«Я — беларус, а гэта небясьпечна...»

Аляксей Шыдлоўскi: год за кратамi

 

Яго арыштавалi ў родных Стоўбцах 16 жнiўня. З таго часу безьлiч разоў маглi б выпусьцiць. Апошнi раз такое рашэньне магло быць прынятае 30 лiпеня... За тры днi да гэтага ён разам зь iншымi вязьнямi ўстановы на Кальварыйскай, 36 у Менску сьвяткаваў «Independence Day». Кава, чыфiр ды «сьпяцом» назапашаны дэлiкатэс — шакаляд...

Шыдлоўскi, здаецца, ня вельмi верыў, што яго вызваляць датэрмiнова. Калi казаць юрыдычна правiльна —»умоўна-датэрмiнова». Няхай i «ўмоўна», але ж з-за плоту, пакiдаючы ззаду гэты «ўзмоцнены рэжым», на волю ступаеш рэальна! Але яму нiяк не прыходзiла вера ў фатальнасьць гэтага — што ў верасьнi, пасьля ўсiх фармальнасьцяў, на ганку ўстановы УЖ 15/1 яго ўжо сустрэнуць сябры...

Усё, зьвязанае са словамi «воля» альбо «датэрмiновы» для Аляксея мела рэальныя прыкметы ўмоўнасьцi. Нават права асуджанага на зьмякчэньне пакараньня, агаворанае, як i ўмовы гэтага зьмякчэньня, у Крымiнальным Кодэксе РБ. Згодна зь iм, пакараньне не зьмякчаюць a priori толькi тым, хто асуджаны за злачынства зь лiку найбольш цяжкiх. Астатнiя, пры ўмове сумленнага стаўленьня да працы i ўзорных паводзiнаў, шанец маюць. Пры гэтым раней нясуджаныя, а таксама асуджаныя на тэрмiн менш за тры гады мусяць адбыць спачатку палову тэрмiну. Уласна, менавiта пад гэты пункт i патрапляе фармальна выпадак Аляксея Шыдлоўскага. Ён за кратамi фактычна ўжо дзьве трацiны адмераных судом 1,5 гадоў. Дзьве трацiны, дарэчы, кодэкс прадпiсвае адбыць, каб мець права i шанец на волю, не такiм, як ён, асуджаны за надпiсы на сьценах! А — раней судзiмым. Альбо нясуджаным раней, але якiя цяпер атрымалi больш за тры гады...

Што такое «злачынства» Аляксея — увесь сьвет добра ведае. I калi Аляксею прапанавалi далейшыя паўгады калёнii «зьмякчыць», зьмянiўшы ўзмоцнены рэжым на «хiмiю», ён адмовiўся, паставiўшы пытаньне рубам: альбо Воля — альбо турма.

Падобнае ж пытаньне паставiлi i праваабаронцы зь «Вясны-96». Яны iнiцыявалi разгляд магчымасьцяў ягонага, Аляксея, вызваленьня. Цяпер ён ужо дакладна па ўсiх кодэксах меў на яго права! 30 лiпеня камiсiя па ўмоўна-датэрмiновым вызваленьнi разгледзела i... усё засталося па-ранейшаму. Прычынаў адмовы так i не патлумачылi.

У кожным атрадзе кожнай калёнii ёсьць свой начальнiк —»атрадны». Начальнiк 21-га атраду, знакамiтага ў УЖ 15/1 адной ужо наяўнасьцю ў iм Аляксея Шыдлоўскага, напiсаў для камiсii характарыстыку пра «хiтрага», «помсьлiвага», «вываротлiвага», «злапамятнага» вязьня. Якiя там ужо, маўляў, «узорныя паводзiны»? Якi «шлях выпраўленьня»? «Сумленнае стаўленьне да працы» — яго таксама абвяргала меркаваньне «атраднага»... Але ёсьць зьвесткi з дакладных крынiцаў, што кожны ў калёнii добра ведае аб «палiтычным» статусе Шыдлоўскага. Мала за тое — шмат хто «ведае» пра ягоны лёс i прычыны ягоных паваротаў больш, чымся сам Аляксей. Яго асобу суправаджае мноства плётак, дзе зьмяшалiся неразуменьне i неiнфармаванасьць адных i жаданьне iншых дэзiнфармаваць, каб «адпавядаць палiтычнаму моманту». Прыкладам, зь нечае ласкi ў калёнii пачалi верыць, нiбыта за кожны дзень зьняволеньня Аляксею Шыдлоўскаму «капае» на рахунак у банку (!). Тым часам родныя Аляксея ня маюць грошай, каб выпiсаць яму некаторыя газэты.

