IЗРАIЛЬ БАСАЎ. УСПАМIН

 

«Нарадзiўся я ў Беларусi, на Магiлёўшчыне, у жыдоўскай сям’i. А наогул, я сапраўдны беларус...»

Iзраiль Басаў

... На ўскрайку Мсьцiслава, на высокай зялёнай гары, на якую ўзьбягае чысты бярозавы гай, — заўсёдная цiша. Адсюль, мiж старых бярозаў, вiдаць далёка... Паплавы па Вiхры, пукатыя горы, па якiх караскаюцца дамы ды сады, аблямаваныя йстужкаю сiняга лесу. Тут, на старасьвецкiх мсьцiслаўскiх могiлках, дзе пахаваныя праваслаўныя, каталiкi й жыды, ляжаць i продкi Iзраiля Басава.

... Ён нарадзiўся ў Мсьцiславе, у паважанай сям’i вядомага краўца. Вучыўся ў жыдоўскай школе, адной з апошнiх у Беларусi. Тутака ў Мсьцiславе жыла ўся ягоная радзiна. Тут прайшлi ягоныя дзiцячыя й юнацкiя гады. Па вайне ён з бацькамi вярнуўся сюды на попел... Тут ажанiўся. Але застацца там, дзе былi некалi шчаслiвымi, не змаглi.

... Творчая бiяграфiя Басава пачыналася нетрадыцыйна. З 1935 году ён працаваў рэтушорам у мсьцiслаўскай арцелi «Путь Октября», выконваючы зрэдчасу афармленчыя работы. У эвакуацыi, ва ўзьбецкiм горадзе Янгiюль ён працаваў ужо мастаком-афармiцелем. Напрыканцы вайны яму пашчасьцiла ўладкавацца на працу мастака ў Янгiюльскi тэатар. Па вайне, пасьля вяртаньня ў родны Мсьцiслаў, ня маючы сталага заробку, працаваў афармiцелем дзе мог. Пазьней, у Менску, ён нават пiсаў нумары на транспарце.

... Першую спробу атрымаць прафэсiйную адукацыю Iзраiль Басаў рабiў яшчэ ў 1939 годзе, калi паехаў у Вiцебск, дзе вучыўся ягоны брат Бэньямiн (сёньня вядомы маскоўскi графiк). Але з-за браку агульных ведаў паступiць у славутую тутэйшую мастацкую вучэльню тады не атрымалася. Вярнуцца да вучобы ён здолеў толькi пасьля вайны, паступiўшы ў Менскую мастацкую вучэльню. Тут зь iм здарыўся выпадак, ня дзiўны, як па тых часах: у 1951-м яго хацелi выгнаць за «касмапалiтызм». А вось працяг быў дзiўным: агульны сход студэнтаў заступiўся за яго, супрацоўнiк НКВД з тым пагадзiўся i Басава пакiнулi ў спакоi... Гэтак Iзраiль Басаў стаў мастаком у Беларусi, i не пакiнуў яе да скону.

... Па сканчэньнi вучэльнi Басаў быў захоплены жывапiсам Робэрта Фалька i Поля Сэзана, якiх ён унурлiва вывучаў i пераасэнсоўваў. Гэта непасрэдным чынам адбiлася на ягонай творчасьцi — ён доўга заставаўся пад значным уплывам менавiта гэтых мастакоў. Усё сваё жыцьцё ён паўтараў, што вельмi хацеў быць падобным да Фалька, але з гэтага мала што атрымлiвалася.

... Басаў стаў сьведкам новага нараджэньня Менску, пераехаўшы сюды ў 1947 годзе. Яму й ягоным сваякам тут было спакайней. Тут амаль нiчога ўжо не нагадвала пра вайну, ня тузала сэрца памяць пра блiзкiх, згадкi пра тое, як было вакол да таго... Мсьцiслаў застаўся безнадзейна далёка. У Менску ўжо не было руiнаў, горад хутка рос, пад маршы, гукi якiх выбiвалi з галоваў журбу. I першыя творы мастака былi прысьвечаныя гораду, зь якiм ён зьвязаў свой новы лёс. Вядома, не было ў iх мажору (падставаў не было), але й роспачы не было таксама. Быў дзiўны горад, без трыюмфальнае архiтэктуры, без iндустрыйнае напругi. Горад ня звонку, але ў самiм мастаку. Кампазыцыi таго часу плаўныя, мяккiя, някiдкiя зь першага позiрку, але «вынашаныя», як самыя даўнiя думкi, да якiх вяртаесься зноў i зноў.

... Напачатку ён папросту выяўляў канкрэтныя менскiя краявiды. Цэлыя фрагмэнты вулiц i нават паасобныя дамы пазнавалiся адразу. Напрыклад, «Вулiца Чырвонаармейская», «Горад. Вулiца Кiрава», «Заводзкая ўскраiна», «Поўдзень», «Гарадзкая ўскраiна», напiсаныя ў шасьцiдзясятыя...

