Лісты ў рэдакцыю


 

Добры дзень, спадары нашанiўцы !

Беларускага слова руплiўцы,

старажытнай гiсторыi знаўцы,

а таксама найноўшай выдаўцы.

Толькi разам мы адбудуем новую вольную Беларусь. I нiхто ня зможа перашкодзiць нам працаваць на «Нашай Нiве».

Посьпехаў вам.

Анатоль Сазонаў, вэтэран, Слуцак


 

Шаноўная рэдакцыя!

Якiх толькi нi было ў наш век «iзмаў», у якiм значэньнi i мэтах, скажам так, яны нi эксплюатавалiся! Не гаворачы ўжо пра ўтапiчны сацыялiзм, якiм у свой час захаплялiся рамантыкi, во колькi iх зьявiлася новых, што ўтварае цэлае сэмантычнае гняздо: навуковы сацыялiзм, сацыялiзм — гэта ўлiк i ашчаднасьць (Ленiн), казармэнны i разьвiты сацыялiзмы, урэшце, сацыялiзм з чалавечым тварам.

Ёсьць яшчэ адзiн сацыялiзм — гэта швэдзскi. Але аснова яго — прыватная ўласнасьць i вольнае прадпрымальнiцтва, што камунiстам i iх люмпэнскаму электарату — востры нож у сэрца. Таму ён не ў залiк.

Здавалася б, што яшчэ з абоймы гэтых «iзмаў» выцiснуць i прыдумаць? Аказваецца, можна. Гэта — «рынкавы сацыялiзм», якi, ня ў прыклад сваiм папярэднiкам, прывядзе да сьветлай будучынi. Адкрыцьцё гэтай тэорыi належыць нашаму шаноўнаму прэзыдэнту.

Праўда, гора-тэарэтыкi нiяк ня могуць уцямiць, што гэта, гаворачы вобразна, за страва — «рынкавы сацыялiзм» i з чым належыць яе ўжываць. Але гэта сьведчыць толькi пра тое, што, як i ва ўсе часы i эпохi, i ў наш цывiлiзаваны век не перавялiся скептыкi i дагматыкi, якiя ня ўлiчваюць, што ўсё цячэ, усё зьмяняецца.

I зусiм беспадстаўна думаюць тыя, што ў нас занадта прагматычнае кiраўнiцтва, без тэарэтычнай базы, пэўнай канцэпцыi i глябальнай праграмы. Таму, маўляў, i ня ведаем, якое грамадзтва будуем — сацыялiзм, капiталiзм цi яшчэ што.

Мiж тым, цi трэба дужа ламаць галаву, каб убачыць i зразумець, што ў Рэспублiцы Беларусь будуецца, узводзiцца, адраджаецца, усталёўваецца? Так, як i ва ўсялякай прававой дзяржаве, ёсьць i ў нас Канстытуцыя. Але што яна ў параўнаньнi з указамi, дэкрэтамi, рашэньнямi?.. Нуль бяз палачкi. Як i ва ўсялякай дэмакратычнай дзяржаве, ёсьць парлямэнт. Але чым ён адрозьнiваецца ад тых Вярхоўных Саветаў, якiя йснавалi ў савецкiя часы — адзiнадушнае галасаваньне i, ня дай бог, каб зьявiлiся фракцыi, апазыцыя, iншадумцы. Недарэмна яго называюць кiшэнным, але ўдзельнiкам яго гэта «да лямпачкi» —хай называюць хоць гаршком, абы ў печ ня ставiлi. Раней ва ўсiм уладарылi безразьдзельна райкамы i абкамы. Цяпер —»вэртыкалi» i «гарызанталi». Але ж хрэн не саладзей рэдзькi. Ну i, зразумела, адмiнiстрацыйна-камандавае кiраваньне са сваiмi чыньнiкамi — страхам, вочкаўцiральнiцтвам i паказухай. Словам, падбiраюцца нават крошкi папярэднiх «iзмаў», а ва многiм iдзем i далей. Напрыклад, у пэрыяд «разьвiтага сацыялiзму» часта гучалi словы: «Эканомiка павiнна быць эканомнай». У нашым «iзьме» яна стала «сацыяльна арыентаванай».

