Яўхiм Мiнiн. Усьпенская царква ў Вiцебску

 

У адрозьненьне ад Менску, яшчэ ў 20-я гады ў Вiцебску былi жывыя традыцыi беларускай школы ксiлаграфii. Тут, пасьля далучэньня Вiцебшчыны да Беларусi, склаўся адметны цэнтар гравюры па дрэве, у якiм найперш вылучалiся гэткiя майстры, як Зiновi Гарбавец, Саламон Юдовiн i Яўхiм Мiнiн. Менавiта яны адрадзiлi цi ня самы арыгiнальны жанр беларускае графiкi, якая дасягнула свайго росквiту яшчэ ў XVI ст...

... Яўхiм Мiнiн пэўны час займаўся ў школе Пэна, тамсама, дзе вучылiся Шагал, Цадкiн, Азгур, — пляяда выбiтных беларускiх мастакоў жыдоўскага паходжаньня. Аднак заняўся гравюраю ён шмат пазьней, самастойна засвоiўшы старадаўняе мастацтва. Першыя свае крокi ў гравiроўцы па дрэве ён зрабiў у 1926 годзе. Цi ня самы раньнi ягоны дрэварыт — «Калёна 1812 году ў Вiцебску», у якiм ён толькi пачынае шукаць свае ўласныя прыёмы. Штрыхi ў гэтай працы мудрагелiстыя, але роўнастайныя, паўкруглыя...

... Росквiт майстэрства Мiнiна прыпадае ўжо на 1927 год. На працягу гэтага году ён стварыў свае лепшыя гравюры. Пераважна гэта былi краявiды роднага гораду, «... нашага Таледа». Але сярод iншага былi й эксьлiбрысы, партрэты, пастановачныя кампазыцыi. Тады ж склалася адметная мiнiнская манера — скрупулёзнасьць, дакладнасьць штрыха, безьлiч фiлiгранных рысаў, якiя ствараюць амаль неўласьцiвую дрэварытам паветраную пэрспэктыву, шматплянавасьць. Ён умела гравiраваў, перадаючы лёгкiя ваганьнi тону. З дапамогай адмысловай штрыхоўкi Мiнiн перадаваў самыя драбнiцы, якiя ўражваюць сваiмi нюансамi, паўтонамi, пералiвамi...

... Асобны пляст ягонай творчасьцi, шырака распаўсюджаны ў тагачаснай Беларусi, складаюць эксьлiбрысы. У тыя гады да гэтага жанру зьвярталiся, бадай, усе без выключэньня беларускiя графiкi. Тычына, Змудзiнскi, Гарбавец... Але Мiнiн пайшоў далей у сваiх пошуках. Пад ягоным разцом кнiжны знак ператварыўся ў самастойны, паўнавартасны мастацкi твор. Найбольш вядомыя зь iх — гэта эксьлiбрысы для кнiгазбораў Касьпяровiча й Шлюбскага. Адметнасьць гэтага жанру ў тым, што перад мастаком стаiць задача ў пэўных вобразах адлюстраваць асобу, якой належыць эксьлiбрыс. Напрыклад, значак для кнiгазбору Шлюбскага — цэлая сюжэтная кампазыцыя, не зважаючы на мiнiятурнасьць твора: на кургане стаiць стары з сурмою, каля яго прыселi дудар з гусьляром, пад курганом вялiкае дрэва, вершалiна якога сыходзiць у неба, за край мiнiятуры. Нават пры гэткiм невялiкiм памеры вобразы герояў надзеленыя вострай iндывiдуальнасьцю, узроставымi адметнымi характарыстыкамi...

... Зазвычай, у якасьцi прыкладу эксьлiбрысаў Мiнiна прыводзяць i знак для Вiцебскага краязнаўчага музэю. Зваленыя разам сымбалi «гiсторыi й культуры» выглядаюць, як вучнёўская нацюрмортная пастаноўка, намаляваная ў маленькiм фармаце... Аднак гэтая работа можа служыць хiба iлюстрацыяй да аўтарскага стылю — кантраст штрыха й плямы, ювэлiрная мадэлiроўка выяваў. Эксьлiбрысы Мiнiна атрымалi сусьветную вядомасьць у 1928 годзе. Тады ягоныя работы, разам з эксьлiбрысамi Гуткоўскага, Ахола-Вало й Змудзiнскага, былi выстаўленыя ў Лос-Анджэлесе на выставе Мiжнароднага таварыства кнiжнага знаку...

