Эрнст Сабiла:

«Мая вайна — на каленях перад Богам»

 

Прасьвiтар Беларускай Эвангельскай Царквы Эрнст Сабiла — цi не адзiны пратэстанцкi сьвятар, якi вядзе набажэнствы толькi па-беларуску. Ён — чалавек, якi ўжо амаль пяцьдзясят гадоў праз сваю жыцьцёвую чыннасьць супрацьстаiць савецкiм тайным спэцслужбам.

У 1951 годзе дзевятнаццацiгадовы Эрнст Сабiла быў асуджаны на расстрэл за антысавецкую агiтацыю, абцяжараную рэлiгiйнымi i нацыяналiстычнымi забабонамi. Прысуд быў заменены на дваццацiпяцiгадовае зьняволеньне. Па вызваленьнi ў 1964 годзе з ГУЛАГу Сабiла падпадае пад адкрыты перасьлед з боку КГБ. Перасьлед узмацняецца на пачатку 70-х, калi Сабiла робiцца казаньнiкам адной з баптысцкiх грамадаў Менску.

Сабiла — адзiн зь нямногiх хрысьцiянскiх сьвятароў, якi актыўна падтрымлiваў беларускi нацыянальна-дэмакратычны рух канца 80-х — пачатку 90-х гадоў. Сёньня ён будуе ў Асiповiчах храм для свае царквы. Эрнст Сабiла — асоба беларускага дысыдэнцкага руху, якая й сёньня адстойвае духоўныя й палiтычныя свабоды беларусаў. Ён — адзiн з герояў кнiгi, прысьвечанай постацям беларускага антысавецкага супрацiву, выхад якой заплянаваны налета ў сэрыi Архiву Найноўшае Гiсторыi.

Сёньня з Эрнстам Сабiлам гутарыць карэспандэнт «Нашай Нiвы» Севярын Квяткоўскi.

 

Э.С.: Нарадзiўся я ў 1932 годзе, 18 сакавiка. У вёсцы Дзегцяроўка недалёка ад Менску, цяпер там ЦЭЦ-4. Бацька мой быў каталiком, а мацi праваслаўнай. Тату не дазволiлi жыць блiзка ля мяжы, якая тады была недалёка — пад Ракавам. Нас выслалi за сто першы кiлямэтар. Мы пераехалi ў Бабруйск. Там нас вайна й засьпела. А выслалi таму, што ў параўнаньнi зь iншымi мы жылi ня блага, нават пад катэгорыю серадняка не падыходзiлi...

Пачатак вайны мы правялi ў Бабруйску, а ў 1943 годзе ўсёй сям’ёй пайшлi ў партызаны. Цiкава, што без сваёй зброi ў атрад ня бралi. Дагэтуль дзiўлюся — быццам зброю можна было дзе-небудзь купiць. Я на той час меў адзiнаццаць гадоў, i з дапамогай такiх самых хлопцаў-малалетак палез у нямецкi склад, i дастаў там зброю. Адзiн з хлопцаў пасьля дзесьцi пахвалiўся пiсталетам, i мяне немцы забралi. Але ўсё гэта сьпiсалi на дзiцячае балаўство. Праўда, добра памясiлi ў жандармэрыi.

Я звычайна такую паралель раблю. Палiцаi так заўзята бiлi, што ад аднаго ўдару я губляў прытомнасьць. Немцы таксама бiлi, але адзiн удар палiцая быў мацнейшым за дваццаць пяць удараў немца. Чаму так? Гэта псыхалёгiя здраднiкаў. Сёньняшнiя здраднiкi Беларусi такiя самыя, ад самых вышэйшых, да самых нiжэйшых рангаў.

I вось дзiва. Сёньня я сустракаю людзей, якiя аплакваюць мiнулае. Але ж мiнулае зьвязанае зь мiльёнамi ахвяраў: дзетак, старых... каго толькi нi душылi. Прычым, аплакваюць такiя, якiя самi перажылi тую малацiлаўку. Але iх сёньня крыху па галаве пагладзiлi, i ўсё — яны гарой стаяць i за мiнулае, i за сучасны рэжым...