Таму, мусiць, i прыдумалi столькi падаткаабкладаньняў, што лiтаральна не хапае пальцаў, каб пералiчыць iх. А пра «дэкляраваньне даходаў i маёмасьць фiзычных асоб» нават у савецкiя часы ня чулi й ня ведалi такога.

Мiж тым, «Дэкрэт» ужо ўступiў у дзеяньне: паўсюдна ў вёсках пачаўся пералiк пладовых дрэваў, ягадных кустоў i нават клубнiчных градак. Паводле паперы, якая спушчаная мясцовым уладам, яны абавязаныя ўправiцца з гэтай дзяржаўнай справай на працягу двух месяцаў.

Маладыя вяскоўцы дзiвяцца — няўжо i за гэта будуць браць падатак, а пажылыя, каму ўжо раз даводзiлася выкарчоўваць з падворку садовыя дрэвы, горка ўсьмiхаюцца, маўляў, гiсторыя паўтараецца.

Калi з адной часткай «адкрыцьця», якая датычыць «сацыялiзму», поўны парадак i ажур, то з другой — рынкам, прама скажам, нi самiм паглядзець, нi людзям паказаць.

Так, чэкавая прыватызацыя, якая павiнна была зрабiць усiх нас гаспадарамi-ўласьнiкамi i тым самым узмацнiць матывацыю да больш актыўнай працы, аказалася мыльнай бурбалкай, ад якой нi дзяржаве, нi iх уладальнiкам нi холадна, нi горача.

Ня лепшая справа i з рэальным разьдзяржаўленьнем i прыватызацыяй, разьвiцьцём малога бiзнэсу, фэрмэрства, iншых рынкавых структур i мэханiзмаў. А чаго, гавораць, гарачыцца, можна апынуцца ў цiсках шокавай тэрапii, ад якой адны толькi пакуты. Няхай лепш будзе хiрургiчная тэрапiя, г.зн. выпрабаванае камандава-бюракратычнага кiраўнiцтва, для якога няма страшней зьвера, чым прадпрымальнiк, бiзнэсмэн, гаспадар-уласьнiк i iншае «жульлё».

А як жа тады з раўнапраўем розных формаў уласнасьцi, шматукладнасьцю эканомiкi, чым любiць хвалiцца прэзыдэнт перад замежнымi гасьцямi? Ды так, як i зь iншым «раўнапраўем», напрыклад, моўным — роднае слова ў сваёй хаце загнана ў кут падчаркай, а «братава» — ва ўсёй сьвятлiцы гаспадыня.

Падобнае «раўнапраўе» i з эканамiчнымi сэктарамi — дзяржаўным i прыватным, хаця апошнi, дзе яму, як траве з-пад асфальту, ўдаецца прабiцца, дэманструе свае перавагi.

Тым часам, крызыс не спыняецца, набывае новыя формы i праявы. Растуць дэфiцыты i цэны, iншыя цяжкасьцi. Але гэта невялiкая бяда. Хiба было лягчэй i саладзей ва ўмовах былых «iзмаў», пра якiя ўспамiнаем з настальгiяй? Тады тыя самыя заўсёдныя дэфiцыты й нястачы лiчылiся перавагай сацыялiзму, якому, як вышэйшай форме сацыяльнай вытворчасьцi, не ўласьцiва такая прыкрая зьява, як крызыс перавытворчасьцi, ад чаго так пакутуе капiталiстычны сьвет.

