Адам Глёбус

 

КIШЭННАЯ ГIСТОРЫЯ КУЛЬТУРЫ-2

 

Джота

Фрэскi Джота падобныя да чыстага неба над спакойным Мiжземным морам за хвiлiну да ўзыходу сонца.

Вэласкес

Iнфанты, вытканыя пэндзлямi Дыега Вэласкеса настолькi рэальныя, што вось-вось i загавораць, i ня проста загавораць, а пачнуць вельмi разумна прамаўляць па-гiшпанску.

Руо

Францускi жывапiсец-экспрэсiянiст Жорж Руо пiсаў не кананiчныя абразы, але веры, сьвятасьцi, тэалёгii ў iх болей, чым у бiльдачках i бiльдах рамесьнiкаў ад рэлiгii.

Ведаю рамесьнiкаў: прапануй грошы, i яны iмгненна зьменяць i канфэсiю, i канон, i веру.

Жорж Руо маляваў колеры сьвятасьцi, убачаныя iм у гатычных вiтражах.

Дэльво

Бэльгiйскi сюррэалiст Поль Дэльво любiў чыгунку, асаблiва станцыi. Ён намаляваў безьлiч станцыйных краявiдаў, у чыгуначнай архiтэктуры яму бачыўся грэцкi Акропаль. Бельгiец пiсаў i Акропаль, але замест яго на палотнах паўставалi чыгуначныя прыпынкi. А замест Вэнэры ў Дэлько вымалёўвалася цi то жонка, цi то каханка чыгуначнiка. Зрэшты, бэльгiйскi сюррэалiст ведаў: народ цiкавяць не руiны Акропаля, а працоўная чыгунка, над якою стаiць поўня цыфэрблята.

Манэ

Ёсьць пэрыяды, калi жывапiсцы нiбыта сьлепнуць. Можна сказаць iнакш: у пэўны час фаварытамi робяцца творцы, каму не па душы дзённае сьвятло. Прыкладам, у 40-я гады ХХ стагодзьдзя квiтнелi сюррэалiзм i канструктывiзм (цi нэаклясыцызм, калi заўгодна). У абодвух плынях працавалi людзi, што ўпадабалi пражэктары, лямпачкi, лiхтары, жырандолi й сьвечкi. Можна паглядзець палотны Рэнэ Магрыта, карцiны Поля Дэльво, архiтэктуру фашыстоўскай Нямеччыны цi агiтацыйныя плякаты, аддрукаваныя ў СССР. Прыкладаў безьлiч. «Гернiка» Пiкаса не выпадае з шыхтоў начнога жывапiсу.

Я знарок пачаў зь цемры, ночы й лямпачкi, каб рухацца супроць гадзiньнiкавай стрэлкi ў накiрунку бясспрэчнага сьвятла. Нiхто ня зможа абвергнуць сонечнасьць такiх мастакоў, як Поль Гаген i Вiнцэнт Ван Гог. Яны ўсхвалялi сонца, i сонца найактыўнейшае, паўднёвае. У пошуках найярчэйшых фарбаў i колераў Гаген апынуўся на высьпе Таiцi, а Ван Гог пасярод сонечна-залатога жатнёвага поля. Нават калi Ван Гог i маляваў лямпачкi, лiхтары й зоры, у яго на палотнах зьяўлялiся сонцы.

Да постiмпрэсiянiзму, якi пазначаны iмёнамi Гагена i Ван Гога, быў уласна сам iмпрэсiянiзм — накiрунак яскравы й выштукаваны з сонца, але сонца ранiшняга.

Клод Монэ — мастак маладога сонца. У ягоных палотнах ёсьць дыханьне абуджанае прыроды. Усе выдатныя iмпрэсiянiсты любiлi золак. I Рэнуар, i Пiсаро, i Сiсьлей, i Манэ пiсалi сонечныя ранiцы, але ўсё ж апагеем сонечнасьцi, сьвежасьцi ўражаньня ад абуджэньня была творчасьць Клода Монэ.

Калi рухацца супраць часу шпарчэй, дык застаецца толькi пазначыць колькi вялiкiх iмёнаў i iх прыналежнасьць да той цi iншай пары сутак. Рэмбрант — мастак начны, як i Караваджыо з Латурам, а вось Леанарда да Вiнчы — жывапiсец сутоньня шарай гадзiны.

Падзел мастакоў на дзённых i начных — ня болей чым гульня. I рабiлася гэта, каб падмацаваць адзiн сказ... Клод Монэ —мастак ранiшняга сонца.

Брэйгель

Генiя паўночнага Адраджэньня Пiтэра Брэйгеля (мужыцкага) займалi дзьве рэчы: Бабiлёнская вежа й тыя, хто яе будуе, таму вяршыняй ягонае творчасьцi можна лiчыць палатно са сьляпымi, што падаюць у ямiну.

Сурбаран

Iгрушы, выдзюбаныя вастрадзюбым пэндзлiкам Сурбарана, няўежныя, бо падобныя да жаночых торсаў, а таму значна больш прывабныя за iгрушы простыя.

Мiро

Каталунскi дадаiст Жоан Мiро паставiў пасярод Барсэлёны вялiкi рознакаляровы чэлес i чамусьцi назваў яго «Жанчына з птушкаю».

Дзюрэр

Майстар часоў Адраджэньня германец Альбрэхт Дзюрэр —жыцьцярадасны пэдант, схiльны, аднак, да мэлянхолii. Вось гэтая схiльнасьць-загана й зрабiла зь яго генiя.

Джота

На фрэсках пачынальнiка Адраджэньня Джота няма людзей, на iх толькi анёлы. Анёлы, якiя толькi што пахавалi блiзкага, вельмi блiзкага чалавека.

Арбус

Фотамастак-самагубца Дыяна Арбус убачыла й зафiксавала парадаксальнае падабенстава дзяцей, хворых на даўна, з iнфантамi, намаляванымi Дыега Вэласкесам.

Шэксьпiр

У трагедыi «Кароль Лiр» Уiльям Шэксьпiр пераканаў: шчодрасьць — такi ж сьмяротны грэх, як i сквапнасьць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0