Распачалася падрыхтоўка да прыватызацыі найбуйнейшага машынабудаўнічага прадпрыемства. Міністэрства прамысловасьці супраціўляецца. Іншае менскае прадпрыемства, «Мотавела», таксама чакае інвэстара.

Дзяржкамітэт па маёмасьці лічыць мэтазгоднымі пляны па акцыянаваньні прадпрыемства. Міністэрства прамысловасьці ў сваю чаргу выступае катэгарычна супраць прыватызацыі МАЗу. Тым не менш, апошняе слова застаецца за прэзыдэнтам.

Тым часам, экспэрты мяркуюць, што прыватызацыя Менскага аўтазаводу не адбудзецца ў бліжэйшай пэрспэктыве. Цяпер у полі ўвагі знаходзяцца прадпрыемствы, што немінуча сутыкнуцца з эканамічнымі праблемамі ў выпадку страты дзяржпадтрымкі. Важнейшай умовай хуткай прыватызацыі ёсьць таксама наяўнасьць зацікаўленага інвэстара.

Намесьнік міністра прамыловасьці Валянцін Гурыновіч ня мае пакуль інфармацыі пра патэнцыйных пакупнікоў МАЗу. Па яго словах пляны па прыватызацыі заводу існуюць ужо 10 год, але пакуль не даюць плёну. Намесьнік міністра ня пэўны, што зьмена ўласьніка нешта зьменіць у становішчы прадпрыемства.

Іншае менскае прадпрыемства, «Мотавела», таксама чакае інвэстара. Тут склалася зусім ня простая сытуацыя — рэнтабэльнасьць прадпрыества складае мінус 10%, з пачатку году выраблена ўсяго 115 адзінак мапэдаў пры гадавым пляне 4,5 тыс. адзінак. Некалькі дзён калектыў заводу знаходзіцца ў вымушаным адпачынку. Цяпер на акцыі прадпрыемства прэтэндуюць два інвэстара — беларускі «Амкадор» і расейская фірма, чыя назва пакуль трымаецца ў сакрэце. Нагадаем, што згодна з указам прэзыдэнта ад 30 сьнежня 2005 г. ААТ «Мотавела» было вернутае дзяржаве за запазычанасьці. Пасьля іх поўнага пагашэньня доля дзяржавы ў статутным фондзе прадпрыемства складзе 99,9%.

Ілюстрацыя maz.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?