... Ужо малым, у 1941 годзе я самым сур’ёзным чынам сустрэўся з Богам. У партызанскiх зонах дзейнасьць сьвятара цi казаньнiка была немагчымай, там панавалi камiсары. Але ж немцы адчынiлi цэрквы, i ў Бабруйску таксама. Памятаю хрышчэньне эвангельскай царквы, да якой я цяпер належу. Пакуль не пайшлi ў партызаны, мы часта туды хадзiлi. Падчас вайны мы i ў праваслаўныя храмы хадзiлi, i ў каталiцкiя.

Першае маё зьдзiўленьне па прыходзе савецкага войска было зьвязанае з тым, што саветы перарабiлi малiтоўны дом у немаведама што, цалкам недастасоўнае да хрысьцiянства. Гэта быў першы ўдар, калi я зразумеў, што гэтай уладзе Бог не патрэбны.

Далей... Наша партызанская сям’я ў простым сэнсе слова апынулася на вулiцы. Нам не было дзе жыць, мы збудавалi сабе з дошак нейкi буданак, i там мясьцiлiся, на той жа вулiцы, адкуль у партызаны пайшлi. Усё навакольле над намi сьмяялася. I мы iзноў «партызанiлi» цэлае лета, да сьнега. Тым часам сястра працавала ў сталоўцы дзiцячай калёнii, бацька там жа — бухгальтарам.

Вядома, жылi мы скрайне бедна. Нiхто не зважаў, што мы былi партызанамi. Трэба было ўладкавацца i красьцi, як уся кампартыя. Нi бацька, нi мацi гэтага ня ўмелi. Я быў такi абарваны, што страх было глядзець. Аднойчы iду па вулiцы, i раптам мяне за руку хапае нейкi афiцэр. Пачынае вельмi пiльна распытваць, хто я i адкуль. Пэўна, падумаў, што я ўцёк з калёнii. Я паказваю на наш будан, якi, нават, «сараем» назваць цяжка. Ён не паверыў i запытаўся прозьвiшча. Я назваў, i афiцэра ажно тузанула. Ён жа працаваў у калёнii, дзе мой бацька рабiў бухгальтарам. Я зразумеў, што яго пакаробiла, што такiя абарванцы працуюць побач зь iм. Для мяне гэта быў другi ўдар.

Цi iншы выпадак, калi маёй мацi дзесьцi ў Заходняй Беларусi ўдалося на штосьцi вымяняць цяля. Мы самi ледзь ня пухлi з галадухi, а восеньню й цяля ня стала чым кармiць. Аднойчы я знайшоў кiнутую салому. Нават, не салому, а парэшткi, i панёс да дому. Раптам з-за плоту афiцэр: «Стой! Раскрадаеш грамадзкую маёмасьць?» Я ўзгадаў палiцэйскi пастарунак, ня вытрымаў, i расплакаўся. Ён мяне пачаў шкадаваць, але я кiнуў салому, i пайшоў...

Увесь гэты бальшавiзм прымушаў маю маладую галаву актыўна працаваць. Так я прыйшоў да беларушчыны.

Увесь Бабруйск быў надзвычай зрусiфiкаваны. Але я вучыўся ў беларускай школе, i мне вельмi пашанцавала на настаўнiка — шчырага беларуса. Я пачаў задумвацца аб нашым нацыянальным становiшчы. Сярод маiх аднаклясьнiкаў было вельмi шмат сынкоў розных начальнiкаў. Я заўважыў, што ворагамi беларушчыны, як правiла, зьяўляюцца людзi, кшталту тых, хто так моцна нас прынiзiў пасьля партызанкi. Гэтыя людзi для мяне былi такiя ж самыя, як палiцаi. Я зразумеў, што ня мушу быць падобным да iх.

