СЭКУРЫТАТЭ — КГБ ПА-РУМЫНСКУ

 

Аляксандар Лукашук

 

Departamentul Sekuritatii Statului — Мiнiстэрства Дзяржаўнае Бясьпекi — Сэкурытатэ.

17 сакавiка 1989 году малады румынскi паэт Мiрча Дынэску наведаў па запрашэньнi Саюзу пiсьменьнiкаў СССР Маскву i даў iнтэрвiю румынскай службе Маскоўскага радыё. Паэт выказаў сваё захапленьне перабудовай i галоснасьцю, узроўнем свабоды, якога, аказваецца, можна дасягнуць пры сацыялiзме. Пасьля вяртаньня у Бухарэст ён расказаў пра пабачанае i пачутае сябрам i прапанаваў напiсаць сумесны лiст кiраўнiцтву краiны з заклiкам да падобных рэформаў. Сябры адмовiлiся. Тым ня менш, за ўсiмi было адразу наладжанае сачэньне. Дынэску абвiнавацiлi ў антырумынскай дзейнасьцi. Яго далейшы лёс даволi тыповы —рассыпаныя кнiгi, звальненьне з працы, цэнзура пошты, хатнi арышт, блякада ўсiх кантактаў. Нават у краму з жонкай ён хадзiў пад эскортам ахоўнiкаў. Нетыповым хiба можа падацца абвiнавачаньне, якое паэт пачуў ад Сэкурытатэ — быццам ён працуе па заданьню... КГБ.

Што ж, дзецi нярэдка бываюць няўдзячнымi. Сэкурытатэ была законным дзiцём савецкага НКВД-НКГБ. Першыя кiраўнiкi румынскай тайнай палiцыi зьяўлялiся штатнымi супрацоўнiкамi савецкай разьведкi — украiнец Панцеляймон Бандарэнка, якi потым узяў iмя Георгi Пiнтыле, Сяргей Нiканаў, якi стаў Сяргеем Нiкалаў; кiраваў арганiзацыяй Секурытатэ галоўны савецкi дарадца i прадстаўнiк управы зьнешней разьведкi НКГБ у Румынii у 1944-47 гадах Дзьмiтры Федзiчкiн. Адным зь першых заданьняў Сэкурытатэ сталi арышты й чысткi тых, хто супрацоўнiчаў з папярэднiм фашыстоўскiм рэжымам. I амаль адразу пачалiся паказальныя працэсы супраць сабатажнiкаў i шкоднiкаў. У 1948 годзе ў Румынii прагрымеў працэс супраць буйных прадпрымальнiкаў, якiх абвiнавацiлi ў сабатажы на iх уласных вугальных шахтах з мэтай выклiкаць энэргетычны хаос у краiне. Сэкурытатэ iшла даўно пратаптанымi сьцежкамi ГПУ-НКВД.

Дата 30 жнiўня 1948 году, калi быў прыняты дэкрэт нумар 221, лiчыцца афiцыйным днём нараджэньня Сэкурытатэ. Намесьнiкамi Георгiя Пiнтыле сталi штатныя афiцэры НКГБ — Аляксандар Нiкольскi (сапраўднае iмя — Барыс Грынбэрг, малдаўскi габрэй) i Ўладзiмер Мацуру, украiнец зь Бэсарабii.

Задача спэцслужбы ў дэкрэце была сфармуляваная наступным чынам: абараняць дэмакратычныя заваёвы i забясьпечваць бясьпеку Румынскай Народнай Рэспублiкi ад унутраных i зьнешнiх ворагаў. Абарона дэмакратычных заваёваў азначала захаваньне ўлады камунiстаў. Дэкрэт афiцыйна засьведчыў палiцэйскi тып румынскай дзяржавы.

У 1990 годзе, выступаючы ў румынскiм парлямэнце, новы кiраўнiк рэарганiзаванай службы бясьпекi Вiрджыл Мгурану ўпершыню прывёў афiцыйныя зьвесткi аб колькасным складзе Сэкурытатэ:

«Па стане на 22 сьнежня 1989 году ў Сэкурытатэ налiчвалася 14.259 супрацоўнiкаў. У тым лiку афiцэраў — 8159, унтэрафiцэраў i сяржантаў — 5105, i таксама 984 цывiльных. Зь iх 8376 чалавек займалiся апэратыўнай працай i зборам iнфармацыi, 3832 працавалi ў цэнтральным апараце, 4544 несьлi службу ў рэгiянальных i мясцовых управах. У падпарадкаваньнi Сэкурытатэ знаходзiлiя спэцвойскi бясьпекi, дзе служылi 15.312. Такiм чынам, колькасьць штатных супрацоўнiкаў Сэкурытатэ ў 1989 годзе складала 38.682 чалавекi».

