Археалягiчныя адкрыцьцi сьвету

 

ЛЮДЗI НА ВАДЗЕ

 

Пасьля таго, як у сярэдзiне ХIХ ст. пад Цюрыхам на дне возера былi знойдзеныя сьляды жытлаў i паляў, у археалягiчнай лiтаратуры пачала абмяркоўвацца праблема «палевых паселiшчаў». Далейшыя пошукi на дне i ўзьбярэжжах прыальпiйскiх азёраў прывялi да адкрыцьця культуры цэнтральнаэўрапейскiх азёрных пасёлкаў позьняга i бронзавага вякоў.

А ў 1960-70-х гадах, калi «палевыя паселiшчы» пачалi актыўна дасьледавацца ў Прыдзьвiнскiм краi i на Смаленшчыне, Аляксандар Мiкляеў пачне пiсаць, што ў Беларусi i суседнiх зь ёю Пскоўскай i Смаленскай абласьцях у II-III тасячагодзьдзях да н.э., несумненна, iснавала адмысловая цывiлiзацыя будаўнiкоў палевых паселiшчаў, якiя мелi працяглыя i ўстойлiвыя культурныя сувязi з насельнiцтвам Цэнтральнай Эўропы.

Вада была ня толькi найгалоўнай умоваю жыцьця людзей на палях, але й выдатным «архiвам iнфармацыi»: у вiльготнай глебе, азёрных донных адкладах цi проста ў вадзе ў найлепшым выглядзе захоўвалiся рэшткi драўляных будынкаў, рэчы з костак, дрэва, тканiна...

 

ПРЫАЛЬПIЙСКIЯ «ПАЛЕВЫЯ ПАСЕЛIШЧЫ»

Першыя паселiшчы на палях былi адкрытыя ў Швэйцарыi яшчэ ў сярэдзiне ХIХ стагодзьдзя. У час халоднай i сухой зiмы 1853-54 гадоў узровень большасьцi азёраў пад Цюрыхам панiзiўся настолькi, што агалiлiся вялiкiя ўчасткi прыбярэжнага дна. Менавiта тады на берагах сталi праглядацца рэшткi паляў ды iншых драўляных канструкцыяў, разнастайных старажытных рэчаў... Сьцьвярджаюць, што найбольш уважлiва да iх стаў прыглядацца мясцовы настаўнiк Ёганэс Аэплi. Прадчуваючы незвычайнасьць зробленых iм назiраньняў, Аэплi паведамiў пра iх вядомаму спэцыялiсту ў старажытнай гiсторыi зь Цюрыха Фэрдынанду Келеру. Агледзеўшы палi ды iншыя дзiўныя знаходкi, Келер прыйшоў да высновы, што на возеры ў старажытнасьцi iснавалi палевыя паселiшчы. Яны маглi будавацца на беразе цi разьмяшчалiся над вадой возера. Апошнюю сваю здагадку Келер палiчыў найбольш праўдападобнай. Хацiны старажытных людзей, разважаў далей дасьледчык, маглi стаяць на палях i злучалiся зь берагам.

Пасьля больш чым ста гадоў раскопак i працяглых дыскусiяў па вынiках археалягiчных дасьледаваньняў азёрных паселiшчаў большасьць спэцыялiстаў стала сьцьвярджаць, што, насамрэч, пасёлкi будавалiся не на вадзе, а на берагах старажытных вадаёмаў. Падлогi будынкаў маглi разьмяшчацца на слупах. Паселiшчы апыналiся ў вадзе ў вынiку ваганьня ўзроўню вады ў азёрах, што вельмi часта здаралася ў пэўныя клiматычныя пэрыяды, прынамсi, у канцы III-II тысячагодзьдзяў да н.э. Пасьля чарговага пад’ёму вады «палевыя паселiшчы» гiнулi, а iх жыхары вымушаныя былi займаць больш спрыяльныя для жыцьця ўчасткi берагоў. Праўда, iншыя археолягi застаюцца перакананымi, што пры пэўных абставiнах жыцьцё на «палевых паселiшчах» працягвалася i над вадой.

