Дыскрымiнацыя «не такiх»

 

Мой артыкул прысьвечаны праблеме дыскрымiнацыi й славянафашызму. Нягледзечы на тое, што многiя журналiсты закраналi ўжо гэтую тэму, яна, на маю думку, працягвае заставацца недастаткова асьветленай.

Усё часьцей i часьцей у праваахоўныя органы зьвяртаюцца людзi, што сталi ахвярамi дыскрымiнацыi. Расьце колькасьць тых, якiя церпяць толькi з-за таго, што зьяўляюцца «не такiмi» альбо «чужымi». Калi ты — асоба неславянскай нацыянальнасьцi, альбо носiш даўгiя валасы, альбо гаворыш па-беларуску, альбо проста «ня палiш», дык ты маеш усе шанцы быць зьбiтым альбо нават забiтым сярод белага дня. Простаму нефармалу, напрыклад, штодзень даводзiцца чуць за сьпiнаю: «... волосатая гадина», альбо: «... страляць такiх трэба» (гэта ў лепшым выпадку).

Чалавеку, пацярпеламу ад дыскрымiнацыi, амаль няма сэнсу зьвяртацца па дапамогу ў мiлiцыю, бо органы звычайна не займаюцца гэткiмi здарэньнямi, у iх ёсьць i больш важкiя справы: напрыклад, ахова адмiнiстрацыйных будынкаў i разгон дэманстрацыяў. Большае, што зробяць для пацярпелага, дык гэта дадуць яму прагледзець фотаздымкi злачынцаў, якiя знаходзяцца ў вышуку; судмэдэкспэртыза стане найвялiкшай ласкай.

Больш за ўсё дыскрымiнацыйныя тэндэнцыi ахоплiваюць моладзь, выхаваную ў малазабясьпечаных сем’ях, вырослую ў паў-крымiнальным асяродзьдзi. Маладому, дужаму хлопцу толькi ў асалоду «разьмяць рукi», даказаўшы ўсiм i, перш за ўсё, самому сабе, што «... я — моцны» i што «... мне за гэта нiчога ня зробяць». У такiх выпадках часьцей за ўсё ахвярай становiцца ня першы стрэчны, а чалавек, адабраны па пэўным прызнаку. Каб было больш зразумелым, прывяду ўрывак з п’есы Славамiра Мрожэка «Караль»: «Акулiст. Але чаму вам трэба страляць менавiта ў нейкага Караля? Унук. А што ж, па-вашаму, ва ўсiх запар пуляць? Не-е, павiнна быць сумленьне! Iнакш садызм атрымлiваецца». Так i тут...

На адной з апазыцыйных акцыяў пратэсту сёлета ўвесну мела месца цiкавая падзея. З усiх удзельнiкаў акцыi былi затрыманыя толькi два чалавекi — муж i жонка, якiя несьлi плякаты з надпiсамi «Беларусь — палiгон для расейскага фашызму» i «Начальнiк палiгону» (пад гэтым надпiсам прыводзiлася выява Лукашэнкi). Калi сыходзiць з таго, што ўлада больш за ўсё баiцца праўды, апiсаная вышэй падзея можа наштрухнуць на цiкавыя развагi.

Цяжкая палiтычная сытуацыя, што склалася як у Беларусi, так i ў Расеi, спрыяе ўзьнiкненьню ў абедзьвюх братэрскiх краiнах арганiзацыяў фашыстоўскага кшталту, якiя дзеля сваiх мэтаў выкарыстоўваюць моладзь, якая бачыць, як фiгова жывецца iхным сябрам i iхным бацькам, i якой ой як хочацца пабiцца. Прасьцей абвiнавацiць ва ўсiм сiянiстаў ды капiталiстаў, чым знайсьцi ў сабе моцы зьмянiць сваё жыцьцё ў лепшы бок. А iдэя чысьцiнi нацыi — вельмi зручная iдэя, яна вельмi добра падыходзiць дзеля апраўданьня сваiх учынкаў. Адна справа — бiць па мордзе ад няма чаго рабiць, а другая — змагаючыся за нацыю.

Фашызм заўсёды набывае моц у краiнах, якiя церпяць глыбокi крызыс. Ён нiбы зьяўляецца апошнiм сродкам выратаваньня дзеля зьнясiленага народа, якi бачыць адзiнае выйсьце ў моцнай уладзе. Гэта настальгiя па абсалютнай уладзе, што iснавала на працягу амаль усёй гiсторыi дзяржаўнасьцi. Вера ў добрага цара зьмяняецца верай у добрага генсека, потым — верай у добрага прэзыдэнта, потым — у добрага фюрэра. Самай моцнай фашыстоўскай арганiзацыяй у Беларуска-Расейскiм саюзе зьяўляецца РНЕ — Русское национальное единство, якое выступае за яднаньне братоў-славянаў i абарону iх ад ворагаў (усiх астатнiх).

