Мацкевiчы

З гiсторыi роду, расказанай у дакумэнтах

 

ПАД ПОЛЬСКАЙ АКУПАЦЫЯЙ

 

Самы адлеглы ў часе дакумэнт, якi знаходзiцца ў нашым распараджэньнi i датычыць гiсторыi беларускага роду Мацкевiчаў, пазначаны 1926 годам. Гэта позва №4326 управы Крывiцкай гмiны Вялейскага староства, дасланая ў вёску Ракуцi родным памерлага Мiхала Мацкевiча, якая ў адпаведнасьцi з пастановай Вялейскай скарбавай управы запрашае найблiжэйшага крэўнага зьявiцца 18 лiстапада 1926 году а 9-й гадзiне ранiцы ў будынак управы дзеля вырашэньня справы па спадчыне. Пад дакумэнтам стаiць подпiс войта гмiны.

У справе №2471к за 1928 год позва ад 30 лютага 1929 г. запрашае ЯНА (IВАНА) МАЦКЕВIЧА зьявiцца ў будынак суда м.Крывiчы 22 сакавiка 1929 году. Подпiсы сакратара суда i вознага (кур’ера). На адвароце позвы — вытрымкi з адмiнiстрацыйнага статуту тагачаснай Польшчы.

Наступныя судовыя позвы — на 20 сьнежня 1929 году. На 8-га красавiка 1930-га. На 8 кастрычнiка 1930-га.

Позва №1815 ад 14 жнiўня 1934 году, дасланая з управы Крывiцкай гмiны, паведамляе АДАМУ МАЦКЕВIЧУ, што ён, згодна пастановы пра дарожную павiннасьць у 1934 годзе, абавязаны 29 жнiўня гэтага ж году а сёмай гадзiне ранiцы прыгнаць тры конныя падводы на гмiнную дарогу «Крывiчы — Дубаносы», што каля в.Задубеньне. У выпадку невыкананьня загаду яго чакае штраф.

Шарварка (ад ням. Scharwerk) — грамадзкiя рамонтна-будаўнiчыя работы, пра якiя iдзе гаворка ў позьве ад 14 жнiўня 1934 году, — практыкавалiся яшчэ ў часы ВКЛ i Рэчы Паспалiтай. Разьлiковы рахунак №732 ад 14.05.1934 году сьведчыць, што на будаўнiцтва дарог мясцовыя жыхары, якiя бралi ўдзел у шарварачных работах, павiнны былi: пастаўляць камень, жвiр альбо пясок, фашыны; рыць катлаваны, прыдарожныя iрвы; прафiляваць каляю, выкладаць адхоны дзiрваном; рабiць падсыпку. 14 траўня 1934 году IВАН МАЦКЕВIЧ выканаў шарварачных работ на 4 злотыя.

Ян Мацкевiч, сын Адама Мацкевiча, павiнен быў зьявiцца ў Крывiцкi гарадзкi суд 13 верасьня 1935 году, 13 лiстапада 1935 году i 17 студзеня 1936 году. Позва №4013 ад 30.10.1936 г. запрашала братоў Яна i Язэпа Мацкевiчаў наведаць Крывiцкую гмiну 2 лiстапада 1936 г. i пагражае ў выпадку незьяўленьня ўжываньнем карных сродкаў.

Наступныя позвы ў Крывiцкi гарадзкi суд:

ЯЗЭПУ i АДАМУ МАЦКЕВIЧАМ — на 22 сьнежня 1936 году;

ЗАБЭЛI МАЦКЕВIЧ, дачцы АДАМА МАЦКЕВIЧА — на 10 студзеня 1939 году;

ЗАБЭЛI МАЦКЕВIЧ — на 17 лютага 1939 году;

ЗАБЭЛI МАЦКЕВIЧ — на 27 сакавiка 1939 году.

