Адам Глёбус

Кiшэнная гiсторыя культуры

 

накiды

 

Клiмт

Арыстакраткi на карцiнах Густава Клiмта напiсаныя золатам, срэбрам i бяскроўнымi фарбамi.

 

Шыле

Абрысы аголеных лесьбiянак Ёган Шыле маляваў тонкiм калючым дротам.

 

Нольдэ

Каб я ня ведаў, што Эмiль Нольдэ лiчыў сябе арыйцам i ўступiў у нацыянал-сацыялiстычную рабочую партыю раней за Гiтлера, дык нi на хвiлiну не сумняваўся б — палотны, падпiсаныя Нольдэ, маляваў чарнаскуры афрыканец.

 

Моцарт

Творы Ёгана Моцарта ў Вене гучаць паўсюль: у аўтобусах, у кавярнях, у музэях, гучаць цiха й кранальна.

 

Фройд

Праставатая венка сказала наступнае: «Раней у Аўстрыi было столькi хворых на галаву, што Зыгмунд Фройд змог стварыць ня толькi тэорыю, а й добры капiтал». Такое народнае разуменьне спадчыны гэнiяльнага доктара — цешыць.

 

Шубэрт

Песьнi Ёгана Шубэрта ў выкананьнi ансамбля народных iнструмэнтаў гучаць як украiнскiя народныя песьнi.

 

Брэйгель

Пабудова iмпэрыi — гэта будаваньне бабiлёнскай вежы. Асаблiва добра тое ўсьвядамляецца, калi стаць у цэнтры Вены, на другiм паверсе палаца Габсбургаў, насупраць палатна Пiтэра Брэйгеля (Мужыцкага) «Бабiлёнская вежа».

 

Нiцшэ

Спачуваньне досыць небясьпечная рэч, яно здатнае ператварыць фiлёзафа ў вар’ята. Фрыдрых Нiцшэ абняў за шыю змучанага каня й страцiў розум, ад спачуваньня, ня йнакш.

 

Плятон

Дыялёг — прынцыпова беспрынцыпная форма ў лiтаратуры. Выдатны прыклад можна прасачыць у «Банкеце» Плятона, дзе ўсё сказанае аспрэчваецца, а сьцьверджанае абвяргаецца й ставiцца пад сумнеў.

 

Кусто

Генiяльнасьць вынаходнiка Iва Кусто ў тым, што ён ператварае тэлiвiзар у акварыюм, а акварыюм у акiян.

 

Маклюэн

Ёсць рэчы, якiя адчуваеш iнтуiтыўна i свае паводзiны суадносiш з гэтымi рэчамi. Зь дзяцiнства я здагадваўся, што сучасны творца, у якой бы дзейнасьцi ён нi працаваў, абавязаны хоць крышку быць мастаком. Пацьверджаньне маiм здагадкам знайшлося ў развагах канадзкага мысьляра — Гербэрта Маршала Маклюэна. Ён запэўнiваў: кожны ў эклектычную эру павiнны стацца мастаком. Не людзьмi звацца, а мастаком стацца.

 

Малевiч

Пры ўсёй адназначнасьцi праграмны твор Казiмiра Малевiча «Чорны квадрат» не адназначны; у падтэксьце кожнага квадрата ляжыць круг, а ў дадзеным варыянце — зялёны круг на памаранчыкавым тле, пра якi ўсё жыцьцё марыў Малевiч.

 

Басё

Мацуа Басё вынайшаў вечны рухавiк. Чытаем: «Стары стаў. /Скокнула жабка/. Усплёск вады». Кожнага разу, як нехта чытае гэтыя радкi, Басё падыходзiць да старога стаўка, i спалоханая жабка скача ў ваду.

 

Пушкiн

Творы Аляксандра Пушкiна подобныя да пустых крыштальных келiхаў, у якiя лёгка налiваецца сучаснасьць.

 

Вазарэлi

Вiктор Вазарэлi ствараў карцiны, здатныя вяртаць гледачу ягоны пагляд. Глядзiш на каляровых шашачкi, i твой пагляд адбiваецца й вяртаецца ў сьвядомасьць.

 

Мазарэль

На гравюрах бэльгiйца Франса Мазарэля ўсе шыбы ў дамах павыбiваныя, а ўсе караблi тонуць.

 

Бэкман

Калi нямецкi экспрэсiянiст Макс Бэкман пачынае маляваць Хрыста й Пiлата, у яго атрымлiваюцца наведнiкi публiчнага дому на падпiтку.

 

Ван Гог

Асноўны кампазыцыйны прыём Вiнцэнта Ван Гога — завiхрэньне.

 

Пармiджанiна

Жывапiс Пармiджанiна падобны да адлюстраваньняў у iртутнай кроплi. Ён настолькi зачароўвае, што адвесьцi вочы амаль немагчыма.

 

Гiрландая

Калi й ёсьць на сьвеце эталён у маляваньнi жаночага профiля, дык бясспрэчна ён належыць Дамэнiку Гiрландая. Джована Тарнабуонi на карцiне Гiрландая настолькi прыгожая, што ўзьнiкае непераадольнае жаданьне яе пацалаваць.

 

Мантэнья

Твор Мантэньi «Мёртвы Хрыстос» такi пераканаўчы, што, гледзячы на яго, цяжка паверыць у Хрыстова ўваскрашэньне, лягчэй пагадзiцца з думкаю пра багоў, што ўсе да адзiнага памiраюць у Эўропе.

 

Магрыт

Большая палова палотнаў Рэнэ Магрыта намалёвана Фантамасам, героем зь пераламанай сьвядомасьцю й згубленым сумленьнем.

 

Нiцшэ

Хто спрачаецца, Нiцшэ — выдатны лiтаратар, але чаму, начытаўшыся ягоных старонак, так моцна хочацца зрабiць гадасьць некаму з блiзкiх i дарагiх людзей.

 

Гоя

Робячы афорты ў «Капрычос» Франсiска Гоя напiсаў, што, як толькi разьвiднее, усе ведзьмакi, дамавiкi, пачварнiкi пазьнiкаюць. Пагаджаюся й дадаю... Як толькi сьцямнее...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0