РНЕ афiцыйна налiчвае каля 200000 сяброў у Расеi й каля 1000 — у Беларусi. Лiдэры гэтае цалкам легальнае арганiзацыi праз нацыянальную iдэю iмкнуцца дасягнуць мэты, якую перасьледуюць звычайна лiдэры ўсiх палiтычных арганiзацыяў, а менавiта — прыход да ўлады. У Расеi Нацыянальнае Адзiнства можа захапiць уладу толькi шляхам дзяржаўнага перавароту, але нават Адольф Гiтлер пасьля правалу Пiўнога путчу зразумеў, што дзеля таго, каб заняць кiраўнiчыя пасады, трэба выкарыстоўваць толькi законныя мэтады.

У Беларусi РНЕ мае ўсе шанцы на законны прыход да ўлады. Прычым, без усялякiх выбараў. Лукашэнка мусiць ацанiць тую велiзарную карысьць, якую прынясе яму падтрымка такога магутнага руху. Няма сумневаў, што РНЕ ў нас пашыраецца i будзе пашырацца з кожным днём. Паводле маiх зьвестках, у Менску, акрамя 1000 афiцыйных сяброў РНЕ, каля трох тысячаў маладых лiчаць сябе прыхiльнiкамi фашызму. Таму цалкам магчыма, што ў хуткiм часе прадстаўнiкi Нацыянальнага адзiнства зьявяцца ў дзяржаўным апараце нашае краiны. Калi прыгадаць старажытнае паданьне аб наймудрэйшым i найшаноўнейшым чалавеку, месца якога мог заняць толькi той, хто яго заб’е, i яшчэ больш старажытную мудрасьць наконт таго, што, забiўшы забойцу, ты сам станеш забойцам, дык адраджэньне фашызму ў краiне, якая перамагла фашыстоўскую Нямеччыну, выглядае хутчэй заканамернасьцю, чым выключэньнем.

Наўрад цi хто-небудзь забыўся на словы Аляксандра Лукашэнкі наконт ролi, якую адыграў Адольф Гiтлер у станаўленьнi Нямеччыны. Ня выключана, што калi фашысты ўвойдуць у беларускiя кiраўнiчыя колы, прэзыдэнт зробiць гэтую партыю асноўнай i ўсеагульнабеларускай; вядома, што дыктатар бяз партыi iснаваць ня можа. Даўно пара. Тым больш, што больш харызматычнага ды папулярнага палiтыка ў саюзе Беларусi й Расеi РНЕ знайсьцi ня зможа.

У Менску Русское национальное единство мае ўласнае памяшканьне для збораў. Сябры гэтае арганiзацыi вучацца рукапашнаму бою й стральбе з аўтамата Калашнiкава. Таксама праводзiцца iнтэнсiўная iдэалягiчная падрыхтоўка. Праваахоўныя органы ня толькi не перашкаджаюць, але й садзейнiчаюць фашыстам. У пераходзе на плошчы «Кастрычнiцкая» можна набыць газэту «Лимонка», а пры жаданьнi й значак са свастыкай, якая ў нашай краiне афiцыйна забароненая. I толькi не кажыце, што мiлiцыя пра гэта нiчога ня ведае. У прэсе, часьцей за ўсё афiцыйнай, час ад часу можна знайсьцi антыфашыстоўскiя артыкулы, але яны, у асноўным, дзейнiчюць як добрая рэкляма («Оба, в РНЕ дают пострелять из калаша! Пойду вступлю!») Фашыстоўскi рух ахоплiвае нават вучняў малодшых клясаў. У хуткiм часе пачнецца хваля маладзёвага канфармiзму: патлатыя будуць стрыгчыся, а нацыяналiсты — пераходзiць на расейскую мову. Асобам «неславянскай» нацыянальнасьцi, асаблiва габрэям, будзе цяжэй: ну, ня зьменiш жа свой твар альбо акцэнт. Ужо зараз для некаторых газэтаў антысэмiцкiя артыкулы — звычайная справа. I нiхто гэтыя газэты не зачыняе й не забараняе.

Адзiн з гэтак званых законаў Мэрфi гучыць так: «Падзеi, кiнутыя на самаразьвiцьцё, маюць тэндэнцыю разьвiвацца ад дрэннага да горшага». Сапраўды, кожны наступны дзень будзе горшым за папярэднi. Але народ, як заўсёды, будзе пляскаць у далонi. Людзi, далёкiя ад жыцьця горада, могуць назваць мяне панiкёрам. Але, напэўна, кожны трэцi тынэйджэр, жыцьцё якога праходзiць не за бэтоннымi сьценамi, а на вулiцах Менску, адчувае, што нешта ня тое. I трэба проста трошкi ўгледзецца, каб зразумець, што менавiта зьмянiлася. Фашызм — зьява складаная й небясьпечная. Кожны сьвядомы беларус мусiць вызначыцца ў сваiх адносiнах да гэтай зьявы. Ня трэба нi баяцца, нi сядзець, склаўшы рукi. Толькi актыўны пратэст кожнага канкрэтнага чалавека можа нешта зьмянiць.

Антон-Вучань-Школы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0