I яшчэ. Каб i козы былi сытымi, i сена было цэлым, ня трэба верыць усходняй мудрасьцi: «Колькi нi гавары «халва» — у роце саладзей ня стане». Стане, калi замест «халва» ўжываць такiя салодкiя словы, як посьпехi, дасягненьнi, перамогi, у скрайнiм выпадку — «подвижки» i станоўчыя тэндэнцыi, а пра горшае ўспамiнаць мiмаходзь, як пра «дробныя недахопы». Пераканаўчае сьведчаньне таму — вопыт былых «iзмаў», калi ён служыў невычэрпнай крынiцай аптымiзму i энтузiязму. Так што тут нам няма чаго адкрываць — бяры гатовенькае. I, дзякуй богу, бяром, не лянуемся. У гэтым пра нас нiяк ня скажаш, што мы «Iваны, якiя не памятаюць радзтва».

Яркае сьведчаньне таму i недаўняе прапагандысцкае шоў, так званае слуханьне ў парлямэнце — як у РБ абараняюцца i захоўваюцца правы чалавека i дэмакратычныя свабоды. Колькi «салодкiх» словаў прагучала з трыбуны, якiя ўслаўлялi «дэмакратыю па-беларуску», маглi пазайздросьцiць нават прапагандысты былога СССР.

I ўсё ж адна непрыемнасьць застаецца. Некаторыя дзяржавы, асаблiва далёкага замежжа, пад надуманымi абвiнавачваньнямi, быццам у нас парушаюцца правы чалавека, няма свабоды слова, не iдзе рэфармаваньне эканомiкi, адмаўляюцца ад партнэрства. Але й тут знойдзены выхад. Калi не пускаюць праз парадны ўваход, дык мы — народ ня горды, гатовыя праскочыць i праз чорны. Як сьведчыць практыка, такая спрытная палiтыка, здаецца, не зусiм бясплённая. Вунь колькi расейскiх згаладнелых рэгiёнаў рвуцца пазнаёмiцца зь мiрным мэнталiтэтам браткоў-беларусаў. Знаходзяцца такiя ахвотнiкi i ў далёкiм замежжы, праўда, ня першага гатунку.

I ня дзiва, што тэарэтычныя пошукi працягваюцца. У нядаўнiм пасланьнi прэзыдэнта парлямэнту ўрачыста абвешчана, што з гэтага моманту пачнецца будаўнiцтва новай дзяржавы, якая будзе называцца «эфэктыўнай дзяржавай».

I эфэктыўнасьць тая павiнна заключацца ва ўсё ўзрастаючай ролi i значэньнi дзяржавы, пашырэньнi i ўзмацненьнi яе функцыяў, пранiкненьнi ва ўсе сфэры жыцьця i дзейнасьцi грамадзтва. Толькi такiм шляхам, падкрэсьлiваецца ў пасланьнi, можна дабiцца росквiту эканомiкi, высокага дабрабыту, выхаду з крызысу.

Мiж iншым, у гiсторыi чалавецтва ёсьць нямала тэорыяў адносна дзяржавы, яе значэньня й ролi. Але, бадай, мудрэй за ўсiх вызначылi гэта марксiсты-ленiнiсты. Паводле iх тэорыi, дзяржава — ня што iншае, як орган насiльля пануючай клясы. Таму, як усялякае зло, яна павiнна адмерцi. Толькi адбудзецца гэта не праз паслабленьне яе функцыяў, а наадварот, празь iх усямернае ўзмацненьне. Як вядома, так i рабiлася ў савецкiя часы.

Гаварылi i рабiлi. Але нiхто ня думаў, што так хутка тэорыя пацьвердзiцца практыкай. Магутны i непераможны маналiт, якiм уяўляўся СССР, развалiўся, як калос на глiняных нагах. Сёньня той-сёй з гэтых глiняных чарапкоў спрабуе зьляпiць новае сутарэньне.