Насельнiцтва Румынii — 23 мiльёны. Для параўнаньня: насельнiцтва ГДР складала 17 мiльёнаў, а ў Штазi служылi 95 тысяч штатных супрацоўнiкаў. Такiм чынам, на аднаго нямецкага гэбiста прыпадала 180 немцаў; на аднаго румынскага —600 чалавек. Розьнiца ў тры зь лiшнiм разы.

Але гэта зусiм ня значыць, што ГДР была ў тры разы больш палiцэйскай дзяржавай, чым Румынiя. Любая ацэнка маштабу тайнай палiцыi будзе нiчога ня вартай без ацэнкi армii iх дабараахвотных i ня надта дабраахвотных памочнiкаў —неафiцыйных агентаў, асьведамляльнiкаў, калябарантаў. У Румынii, як i ў iншых сацыялiстычных краiнах, такiя iнфарматары былi ў кожным мiнiстэрстве, установе, на кожным прадпрыемстве, у кожным шпiталi, гатэлi, iнстытуце i школе.

Няштатных супрацоўнiкаў Сэкурытатэ можна падзялiць на некалькi групаў. Першая — сваякi альбо сябры, знаёмыя афiцэраў Сэкурытатэ. Такая сувязь была гарантыяй посьпеху ва ўсiх дзяржаўных установах. Узамен за дапамогу афiцэры атрымлiвалi iнфармацыю. Другая катэгорыя была зьвязаная зь мясцовымi партыйнымi органамi. У кожнай установе iснавалi партарганiзацыi, i iх сакратары рэгулярна мусiлi сустракацца i даваць iнфармацыю куратарам з Сэкурытатэ.

Супрацоўнiцтва з праваахоўнымi органамi ў Румынii было да пэўнай ступенi абавязковым: напрыклад, паводле прэзыдэнцкага дэкрэту, неданясеньне пра свой кантакт з замежнiкам зьяўлялася крымiнальным учынкам (гэтае патрабаваньне распаўсюджвалася i на кантакты з грамадзянамi сацыялiстычных краiнаў). У кожным пад’езьдзе павiнен быў быць абраны стараста, якi ня толькi даглядаў за парадкам, але й рэгiстраваў усiх наведнiкаў, хто затрымлiваўся больш, чым на суткi. Двойчы на месяц гэты стараста трымаў справаздачу перад афiцэрам Сэкурытатэ. Дарэчы, пасьля рэвалюцыi 89 году некаторыя з такiх старастаў сталiся ахвярамi гневу сваiх суседзяў i былi зьбiтыя як калябаранты.

Страх — надзвычай эфэктыўны сродак у арсэнале тайнай палiцыi. Пра памеры запалохваньня грамадзтва ў Румынii дае ўяўленьне лiчба калябарантаў, якая пачала фiгураваць адразу пасьля рэвалюцыi: ад кожнага трэцяга да кожнага дзясятага. Гэта значыць, ад 2 да 8 мiльёнаў чалавек. Адразу адзначым, што гэтыя лiчбы ня маюць пад сабой дакумэнтальнай глебы i сьведчаць, перш за ўсё, пра тое, што Сэкурытатэ была ня толькi тайнай палiцыяй, але i, як адзначае амэрыканскi дасьледчык Дэнiс Дэлетант, станам сьвядомасьцi, калектыўным псыхалягiчным комплексам усяго грамадзтва.

Прыватная гiсторыя

Румынскi журналiст Раду Салiна Крыстэа расказваў мне пра свае дачыненьнi з Сэкурытатэ:

«У канцы 80-х я працаваў у гумарыстычным часопiсе, калi да мяне падыйшлi з Сэкурытатэ i прапанавалi супрацоўнiцтва. Я адмовiўся раз, потым другi. Але афiцэр настойваў на новай сустрэчы, абяцаў, што скажа нешта важнае. Мне было ўжо непрыемна, што мяне нехта можа пабачыць зь iм i падумае, што я сам даносчык, i я прызначыў гэтую апошнюю сустрэчу позна ўвечары ў парку. Нiчога надзвычайнага не адбылося, афiцэр спрабаваў надалей працягнуць вярбоўку, нягледзячы на мае адмовы.