Я пачаў разважаць — чаму беларушчына пад прыгнётам? Мне нiхто не дапамагаў, i нiхто мяне не скiроўваў. Бацькi былi далёкiя ад гэтых праблемаў. Але я загаварыў па-беларуску. Меў яшчэ некалькiх падобных да сябе сяброў. Мы разам зьбiралiся i разважалi: «Гэх, каб нам яшчэ некалькi такiх хлопцаў, як Якуб Колас i Янка Купала». Мы ж нiчога ня ведалi, нi пра масавыя рэпрэсii супраць нацыянальнай iнтэлiгенцыi, нi пра БНР, нi пра дзеячоў Заходняе Беларусi. Пра дзясяткi задушаных талентаў, якiя цяжка ацанiць. Насамрэч думалi, як бальшавiкi ўнушалi, што ў беларусаў нiчога й нiкога не было.

Ужо ў дзясятай клясе я стаў рабiць захады, каб зрэалiзаваць сваю задуму — стварыць беларускую арганiзацыю. Шукаючы аднадумцаў, я пачаў актыўна выказвацца i на хрысьцiянскую, i на сацыяльную тэмы. Даносы пайшлi на мяне адразу ж... Я казаў, што трэба мяняць палiтычны лад на свабодны. Гэта значыць, калi няма кiраўнiцтва толькi адной партыi. Каб дазволiлi ўласную гаспадарку. А яшчэ я казаў пра Бога. Пра тое, што ён ёсьць ува мне, i што сумневаў у мяне няма. На той момант я добра ведаў Эвангельле, праўда, кнiжкi ня меў, бо падчас адной з палiцэйскiх аблаваў мы мусiлi ўцякаць, пакiнуўшы ўсе рэчы...

А яшчэ я пiсаў вершы. Большасьць ужо пазабываўся, але магу прывесьцi досыць характэрнае чатырохрадкоўе зь верша пра Кастуся Калiноўскага:

Тады на Бацькаўшчыне вольныя палi Былi залiты чорнай рускай кроўю, I уцякалi зь Беларусi маскалi. Туды, адкуль прыйшлi — пад брудную Маскоўю.

Зразумела, я выдаваў жаданае за сапраўднае. Гэта былi мае мары. Гэта быў мой нацыяналiзм.

Яшчэ ў дзясятай клясе мяне выклiкалi на сход настаўнiкаў, на якiм прысутнiчалi гэбiсты, i пачалi мяне мурыжыць, а я не разумею — чаго яны хочуць? Хто ты такi, чаму ты так думаеш?.. Гэта быў 1949 год. Мяне муштруюць, муштруюць, а перад вачыма iзноў дзяцiнства паўстала: партызаншчына, галадуха, афiцэр, якi мяне злодзеям абазваў... Мяне ўзяла моцная крыўда, я ня вытрымаў, заплакаў, i выйшаў бразнуўшы дзьвярыма. I пакуль больш мяне не чапалi, але я зразумеў, што справа на мяне ўжо заведзеная.

Ужо на судзе ў 1951 годзе я даведаўся, што шмат маiх аднаклясьнiкаў апытвалi, некаторыя зь iх на мяне «стучалi», але ўлады далi мне магчымасьць паступiць у мэдiнстытут. Арыштавалi пасьля здачы iспытаў за першы курс. Я тады жыў на вулiцы Вакзальнай, на прыватнай кватэры. У ноч пасьля апошняга iспыту прыехалi людзi ў цывiльным, правялi ў хаце вобшук, i завезьлi мяне ў «Амэрыканку».

