БIБЛIЯТЭКА


«Вандроўкi па Вiльнi»

Гэтым летам нарэшце выйшла з друку кнiга Лявона Луцкевiча «Вандроўкi па Вiльнi». Першы рукапiс яе быў падрыхтаваны яшчэ гадоў 10 таму, доўга ляжаў па менскiх выдавецтвах, у перакладзе на расейскую мову ў 92-м быў апублiкаваны ў часопiсе «Нёман», фрагмэнтамi зьяўляўся ў розных пэрыёдыках, у тым лiку ў «НН», але асобнай кнiгай пры жыцьцi аўтара так i ня выйшаў. I вось сёлета вiленскае выдавецтва «Рунь» нарэшце надрукавала гэтую кнiгу. Лявон Луцкевiч з эпохi ў эпоху расказвае пра падзеi, пэрсанажаў i адрасы вiленскае беларушчыны. Да гэтага дадаюцца плян гораду зь пералiкам аб’ектаў, iмянны паказальнiк, дзясяткi здымкаў. На вокладцы — Вострая Брама.

Сам аўтар у прадмове пiша, што «не прэтэндуе, каб ягоная праца разглядалася як навуковае дасьледаваньне цi ўсыстэматызаваны турыстычны даведнiк. Гэта позiрк старога беларуса-вiленчука, карэннага жыхара Вiльнi на бясконца любы яму горад».

Выбiтны архiтэктар Лаўрын Гуцэвiч, якi, мiж iншым, паставiў копiю рымскага сабора Сьвятога Пятра ў Маляцiчах, ля Мсьцiслава, пахаваны ў Вiльнi, на цьвiнтары старажытнага касьцёла Сьвятога Стэфана, побач зь сёньняшнiм аўтавакзалам, якi бачны кожнаму, хто прыяжджае цi ад’яжджае зь Беларусi i ў Беларусь. Лявон Луцкевiч меркаваў, што Гуцэвiч пахаваны на старасьвецкiх вiленскiх могiлках Росы, дзе сёньня ўжо ёсьць магiла самога спадара Лявона. Ён ня быў гiсторыкам, ня быў мастацтвазнаўцам. Ягоная гiсторыя Вiльнi — гэта ўнiкальны фальклёр, сплеценыя ўласнымi ўяўленьнямi i пачуцьцямi асабiстыя й запазычаныя ўспамiны, гiстарычныя й мастацкiя даведкi, чуткi й показкi. I, як кожны фальклёр, ён быў неадрыўны ад постацi самога выканаўцы, ад ягонага голасу i жэстаў.

Аднаго разу мне давялося пабываць у лёхах вiленскага касьцёла Сьвятога Духа. Знаёмы ксёндз запрасiў мяне туды на экскурсiю разам з францускiмi археолягамi. Лёхi гэтага касьцёлу шырэйшыя за сам касьцёл i спускаюцца на некалькi паверхаў углыб. У гэтых катакомбах за некалькi стагодзьдзяў пахаваныя тысячы людзей. Часам труны ляжаць адна на адной... Iснуе старое вiленскае паданьне, паводле якога ўваход сюды сьцеражэ белы мнiх, якi аднаго разу перапудзiў жаўнераў-маскалёў, якiя вартавалi касьцёл на загад Мураў’ёва. Дык вось працяг гэтага паданьня ведаў толькi Лявон Луцкевiч: Калi Вiльню занялi немцы, у першую сусьветную вайну, дзядзька спадара Лявона Iван Луцкевiч вызваўся спраўдзiць гэтыя расповеды. Пэўнае ўлады ў горадзе не было, а таму была магчымасьць без усялякiх дазволаў злазiць у касьцёльныя катакомбы. Дамовiўшыся з вартаўнiком, Iван Луцкевiч аднае начы спусьцiўся па вяроўцы ў тыя самыя скляпеньнi. Ажно раптам вяроўка парвалася i ён упаў... Калi падняўся, то пабачыў насупраць сябе... белага мнiха. Чыркнуўшы запалкаю, разгледзеў, што гэта мумiя, якая выпала са спарахнелае труны. Падобных мумiяў тутака тысячы. Гэтак менавiта Iван Луцкевiч наноў адкрыў сьвету вялiкi нэкропаль касьцёла Сьвятога Духа. Доўгi час, недзе да 30-х гадоў, тут было нешта накшталт кунсткамэры, куды хадзiлi цiкаўныя.