«Палевыя», цi iнакш, «швэйцарскiя паселiшчы», пазьней былi адкрытыя ня толькi на Цюрыхскiм, але i на многiх iншых прыальпiйскiх азёрах. Такога тыпу археалягiчныя помнiкi дасьледавалiся ў Нямеччыне, Аўстрыi, Iталii, Францыi. Большасьць зь iх адносiцца да часоў нэалiту i эпохi бронзы.

На месцы паселiшчаў ва ўмовах багнiстых азёрных адкладаў добра захавалiся ня толькi драўляныя часткi канструкцыяў пабудоваў, у тым лiку палi, але й рэшткi пабытовых рэчаў з костак, дрэва, посуд, дэталi адзеньня, тканiна, плеценыя вырабы ды iншы рыштунак, якi ня знойдзеш у пясчаных культурных пластах. Жытлы найчасьцей былi простакутнымi. На падлозе разьмяшчалася агнiшча, змайстраванае з глiны. Сярод тысячаў жэрдак, слупоў, дошак, палак археолягам часта траплялiся разьбiтыя гаршчкi, крамянёвыя вырабы, у iх лiку, напрыклад, нажы з драўлянымi дзяржальнамi, лукi, сякеры, вёслы, плеценыя кашы, драўляныя цабэркi, сеткi, кавалкi тканiны, прадзiва...

У пластах такiх паселiшчаў можна адшукаць рэшткi расьлiнаў i нават кветкавы пылок. Iх аналiз дазваляе зразумець, як зьмянялiся краявiды ў тыя далёкiя часы. Напрыклад, стала дакладна вядома, што ў пэрыяд пераходу ад нэалiту да бронзавага веку на берагах мясцовых азёр расьлi букавыя лясы.

У Швэйцарыi, акрамя наземных раскопак, ужо некалькi дзесяцiгодзьдзяў вядуцца падводныя работы па вывучэньнi палевых паселiшчаў. Праз унiкальную мэтодыку i спэцыяльнае абсталяваньне археолягам удаецца расчышчаць i дасьледаваць на дне азёр шэрагi паляў i драўляныя канструкцыi часоў каменнага i бронзавага вякоў.

Знаходкi археолягаў можна паглядзець у шматлiкiх музэях, якiя разьмяшчаюцца ля падножжа Альпаў. А ў Нямеччыне на Бадэнскiм возеры наведнiкам паказваюць рэканструяванае «палевае паселiшча» Унтэрулдзiнген. Раскопкi многiх палевых паселiшчаў працягваюцца дагэтуль. Пад Цюрыхам цi нават у межах самога гораду можна ўбачыць, як археолягi завiхаюцца ў пошуках сьлядоў, якiя пакiнулi жыхары пасёлкаў на палях.

 

«ПАЛЕВАЯ ЦЫВIЛIЗАЦЫЯ» ПАДЗЬВIНЬНЯ

Пачынаючы з 1960-х гадоў, археалягiчнымi экспэдыцыямi Эрмiтажа ў Пскоўскай вобласьцi на берагах азёр Усьвяцкае, Жыжыцкае, Сеньнiца, а таксама пад Вялiжам, што на Смаленшчыне, вывучалiся адмысловыя «палевыя паселiшчы». Старажытныя пасёлкi такога кшталту, паводле Аляксандра Мiкляева, будавалiся i на тэрыторыi сучаснай Беларусi. Маюцца на ўвазе ня толькi знакамiтыя Крывiна i Асавец на Вiцебшчыне, але i iншыя шматлiкiя месцы на балотах Друйкi, Друцi, Вяльлi... Згадваючы iх, Аляксандар Мiкляеў пiсаў, што ў Беларусi i суседнiх зь ёю Пскоўскай i Смаленскай абласьцях у часы нэалiту i эпохi бронзы iснавала «адмысловая цывiлiзацыя будаўнiкоў палевых паселiшчаў, якiя мелi працяглыя i ўстойлiвыя культурныя сувязi з насельнiцтвам Цэнтральнай Эўропы».