Сьпярша я сядзеў у адной камэры з паэтам Пятром Бiтэлем, якi ўваходзiў у суполку дзесяцi праваслаўных сьвятароў, якiя жадалi весьцi службу па-беларуску. У «Амэрыканцы» пад сьледзтвам трымалi два месяцы. Мала таго, што пад бакi давалi, дык асаблiва шмат мучылi допытамi — цэлыя суткi не давалi заснуць. Усё хацелi выпытаць маiх аднадумцаў. А засудзiлi мяне на расстрэл па артыкуле 72-б КК БССР — «антысавецкая агiтацыя на падставе рэлiгiйных i нацыянальных забабонаў», якi за сабой цягнуў вышэйшую меру пакараньня. На падставе гэтага артыкула стралялi нашых пiсьменьнiкаў. Але мяне не расстралялi, а замянiлi меру пакараньня дваццацьцю пяцьцю гадамi лягераў. Пракурор вельмi настойваў на расстрэле, а судзьдзя быў гатовы кiнуцца i расстраляць мяне проста ў залi суда. Бо ў апошнiм слове я не пакаяўся, а сказаў, што стаяў, i буду стаяць за Беларусь.

З 1951 г. Эрнст Сабiла адбываў тэрмiны зьняволеньня ў Электрасталi, што пад Масквой, а затым у Усьць-Каменагорску на ўранавых шахтах. У 1953-м ён патрапiў у сыстэму лягераў Кемераўскае вобласьцi, дзе правёў большую частку зьняволеньня. 4 верасьня 1953 году Сабiла зьдзейсьнiў першыя ўцёкi зь лягеру.

Э.С.: Аднойчы надвячоркам я вырашыў уцякаць. Падкоп было рабiць марудна, дый балота было скрозь. Таму я вырашыў цераз плот. Сабраў крыху ежы, зрабiў драбiнку i памалiўся. Я пераскочыў «перадзоньнiк», перасек баранаваную паласу i паставiў драбiнку да галоўнага плоту. I тады з вышкi пачуўся крык: «Стой, страляць буду!» I паляцелi кулi. Мне пасьля вязьнi распавядалi, што стралок на вышцы перасунуў затвор — асечка, яшчэ раз — iзноў. А я тым часам бег да сьцяны. Тады ён ужо схапiўся за карабiн. З карабiна прыцэл лепшы. Толькi я дабраўся да верху плота, драбiна пада мной абламваецца, я толькi пасьпеў за край схапiцца. А кулi ля галавы грукочуць. Я перагнуўся цераз плот, а там балота. Адно вузенькая сьцежка ўецца ўздоўж лягеру. Толькi пасьля таго, як мяне злавiлi, я даведаўся, што на гэтым месцы звонку мусiў стаяць на варце сабакавод. У той дзень ён адпрасiўся на некалькi гадзiнаў у начальнiка канвою — капаць бульбу. Ён з вольнанаёмных быў. Сабакавод адыйшоў ад зоны кiлямэтры на тры, як пачуў стралянiну. Зразумеў, што адбылiся ўцёкi, i пабег назад. Сабака ўзяў мой сьлед, але праз пэўны час зьбiўся, бо мой шлях перакрэсьлiлi сьляды дзяцей, якiя ў той час зьбiралi ў лесе кедравыя арэшкi. Як мяне злавiлi, канваiрам быў той самы сабакавод, ён распавядаў, што доўга гнаўся за дзецьмi, а яны, напужаныя, уцякалi...

У тайзе я прабыў з паўмесяцы, але ў адным месцы мяне ўлавiлi. Я кiраваўся на Абагур — буйны чыгуначны вузел. Харчаваўся грыбамi, сваiмi прыпасамi, а аднаго разу па шляху ноччу зайшоў у рабочую зону лягеру, дзе меў знаёмых, i яны мне сабралi крыху ежы.

Калi мяне вярнулi ў лягер, iзноў судзiлi, i «за сабатаж» зноў далi 25 гадоў. Пачаўся новы адлiк тэрмiну. Уцекачоў зэкi паважалi, а ахова ненавiдзела, i бывала зьбiвала людзей да сьмерцi. Праўда, ня ўсе. Пасьля суда мяне скiравалi ў iншы лягер за дваццаць кiлямэтраў далей. Дык начальнiк канвою, якi выпраўляў мяне ў дарогу, спытаўся, цi ня цiснуць мне наручнiкi. А мне iх сьцiснулi так, што аж у костку сталь уразаецца. Тады ён дае загад аслабiць. Ахоўнiк робiць выгляд, што паслабляе, i так некалькi разоў, пакуль начальнiк канвою сам не аслабiў наручнiкi. Я ў суправаджэньнi двух жаўнераў пешшу выправiўся ў новы лягер.