Калi я iшоў гэтым сярэднявечным вусьцiшным лябiрынтам сьледам за мнiхам, жывым, дамiнiканцам у белым каптуры, я прыгадваў артыстычны выклад гэтае гiсторыi спадаром Лявонам. Блукаючы па вулках старое Вiльнi, па справах цi бязь iх, я найперш прыгадваю ягоныя, беларускiя iнтэрпрэтацыi вiленскае гiсторыi.

Апавяданьнi Лявона Луцкевiча спляталiся адно з адным, у бясконцы ланцуг-повязь, што паядноўвае нас зь бяскоцасьцю часу i бясконцасьцю Вiльнi. У якiм касьцёле браў шлюб Бранiслаў Тарашкевiч, чаму Луцкевiчы i Аляхновiч прынялi кальвiнiзм, што падавалi й што гралi ў рэстарацыях Штраля, як апранаўся Леў Вiтан-Дубейкаўскi i якi голас быў у айца Аляксандра Каўша... Лявон Луцкевiч быў ня проста носьбiтам традыцыi, ён быў яе палымяным прапагандыстам. Нават калi ён чуўся блага, цi быў стомлены, у летнi сквар i ў марозную непагадзь, калi яго хацелi чуць, ён заўсёды быў. Бо ўважаў сябе ня толькi за чычэронэ, але й за астатняга магiканiна несавецкае беларушчыны ў Вiльнi. Толькi ён ужо мог з пэўнасьцю паказаць месцы, дзе быў мячэт, лютэранскiя могiлкi, кнiгарня Станкевiча, бiблiятэка-чытальня «Веды», друкарня iмя Скарыны, паказаць тую Вiльню, якой ня будзе ўжо нiколi...

Ёсьць гэткае старое вiленскае паданьне. Неўзабаве, як памёр кароль Жыгiмонт Аўгуст, у Вiльнi пачала зьяўляцца ягоная здань. Калi на небе ўсплывала поўня, здань выходзiла на вяршыню Гедымiнавае гары. Адсюль кароль-нябожчык доўга глядзеў на любую Вiльню, да хараства й сьвятасьцi якое ён гэтулькi прыклаў намаганьняў. Тут пад гарою, у катэдры, спачываюць ягоныя любыя жонкi: заўчасна памерлая юная Альжбэта й Барбара, горыч ад страты якое ён ня здолеў згасiць да самае свае сьмерцi. Каралеўская постаць абыходзiла катэдру, доўга кленчыла ля трунаў жанок, пасьля абыходзiла пакоi й залi вялiкакняскага палацу... Затым здань Жыгiмонта ўваходзiла ў засень саду Радзiвiлаў, дзе адбылося ягонае першае спатканьне з каханай Барбарай. I як толькi за Вострай Брамай пачынала вiднець, каралеўская здань раставала...

Аднак кожнага разу, калi Жыгiмонт зьяўляўся на гары, усё з большым сумам ён глядзеў на красуню Вiльню. Час i людзкая нядбайнасьць панiшчылi адну за другой памяткi, дарагiя каралеўскаму сэрцу. Амаль дашчэнту разбурыўся старажытны замак Гедымiна, нiчога не засталося ад Нiжнiх замкаў, ад палаца Барбары, ад радзiвiлаўскага саду, не засталося i знаку ад былое пахавальнi каралеўскiх жонак у цалкам перабудаванай катэдры... Неяк здань караля iзноў зьявiлася ў поўню на гары. Доўга-доўга з тугою глядзеў Жыгiмонт Аўгуст унiз, а пасьля скалануўся й заламiў рукi ў адчаi. Больш ён не вяртаўся нiколi.

Ня ведаю, цi наканавана ценю Лявона Луцкевiча бачыць Вiльню. Вiльня нiбы ўвесь час рэстаўруецца й дабудоўваецца. У яго гэта не выклiкала непрыманьня, ён паўтараў увесь час, што Вiльня толькi харашэе. Адзiнае, што зьнiкае зь яе незваротна — гэта непаўторная вiленская беларушчына, жывы суплёт традыцыяў, разам са сваiм фальклёрам, апошнiм носьбiтам якога i быў спадар Лявон.

С.Х.


 

Воз наперадзе каня

Мiнiстэрства ўнутраных справаў краiны выдала на 64 старонках вучэбны дапаможнiк прафэсара В.Шаўкапляс «Судебные органы в Беларуси» ў канцы 18-га — першай палове 19-га ст. Паводле зьместу гэта нешта памiж даведнiкам, навучальным дапаможнiкам i моднымi цяпер навукова-папулярнымi брашурамi. Аўтарка даўно займаецца гiсторыяй суда i магла б сама напiсаць спэцыяльную гiсторыка-прававую працу, у адсутнасьцi якой папракае сваiх папярэднiкаў.

