Зьбiгнеў Гэрбэрт

ЭПIЛЁГ БУРЫ

 

Пад ранiцу 28 лiпеня праз Варшаву пракацiлася моцная бура. У гэты час памёр Зьбiгнеў Гэрбэрт, паэт, эсэiст i драматург, адзiн з волатаў сусьветнае паэзii нашага часу, легенда польскае лiтаратуры, на працягу многiх гадоў кандыдат на лiтаратурную прэмiю Нобэля. Рэдактар Gazety Wyborczej Адам Мiхнiк заўважыў, што тым трывожным ранкам нiбыта грэцкiя й рымскiя багi, пра якiх Гэрбэрт напiсаў гэтулькi пекных вершаў, на iмгненьне ўварвалiся ў гiсторыю, каб разьвiтацца з паэтам. Апошняя кнiга Гэрбэрта, выдадзеная сёлета ў траўнi называлася «Эпiлёг буры»...

Зьбiгнеў Гэрбэрт нарадзiўся ў мiжваенным Львове. Ягоны род —ангельскага паходжаньня. Па вайне, калi чырвоныя войскi занялi Львоў, паэт пераехаў у Кракаў. Тут ён атрымаў ступень магiстра эканомiкi. Адначасова Гэрбэрт скончыў факультэты права ў Торуньскiм Унiвэрсытэце i фiлязофii — у Варшаўскiм. У 1950-м ён дэбютаваў як паэт на старонках Tygodnika Powszechnego... А ўжо ў 56-м выйшла першая ягоная кнiга «Струна сьвятла», якую вельмi прыхiльна сустрэла крытыка. Нобэлеўская ляўрэатка, Вiслава Шымборская прыгадвае:

 

«Чакаўся кожны ягоны верш. Кожная чарговая ягоная кнiжка абмяркоўвалася ў колах аматараў паэзii як падзея вялiкай мастацкай i маральнай вагi. Можна было рукою захiнуць прозьвiшча аўтара, i ўсё адно ягоны тэкст быў заўсёды пазнавальны. Яму было дадзена прамаўляць уласным голасам, што бывае толькi ў вялiкiх мастакоў».

У 1974 годзе зьявiлася кнiга Гэрбэрта «Пан Кагiто», у якой паэт пазнаёмiў сьвет з легендарнай постацяй, у пэўнай ступенi alter ego аўтара — скептыка, якi з адлегласьцi ўглядаецца ў сябе, ў людзей i рэчы.

Гэрбэрта прызналi хутка. Ужо ў 64-м ён атрымаў Узнагароду iмя Касельскiх, у 65-м дзяржаўную прэмiю Аўстрыi, у 73-м нямецкую прэстыжную Ўзнагароду iмя Гердэра, i яшчэ, яшчэ незьлiчоную колькасць узнагародаў i адзнакаў. Ягоныя вершы дасканала гучаць на розных мовах сьвету. Па-ангельску Гэрбэрт загучаў дзякуючы свайму сябру Чэславу Мiлашу. Па-беларуску — дзякуючы Алегу Мiнкiну. Упершыню ў Беларусi ягоны твор быў надрукаваны ў «Нашай Нiве», у 93-м. Гэта быў мiстычны верш «Каля брамы далiны».

Гэрбэрт быў значнай постацяй ня толькi ў лiтаратуры, але i ў палiтыцы. Як пiша Адам Мiхнiк, Гэрбэрт для польскае апазыцыi ў камунiстычныя часы быў тым, кiм быў Дантэ для Iталii. Такiя вершы як «Пасланьне Пана Кагiто», а пасьля цэлая кнiга «Рапарт з абложанага гораду» сталi Бiблiяй для «Салiдарнасьцi». У сьнежнi 1975 году Зьбiгнеў Гэрбэрт далучыўся да падпiсантаў «Мэмарыялу’59», якi зьмяшчаў пратэст супраць праекту зьменаў у канстытуцыi Польшчы, паводле якiх мусiла б замацавацца «руководящая и направляющая» роля кампартыi. У 86-м паэт вымушаны быў эмiграваць i да 92-га жыў у Парыжы. Тут ён супрацоўнiчаў з рознымi выданьнямi, падтрымлiваў сяброўскiя дачыненьнi з многiмi лiтаратарамi, у першую чаргу з Чэславам Мiлашам.

На наступны дзень пасьля ягонае сьмерцi Мiлаш сказаў:

 

«Я пачаў перакладаць яго на ангельскую, таму што ён вельмi мне iмпанаваў. Я быў значна старэйшы i пачуваўся агiтатарам, тым, хто прапагандуе польскую паэзiю. Нiхто з польскiх паэтаў не надаваўся да гэтага лепей за Гэрбэрта.

Гэрбэрт быў вельмi ўскладнёным псыхiчна чалавекам, ягоная паэзiя — гэта адбiтак ягоных зьменлiвых станаў. Гэта быў чалавек, якi амаль не пiсаў пра сябе... Толькi ў пары вершаў, дарэчы ў апошняй кнiзе, ён наблiзiўся да асабiстых станаў... У той кнiзе ёсьць вершы, якiя сталiся нiбы разьвiтаньнем з жыцьцём».

А вось што сказаў пра Гэрбэрта яшчэ адзiн нобэлеўскi ляўрэат iрляндзкi паэт Шэймас Хiнi:

«Невыразнасьць пэрспэктывы, безасабовасьць, спакой —усё гэта бярэцца з позiрку шырока адкрытых вачэй, утаропленых упарта ў боль, несправядлiвасьцi, катастрофы. Гэта бярэцца таксама i з глыбокае любовi да ўсёй заходняй традыцыi рэлiгii, лiтаратуры i мастацтва, чые скарбы паэту даступныя i якiм ён не саступае. Гэрбэрт ведае праблему «выбiтнага чалавека» лепей, чым якi iншы пiсьменьнiк нашага стагодзьдзя».