Я ня ведаў, што рабiць. У той час я быў членам кампартыi. Паводле правiлаў, Сэкурытатэ дзейнiчала разам з сакратаром партарганiзацыi. Я зьвярнуўся да нашага сакратара, жанчыны, усё яшчэ раз расказаў ёй. Яна сказала, калi афiцэр пазвонiць зноў, каб ён зьвязаўся зь ёй. Я так i перадаў — i больш да мяне нiхто не зьвяртаўся — гэта было за некалькi месяцаў да рэвалюцыi».

Адносiны да тайных асьведамляльнiкаў у Румынii былi падобныя да тых, што i ва ўсiх астатнiх краiнах сацыялiзму: iх баялiся i iмi пагарджалi. Трэба мець на ўвазе, што тайныя асведамляльнiкi таксама былi ахвярамi рэжыму — некаторых зь iх шантажавалi, некаторыя баялiся за сваiх блiзкiх, некаторыя былi проста слабыя людзi, якiя нiколi ня бачылi сябе змагарамi. З пункту гледжаньня маралi, гэта, вядома, не апраўданьне, калi побач былi людзi, якiя адмаўлялiся супрацоўнiчаць з тайнай палiцыяй.

Ад канцлягеру да аборту

Галоўным агульным абвiнавачаньнем палiтычнага характару паводле румынскага заканадаўства была так званая антыдзяржаўная дзейнасьць. Пад гэта падпадалi нават учынкi, не прадугледжаныя заканадаўствам, але якiя, з пункту гледжаньня камунiстычнай iдэалёгii, лiчылiся шкоднымi для грамадзтва. Сьмяротнае пакараньне за здраду i сабатаж было ўведзена ў Румынii яшчэ ў 1949 годзе. На працягу году падставамi для расстрэлу былi названыя таксама злачынствы супраць незалежнасьцi i сувэрэнiтэту, крадзёж i псаваньне вайсковага абсталяваньня, недагляд, якi прывёў да грамадзкай катастрофы.

У працоўны кодэкс было ўведзена паняцьце прымусовай працы. Задачамi ўправы працоўных аддзелаў МУС стала «выпраўленьне праз працу элемэнтаў, варожых Румынскай Народнай Рэспублiцы». На выпраўленьне ў лягеры патрапiлi сотнi тысячаў людзей. У 1949 годзе па краiне пракацiлася хваля сялянскiх паўстаньняў; многiя iх удзельнiкi загiнулi, каля 80 тысяч сялян пайшлi ў лягеры. З гарадоў высялялi розныя непажаданыя катэгорыi грамадзянаў — былых прадпрымальнiкаў, дзяржаўных служкаў, членаў арыстакратычных сем’яў, адвакатаў, адстаўных афiцэраў, праваслаўных i ўнiяцкiх сьвятароў, баптыстаў, сiянiстаў, тых, хто меў крыху маёмасьцi, тых, чые сваякi сядзелi ў турме. У розныя пэрыяды праводзiлiся дэпартацыi нацыянальных меншасьцяў. Людзям давалi 24 гадзiны на зборы; дазвалялася ўзяць ня больш за 50 кг багажу.

Напачатку 50-х гадоў ня менш за 180 тысяч чалавек былi дэпартаваныя ў працоўныя лягеры. Новая працоўная сiла была накiраваная на патрэбы iндустрыялiзацыi, каля 40 тысячаў працавалi на румынскiм Беламорканале — Дунайска-Чарнаморскiм канале, вакол якога было ўзьведзена восем лягераў.

Геаграфiчны тэрмiн Бараганскi стэп у румынскай мове стаў сынонiмам расейскай Калымы — тут, у маланаселенай пустыннай мясцовасьцi, якраз пасярэдзiне памiж Бухарэстам i Чорным морам, месьцiлася найбольшая колькасьць канцлягераў.

Яшчэ адно iмя шырока вядомае ў Румынii — Сiгхет — гэтаксама як Лубянка цi Бутыркi ў Маскве, цi Валадарка ў Менску. Тут, паблiзу ад мяжы з СССР, трымалiся найбольш небясьпечныя палiтычныя зьняволеныя — часам без суда й сьледзтва. Жорсткi рэжым, зьдзекi над вязьнямi былi вызначальнымi для Сiгхэту. Паводле сучасных румынскiх гiсторыкаў, прыкладна адзiн з кожных сарака румынскiх грамадзянаў правёў частку свайго жыцьця ў зьняволеньнi. Аднак колькасьць ахвяраў рэжыму, безумоўна, ня зводзiцца да гэтых двух з паловай адсоткаў насельнiцтва.