Былi ў гiсторыi i дыямэтральна процiлеглыя тэорыi дзяржавы. Напрыклад, адзiн з найбольш выдатных прэзыдэнтаў Амэрыкi сп. Джэфэрсан, таксама ў пэрыяд «дзiкага рынку», гаварыў: «Самы лепшы той урад, якi менш за ўсё кiруе».

Канечне, ва ўмовах «iзмаў» такую тэорыю трэба лiчыць абсурдам. Аднак гэта не перашкодзiла той самай Амэрыцы стаць самай багатай, самай дэмакратычнай, самай магутнай дзяржавай.

Тым ня меней, няхай жыве «эфэктыўная дзяржава» сувэрэннай Рэспублiкi Беларусь. Чым чорт не жартуе, можа зь цягам часу абойма вялiкiх правадыроў працоўных сьвету «К.Маркс, Ф.Энгельс, У.Ленiн» дапоўнiцца новым iмем.

Ну а мы, сьмяротныя, як пяецца ў той папулярнай песьнi «... перажывем, перажывем», i ў нас усё будзе, як у людзей.

Яфiм Iвановiч, вэтэран вайны i працы, Менск

 


Шаноўная рэдакцыя!

Маю жаданьне выказаць пэўныя меркаваньнi, што да новых цiкавых тэмаў «НН». Першая прапанова выдавецтву «Наша Нiва» — як спадарства прымае праект выданьня падручнiка беларускай мовы лацiнскiм альфабэтам? Нашая моладзь апантана шчыруе на нiве набыцьця ведаў замежных моваў. Зараз гэта робiцца знакам часу, i гэтак будзе й надалей. Навучаньне адбываецца пераважна эўрапейскiм мовам. Уся Эўропа паслугоўваецца лацiнкай. Мусiм нават дадаць — лацiнка ёсць адным з сымбаляў Эўропы. Варта, мусiць, i нам паспрабаваць пайсьцi ў Эўропу, менавiта праз нашую беларускую мову, лацiнкаю. Гэты падручнiк, так бы мовiць, стаўся б паходняй на шляху да волi. Улiчваючы, што прапанаваны праект яшчэ не распрацоўваўся нiколi досыць сур’ёзна, вы маеце шанец быць першымi.

Iншая прапанова грунтуецца на традыцыях дарэвалюцыйнае газэты «Наша Нiва». Чытачы дасылалi навiны беларушчыны з усяе Беларусi, вялiкiх местаў i маленькiх сёлаў, менавiта адтуль, адкуль i рухалася хваля новага жыцья. Мяркую, гэтую старонку жыцьця газэты варта аднавiць. Магчыма, у iншай форме, але, лiчу, сэнс у гэтым ёсьць.

Наступны момант маiх прапановаў палягае, як мне падаецца, у дарэмна пахаваным праекце — асобны нумар газэты прысьвячаўся якому-кольвек беларускаму месту. Пасьля нумароў пра Вiльню, Вiцебск, Гомлю, Магiлёў праект спынiўся. А шкада! У Беларусi процьма местаў, вартых такiх нумароў — Ворша, Полацак, Горадня, Нясьвiж, Наваградак, Слонiм, Берасьце. А беларускiя месты, воляю лёсы адхiнутыя ў замежжа — Смаленск, Дзьвiнск, Беласток, Вiльня, Невель ды iншыя. Iнфармацыю пра iх, магчыма, дадуць рэдакцыi чытачы газэты — месьцiчы гэтых местаў.

Уладзiмер Анiськевiч, Баранавiчы

 


Шаноўная рэдакцыя газэты «Наша Нiва»!