Усходнеэўрапейскiя азёрныя паселiшчы на палях таксама датуюцца III-II тысячагодзьдзямi да н.э. Паселiшчы гiнулi ў вынiку катастрафiчнага сваiмi наступствамi пад’ёму вады. Людзi перасялялiся на высокiя ўчасткi берагоў. Разбураныя пасёлкi, апынуўшыся ў вадзе, зь цягам часу затарфоўвалiся. Багна навечна паглынала тое, што засталося ад колiшняга чалавечага жыльля... Але сустракаюцца азёры, на якiх торф не ўтвараўся. У такiм выпадку рэшткi палевага паселiшча можна ўбачыць на дне возера. У 1976 годзе такое паселiшча было знойдзена ў возеры Сеньнiца пад Невелем на глыбiнi 1,5 м. Людзi пакiнулi яго ў сярэдзiне II тысячагодзьдзя да н.э.

Пры вывучэньнi паселiшча Сяртэя, што каля Вялiжа, археолягам прыйшлося пагружацца ў ваду з аквалянгамi i з дапамогаю эжэктараў размываць сапрапель. У Сяртэi знайшлi рэшткi памосту, якi абапiраўся на палi. Сяртэя загiнула ў вялiкiм пажары. Побач з насьцiлам археолягамi знойдзеныя моцна абгарэлыя косткi мужчыны сярэдняга веку.

Пад «палевыя паселiшчы» людзi найчасьцей выбiралi цiхiя залiвы, там, дзе ўпадала цi выцякала з возера рачулка. Як гэта нi дзiўна, але адно зь Сяртэйскiх паселiшчаў разьмяшчалася на палях пасярод невялiкага возера, берагi якога на той час былi моцна затарфаваныя. На Ўсьвяцкiм возеры палевае паселiшча будавалася за 20-30 м ад старажытнай берагавой лiнii. Глыбiня вады на месцы палевых жытлаў даходзiла да 70-80 см. Палi пры гэтым мелi даўжыню 1-1,5 м. Паселiшча складалася з шэрагу пабудоваў, кожная зь якiх займала плошчу больш за 20 кв.м. Жытлы стаялi ўздоўж берага i злучалiся адно з адным драўлянымi пераходамi.

Вызваленыя з-пад торфу драўляныя канструкцыi вельмi хутка гнiюць. Апынуўшыся на паверхнi, яны цямнеюць, пакрываюцца трэшчынамi, а затым пачынаюць рассыпацца. Сярод тысячаў драўляных рэшткаў зь цяжкасьцю ўдаецца прасачыць канструкцыю жыльлёвых i гаспадарчых збудаваньняў. Мiхась Чарняўскi на Крывiнскiм тарфянiку, на Вiцебшчыне, раскопваў паселiшча, якое забудоўвалася жытламi з двухсхiльным дахам. Жэрдкi даху трымалiся на гарызантальнай кладзi, якая абапiралася на разьвiлкi-расохi. Страха пакрывалася трысьнягом. У будынках знаходзiлiся адкрытыя агнiшчы, аснову якiх складалi пласты пяску на вымастках зь яловай кары.

Ад чалавечай дзейнасьцi на месцы паселiшчаў захавалася шмат вырабаў з каменю, костак, дрэва, шматлiкая керамiка, упрыгожваньнi, касьцяныя скульптуркi i iншыя творы мастацтва, луска рыб, косткi жывёл, шалупiньне пладоў, ракавiны, рознае сьмецьце...

Як тлумачаць спэцыялiсты такое ўстойлiвае памкненьне людзей разьмясьцiць свае жытлы на ўзьмежжы вады i берага цi на вадзе? Варта меркаваць, што ўзьнiкненьне «палевых паселiшчаў» было адной з формаў адаптацыi да мясцовых умоваў з улiкам зьменлiвасьцi тагачаснага клiмату. Людзi сялiлiся як мага блiжэй да вады ў час скарачэньня плошчы возера цi забалочваньня яго ўзьбярэжжа, бо гаспадарка iх засноўвалася на даволi эфэктыўнай эксплюатацыi комплексу трох асноўных тыпаў ляндшафту: вады, забалочаных берагаў, навакольных лясоў. Людзi жылi з рыбалоўства, зьбiральнiцтва i паляваньня, у тым лiку на водную, балотную дзiчыну. Але наўрад, маючы, напрыклад, на ўвазе плыткаводнае разьмяшчэньне паселiшчаў, будаўнiцтва на палях было абумоўлена патрэбамi бясьпекi.

