Лiсты ў рэдакцыю


 

Добры дзень, шаноўная «Наша Нiва»!

Я вельмi ўважлiва прачытаў артыкул «Мёртвы хапае жывога» i цалкам падтрымлiваю вас. Нельга ж з-за лiста нейкага «звычайнага грамадзянiна» губляць сымбаль нашага беларускага жыцьця й гiсторыi. Несавецкi правапiс, падабаецца камусьцi або не, павiнен ужывацца, а ня быць мёртвым грузам дзесьцi ў архiвах Iнстытуту мовазнаўства. Увогуле, у мяне афiцыйны лiст Дзяржкамдруку пакiнуў дзiўнае ўражаньне: цi то неразумны папераджальны лiст, цi то кароткi дапаможнiк па вывучэньнi несавецкай беларускай мовы. Гэтая мова будзе жыць, i нiхто ня будзе ўчыняць перашкоды!

Андрэй Бандарэнка, Гомель


 

Шаноўная рэдакцыя!

На вашу прапанову дасылаю копii квiткоў на III квартал 1998 году, каб, баранi Бог, не перарвалася, не перапынiлася сувязь з вамi. У вас ёсьць аўра i беларускае душы, i беларускага Рэзыстансу. Дзякуючы вам, не згасае надзея, што будзем мы жыць годна.

Нягледзячы на цяжкiя часы, веру ў пэрманэнтнасьць вашае справы. Плёну вам.

Асабiста мне ў жыцьцi вельмi дапамагаюць радкi Багдановiчавых вершаў. Хацелася б i вас падтрымаць. Гэткiм чынам:

Процi цячэньня вады

Зможа толькi жывое паплыць,

Хвалi ж ракi заўсягды

Тое цягнуць, што скончыла жыць.

...............................

Гэтак часам уходзiць у зямлю крынiца,

Дзесьць у нетрах таемна бяжыць,

Але мусiць урэшце на волю прабiцца,

Што яшчэ па зямлi будзе лiццакацiцца

I радзiмаму краю служыць.

З павагаю, Касьцюковiч Алесь, Магiлёў


 

Шчырыя вiтаньнi «Нашай Нiве»!

Выказваю спагаду адзiнай беларускай зарэгiстраванай газэце ў ейным неспатольным iмкненьнi захаваць свой (наш) правапiс. Выклiкае павагу i ўхвалу трывалая пазыцыя рэдакцыi — не саступаць, i ў выпадку забароны газэты працягваць выданьне. Аднак мушу зазначыць важкiя хiбы ў тым рэчышчы, якiм «НН» найбольш ганарыцца, — артаграфiчным. Мабыць, i ня варта было б крытыкаваць выданьне ў гэткi нялёгкi для яго час, але стан рэчаў вымагае гэтага: кажучы аб вяртаньнi зь нябыту спрадвечных формаў напiсаньня, нельга абмяжоўвацца адною «дэклярацыяй намераў» i ўвасабляць абвешчанае ў жыцьцё толькi напалову, не ва ўсёй аўтэнтыцы. Адпаведна, няма ў мяне й поўнага паразуменьня з складальнiкамi «Папярэджаньня» газэце, бо тры з васьмi закiданых «Нашай Нiве» абвiнавачаньняў ня часта адпавядаюць рэчаiснасьцi. Змушаны зазначыць, што, як гэта нi сумна, менавiта праз тую «палавiннасьць» даводзiцца часьцяком чуць рэзкiя, але справядлiвыя дакоры маёй улюбёнай газэце ва ўтойваньнi пэўных правапiсна-вымаўленчых адметнасьцяў беларускае мовы.

Апошнiм часам рэдка заўважыш, што «злучнiк I перадаецца праз Й пасьля словаў, якiя сканчаюцца галосным гукам»: «Сяргей Шупа I Сяржук Сокалаў-Воюш» (I.Сурвiла, №11). Канчатак -ае (-ое) прыметнiкаў жаночага роду ў родным склоне адзiночнага лiку — пакуль што зьява бачная, але спамернасьць ужо йдзе 50/50: «падмурак будучАЙ незалежнасьцi» (С.Шупа, №11). Зусiм намагчыма ўбачыць зьмяненьне пачатковае лiтары I на Й пасьля словаў, што сканчаюцца на галосны: «... калI Iснуючы рэжым гвалтам выганяе» (рэд. зварот, №11).