Брашура ахоплiвае правадзейнасьць ня ўсiх судовых установаў у азначаным адрэзку часу, але досыць поўна знаёмiць з кампэтэнцыяй трох судовых узроўняў: павятовых, Галоўнага i межавога. I робiцца гэта амаль выключна шляхам традыцыйнай трансьляцыi зьместу знакамiтага Поўнага зводу законаў Расейскай iмпэрыi. Адразу кiдаецца ў вочы блытанiна ў тэрмiнах «поветовый» i «уездный» суд, што ў перакладзе на беларускую мову тое самае. Аднак спэцыялiстам вядома, што да далучэньня ў 1772 г. першых беларускiх земляў (арганiзаваных пазьней у Магiлёўскую i Полацкую губэрнi) да Расеi, тут iснавалi земскiя суды ў ваяводзтвах i паветах Вялiкага Княства Лiтоўскага. Гэта значыць, былi павятовыя земскiя суды. Вядома таксама, што пад такой самай назвай адпаведныя органы былi ўведзеныя Кацярынай II i пасьля 1772 г.

Мiж тым, аўтарка заяўляе, што Павал I «восстановил» iх у 1796 г., а потым дадае, што тыя суды ягоным жа ўказам «учреждались» у 1797 г. Што тут да чаго — незразумела i самой аўтарцы. Бо далей яна гаворыць, што па сутнасьцi паўлаўскага ўказу аднаўлялася ўся сыстэма ранейшых земскiх, гродзкiх i падкаморскiх судоў ВКЛ, аднак з увядзеньнем пэўных зьменаў. Якiя перамены i ў чым яны заключалiся — гэта ў брашуры адзначана адпаведна з працай М.Навакоўскага. Праўда, Шаўкапляс лiчыць навацыi расейскага ўраду амаль рэвалюцыйнымi, бо сьцьвярджае, што ўрад «коренным образом» перагледзеў кампэтэнцыю дапушчаных судоў у пытаньнях членства, апэляцыяў i г.д.

Прыкладам, замест судовае спрэчкi бакоў урад увёў працэс дазнаньняў пад пiльным наглядам палiцыi, або што пажыцьцёвыя пасады судзьдзяў сталi выбарнымi. Карэнны характар гэтых зьменаў аўтарка адлiчвае з 1802 году, што пярэчыць тэзысу аб дазволе правадзейнасьцi Статута ВКЛ 1588 году з часу далучэньня беларускiх земляў да iмпэрыi (г.зн. з 1772 году), што павятовыя суды кiравалiся гэтым мясцовым правам «и в ХIХ веке». Блытанай застаецца пазыцыя аўтаркi i адносна паўнаты правадзейнасьцi Статута пасьля адзначаных мадыфiкацыяў. То яна пiша, што ў пачатку ХIХ ст. у Беларусi дзейнiчалi асаблiвасьцi мясцовага права, то далей сьцьвярджаецца, што ўзнаўленьня ранейшых судоў «на основе местного права не произошло». Таму недаказаным i цалкам неабгрунтаваным застаецца яе пярэчаньне Б.Нольдэ, якi лiчыў, што ўрадавымi навацыямi ў 1809 годзе завяршаецца пэрыяд судовай аўтаномii далучаных земляў.

Вельмi iстотным у разуменьнi гэтых складаных фактаў зьяўляецца характар i роля межавых судоў, утвораных у 1810 годзе на тэрыторыi апошнiх падзелаў Рэчы Паспалiтай. Аднак у адпаведным разьдзеле брашуры аўтарка дэманструе якраз некампэтэнтнасьць. Яна лiчыць, што межаваньне ў Беларусi пасьля першага далучэньня (1772 год) праводзiлася ня ўрадавымi органамi, а ранейшымi падкаморскiмi судамi ВКЛ. Гэта вiдаць з тэзы аб тым, што апошнiя не спраўлялiся з вырашэньнем зямельных спрэчак i таму мясцовае панства пажадала стварыць больш эфэктыўныя i мабiльныя органы. Але ж Шаўкапляс пытаецца — навошта было ствараць гэтыя межавыя суды, калi такiя справы разглядалiся падкаморскiмi судамi ды яшчэ дазволенымi толькi што ўрадам? Гэтае рытарычнае пытаньне засталося няясным, бо Шаўкапляс здымае яго проста: маўляў, нiводзiн нарматыўны акт «пра гэта не гаворыць»!