Пакуль iшлi, размаўлялi. А вялi мяне маладзенькiя салдацiкi тэрмiновае службы. У новым лягеры мяне адразу ж павялi ў карцар, проста пад вышкай. А наглядчыкi — цэлая куча —ужо падрыхтавалiся мяне зьбiваць. Гэта рабiлася з усiмi ўцекачамi, з рук наглядчыкаў усе выходзiлi iнвалiдамi, з адбiтымi вантробамi. Тыя камандуюць: «Распранайся!» Як распрануўся, пачалi бiць. Раптам салдацiк-канваiр: «Прэкрацiць! Страляць буду!» I бах у паветра, а затым наставiў карабiн на наглядчыкаў. Тыя аслупянелi. У адрозьненьне ад салдатаў-тэрмiновiкаў вольнанаёмныя наглядчыкi былi лютым зьвяр’ём, як тыя палiцаi. А салдацiк — чыстая хлапечая душа, стаiць з карабiнам, i не сыходзiць. Больш мяне тыя наглядчыкi ня бiлi...

На наступную восень Эрнст Сабiла iзноў зрабiў уцёкi. Гэта была больш удалая спроба, бо на волi ён знаходзiўся больш за месяц i здолеў пераадолець некалькi соцень кiлямэтраў у бок Казахстану. Але праз здраду аднаго з былых зэкаў Сабiла быў затрыманы недалёка ад Семiпалацiнску i асуджаны на дадатковыя тры гады. Агульны тэрмiн зьняволеньня iзноў склаў 25 гадоў. Сабiлу скiравалi ва Ўладзiмерскую турму, дзе ў 1956 годзе камiсiя ВС СССР вызвалiла яго на волю «са зьняцьцем судзiмасьцi».

Э.С.: Я вярнуўся дадому i аднавiўся ў мэдiнстытуце. Тады ж пачалiся вугорскiя падзеi, i савецкiя ўлады сталi вяртаць нядаўна вызваленых назад у лягеры. Нейкiя тайныя ўказы былi. Мяне забраў той самы сьледчы, якi арыштоўваў першы раз. Толькi тады ён быў малодшым лейтэнантам, а цяпер стаў старэйшым лейтэнантам. Усе рашэньнi камiсii ВС СССР адмянiлi «за цяжкасьцю зьдзейсьненага злачынства». Праўда, паводле новага заканадаўста, 25 гадоў мне замянiлi на дзесяць, i адправiлi ў Мардовiю, дзе я сядзеў да 1964 году.

Там я й сустрэўся са сьвядомымi беларусамi. Перад тым толькi ў 1952 годзе я аднойчы пазнаёмiўся з жаўнерам беларускага батальёну Барыса Рагулi. А так траплялiся адныя палiцыянты ды ўласаўцы. А вось у Мардовii было багата нашых. Тады шмат студэнтаў забiралi, выкладчыкаў. Там я пазнаёмiўся з Бранiславам Ржэўскiм, зь Цiмохам Вострыкавым, з афiцэрамi батальёну Рагулi. У нас была свая культурнiцкая суполка: выпiсвалi беларускiя кнiжкi, часопiсы, зьбiралiся за гарбатай, абмяркоўвалi. Радвалiся — зьяўляецца новая сьвядомая моладзь, значыць будзе жыць Беларусь. Ржэўскi вельмi шмат асьветнiцкай працы рабiў сярод беларусаў...

С.К.: Вы не пасьпелi зрабiць арганiзацыю, Вы ня бралi ў рукi зброю. Тым ня менш, Вас асудзiлi на 25 гадоў —за агiтацыю. Цi шмат Вы сустракалi лёсаў, падобных на свой?