Далучаюся да той падтрымкi, якую выказваюць чытачы ў сваiх лiстах. Вашае цяперашняе супрацьстаяньне расейска-савецкаму акупацыйнаму рэжыму заканамернае й цалкам натуральнае. Iншага й быць не магло. Так звычайна дзейнiчае любая акупацыйная ўлада, якая праз гвалт, хлусьню й цынiзм хоча пасеяць спачатку зьдзiўленьне й незадавальненьне, а потым гнеў, нянавiсьць i роспач. Таму хачу пажадаць чытачам спакою й вытрымкi, а рэдакцыi — плённай працы ў выбраным накiрунку. Прашу толькi аб адным. Не спыняйце выданьне газэты. Калi «Наша Нiва» будзе забароненая (а ўсё йдзе менавiта да гэтага), дык аднавiце яе выданьне ў Вiльнi, каб затым распаўсюджваць у Беларусi. Бо толькi сьвежы нумар «Нашай Нiвы» будзе тым дастойным адказам на гвалт i ўцiск iснуючага рэжыму. Зыходзячы з гэтых меркаваньняў, дасылаю вам ксэракопiю падпiснога квiтка на другое паўгодзьдзе 1998 году з адрасам.

З павагаю, Уладзiмер Губскi, палачанiн


Паважаная рэдакцыя!

Праглядаючы кнiгу «Гiсторыя Беларусi. Дапаможнiк для паступаючых у ВНУ», я паступова дайшоў да артыкула Л.А.Жылуновiча «Вызваленьне Беларусi ад нямецка-фашыстоўскiх захопнiкаў. Заканчэньне другое сусьветнае вайны». Ня буду засяроджваць увагу на гэткiх «пэрлах», як «прдпрыемствы» цi высьвятляць «вынiкi пачаўшайся адлiгi». Тым болей ня варта паглыбляцца ў роздум дзеля адказу на пытаньне: калi Мазыр стаў «Мозырам»? Усе мы гэта ведаем. Лепей я распавяду пра тое, чаго мы ня ведаем.

Раней гэта было невядома, цяпер жа мы добра абазнаныя, што з «мэтай аднаўленьня народнай гаспадаркi рэспублiкi саюзны ўрад ужо восеньню 1943 году перадаў Беларусi значныя грашовыя сродкi, 1 тыс. станкоў, 2 тыс. т. мэталу, 1542 трактары, шмат леса, СЬЦЯКЛА i iнш.» Гэта ж сэнсацыя! Не, ня тое, што ў нас катастрафiчна не хапала «леса» (напэўна, фашысты ўсе лясы эвакуявалi ў Нямеччыну), а тое, што некалi добрая Масква паслала нам «сьцякла». Напэўна ж, гэты ўчынак быў вызначальным падчас аднаўленьня «народнае гаспадаркi» Беларусi. Наблiжаецца восень 1998 году i слаўная дата — 55 гадоў, як саюзны ўрад паслаў у разбураную вайной БССР «сьцякло». Таму будзе з нашага боку па-сяброўску й па-чалавечы, калi мы аддзячым. Як? А чаму б нам не назваць Шклоў «Сьцякловам»? Тады адразу двух зайцоў заб’еш i гэтым самым пакладзеш канец спэкуляцыям на назве гораду. «Сьцяклоў» — гэта гучыць горда!

Напэўна, гэта гучыць гэтаксама «горда», як i слова «вучэбнiк», за ўвядзеньне якога ва ўжытак мы абавязаныя не Дземянцею й не таму, пра каго вы падумалi, а В.I.Менькоўскаму, аднаму з аўтараў «Дапаможнiка для паступаючых у ВНУ» па гiсторыi Беларусi. Гэтая кнiжка дапаможа вам адным разам вывучыць i беларускую мову. А калi вас бянтэжаць «вучэбнiкi» i «сьцякло», узгадайце незабыўнага Кандрата Крапiву. Дзякуючы яму мы даведалiся пра iснаваньне ў беларускай мове «белак» i «карандашоў». Адкуль жа яны ўзялiся? Кандрат Кандратавiч тлумачыць, што так кажуць у ягонай роднай вёсцы Нiзок на Узьдзеншчыне. Як гавораць там, гэтак павiнны казаць i пiсаць па ўсёй Беларусi. Так што, лiчыце, што ўсё шкло мы прадалi Захаду (цi фашысты вывезьлi), вавёркi вымерлi, алоўкi сьпiсалiся, а нам застаецца чытаць як мага болей «вучэбнiкаў» i езьдзiць на Узьдзеншчыну, у Нiзок.

