За мiр памiж сем’ямi

Алег Дашкевiч

 

Фiльм «Хросны Бацька», якi выйшаў на сусьветны экран у пачатку сямiдзясятых, называюць генiяльным гангстэрскiм баявiком. Мiж тым, гэта яшчэ й карцiна, дзе сьцьвярджаюцца традыцыйныя каштоўнасьцi чалавечай цывiлiзацыi i перш за ўсё — каштоўнасьць сям’i.

Фiльм выйшаў у той час, калi ў заходнiм сьвеце iшла магутная хваля разбурэньня традыцыi. Зноў быў падняты сьцяг з камунiстычнымi лёзунгамi, толькi што адшумелi студэнцкiя бунты ў Францыi, друк стракацеў навiнамi пра дзейнасьць тэрарыстычных лявацкiх груповак, кшталту «Чырвоных брыгадаў» у Iталii ды «Чырвонай армii» ў Нямеччыне, па Заходняй Эўропе i Паўночнай Амэрыцы кацiлася сэксуальная рэвалюцыя. Пасьля Вiетнамскай авантуры ў Штатах актывiзавалiся рознага кшталту маргiналы — ад радыкальных мурынскiх «Чорных пантэраў» да расiсцкага «Ку Клукс Клану» i да ўсяго абыякавых «хiпi». Фiльм Фрэнсiса Форда Копалы стаўся адказам на хаос. Кiнааповесьць пра гангстэрскую сям’ю Дона Карлеонэ — гэта сьцьверджаньне сутнаснае вартасьцi клясычнай чалавечай традыцыi й яе галоўнага складовага элемэнту — сям’i.

Галоўны герой фiльма — мафiя (у перакладзе — ўсё тое ж — сям’я). Я зьвяртаю на гэта ўвагу, бо па прынцыпу сям’i будуецца любая супольнасьць — уласна сям’я, крымiнальная банда, нацыянальная дзяржава. Менавiта з гэтага боку мне цiкава разгледзець сытуацыю ў нашым сёньняшнiм грамадзтве.

Здаровая сям’я — здаровае грамадзтва. Гэты пастулят стары, як сьвет. Здаровая сям’я — значыць, традыцыйны герархiчны парадак, аўтарытэт бацькоў i перш за ўсё бацькi, як галавы. Бацька — гэта надзейнасьць, моц, справядлiвасьць. Ён павiнен быць здольны падтрымваць свой маральны аўтарытэт дзе розумам, дзе сiлай, дзеючы паводле пiсаных i непiсаных законаў. Калi бацька трацiць аўтарытэт, гэта рана цi позна адмоўна адаб’ецца на сям’i, яна ня вытрымае канкурэнцыi зь iншымi сем’ямi. Каб такога пазьбегнуць, мусiць быць падрыхтаваны пераемнiк. Новы бацька. Пра гэта павiнна клапацiцца ўся сям’я, прынамсi яе ўплывовыя чальцы.

Паўтаруся, прынцыповай розьнiцы няма — цi гэта звычайная сям’я, цi мафiя, цi дзяржава. Розьнiца толькi ў iнструмэнтах узаемадачыненьняў, меры адказнасьцi i спосабу спагнаньня правiнаў. Калi ўзяць нацыянальную дзяржаву за вялiкую сям’ю, то мафiя, палiтычныя партыi, вытворчыя канцэрны — гэта больш дробныя сем’i, якiя яе складаюць, дзе кожная займае сваё месца, мае свайго бацьку i жыве па сваiх унутрысямейных законах, якiя не заўжды адпавядаюць законам больш моцнага сямейнага ўтварэньня, але асноўныя законы, пра якiя пойдзе гаворка нiжэй, уласьцiвыя любой сям’i.

Абавязак кiраўнiка дзяржавы — падтрымваць статус кво, вырашаць спрэчныя пытаньнi, сачыць за тым, каб кожная сям’я не выходзiла за межы сваёй нiшы.

Ад самага аднаўленьня беларускай дзяржаўнасьцi ў 1918 годзе на ролю стварэньня беларускай нацыянальнай сям’i прэтэндавала нацыянальная iнтэлiгенцыя, якая ўзгадавалася пад левымi лёзунгамi, дзе традыцыя i герархiя былi зусiм не на першым месцы. На ролю Хроснага Бацькi беларускай дзяржавы прэтэндаваў iнтэлiгент-сацыялiст, «узброены» прыгожай iдэяй i фанатычнай упэўненасьцю ў сваёй праваце, але без трывалае глебы пад нагамi i без рэальнае сiлы, якая б дазволiла сьцьвердзiць i абаранiць свой аўтарытэт. Гэтак ён спрабаваў спалучыць цяжка спалучальнае — правую па сутнасьцi нацыянальную iдэю зь левымi сацыялiсцкiмi лёзунгамi.