Ужо ў канцы 1952 году нiхто ня мог памяняць жыльлё без дазволу ўладаў, усе паездкi памiж гарадамi кантралявала мiлiцыя. Падарожжы былi дазволеныя толькi па службовых справах i на лячэньне. Госьцi, якiя прыходзiлi больш чым на 24 гадзiны, мусiлi зарэгiстравацца.

Ахвярамi камунiстычнага рэжыму трэба, безумоўна, лiчыць i 10 тысячаў жанчын, якiя загiнулi ад падпольных спаронаў. У 1957 годзе аборты ў Румынii былi легалiзаваныя. Аднак калi празь дзесяць гадоў у краiне нараджальнасьць упала да 14 чалавек на тысячу, закон быў зьменены — права на спароны рэзка абмежаванае. Праграма iндустрыялiзацыi патрабавала новай рабочай сiлы, i сацыялiстычная дзяржава паспрабавала павялiчыць прырост насельнiцтва.

У 1981 годзе нараджальнасьць упала да рэкордна нiзкага ўзроўню — 6 чалавек на тысячу. Чаўшэску выдаў тайны загад аб абавязковым гiнэкалягiчным аглядзе ўсiх жанчын для выяўленьня парушэньня закону, якi забараняў ужываньне кантрацэптыўных сродкаў. Жанчыны мусiлi адказаць ня толькi на пытаньне, цi яны цяжарныя, але й растлумачыць, чаму яны нецяжарныя.

Усё гэта адбывалася на фоне культу Алены Чаўшэску, якую прадстаўлялi як Жанчыну-мацi ў краiне, дзе царыў культ мацi. У жаночых аддзяленьнях i радзiльных дамах дзяжурылi супрацоўнiкi Сэкурытатэ, якiя сачылi за тым, каб не праводзiлiся спароны. У вынiку спароны рабiлiся таемна, са спазьненьнем, у непрыстасаваных умовах i без квалiфiкаванай дапамогi. Сьмяротнасьць узрасла ў 10 разоў.

Сямейная справа

Чаўшэску разумеў, што ягоная асабiстая ўлада i ўплыў трымаецца шмат у чым на Сэкурытатэ. Лейтэнант бясьпекi атрымлiваў у месяц 7800 леяў, на тысячу болей, чым армейскi лейтэнант i прыкладна ўдвая болей, чым сярэдняя зарплата ў краiне. Афiцэры Сэкурытатэ мелi доступ да партыйных харчовых i таварных спэцразьмеркавальнiкаў. Сваякi Чаўшэску занялi важныя пазыцыi ўнутры службы.

У 1978 годзе Сэкурытатэ быў нанесены надзвычай моцны ўдар: адзiн з кiраўнiкоў службы, Iон Мiхай Пачэпа, якi займаўся зьнешняй разьведкай i прамысловым шпiянажам, уцёк у ЗША. У якасьцi контрмераў былi звольненыя каля трэцi супрацоўнiкаў Савета мiнiстраў, адклiканыя 22 паслы, арыштаваны тузiн высакапастаўленых афiцэраў Сэкурытатэ. Выкрыцьцi Пачэпы нанесьлi ўдар па мiнiстэрстве замежнага гандлю: там працавала 560 афiцэраў Сэкурытатэ i 1100 агентаў. 70% пэрсаналу румынскiх гандлёвых i дыпляматычных прадстаўнiцтваў за мяжой былi штатнымi супрацоўнiкамi Сэкурытатэ i атрымлiвалi даплату за званьне, а рэшта — зьяўлялiся неафiцыйнымi супрацоўнiкамi. Прызнаньнi Пачэпы дарэшты разбурылi за мяжой iмiдж Чаўшэску, якi хацеў прадставiць сябе, як спадкаемца Цiта i лiдэра руху недалучэньня. Пачэпа засьведчыў прамы ўдзел Чаўшэску ў арганiзацыi забойстваў, шантажу, кантрабандзе наркотыкаў i выкраданьнi людзей.

Крытыка рэжыму i асабiста Чаўшэску ў Румынii была сьмяротна небясьпечнай. Георге Урсу, iнжынэр з Бухарэсту, быў арыштаваны ў 1985 годзе за тое, што вёў дзёньнiкi i захоўваў карэспандэнцыю, дзе былi крытычныя выказваньнi пра рэжым. На допыце ў Сэкурытатэ яго зьбiлi так моцна, што мусiлi адвезьцi ў турэмны шпiталь, дзе ён памёр.