 

ПАСЬЛЯ ВАЙНЫ

 

Дакумэнтаў, якiя сьведчылi б пра адносiны роду Мацкевiчаў зь нямецкай акупацыйнай уладай, мы ня маем. Магчыма, што iх i не было. Затое ёсьць шматлiкiя квiткi й абавязальнiцтвы паваеннага часу. Першы такi дакумэнт — прыёмна-разьлiковая квiтанцыя №930344 на прынятыя масла, сьметанковы сырэц, салашпiк, авечы й сьвiны лой, масла авечае i казiнае. Па абавязацельстве №12320 ад 19 красавiка 1950 году МАЦКЕВIЧ ЗАБЭЛЯ IВАНАЎНА здала савецкай акупацыйнай уладзе ў асобе СССР 600 грамаў масла па цане 4 руб. 50 кап. за кiляграм i атрымала 2 рублi 70 капеек.

IV квартал 1953 г. Сшытак па беларускай лiтаратуры вучанiцы 7 «Б» клясы Крывiцкай школы МАЦКЕВIЧ ЕВЫ. На першай старонцы наклеены партрэцiк Янкi Купалы, выразаны з хрэстаматыi, нiжэй — «Складаны план паэмы Тараса Шаўчэнкi «Тарасова доля». Папраўкi настаўнiка адсутнiчаюць.

Сачыненьне «Роля беларускiх партызан у гады Вялiкай Айчыннай вайны». Беларуска ЕВА МАЦКЕВIЧ пiша: «Таварыш Сталiн быў упэўнены, што БЕЛАРУСКI народ пераможа ворага». Настаўнiк падкрэсьлiвае чырвоным атрамантам слова «беларускi» й зьверху пiша: «совецкi».

«I вось БЕЛАРУСКI народ перамог ворага», — завяршае сваё сачыненьне беларуская дзяўчына. Гэтым разам настаўнiк слова «беларускi» толькi падкрэсьлiвае. I ставiць адзнаку «4».

Год 1954-ы. Рукою СТАНIСЛАВЫ МАЦКЕВIЧ напiсаны чарнавiк аб’явы, у якой паведамляецца, што «Сёння, 12 красавiка, у 5 гадзiн 40 мiнут вечара адбудзецца КОМСАМОЛЬСКI сход». Тэма сходу: «1) Аб вучобе i паводзiнах КОМСАМОЛЬЦАЎ». Подпiс у дужках: «Камiтэт КОМСАМОЛЬЦАЎ».

Год 1956-ы. Абавязацельства №8723 на пастаўку дзяржаве мяса, малака, яек, воўны, скураў i бульбы. Пастаўшчык: МАЦКЕВIЧ IВАН АДАМАВIЧ, жыхар вёскi Ракуцi Пузырэўскага сельсавету Крывiцкага раёну Маладачанскай вобласьцi (калгас iмя Пушкiна).

Неабходна здаць: МЯСА у (жывой вазе) — 30 кiляграмаў. У тым лiку па тэрмiнах:

— з 1 студзеня па 31 сакавiка (1956 г.) — 8 кг;

— з 1 красавiка па 30 чэрвеня — 9 кг;

— з 1 лiпеня па 30 верасьня — 4 кг;

— з 1 кастрычнiка па 1 сьнежня — 9 кг.

Мяса павiнна быць здадзена на прыёмны пункт «Заготскот» у в.Слабодка.

На Крывiцкi малаказавод павiнна быць здадзена 150 лiтраў МАЛАКА базiснай тлустасьцi.

Разьмеркаваньне здачы малака па тэрмiнах (у лiтрах): студзень — 3, люты — 6, сакавiк — 6, красавiк — 18, травень — 18, чэрвень — 24, лiпень — 24, жнiвень — 18, верасень — 18, кастрычнiк — 9, лiстапад — 6.

ЯЕК па ўсталяванай норме неабходна здаць 50 штук. Па месяцах (у штуках): студзень, люты i сакавiк — 5, красавiк — 8, травень — 15, чэрвень i лiпень — 12, жнiвень i верасень —7, касрычнiк, лiстапад i сьнежань — 3.

ВОЎНЫ АВЕЧАЙ неабходна здаць на блiжэйшы пункт «Заготживсырьё» 540 грамаў (270 гр. да 15 лiпеня i 270 гр. да 15 лiстапада 1956 г.).

СЬВIНЫХ СКУРАЎ не нiжэй другога гатунку ад чатырох кг i вышэй неабходна здаць 1 (адну) штуку.