Да таго ж, кожны марыў быць першым, але ўсе разам палiтыкi-iнтэлiгенты замiналi набраць палiтычную вагу носьбiту харызмы, значна болей зразумеламу людзям простым чалавеку, якi быў здольны стварыць адзiны на той час дзеяздольны правакансэватыўны рэжым, заснаваны на традыцыйных каштоўнасьцях, накшталт тых, што стварылi Пiлсудзкi цi Смэтона.

Такiм чынам была парушаная клясычная формула палiтычнай герархii, дзе справа iнтэлiгента — прадукаваць iдэi. Таму й месца «шэрага кардынала» аказалася пакiнутым. Узьлезшы на прыступку не па чыну, ня маючы дастаткова моцы, беларускi сацыялiст-iнтэлiгент быў вымушаны ўрэшце падпарадкавацца п’яному камiсару-чужынцу. Нацыянальная дзяржава не адбылася, бо не была заснаваная нацыянальная сям’я, не паўстала «нацыянальная мафiя», якая б мела сiлы баранiць сябе i дзе б роля й абавязкi кожнага былi дакладна вызначаныя. У той самы час у краiнах Балтыi i ў Польшчы здолелi своечасова зразумець, дзе ёсьць месца iнтэлiгэнта ў палiтыцы, высвабадзiўшы месца лiдэра людзям iншага кшталту. Так былi створаныя рэжымы, падмуркi, якiя ўрэшце дазволiлi пры першай магчымасьцi аднавiць нацыянальную дзяржаву. Нi ў Лiтве, нi ў Латвii й Эстонii, нi тым болей у Польшчы за ўвесь пэрыяд панаваньня камунiстаў не зьнiкала «нацыянальная мафiя». Там нават для камунiстычнага кiраўнiцтва нацыянальныя пытаньнi не былi пустым гукам.

Адвечныя ваганьнi iнтэлiгента, стараньне нiкога не зачапiць, боязь валявых рашэньняў — гэткiя рысы ня могуць быць запатрабаваныя ў пэрыяд няпэўнасьцi й хаосу. Iнтэлiгенцыя, лiбэральная па сваёй сутнасьцi, нiколi ня здолее стварыць «нацыянальную мафiю», яна здольная толькi на стварэньне iдэi, праекту. Iнтэлiгент — тэарэтык, а для кiраваньня такой герархiчнай структурай, як сям’я, патрэбныя iншыя людзi —практыкi. У ваенны i паваенны час прыклад беларускай партызанкi сьведчыць, што такiя асобы ў нас былi, але час ужо працаваў супраць нас, дужа няроўныя былi сiлы.

Хросны Бацька аднаўленьня незалежнасьцi, паставiўшы гiстарычны подпiс у Вiскулях, ня здолеў стаць Хросным Бацькам нацыi менавiта з-за свае iнтэлiгентнасьцi i з-за агульнае якасьцi iнтэлiгенцкiх арганiзацыяў у палiтыцы больш захапляцца словамi, а ня справамi.

Тым часам iмкненьне пэўнай часткi насельнiцтва (найперш сялянства), арыентаванага хоць на якую традыцыю й стабiльнасьць, няхай сабе й савецкую, рэалiзавалася ў прадстаўнiку, якога iнтэлiгенцыя ўспрыняла як нонсэнс. Ён стаў Бацькам. Ня нацыi, праўда, а «вверенной территории». Прычым прыйшоў ён са сваёй сям’ёй чыста па-гангстэрску — з прастрэленага «мэрса». З гэтага часу палiтычна кволая iнтэлiгэнцыя, што заснавала безьлiч дробных партыяў, якiя адразу пачалi перабягаць адна адной дарогу, але ня здолела стварыць пад гэтыя партыi моцнай электаральнай i фiнансавай базы, трапiла ў залежнасьць ад малой, але нахабнай сям’i, што стала дзяржаўнай уладай. Гэтыя «новыя» не займалiся лiшнiмi пытаньнямi, а ведалi, што трэба рабiць неадкладна, — каваць грошы. Кволая тутэйшая мафiя, хросныя бацкi якой каранавалiся ў Маскве, адразу адчула новыя правiлы гульнi. Нязгодныя з новымi правiламi мафiёзi, якiя кантралявалi найбольш прыбытковыя сфэры (нафта, каляровыя мэталы i г.д.), жорстка замянялiся на мiлiцэйскiя «крышы». Гэтым крокам беларускаму крымiналiтэту, якi па звычцы працягваў iснаваць ва ўжо няiснай стратэгiчнай прасторы няiснага СССР, была засьведчаная моц i воля новай улады, i, самае галоўнае, — тэрыторыя, на якую гэтая ўлада распаўсюджвалася i дзе ўлада расейскiх мафiёзi ўжо не была галоўнай. Шэраг загадкавых забойстваў тутэйшых аўтарытэтаў толькi пацьвярджае гэта. Далей дамова аб саюзе з Расеяй, выкапаны памежны слуп, адзiная мытная прастора i шалёныя грошы на кантрабандзе...