... Эпоха паўставаньня нацыi прадвызначыла й пошукi яскравага ўвасабленьня нацыянальнае iдэi. У адрозьненьне ад многiх сваiх калегаў, Мiнiн пазьбегнуў фармальнага этнаграфiзму, хаця i ў ягоных работах можна ўгледзець спробы засяродзiцца на арнамэнталiстыцы, нават антрапалёгii. У гэты час пра прыроду нацыянальнага мастацтва йшлi гарачыя дэбаты. Беларуская прэса стракацела тэорыямi, як трэба ствараць свой, непаўторны кшталт у культуры. У часопiсе «Трыбуна мастацтва» за 1926 (N1-3) у рэдакцыйным артыкуле пiсалi: «... буржуазныя iнтэлiгенты, нацдэмы, якiя ймкнулiся ў сваёй тэорыi i на практыцы праводзiць свае рэстаўратарскiя контррэвалюцыйныя мэты. Для гэтага яны старалiся выкарыстаць выяўленчае мастацтва на Беларусi, i таму iм лепш за ўсё да густу падыходзiў рускi буржуазны рэтраспэктывiзм, агляд назад, у мiнулае. Па iх думцы, толькi ў мiнулым Беларусi, у яе старажытных рысах можна зьдзейсьнiць нацыянальную «самабытнасьць», нацыянальны стыль. «Як можна зьдзейсьнiць праўдзiвае адраджэньне нашай нацыянальнай мастацкай культуры, — гаворыць Шчакацiхiн у артыкуле «Наша сучаснае мастацтва i нацыянальны стыль», — калi ня ведаць яе дасягненьняў...» Нацыянальны стыль не ствараецца, не прыдумваецца, ён расьце арганiчна, складаючыся ў новых сацыяльных умовах, ён паступова перарабляе ў сябе старыя формы...».

... Мiнiн быў менавiта з тых, хто «аглядаўся ў мiнулае». Сапраўды, цi не натуральна гэта было для мастака, якi адраджаў старасьвецкiя тэхналёгii дрэварыту. I што можа быць больш натуральнага для гравюры па дрэве, як ня сэрыя «Драўлянае дойлiдства Беларусi», якую ён зрабiў на працягу 1927-1928 гадоў? Работы з гэтай сэрыi сталi амаль адразу клясычнымi для беларускага мастацтва. Унiкальныя помнiкi народнае архiтэктуры, чый лёс ужо быў прадвызначаны, зажылi сваiм дзiўным жыцьцём, нiбы воляю чараўнiка, зьменшыўшы свае манумэнтальныя зрубы да памераў аднае дошчачкi. Поўныя гонару, нават пахiленыя, яны засталiся непахiснымi перад нечаканым паваротам у сваёй шматвяковай гiсторыi. Многiя гравюры з гэтае сэрыi выглядаюць часьцяком статычна, сухавата, нiбы былi зробленыя для падручнiка. Многiя зь iх сёньня — мастацкiя дакумэнты, у якiх зафiксаваная даўно й незваротна страчаная спадчына. Але найлепшыя зь iх, кшталтам «Чорнае Тройцы» — сапраўдная квiнтэсэнцыя духу беларускага дойлiдзтва...

Наступным i, бадай, найвышэйшым этапам творчасьцi Мiнiна стала нiзка гравюраў «Стары Вiцебск». Гэтыя працы ўжо былi для мастака праграмнымi. На дзясятым годзе бальшавiцкае ўлады iлюзiяў заставалася ўсё меней. Трэба было сьпяшацца распавесьцi нешта пра сваё, тое, чаму заставалася ўсё меней месца. Азiрацца ў мiнулае — кансэрватызм? Але ў тыя гады што ў Вiцебску, што ў Менску гэта ўжо магло ўспрымацца як прынцып, як супроцьстаяньне. Андэграўнд на тле пралеткультаўскiх экспэрыментаў, што неўпрыкмет пераўтварылiся ў дзяржаўную палiтыку.

Стромкiя вежы незвычайнага хараства вiцебскiх бажнiцаў, мудрагелiсты, жывы пульс барочных выгбаў, горад — iстота, са сваiмi вачыма, са сваiм сэрцам. Гэтым сэрцам у Вiцебску заўсёды ўважалi Усьпенскi сабор, што панаваў па-над усiм гарадзкiм навакольлем, як карона. Галоўным творам Мiнiна i стаў «Усьпенскi сабор у Вiцебску». Як у боскай мандарле, у авале гравюры адлюстраваўся ўвесь вiцебскi космас: рака, нiцыя вербы, векавечныя муры й лядашчая хацiнка, стрэхi, а над iмi лунае Сабор. Вышэй за аблокi...

У 1929 годзе, пасьля выставы Асацыяцыi рэвалюцыйных мастакоў Украiны, усе гравюры Мiнiна набыў музэй Кiеўскага ўнiвэрсытэту. Шмат гравюраў было набыта для графiчнага кабiнэту Музэя выяўленчых мастацтваў iмя Пушкiна ў Маскве. Усё складалася на лепшае. Але крыху пазьней, у 30-я, «Трыбуна мастацтва» напiша: «Мiнiн у сваёй творчасьцi захапляецца папскiм рэакцыйным барока...» Гэта быў прысуд. Яго забiлi незадоўга да вайны, у 1941 годзе. Зьнiшчылi i Сабор. Але Мiнiн гэтага не пабачыў... Вышэй за аблокi...

Сяргей Харэўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0