А хiба згаданы Поўны звод законаў — гэта кулiнарная кнiга гiстарычных рэцэптаў? Калi не ўдавацца ў тлумачэньне недарэчнасьцяў, дык аўтарцы можна параiць зьвярнуцца да гiсторыка С.Рубiнштэйна, якi першы стаў перад падобнымi дылемамi пры высьвятленьнi ролi межавых судоў. Але ж колькi разоў яшчэ шаноўныя прафэсары будуць ставiць рытарычныя пытаньнi, пладзiць кампiляцыi, а не аналiзаваць крынiцы? Перад тым, як перапiсваць Поўны звод законаў, трэба разабрацца ў гiстарычных рэалiях, якiм адпавядалi або зь якiмi не супадалi царскiя ўказы. Перад тым, як пiсаць модныя цяпер дапаможнiкi i абагульняльныя працы, трэба спачатку стварыць вартай якасьцi навуковыя творы.

Яўген Анiшчанка


 

На Койданаўскай цёмныя двары

Кнiжку Канстанцiна Тарасава «Залатая горка», што выйшла ў менскiм выдавецтве «Лекцыя» накладам 10000 асобнiкаў, сярод маiх калегаў нiхто яшчэ ня бачыў. Нi ў крамах, нi на развалах яе пакуль няма. Але падазраю, што посьпех ёй гарантаваны як сярод аматараў клясычнага дэтэктыва, так i ў асяродку непрымiрымых нацыяналiстаў, нягледзячы на расейскую мову выданьня.

I галоўны сакрэт тут не ў напрузе сюжэта аповесьцi «Залатая горка», i, бадай, не ў рэвалюцыйнай тэматыцы. Сакрэт у антуражы, на тле якога разгортваюцца падзеi, — у Менску, якога ўжо няма й ня вернеш. Хiба толькi ва ўяўленьнi. А калi карцiнкi знаёмых, сумных кварталаў, якiм пашчасьцiла захавацца, ажыўляюцца перастрэлкамi, сочкамi ды засадамi...

Зьбеглы з харкаўскай турмы эсэраўскi баявiк «Скарга» вяртаецца ў Менск, каб перадаць таварышам па барацьбе за народнае шчасьце экспрапрыяваныя ў дзяржавы грошы, ды з дапамогаю надзейных людзей празь Вiльню пакiнуць межы iмпэрыi. Разам зь iм пад выглядам кур’ера едзе агент «ахранкi», задача якога вярнуць нарабаваны капiтал дзяржаве. Адчапiўшы жандарскi хвост, спрактыкаваны барацьбiт выносiць i зьдзяйсьняе сьмяротны прысуд ахоўнiку Пiшчалаўскай турмы, якi згвалцiў на допыце сяброўку па змаганьнi, ды афiцэра, што дазволiў гвалт. Канец няўлоўнага беларускага Зоро быў сумны. Выдадзены палiцыi праз здраду, Скарга загiнуў у перастрэлцы на Залатагорскiх могiлках, у свае апошнiя хвiлiны згадваючы шчасьлiвыя спатканьнi з каханаю ля касьцёла Сьвятога Роха.

Няхiтрая, на першы погляд, гiсторыя псыхалягiчна ўскладняецца аўтарам, якi тонка паказвае яе з чатырох бакоў. Апавядаючы пра яе вуснамi кожнай з чатырох галоўных дзейных асобаў —баевiка, жандара, здраднiка й тэарэтыка. I кожнага можна зразумець, i кожнаму паспачуваць. Хаця Юду спачуваеш у меншай ступенi. Вось толькi дабрацца ў глыбiню аўтару ўдаецца не заўсёды. А разам зь iм не ўдаецца тое i мне. Лягчэй прайсьцiся па месцах i адрасах дзеi. Ня ўпэўнены, што яна б мяне захапiла, калi б разгортвалася не на гэтых вулiцах.

I мая экскурсiя па горадзе, якога няма, прынесла мне такiя-сякiя вынiкi. На былой Яўрэйскай вулiцы й да гэтае пары захаваўся брук, па якiм фурманкаю сыходзiў ад пагонi адзiн з герояў, набралiся стогадовай моцы таполi былых Пратэстанскiх могiлак, цёмныя двары Койданаўскай па-ранейшаму прыдатныя для замятаньня сьлядоў. Ды й Пiшчалаўскi замак хоць сёньня гатовы прыняць байцоў за народную волю. Адно толькi Вiленскi напрамак, выратавальны для няiснага героя, па-ранейшаму не губляе сваёй прывабнасьцi.

З.Б.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0