У 1992 годзе пад час раскопак у замку Кэчулацi ў 40 км ад Бухарэсту экспэрты натыкнулiся на чалавечыя парэшткi — сотнi людзей, закапаных на глыбiню ўсяго 40-50 см, з прастрэленымi патылiцамi. Стрэлы рабiлiся з блiзкай адлегласьцi. Кэчулацi сталi румынскiмi Курапатамi.

Лiтаратурны рэванш

У траўнi 1991 году ў раёне Бэрэваешцi у 150 км ад Бухарэсту, дзе любiў займацца паляваньнем Чаўшэску, зьявiлася група журналiстаў з апазыцыйнай газэты «Руманiя Лiбэру». Ад мясцовых жыхароў яны ўведалi, што ў папярэднiм чэрвенi нейкiя людзi тут спрабавалi палiць, а потым закапалi вялiкую колькасьць паперы. Пачалiся раскопкi — зь вясновага бруду на паверхню дасталi шчыльна напакаваныя мяхi паперы. Так быў знойдзены тайнiк Сэкурытатэ. Паводле ацэнак, у зямлю было закапана каля 8 тонаў архiўных дакумэнтаў. Там былi сьпiсы агентаў, апэратыўныя справы, справаздачы i пляны працы.

Галоўнай нечаканасьцю стала тое, што захаваньне было зроблена не падпольна Сэкурытатэ, а афiцыйна — новай службай бясьпекi. Калi новую службу можна было назваць сапраўды новай.

Так праявiўся крызыс, характэрны для ўсiх сакрэтных службаў посткамунiстычнай Эўропы, за выключэньнем усходняй Нямеччыны. Так званыя прафэсiяналы ў значнай ступенi захавалi свае пазыцыi. Румынскi варыянт рэваншу тайнай палiцыi сярод падобных зьяваў у iншых посткамунiстычных краiнах вылучаецца сваёй, так бы мовiць, лiтаратурнасьцю.

На пачатку 90-х гадоў у Румынii выйшла сэрыя кнiг, якiя гераiзавалi Сэкурытатэ. Шэсьць раманаў мелi агульную назву «Васьмiкутнiк у дзеяньнi». Па-румынску гэты тэрмiн гучыць «Актагон» — падобна на Пэнтагон. Гэты васьмiкутнiк, яшчэ больш складаны й моцны, чым Пэнтагон, абараняе Румынiю ад ворагаў.

Першыя тры тамы сэрыi разышлiся накладам 200 тысячаў асобнiкаў. Галоўны герой сэрыi — румынскi Джэймс Бонд: нi адна жанчына ня ў стане выстаяць перад ягоным шармам, заданьнi прыводзяць героя ў самыя экзатычныя месцы плянэты, у яго бязьмежныя фiнансавыя рэсурсы. У румынскага Бонда, у адрозьненьне ад ангельскага, няма лiцэнзii на забойства. Румынскiя супэргероi не страляюць, бо валодаюць звышнатуральнымi парапсыхалягiчнымi здольнасьцямi, якiя атрымалi ў спадчыну ад старажытных продкаў.

Прозьвiшча новай лiтаратурнай зоркi — Павел Коруц. 18 гадоў ён служыў у органах бясьпекi — у 1989-м, перад рэвалюцыяй, узначальваў румынскую армейскую кантрразьведку, якая зьяўлялася часткай Сэкурытатэ. У адрозьненьне ад сваiх калегаў, якiя знайшлi месца ў новых структурах дзяржбясьпекi цi скарысталi свае сувязi й сталi бiзнэсмэнамi, Коруц апынуўся бяз працы. Ён стаў выразьнiкам крыўды незапатрабаваных супрацоўнiкаў спэцслужбы.

Коруц абвiнавачвае ў румынскай рэвалюцыi ЦРУ, КГБ, Масад i Вугорскую сакрэтную службу. У сваiх кнiгнах, напiсаных у жанры дэтэктыўна-шпiёнскага раману, ён шырока выкарыстоўвае дакумэнтальныя iнтэрвiю былых афiцэраў Сэкурытатэ, адступленьнi ад тэксту дзеля таго, каб выказаць свае iдэi й прапагандысцкiя формулы.

Кнiгi Коруца маюць удзячнага чытача ня толькi сярод шырокай публiкi, але i ва ўплывовых палiтычных колах Румынii. Iдэi нацыянал-камунiзму надзвычай папулярныя ў асяродку так званай Партыi Вялiкай Румынii i ў тых, хто з настальгiяй згадвае часы Чаўшэску.