Клясыцызм Гэрбэрта — толькi маска, якая дазваляла пiсаць пра тое, што дзеiлася ў нашым стагодзьдзi, пра пагрозу таталiтарызмаў i варты слёзаў лёс паняволеных народаў. Патас ягонае паэзii, нягледзячы на iронiю, якой у яго багата — гэта патас мысьленьня пра людзкое жыцьцё ў катэгорыях несумяшчальных парадоксаў. Мары пра свабоду й незалежнасьць, пра iдэалы культуры Эўропы, пры адначасовай панявярцы ў людзкiм сьвеце. З гэткiх спрэчнасьцяў збудаваны сьвет Гэрбэрта, сьвет вельмi цяжкi i вельмi мудры.

Антон Сiюль


 

Стары Прамэтэй

Пiша мэмуары. Спрабуе ў iх высьветлiць

месца героя ў сыстэме канчатковасьцi

iнснаваньня, узгоднiць спрэчныя паняцьцi

побыту й лёсу.

Агонь весела палыхае ў камiнку, на кухнi кратаецца жонка —

экзальтаваная дзяўчына, якая не змагла нарадзiць яму сына, але

цешыцца, што й гэтак увойдзе ў гiсторыю. Падрыхтоўка да вячэры,

на якую мусяць прыйсьцi мясцовы пробашч i аптэкар, найблiжэйшы

цяпер прыяцель Прамэтэя.

Агонь палыхае ў камiнку. На сьцяне

чучала арла й пахвальны лiст тырана

Каўказу, якому дзякуючы вынаходзтву

Прамэтэя ўдалося спалiць узбунтаванае

места.

Прамэтэй цiха сьмяецца. Гэта цяпер

адзiны ягоны спосаб выказаць нязгоду

са сьветам.

Пераклаў з польскае Алег Мінкін

 

ЭПIЛЁГ БУРЫ

(з апошнiх вершаў)

Трэбнiк

Госпадзе

я ведаю палiчаныя днi мае

засталося iх няшмат

Адно каб мне яшчэ пасьпець сабраць пясок

якiм прыкрыюць мой твар

не пасьпею ўжо

здаволiць пакрыўджаных

анi выбачыцца перад усiмi

якiм я ўчынiў быў зло

таму смутная мая душа

жыцьцё маё

павiнна споўнiць круг

закончыцца як добра ўкладзеная саната

але цяпер я бачу дакладна

за момант перад кодай

сарваныя акорды

спалучаныя кепска колеры i словы

гул дысананс

галас хаосу

чаму

маё жыцьцё

не было што кругi на вадзе

абуджаным у неабсяжных нетрах

пачаткам якi расьце

зьбiраецца ў пласты ступенi складкi

каб спакойна сканаць

ля тваiх неадтаемненых каленяў

Дыяна

чаму мяне ўласна хвалюе

што гэтыя ногi належалi

сапраўднай прынцэсе

рэшта заставалася

гiпатэтычнай

якая мне ўласна рахуба

што гэтыя ногi

калi шчэ складалi

няўяўнае цэлае

вымагалi

болей клопату

чымся ўсьмешка Нэфэрцiцi

чымся эталён

часу й прасторы

памешчаны ў Грынвiч

Лiрычная сфэра

Вiдаль на парк i мур у надвячоркавым сьвятле як у Каро - скурка лiмона скура шчакi ў пудры пасьля балю паветра залачэннае й нiчога чыста не чуваць анiякага шэпту анi прыглушаных вокрыкаў поцiску рук спатнелых беганiны

толькi душа стаецца хваравiта кволым павучыньнем

i на паветры ўпарцiцца шчэ як усьмешка Джаконды

этрускiх дзяўчат

усьмешка Сфiнкса

Турбот не абабрацца

Перад ад’ездам

гармiдар

папера прадметы

на ўзьлёце

нiбы адчулi

што трацяць

права на гравiтацыю

ўраз з выездам

Пана Когiта

няплачаныя рахункi

нявернутыя пазыкi

пад слова гонару

няствораныя вершы

дамоўленасьцi без працягу

бяз чырванi любошчы

пiва недапiтае

ўсё гэта лётае

ў галаве Пана Когiта

гармiдар большае

што ж будзе

калi ня ўдасца

ўтаймаваць стыхii

але ж бясконца

нельга

ў няпэўнасьць

адкладаць

выезду на вакацыi

дык жа пэўнага дня

альбо ночы

калi ўсё тое скончыцца

Пан Когiта

ладкуецца выгодна

на падушках

экспрэсу

прыкрываючы

азяблыя каленi

пледам

прыходзiць да высновы

што ўсё тут пойдзе ўперад

як да вакацыяў

напэўна горш

чым за жыцьцё Пана Когiта

але няўхiльна пойдзе

Тканiна

Бор нiцяў пальцы вузкiя й вернасьцi кросны

чаканьнi цёмныя хiстаньнi

то ж будзь пры мне о памяцi цявiна

i дай сваёй бясконцасьцi любосна

Сумленьня кволы лёт стук аднастайны

адмервае гады стагодзьдзi выспы

каб перанесьцi ўрэшце на бераг камянiсты

човен i ўток асновы й саван

Пераклаў з польскае Юрась Бушлякоў

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0