маглi заўважыць, што ён нiбыта зьменшыўся, схуднеў i скурчыўся. За сталом ён, забыўшыся, зрываўся з крэсла, i, ляскаючы рукамi, як крыламi, выдаваў працяглы сьпеў, а вочы яму зацягвала каламуць бяльма. Потым, прысаромлены, ён сьмяяўся разам з намi й iмкнуўся абярнуць гэты iнцыдэнт у жарт.

Аднаго разу падчас генэральных прыборак нечакана ў птушынай дзяржаве бацькi заявiлася Адэля. Спынiўшыся ў дзьвярах, яна заламала рукi ад смуроду, што насiўся ў паветры, а таксама над грудамi калу, што завалiў падлогу, сталы й мэблю. Бяз доўгiх разважаньняў яна расчынiла вакно, пасьля доўгай шчоткай ператварыла ўсю птушыную масу ў вiр. Узьбiўся пякельны туман пер’я, крылаў i крыку, у якiм Адэля, падобная да ашалелай Мэнады, абароненай сваiм тырсам, танчыла танец зьнiшчэньня. Разам з птушынай грамадой бацька трапятаў рукамi i, уражаны, спрабаваў узьняцца ў паветра. Паволi разьвеяўся крылаты туман, ажно ўрэшце на полi бою Адэля засталася адна, вычарпаная, задыханая, i бацька з сумным i прысаромленым выразам твару, гатовы да любой капiтуляцыi.

Праз хвiлiну бацька спускаўся па прыступках свайго дамiнiёну зламаным чалавекам, як кароль-выгнаньнiк, якi страцiў трон i каралеўства.

Пераклад з польскай АА.