Аляксей, якi сам марыць стаць журналiстам i быў выключаны з журфаку выключна з-за зьняволеньня, не жадае расставацца з гэтай прафэсiяй i за кратамi. Начальству прыйшлося не даспадобы тое, што ён стаў дасылаць нататкi ў незалежную прэсу. Падпiсаўся: «Аляксей Шыдлоўскi, пазаштатны карэспандэнт у калёнii №1 г. Менску». Начальству хапае турботаў, што шмат пiшуць аб iм самiм, i ўсе ведаюць: гэта «той самы Шыдлоўскi». I яму — у калёнiю — пiшуць. Хоць, на думку самога Аляксея, няшмат: «У сярэднiм адзiн лiст на дзень». Як i ў жыцьцi, па той бок турэмнага плоту «насельнiцтва» падзяляецца на дзьве ўмоўныя часткi: «люмпэны» i тыя, хто чытае разам з Шыдлоўскiм незалежную прэсу, вывучае па ёй беларускую мову... Дарэчы, усе разам яны дружна не разумеюць, за што Аляксей сядзiць. За «нейкiя надпiсы»? У iх гэта ня ўкладваецца ў галаве.

Прызнацца, некалi зьвестка пра паэтычную творчасьць Аляксея Шыдлоўскага сталася для мяне — чамусьцi — поўнай нечаканасьцю. Калi сустракалi ў сакавiку на ганку менскага горсуда другога палiтвязьня — Вадзiма Кабанчука, ён прачытаў тры радкi, напiсаныя Аляксеем перад вынясеньнем iм з Лабковiчам прысуду:

 

Вось i ўсё — на Волю шпацырую!

Вось i ўсё — адкiнутыя краты!

Вось i ўсё — паветра я адчую...

 

Але з паветрам атрымалася iначай. 14 траўня Шыдлоўскi быў пераведзены ў калёнiю на Кальварыйскую, дзе з рэшткамi вольнага паветра — ягонымi вершамi — усчалася вайна. Некалькi разоў яму пагражалi дадаць да тэрмiну 3-4 гады —столькi, колькi не пашкадуць прэзыдэнцкiя судзьдзi па артыкулах 67 i 68 КК РБ. За болем i шчырасьцю, каханьнем да Радзiмы i да жанчыны наглядчыкам мроiцца толькi адно — «лёзунгi» i «заклiкi» . Для iх самае страшнае — калi вязень сумленьня ня можа й ня хоча «выпраўляць» свае душу i сумленьне.

Мабыць, баючыся, што пры прачытаньнi вершаў па-за турмой з нашым «кастытуцыйным людам» можа нешта здарыцца, iх нават забаранiлi дасылаць на волю. Усё ж удалося здабыць сёе-тое з турэмных твораў Аляксея Шыдлоўскага. Некаторыя зь iх ён прысьвяцiў сваёй жонцы Iне.

 

Я — беларус, а гэта небясьпечна

Для ўлады, для яго, для гэтых,

Якiя нас баяцца як агню!

Я — “сацыяльна небясьпечны”,

Дык што ж, лупiце, заклiнайце,

Саджайце ў турму, катуйце

За тое, што казаў я праўду,

Што не хлушу, i што магу

Аддаць жыцьцё Радзiме без разваг я...

Я — ваш, я — “сацыяльна небясьпечны”,

Судзiце!

Зараз судны час.

 

Да вызваленьня Аляксея Шыдлоўскага з турмы застаецца 191 дзень. З усiх палiтычных зьняволеных Беларусi лукашэнкаўскага часу Шыдлоўскi правёў за кратамi на сёньня найболей.

Тацяна Сьнiтко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0