Э.С.: Сапраўды, такой практыкi не было, каб за агiтацыю 25 гадоў. Я такiх больш не сустракаў. Але ж, разумееце, у асноўным людзi надламвалiся. Гэта страшна — прайсьцi цераз сьледзтва. Над людзьмi настолькi страшна зьдзеквалiся, i фiзычна, i маральна, што вельмi часта яны надламвалiся i падпiсвалi самыя абсурдныя абвiнавачваньнi. Я да гэтага не дайшоў. На сьледзтвах так страшна катавалi, што я губляў прытомнасьць. Я не вытрымлiваў фiзычна, але духоўна не зламаўся.

Уся гэтая судзейска-гэбiсцкая зграя ненавiдзела мяне лютай нянавiсьцю. Бо ў мяне не было за што зачапiцца. Яны не разумелi — як так, зь сялянаў, партызанiў, i пры гэтым агiтаваў насуперак iхнай iдэалёгii. Я ня ўпiсваўся ў iхныя схемы, i гэтым выклiкаў яшчэ большую нянавiсьць.

С.К.: За краты вы патрапiлi зусiм юнаком, а вызвалiлiся сталым чалавека. Як вас прыняў новы сьвет?

Э.С.: Я папросту памяняў зоны. Па вызваленьнi я шмат гадоў знаходзiўся пад адкрытай сьлежкай. Па-першае, мне не давалi прапiскi ў Менску, хоць я быў арыштаваны ў Менску. Па-другое, мне не давалi магчымасьцi працаваць у Менску, рабiлi ўсё, каб выжыць з гораду. Напрыклад, хачу ўладкавацца на работу, каб патрапiць у iнтэрнат. Знайду на плоце аб’яву. А за мной хадзiлi сьледам, адкрыта. Я не пасьпяваю дайсьцi да аддзелу кадраў, а яны па рацыi, цi што, перадаюць, i мяне не бяруць на работу. Гэта ж не адзiн раз так было, гэта скрозь. Гэта цягнулася да самай гарбачоўскай перабудовы.

Магчыма, iх палохала вось якая акалiчнасьць. У 1959 годзе я быў арыштаваны ў лягеры i да 1960-га правёў пад сьледзтвам у Саранскай турме. Мяне абвiнавачвалi ў стварэньнi Прагрэсiўнай Партыi Расеi. Па маёй справе прайшло больш за сорак чалавек з розных лягераў. Па гэтай справе мяне судзiлi два разы.

С.К.: Беларускi нацыяналiст арганiзаваў расейскую партыю?..

Э.С.: Гэта абсурд, я аб гэтым таксама пiсаў у сваёй заяве, маўляў, тады здымайце зь мяне артыкул нацыяналiста...

За тое, што ў iх справа правалiлася, яны мяне ледзь ня зьелi. Далi перасыльнаму канвою, каб тыя мяне зьбiлi. Але я застаўся жывы. I па вызваленьнi за мною сьледам хадзiла цэлая зграя.

У 1970 годзе Эрнст Сабiла далучыўся да Эвангельскай Царквы. З пачатку 70-х ён — казаньнiк, а ў 1988 годзе рукапакладзены прасьвiтар. У 70-х Сабiла скончыў вячэрняе аддзяленьне iн’язу. У гэты пэрыяд перасьлед з боку КГБ узмацнiўся.

Э.С.: Калi я далучыўся да царквы, за мяне ўзялiся, як за хрысьцiянiна. Наша баптысцкая царква была незарэгiстраваная. Звычайна мiлiцыя, КГБэшнiкi iмкнулiся высачыць нашыя набажэнствы. Калi гэта ўдавалася, яны ўсiх перапiсвалi, штрафавалi, маглi з работы звольнiць. Асаблiва палявалi на мяне. Напрыклад, iдзе набажэнства, мы iх праводзiлi звычайна на прыватных кватэрах, заходзяць гэбiсты, i пачынаюць усё i ўсiх ператрасаць. Падыходзяць браты, сёстры, кажуць: «Брат Эрык, ёсьць магчымасьць выйсьцi з гэтай кватэры». Якiм чынам? Бог яго ведае, мы ж на пятым паверсе. Высьвятляецца, яны ўжо перамовiлiся з суседам па лоджыi. Некалькi хвiлiнаў, i нам, некалькiм асобам, удаецца ўцячы — выходзiм зь iншага пад’езду. Усiх перабралi, перапiсалi, а Сабiлы няма. I так увесь час аж пакуль напрыканцы 80-х не пачалiся дэмакратычныя зьмены. Тады я далучыўся да нашага беларускага дэмакратычнага руху.