Нават i намёку няма на тое, што ў беларускай мове непатрэбным русiзмам ёсьць канчатак -ю (пасьля спалучэньня -сьць) у словах жаночага роду творнага склону (якi зьмяняецца на -яй): «прылаўкi асьляпляюць чароўнасьцЮ» (А.Глёбус, №11). Як i ў iншых выданьнях, у «НН» назiраецца блытанiна з ужываньнем словаў «так», «гэтак», «гэнак» (апошняе чамусьцi зусiм не ўжываецца) i вытворных ад iх. Тым часам, як яшчэ Янка Станкевiч выразна акрэсьлiў iхныя межы выкарыстаньня: «Словы, што маць у аснове гэт- ужываюцца ў дачыненьнi да таго, што блiзка ў прасторы або ў часе. Тыя, што ў аснове маюць гэн - (гэны, гэнкi, гэнак) —дачыненьнi да таго, што ў прасторы цi часе далёка або далей процi першых. А ўсе iншыя (той, такi, так) — калi выразна не паказваецца, але кажацца агульна». На жаль, гэтае правiла ў «НН» яшчэ не выконваецца. Як трывала ўсталяваны ў мове «лiтаратура- й мовазнаўцамi» з расейскiм паходжаньнем трэба адцемiць прыназоўнiк «са», што замяняе ў некаторых словах «з»; насамрэч жа (як замест першага, гэтак i замест другога згаданага прыназоўнiка) часам варта ўжываць прыназоўнiк «iз» — у «складаных для вымаўленьня» месцах. Адсутнасьць гэтага таксама характэрная для «НН»: «вiншуем З днём нараджэньня», «капэрта СА зв/а» (абвесткi, №11).

Шкада, што толькi зрэдчас пабачыш прыгожую форму -аю ў словах (назоўнiках i прыметнiках) з канчаткам -а ў назоўным склоне жаночага роду творнага склону: «зьнiшчаная з мэтАЙ русiфiкацыi» (З.Пазьняк, №11). Вельмi дзiўна, як iмгненна перанятая прыназоўнiкавая форма «ва», аб якой пiсаў Станiслаў Станкевiч : «Прыназоўнiк расейскi ва (во) сёньня ўжо поўнасьцяй выцiснуў адпаведны яму ў беларускай мове ува (ўва)». Спадзяюся, што «НН» зь цягам часу выправiць гэтую, яшчэ ўжываную, недарэчнасьць кшталту «ВА ўмовах» (Ул.Скрабатун, №11).

Не зьмяняючы прыхiльнасьцям да «НН» як да iнфармацыйна-аналiтычнага выданьня вышэйшае клясы, дазволю сабе паспрачацца iзь Зьмiцерам Бартосiкам, што безапэляцыйна сьцьвердзiў: «Сёньня ў горадзе Менску (сп. Бартосiк разважае пра МЕнск i МIнск — А.В.) выходзяць ажно дзьве газэты («Наша Нiва» й «Навiнкi»)». Ня буду абмяркоўваць журналiсцкiя вартасьцi артыкулаў — кожны мае свой густ на гэты конт —аднак годнасна кажу, што зьяўляюся сталым чытачом менскага выданьня «Гэта мы», зь вялiкаю цiкавасьцяй чытаю кожны ягоны матэрыял i пераканана лiчу, што пакуль у Беларусi гэтая маладзёвая газэта мае цi ня лепшы ўзровень «тарашкевiцкага» правапiсу.

Вельмi спадзяюся й працягваю песьцiць надзею на йстотнае палепшаньне «нашанiўскага» правапiсу. Калi мае сьцiплыя зычаньнi будуць хоць на калiва ўлiчаныя, я буду ў найвышэшай ступенi ўдзячны.

Жадаю й надалей «Нашай Нiве» плённа рупiцца на нашай нiве нашае беларушчыны.

Шчыра ваш, Андрусь Войнiч, Гомля

P.S. Дарэчы, няблага было б рабiць некаторы агляд сёньняшнiх беларускiх «самвыдатаўскiх» (у сэнсе незарэгiстраваных) выданьняў. Але ня дужа народафронтаўскiх (дзе апроч прамовы Пазьняка ды перадруку бэнээфаўскага Статуту збольшага нiчога няма). Гэтае рэчышча (агляд), мяркую, будзе цiкавае ўсiм.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0