Аналiзуючы культуру жыхароў «палевых паселiшчаў» Падзьвiньня, А.Мiкляеў меркаваў пра магчымае iснаваньне ў III-II тысячагодзьдзях да н.э. нейкага культурна-гiстарычнага «калiдору», якi цягнуўся ад Цэнтральнай Эўропы праз прыдзьвiнскi азёрны край i далей да Падняпроўя i Верхняга Паволжа. Шырыня такога ўмоўнага «калiдору» магла вагацца ў залежнасьцi ад гiстарычных абставiнаў, але пры гэтым доўгi час захоўваючы свой асноўны накiрунак з паўднёвага захаду на паўночны ўсход.

Вялiкая колькасьць «палевых паселiшчаў» у Беларусi застаецца пакуль невядомай для археолягаў. А пра тое, што празь нейкi час навукоўцаў чакае ў гэтай галiне не адно выдатнае адкрыцьцё, сьведчыць мноства сабраных зьвестак. Я маю на увазе ня толькi аповеды рыбакоў пра бачаны бiты посуд, слупы на дне некаторых азёр, але й паданьнi пра масты над азёрамi, затопленыя колiсь «цэрквы» i караблi i г д. Пра рэшткi дзiўнай керамiкi, косткi, шалупiньне арэхаў ды жалудоў, памосты з дрэва ў тарфянiках часам згадваюць мэлiяратары.

 

ШЛЯХI ПРАЗ БАГНУ

У 1950-х гадах у правiнцыi Дрэнтхе, што на паўночным усходзе Галяндыi, у багнiстай глебе археолягi адшукалi дарогу, якою карысталiся тутэйшыя насельнiкi каля 2000 году да н.э. Шлях праходзiў праз багну. Дарога складалася з шчыльна пакладзеных на лагi бярвеньняў.

Яшчэ больш старажытны шлях па балоце быў знойдзены на паўднёвым захадзе Англii ў Somerset Levels. Яму болей за 5000 гадоў. Археолягi раскапалi яго на глыбiнi некалькiх мэтраў. Sweet Track — такую назву атрымаў адшуканы шлях — быў пабудаваны людзьмi для больш зручнага перасоўваньня да суседнiх узвышшаў на балоце. Sweet Track цягнуўся больш за 1,5 км. Археолягi, якiя вывучалi яго, знайшлi памiж бярвеньняў цi на ўзбочынах дарогi ня толькi сьляды апрацоўкi дрэва, але й розныя iншыя рэчы, згубленыя людзьмi ў старажытнасьцi.

 

БIСКУПIН — ГАРАДЗIШЧА ПАСЯРОД ВАДЫ

У канцы эпохi бронзы, а тым больш у часы раньняга жалезнага веку, вада становiцца адной з найважнейшых умоваў бясьпечнага iснаваньня людзей на ўмацаваных паселiшчах.

У Польшчы на беразе возера Бiскупiн каля Познанi можна агледзець бадай адно з самых вiдовiшчных гарадзiшчаў I тысячагодзьдзя да н.э. Бiскупiн — паўзатопленыя рэшткi ўмацаванага паселiшча, якое ўдалося ня толькi дасканала вывучыць, але й часткова аднавiць, ператварыўшы ў адмысловы музэйны цэнтар пад адкрытым небам.

У 1933 годзе школьны настаўнiк Валенты Швэйцэр на адной з паўвыспаў возера Бiскупiн заўважыў вялiкую колькасьць бярвеньняў, якiя вытыркалiся на паверхнi былога дна. Возера ў тыя гады моцна абмялела пасьля актыўнай мэлiярацыi. Швэйцэр паведамiў пра сваё, на яго думку, вартае ўвагi адкрыцьцё ў Вялiкапольскi музэй, дырэктарам якога ў той час быў знакамiты археоляг прафэсар Юзаф Кастшэўскi. У наступным годзе Кастшэўскi прыехаў у Бiскупiн. На працягу шасьцi гадоў пад кiраўнiцтвам прафэсара раскопвалася паўзатопленае паселiшча. Пакрысе пачалi абазначацца контуры вулiц, рэшткi драўляных будынкаў i ўмацаваных гарадзiшчанскiх сьцен. Сярод бярвеньняў археолягi знаходзiлi вялiкую колькасьць старажытных рэчаў, некалi згубленых цi пакiнутых людзьмi.