БУЛЬБЫ зь зямельнага надзелу памерам 53 соткi, пры норме 1 сотка — 4 кг, неабходна здаць на Будслаўскi сьпiртзавод 212 кiляграмаў. У тым лiку ў жнiўнi — 10, у верасьнi — 84, у кастрычнiку — 118.

«За невыполнение обязательства в указанные сроки Вы несете установленную законом ответственность», — не забывалiся папярэджваць улады. Фармальна скаргi на няправiльны збор паставак можна было падаваць на ймя ўпаўнаважанага Мiнiстэрства нарыхтовак СССР у дзесяцiдзённы тэрмiн з дня ўручэньня абавязацельства. Рашэньне раённага ўпаўнаважанага Мiнiстэрства нарыхтовак грамадзянiн мог абскардзiць у райвыканкам i таксама на працягу дзесяцi дзён з дня ўручэньня рашэньня. Райвыканкам, калi знаходзiў скаргу абгрунтаванай, сваё рашэньне ўносiў на зацьвярджэньне ўпаўнаважанага Мiнiстэрства нарыхтовак СССР па вобласьцi, краi цi рэспублiцы, рашэньне якога было канчатковым.

Год 1956-ы. Прыёмна-разьлiковая квiтанцыя №07653 за 26 лютага па абавязацельстве №8723. Прынята ад Мацкевiча Iвана 4 кiляграмы сала сьвiнога коштам 9 рублёў 36 капеек у залiк сьвiных скураў (8 кг за 1953 i 8 кг за 1954 г.).

Квiтанцыя №498163 на пастаўку дзяржаве яек (ад 10 траўня 1956 г.). Здатчык: Iван Мацкевiч. Здаў 11 (адзiнаццаць) штук па цане 20 капеек за 1 (адну) штуку. Усяго: 2 рублi 20 капеек.

Квiтанцыя №231873 на пастаўку дзяржаве яек (ад 10 траўня 1956 г.). Здатчык I.Мацкевiч. Здаў 26 штук яек курыных па цане 15 капеек за 1 (адну) штуку. Усяго атрымана: 3 рублi 90 капеек.

Залiковая квiтанцыя ад 3 жнiўня 1956 г. сьведчыць, што Iван Мацкевiч здаў 18 кiляграмаў ялавiчыны ў залiк сьвiных скураў (8 кг за 1953 г. i 8 кг за 1954-ы).

 

СЁНЬНЯ

 

Сёньня на хутары Мацкевiчаў ужо нiхто не жыве. Развальваецца старая хата, дагнiваюць пад хатай калоды-пчальнiкi, зробленыя, напэўна, у пачатку 20-га стагодзьдзя. Два асiрацелыя вульлi стаяць у зьдзiчэлым садзе... Людзi, якiя тут некалi жылi, беларусы Мацкевiчы, былi гаспадарамi грунтоўнымi ўжо хоць бы таму, што трымалi пчолаў. А пчаляр, як вядома, iстота стабiльная, не якое-небудзь перакацi-поле, асоба, можна сказаць, мiстычная...

... Сёньня хутар стаў маўзалеем. Навокал iншае жыцьцё, жыцьцё, у якiм ужо новыя пакаленьнi беларусаў атрымлiваюць позвы ў суды, сплачваюць штрафы, працуюць на грамдазкiх работах... А ў лесе каля невялiчкай вёскi Ракуцi Мядзельскага раёну Менскай вобласьцi малады вясковец швэдзкай бензапiлой сярод белага дня ў нядзелю валiць лес на дровы. Магчыма, гэта ягоны браварок стаiць у маладым ляску каля самай чыгункi. Там ужо ўсё падрыхтавана, i хутка пойдзе пяршак. Праўда, хацелася б мёду, якi дае сiлы, а не адбiрае.

 

ПОСТФАКТУМ

 

Гэты матэрыял авярую:

— Мiхалу Мацкевiчу;

— Адаму Мацкевiчу, сыну Мiхала;

— Iвану i Язэпу Мацкевiчам, сынам Адама;

— Забэлi Мацкевiч;

— Еве i Станiславе Мацкевiч...

Няхай факты яшчэ раз нагадаюць пра нашае jus retorsionis*.

Славамiр Адамовiч

Жнiвень 1998 году

*jus retorsionis — права адплаты.