P.S. Захочаце наведаць у дадатак Шклоў i будзеце ехаць праз Магiлёў, сьцеражыцеся. На магiлеўскiм вакзале лепей не карыстайцеся «камэрамi хаваньня», калi ня хочаце раней часу справiць хаўтуры па сваiх валiзках i торбачках.

Вiктар Мухiн, Менск


Shanounaja redakcyja «Nashaj Nivy»,

pishu Vam dziunaj, na piershy pohlad, lacinkaj, ale takaja hrafika, z adnaho boku, — heta pakul shto tolki prapanova, z druhoha — vymoha Internetu. Ci nia usie my, xto pa-bielarusku ublytvajecca u susvietnaje pavuchynnie, vymushanyja kozhny na svoj lad pierajnachvac’ napisannie, xoc’ usio adno vyhladaje niagiegla.

A mozha tut jakraz i josc’ prosty adkaz na nashaje zablytanaje mounaje pytannie? Maulau, nie bylo b shchascia, dy niashchascie dapamahlo. I bielaruskaja mova, prahnuchy vyzhyvannia, sama styxijna vyrablaje nashymi rukami svajo ablichcha — u nashyx e-mailavyx pierapiskax?

Davajcie davierymsia hetaj styxii.

Niama sumnievu, shto praz karotki chas Internet zojdzie u kozhnuju xatu. Niama sumnievu, shto universalnaj movaj Internetu (i servisu) josc’ i budzie english. Niama sumnievu, shto nam z nashaj movaju treba vyzhyc’. Niama sumnievu, shto lacinizacyja bielarushchyny — heta znak zhyccia, a nia smierci. Adrozniennie narkamauki i tarashkievicy — zanadta niaznachnaje, kab pieraxod na tarashkievicu stausia takim znakam dla usiaho narodu. Estetyka tarashkievicy mozha cieshyc’ paetau i movaviedau, ale jana nie harantuje dla movy buduchyni. A lacinka — hrafika cyvilizavanaha pieradavoha svietu — papularnaja u nas najpiersh siarod moladzi, jakaja sionnia aktyuna vyvuchaje eurapiejskija movy.

Bielaruskaja lacinka, jakuju my viedajem z historyji, maje niekalki varyjantau i zusim nia maje zhyvoje tradycyji. Heta dazvalaje nam davierycca vymoham buduchyni i stvaryc’ zusim novy varyjant. Pry hetym my nia budziem muchycca z dyjakrytykami i kadziroukami, jak muchajucca sionnia amal usie movy z zhyvoj lacinkavaj tradycyjaj. My adrazu z’aryjentujemsia na english i zrobim hrafiku, nie padobnuju ani da rasiejskaj, ani da polskaj.

My admovimsia ad fanetychnaha pryncypu «jak havorycca, tak i pishacca», jaki pieratvaryu bielaruskaje napisannie u navuchalnuju transkrybcyju i u pryncypie pazbaviu pravily vymaulennia jakoj-kolviek samastojnaj vazhnasci.

Davajcie nie chaplacca za darahija nam ruiny. Tym bolsh, shto jany nikudy nia dzienucca. Davajcie dumac’ pra zautrashni dzien’ bielarushchyny.

Dadam, shto toj varyjant lacinki, jakim napisany hety list, nie prydumany mnoju. Jon — jashche davoli hruvastki —naradziusia i shtodnia daskanalicca u Internecie styxijna. I heta josc’ sviedchannie zhyvoje kamunikacyi pa-bielarusku.

Ales’ Kachan, Miensk

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0