Адкрыцьцё Бiскупiна сталася адной з найвялiкшых падзеяў у польскай археалёгii напружаных перадваенных гадоў. У лiтаратуры адзначаецца таксама вялiкае грамадзка-палiтычнае значэньне раскопак Бiскупiна для тагачаснага польскага грамадзтва. Бiскупiн спрыяў актывiзацыi цiкавасьцi да свайго мiнулага, пад’ёму патрыятычных пачуцьцяў. Паведамленьнi пра вынiкi раскопак траплялi ня толькi на старонкi газэт i часопiсаў, але й распаўсюджвалiся з дапамогаю дырыжабляў, зь якiх да людзей ляцелi iнфармацыйныя ўлёткi.

Вучнi Юзафа Кастшэўскага працягвалi капаць Бiскупiн у пасьляваенныя гады. Нягледзячы на цяжкi эканамiчны стан разбуранай вайною краiны, польскi ўрад усяляк спрыяў пасьпяховаму завяршэньню дасьледчых працаў у Бiскупiне.

Паселiшча ў Бiскупiне займала паўвыспу плошчаю каля 2 га. Яно было акружанае валам шырынёю каля 4 м, якi ўмацоўваўся сьцяною зь бярвеньняў. Пад гарадзiшчанскiя сьцены ўшчыльную падыходзiла вада, а таму iх атачылi спэцыяльнымi дубовымi бярвеньнямi, аб якiя разьбiвалiся хвалi возера. Уздоўж сьцен умацаванага паселiшча праходзiла драўляная вулiца. Адзiнаццаць iншых паралельных вулiц перасякалi гарадзiшча ўпоперак. Уздоўж iх стаялi доўгiя будынкi. Нягледзячы на тое, што хаты захавалiся часткова, толькi да вышынi 1 м, польскiм археолягам удалося iх цалкам рэканструяваць. Будынкi мелi доўгiя драўляныя сьцены. Кожнае з памяшканьняў складалася зь сенцаў i вялiкага пакою, у якiм разьмяшчалася каменнае агнiшча. У кутку знаходзiлiся драўляныя палацi. Падлога пакрывалася шчыльна пакладзеным бярвеньнем.

У Бiскупiне жыло некалькi соцень жыхароў. Яны былi земляробамi i пастухамi. Палi й лугi разьмяшчалiся на берагах возера. Калi жыхары Бiскупiна памiралi, iх крэмiраваныя косткi зьмяшчалi ў пахавальныя пасудзiны й везьлi на могiльнiк, якi разьмяшчаўся за возерам.

Паселiшча iснавала ў межах 700-400 гадоў да н.э. У канцы V стагодзьдзя да н.э. з наступленьнем больш халоднага й вiльготнага клiмату ў возеры адбываецца гвалтоўны пад’ём вады. Вада пачынае ня толькi падмываць берагi выспы, але й зацякаць на тэрыторыю гарадзiшча. Ратуючыся ад прылiваў, бiскупiнцы павышаюць узровень вулiцы i падлогi, накладаючы новыя пласты бярвеньняў. У некаторых хатах археолягi адзначалi чатыры гарызонты драўнiны. Абставiны змусiлi людзей пакiнуць гарадзiшча, якое ўрэшце апынулася ў вадзе.

У 1949 годзе ў Бiскупiне быў створаны музэй, у якiм дэманстравалiся матэрыялы археалягiчных раскопак. Аднаўленьне асобных участкаў вала, вулiц i дамоў пачалося ў 1968 годзе. Шматлiкiя наведнiкi Бiскупiна сёньня могуць прагуляцца па некаторых вулiцах старажытнага паселiшча, увайшоўшы ў яго праз гарадзiшчанскую браму зь невялiкай вежай. У рэканструяваных будынках узноўлены iнтэр’ер часоў раньняга жалезнага веку.

Мiкола Крывальцэвiч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0