Нацыянальная iнтэлiгэнцыя, якая ў прынцыпе ня здольная стварыць дзеяздольную сям’ю, у дробных асяродках сваiх партыяў высьвятляла i высьвятляе да гэтай пары, хто зь iх лепшы. Апазыцыя, складзеная з iнтэлiгэнцыi, не была, ня ёсьць i ня будзе ўяўляць зь сябе сур’ёзнае сiлы. У ейных арганiзацыях парушаюцца асноўныя законы сям’i — не здаваць сваiх, трымаць дадзенае слова i адказваць за нявыкананае абяцаньне. У дачыненьнях памiж iмi можна адвольна, у аднабаковым парадку мяняць правiлы супольнай гульнi, не баючыся панесьцi нi маральных, нi фiзычных выдаткаў. Гэта тычыцца ня толькi палiтычных, але, на жаль, i культурных, i бiзнэсовых праектаў. Ёй застаецца бясконца высока лётаць у марах пра стварэньне iдэальнае Бацькаўшчыны.

Не дапамагаць сваiм у нас лiчыцца нармальным. Становiшча ўладнай сям’i вiдавочна лепшае, але не такое ўпэўненае, як здаецца, таму што тут таксама былi парушаныя некаторыя з асноўных правiлаў. Запалохваньне сваiх саюзьнiкаў добрае толькi тады, калi яно не прымае татальнага маштабу. Бiзун мусiць чаргавацца зь пернiкам. Намэнклятура i вытворцы заўжды прагнуць i будуць прагнуць стабiльнасьцi, гэта iх рэжым iснаваньня.

Зьмена ўладнай сям’i ва ўмовах няпэўнасьцi, калi не падрыхтаваная сям’я, якая здольная з найменшымi выдаткамi пераняць уладу, не нясе ўсiм астатнiм сем’ям i грамдзтву ў цэлым нiчога добрага. Пачынаецца вайна, хаос, «беспредел». У такой гонцы нацыянальная iнтэлiгенцыя, як палiтычны гулец —носьбiт нацыянальнай iдэi — аўтсайдэр. Ва ўмовах крызiсу, адсутнасьцi моцнае сярэдняе клясы i буйнога капiталу, найбольш безбалесна ўладу сялянаў здольны зьмянiць выключна гегемон, на чале з сваёй «мафiяй», адной з самых магутных у сьвеце —прафсаюзамi. Задача нацыянальнай iнтэлiгэнцыi — стаць мазгамi гэтае сям’i, а не займацца ад пачатку пройгрышнымi ўласнымi праектамi. Гэта значыць, зрабiць тое, што зрабiла польская iнтэлiгенцыя, пачаўшы дапамагаць розумам i iнтэлектам сваёй «Салiдарнасьцi».

Можа быць, мы здолеем спраўдзiць пажаданьне аднаго з герояў фiльма Копалы, якi падымаў тост «за мiр памiж сем’ямi», разам з тым стварыўшы нацыянальную дзяржаву на чале зь беларускай нацыянальнай сям’ёй — беларускай «нацыянальнай мафiяй», i сваiм, сапраўдным Хросным Бацькам, такiм чынам сьцьвердзiўшы сваю спадчынную беларускую традыцыю ў чыстым выглядзе, без усялякiх камунiстычна-сацыялiстычных хiбаў. Але дзеля гэтага трэба крытычна глядзець на рэчы i непахiсна стаяць на сваёй традыцыйнай глебе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0