Шчырыя беларусы, у якiх бы арганiзацыях яны нi былi, гэта — маё. I я за гэта маё стаю перад Богам у малiтве. Таму я бласлаўляў першы зьезд БНФ. А пазьней, ня так даўна, паказалi брудны паклёпнiцкi фiльм пра «нацыяналiстаў», дзе пасьля кадра з маiм блаславеньнем iдзе кадр зь нейкiм палiцаем. Большасьць вернiкаў маёй грамады былi зьдзiўленыя: «Як гэта, брат Эрык, ты мог iх бласлаўляць?» — «А як вы бласлаўляеце сёньняшнiх бальшавiкоў?» — «Бо ў Эвангельлi напiсана, што ўсякая ўлада ад Бога». Але ж Хрыстос казаў малiцца за УСIХ. I я малюся ня толькi за братоў-беларусаў. За ўсiх, i за ворагаў маiх.

Але ж i сярод баптыстаў ёсьць тыя, хто калiсьцi насiлi i партбiлет i прасьвiцерскае пасьведчаньне. Нэабальшавiкам i па сёньняшнi дзень упоперак горла, што я малюся за Беларускi Народны Фронт. I нават нашым братам некаторым стаiць упоперак горла, бо ёсьць вельмi збальшавiзаваныя. Гэта таксама штурхала мяне да грамадзкай дзейнасьцi. Пэўны час я быў сустаршынём Беларускай Хрысьцiянска-Дэмакратычнай Злучнасьцi. Найперш я спадзяваўся, што праз гэта змагу рабiць пэўны духоўны ўплыў, гэтага не атрымалася. Адно крыло было больш праваслаўнае, другое — больш каталiцкае, я ўбачыў, што ў дзейнасьцi Злучнасьцi духоўнае займае меншыя пазыцыi, i я адыйшоў. Я адыйшоў не таму, што гэта мне ня дорага, гэта мне дорага i па сёньняшнi дзень. Але я вырашыў, што прыйшоў час больш пiльна заняцца маёй Беларускай Эвангельскай Царквой. Вось ужо трэцi год у Асiповiчах мы будуем малiтоўны дом. Гэта забiрае шмат часу й сiлаў. Я ўсьведамляю, што занадта аддалiўся ад грамадзкага жыцьця, ад шчырых беларусаў. Сэрцам я зь iмi, але мяне не хапае...

Пра сёньняшнi дзень я хачу сказаць наступнае. За народ у першую чаргу ў адказе мы, пастары, i хрысьцiяне. Таму што адваяваць народ у сатаны мы можам толькi на каленях. Вось мая вайна — на каленях перад Богам. Мы вiнаватыя ў тым, што альбо мала мазалёў маем на каленях, альбо зусiм ня маем. Настолькi наш народ зьяўляецца народам Божым, наколькi мы вядзем малiтоўную вайну. Нават не прапаведнiцкую, а малiтоўную вайну...

Яшчэ да пастарства я, як толькi ўвайшоў у царкву, стараўся гаварыць па-беларску. Але самыя лепшыя людзi, нават, пастар, якi пасьвячаў мяне ў прасьвiцерства, Васiль Чаропка, ён так акуратненька казаў: «Ну што ты па-беларуску гаворыш, ну паслужы ты па-руску». Але я як мог, так i баранiўся, i пастаянна служыў па-беларуску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0