Рэабiлiтацыя катаў

У пераходныя пэрыяды, пры адсутнасьцi дзейных законаў, здаровага грамадзтва людзi схiльныя да iрацыянальных тлумачэньняў i цэняць iлюзii вышэй за рэальнасьць. Асаблiва калi гэтая рэальнасьць, як адбылося ў Румынii, была на пачатку 90-х заканадаўча закрытая — паводле закону архiвы Сэкурытатэ былi апячатаныя на сорак гадоў.

Адразу пасьля рэвалюцыi i роспуску Сэкурытатэ на доўгiя тэрмiны, ад 15 да 25 гадоў зьняволеньня былi асуджаныя 14 высакапастаўленых партыйных функцыянэраў i кiраўнiкоў бясьпекi, вiнаватых ў кравапралiцьцi у Тымiшаары, дзе загiнула каля ста чалавек. Аднак неўзабаве ўсе яны былi выпушчаныя з турмы з прычыны дрэннага стану здароўя. Пазьней шэсьць асуджаных афiцэраў тайнай палiцыi зьвярнулiся да прэзыдэнта з заявай, у якой называлi сябе апошнiмi палiтвязьнямi Румынii i заклiкалi зьняць зь iх прысуд. Iронiя палягала у тым, што яны былi на свабодзе. Так карыкатурна выглядала новая справядлiвасьць.

Надзвычайны лiтаратурны посьпех Павела Коруца, якi гераiзуе Сэкурытатэ, невыпадковы. Адной з прычынаў нахабнай i пасьпяховай рэабiлiтацыi спадчыны тайнай палiцыi ў Румынii дасьледчыкi лiчаць праблему архiваў.

Як засьведчыў румынскi досьвед, адвольны доступ да сакрэтных дакумэнтаў i iх публiкацыя сталi самым спрэчным i палiтычна небясьпечным аспэктам усёй праблемы — такi падыход адкрываў шырокiя магчымасьцi для манiпуляцыяў i злоўжываньняў. У вынiку ў лютым 1992 году парлямэнт прыняў закон, якi забараняў доступ да дакумэнтаў Сэкурытатэ на сорак гадоў. Закрыцьцё архiваў прыцiшыла страсьцi, — але ня вырашыла праблему.

Толькi праз восем гадоў пасьля скасаваньня Сэкурытатэ, у кастрычнiку 1997-га, пасьля перамены ўлады ў краiне парлямэнт пачаў абмяркаваньне новага законапраекту.

Прыняты закон прадугледжвае права румынаў на знаёмства i капiяваньне толькi сваiх асабiстых справаў, прычым iмёны даносчыкаў закрытыя. Толькi ў выпадках, калi грамадзянiн можа даказаць, што пацярпеў менавiта ад даносаў iнфарматара, як у Румынii называлi асьведамляльнiкаў Сэкурытатэ, яму могуць адкрыць iмёны даносчыкаў. Таксама дазволенае азнаямленьне са справамi грамадзка-значных асобаў — палiтыкаў, чыноўнiкаў, судзьдзяў. Тыя, хто бярэ ўдзел у выбарах, мусяць паведамiць пра сваё супрацоўнiцтва з тайнай палiцыяй, калi яно мела месца.

Паводле ацэнак, у архiвах засталося каля аднаго мiльёну справаў; дакладна вядома пра зьнiшчэньне ня менш за 100 тысячаў справаў.

Паўза ў восем гадоў, надзвычай драматычных, поўных палiтычных катаклiзмаў, эканамiчных няўдач, першых дэмакратычных здабыткаў, суцiшыла вастрыню праблемы Сэкурытатэ. Ужо ў 1996 годзе мэр аднаго з правiнцыйных гарадоў заявiў, што быў агентам спэцслужбы — i выбаршчыкi ўсё роўна прагаласавалi за ягоную кандыдатуру. Паводле аднаго з апытаньняў дэпутатаў парлямэнту, далёка не ўсе выказалi цiкавасьць да азнаямленьня са сваiмi справамi.

Няма чэргаў у архiвы. Спадчына Сэкурытатэ пачала страчваць сваю актуальнасьць. З галiны палiтыкi вастрыня праблемы перамяшчаецца ў сфэру гiсторыi. Аднак, на думку былога палiтвязьня сэнатара Думiтрэску, за гэтую iлюзiю грамадзтва яшчэ можа заплацiць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0