Пэрыяд пераменаў у мастацтве Басава адбыўся памiж 1966 i 1967 гадамi. На зьмену нiзкi натурных краявiдаў прыходзяць работы спачатку нiбы наўмысна рознастылёвыя, але якiя крок за крокам кшталтуюць тую пазнавальную манеру, якая будзе ўласьцiвая мастаку на доўгiя гады. У гэты ўмоўны пераходны пэрыяд трапляюць «Дом з чырвоным дахам» (1966), «Партрэт жонкi» (1967), «Спатканьне» (1967), «Мэлёдыя» (1967), «Дзяўчына з гета» (1967). Ва ўсiх гэтых работах адчуваецца прынцыповае захапленьне мастака францускiм жывапiсам. У адных ён нiбыта больш падобны да Сэзана, у другiх —да Пiкаса, у трэцiх — да Лежэ, а «Дзяўчына з гета» ўспрымаецца як запазычэньне з Руо. Але гэта толькi першае павярхоўнае ўражаньне, бо перадусiм Басаў ставiў сабе iншыя мэты. Як чалавек, абцяжараны няпростым досьведам, ён з кожнай работы iмкнуўся зрабiць прыпавесць. Што стала больш выразным у ягоных творах — гэта страх. Страх перад мiнулым i гэткай безнадзейнай будучыняй... Страх, ад якога адзiн паратунак — любоў. Любоў, як прыпавесьць для дваiх...

«Успамiн» — цi ня самае яскравае, дакладней, самае iнтымнае ягонае палатно з гэтага пэрыяду. Ноч на ўскрайку гарадка. Цiхi, глыбокi зiмовы сон, ня сьвецiцца ўжо нiводнае вакенца... Хаты прытулiлiся адна да аднае, як дзятва да мацi. Даўжэзная чорная рука дрэва ўхапiлася за мяккае воблака, у якiм схавалася поўня... З-за самага небакраю выглядвае вежачка, цi то царквы, цi то мсьцiслаўскае пажаркi. Яе адзiны цёплы пiсяг — падказка, што гэта ўсё ж утульны сон. Як хацелася б спынiць тое воблака, перапынiць перадвызначаны бег часу... Як хацелася б, каб прабеглi назад усе аблокi. I прачнуцца ў бацькоўскай хаце, у тым, пакiнутым назаўсёды Мсьцiславе. Дзе вакол сваякi й ветлiвыя цiхiя суседзi...

Жывапiсны лад палатна аскетычны, лiтаральна тры-чатыры фарбы, аднак сама фактура жывапiсу разнастайная. Басаў нiбы макетуе рэчаiснасьць, рэканструюе. Вялiкае воблака складзена зь безьлiчы лёгкiх, эцюдных пiсягоў, насамрэч ствараючы iлюзiю мяккае рыхласьцi. Рыхласьцi сьвятла. У гэты ж час рука дрэва напiсаная гладка, амаль трафарэтна. Там, дзе сутыкаюцца дзьве гэтыя фактурныя плямы, яны ствараюць максымальны кантраст ня толькi белага з чорным, але й мяккага з жорсткiм, нябеснага й зямнога.

Гэтую карцiну Басава шматкроць рэпрадукавалi ў розных выданьнях, нават у альбоме «Беларускi савецкi жывапiс» 1978 году. Цi быў Басаў савецкiм мастаком? Справа, урэшце, не ў манеры жывапiсу. На мяжы 60-х i 70-х гадоў не бракавала экспэрымэнтаў у галiне форматворчасьцi, сярод якiх ён абраў свой ясны шлях. Жывапiс Басава быў усё ж сьведама фiгуратыўны. Ягоныя работы зрэдку зьяўлялiся на рэспублiканскiх выставах i выстаўлялiся за мяжою. Справа ў iншым. Прынцыпова застаўшыся на Бацькаўшчыне, ён прынцыпова замкнуўся ў сваiх пачуцьцях, баючыся, каб нехта звонку не парушыў ягонага сьвету любовi, баючыся, каб нехта ня змусiў яго рабiць тое, чаго б ён ня мог рабiць шчыра. У адрозьненьне ад многiх iншых...

 

Iзраiль Басаў (1918, Мсьцiслаў — 1994, Менск) жывапiсец. З 1926 па 1935 вучыўся ў дзевяцiгадовай жыдоўскай школе ў Мсьцiславе. З 1947 па 1951 — у Менскай мастацкай вучэльнi. З 1959 — сябра Саюзу мастакоў БССР.

 

Сяргей Харэўскi


Творы,
прадстаўленыя
ў папярэднiх нумарах «НН»:

 

1. Фэрдынанд Рушчыц. Зямля.

2. Мсьцiслаў Дабужынскi. Вiцебск. Лесьвiца

3. Марк Шагал. Прамэнад

4. Iльля Рэпiн. Беларус

5. Марк Антокальскi. Помнiк Кацярыне

6. Вiтальд Бялынiцкi-Бiруля.  Блакiтная каплiца

7. Хаiм Суцiн. Паж

8. Казiмер Малевiч. Чорны квадрат

9. Язэп Драздовiч. Пагоня Ярылы

10. Валянцiн Волкаў. Менск, 2  лiпеня 1943 году

11. Манумэнт Перамогi

12. Помнiк Ленiну ў Менску

13. Пётра Сергiевiч. Шляхам жыцьця

14. Аляксей Глебаў. Францiшак Скарына

15. Мiхал Фiлiповiч. Бiтва на Нямiзе

16. Лявон Вiтан-Дубейкаўскi. Касьцёл Пятра i Паўла ў Дрысьвятах

17. Лявон Тарасэвiч. Бяз назвы

18. Ян Булгак. Выгляд з Зарэчча

19. Iосiф Лянгбард. Менская опэра

20. Аркадзь Астаповiч. Дворык

21. Клаўдзi Дуж-Душэўскi. Сьцяг

22. Прывакзальная плошча ў Менску

23. Станiслаў Жукоўскi. Iнтэр’ер

24. Пакроўскi сабор у Баранавiчах

25. Мiхал Станюта. Партрэт дачкi

26. Яўхiм Мiнiн. Усьпенскi сабор у Вiцебску

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0