Вэтэраны ў замежжы

Кароткi нарыс гiсторыi беларускай вайсковай вэтэранскай арганiзацыi

 

Беларуская палiтычная эмiграцыя ў другой палове 1940-х гадоў разьбiлася на некалькi плыняў, якiя канкуравалi памiж сабою. Адну зь iх прадстаўляла Рада БНР, другую — Беларуская Цэнтральная Рада, «трэцюю сiлу» ў розны час прадстаўлялi пачаргова некалькi арганiзацыяў i партыяў.

Яшчэ на пачатку 50-х гадоў у Заходняй Нямеччыне i Англii паўстаў «Беларускi Вызвольны Рух» — вайсковая вэтэранская арганiзацыя. БВР з дапамогаю ангельскiх спэцслужбаў засылаў сваiх людзей у Беларусь i Польшчу. Адной з галоўных мэтаў Руху было аб’яднаньне ўсiх беларускiх вайскоўцаў-вэтэранаў другое сусьветнае вайны. Да таго часу беларускiя жаўнеры й афiцэры былi расьцярушаныя ў «крывiцкiх» i «зарубежнiцкiх» арганiзацыях. Начальнiк Галоўнага Штабу Беларускага Вызвольнага Руху палкоўнiк Людвiг Галубовiч (Зарэчны) распачаў сваю «гульню», праводзячы ўласную палiтыку. Але БЦР, з-пад фармальнага кантролю якой выйшаў Галубовiч-Зарэчны, i савецкiя спэцслужбы здолелi развалiць арганiзацыю. Праўда, пасьля гэтага БВР яшчэ працягваў iснаваць аж да 80-х гадоў, але гэта былi ўжо малалiкiя, варожыя памiж сабою групы, якiя ня мелi значнага ўплыву на эмiгранцкае асяродзьдзе.

Пасьля заняпаду БВР на ролю «трэцяй сiлы» сталi прэтэндаваць сябры Беларускай Народнай Грамады на чале зь Сяргеем Хмарам. Пад уплывам яго групы былi й вэтэраны Беларускае Народнае Партызанкi, якiя, у асноўным, жылi ў Паўднёвай Амерыцы. Хмара спрабаваў арганiзаваць адзiны цэнтар беларускай эмiграцыi, але беспасьпяхова. Вялiкую ролю ў згуртаваньнi хмараўскае групы адыграла газэта «Беларускi Голас», якую ён выдаваў у Таронта.

У 1958 годзе ў ЗША адбылася нарада былых «удзельнiкаў збройнай вызвольнай барацьбы беларускага народу». Адным зь яе iнiцыятараў быў вядомы вайсковы дзеяч БНР генэрал Мiкола Дзямiдаў, якi сымпатызаваў групе Сяргея Хмары. Апошнi таксама быў сярод iнiцыятараў, бо не адкiдаў iдэi «трэцяй сiлы» ды спрабаваў залажыць калi не палiтычную, дык вайсковую агульнабеларускую арганiзацыю, вольную ад уплываў Рады БНР i БЦР. Нарада гэтая прыняла наступную пастанову:

 

«Пастанова нарады ўдзельнiкаў збройнай вызвальнай барацьбы беларускага народу, адбытай у днi 30 жнiўня 1958 г. у ЗША

1. Нарада ўдзельнiкаў Вызвальнай Збройнай Барацьбы Беларускага Народу, разважыўшы сяньняшнюю мiжнародную сытуацыю, сьцьвярджае неабходнасьць згуртаваньня ўсiх беларускiх нацыянальных сiлаў у вольным сьвеце дзеля пасьпяховага адстойваньня справы вызваленьня i незалежнасьцi Беларусi на мiжнародным форуме, адбою i паралiзаваньня расейскiх, польскiх i iншых «суседзкiх» iмпэрыялiстычных тэндэнцыяў, дзеючых сяньня праз гэты форум, у адносiнах да земляў Беларускага Народу.

2. Нарада лiчыць неабходным згуртаваць усiх удзельнiкаў беларускай збройнай партызанскай барацьбы i паразуменьне ўсiх беларускiх вэтэранскiх групаў, стоючых на пазыцыi вызваленьня i незалежнасьцi Беларускай Народнай Распублiкi.

3. Нарада ўважае неабходным выкарыстаць баявы досьвед удзельнiкаў беларускай партызанкi.

4. Нарада выказваецца супроць траты людзкiх баявых рэсурсаў праз выкарыстоўваньне iх не беларускiмi дзейнiкамi, выключна для сваiх мэтаў, нямаючых беспасярэдняй сувязi з вызваленьнем Беларусi i не кiраваных Беларускiм Штабам.

Гэн. Мiкола Дзямiдаў, арганiзатар Беларускiх Вайсковых часьцiн у Гораднi i акрузе.

Атаман С.Iскра, б. камандзер партызанскага аддзелу з 5-ай групы Войск БНР, дзеючай супроць палякоў у Зах. Беларусi.

кап. А.Баравы, Нач. Галоўн. Штабу Б.В.Р.

А.Вольны, удзельнiк беларуск. адпорнага руху ў Надзьвiньнi.

А.Яцэвiч, удзельнiк антыбальшавiцкага белар. руху «Зялёных».

С.Сiвак-Сьвiтка, ахвiцэр 1-ай Брыгады Беларускае Самааховы».

(«Беларускi Голас» (Таронта),
№49, верасень 1958 г.)

Вiдавочна, што ўдзельнiкi гэтай нарады спрабавалi ўтварыць аналяг таго БВРу, якi актыўна дзеяў у 1950-54 гады. Праўда, для гэтага мелi яны вельмi мала сiлаў. Найбольш яскрава характарызуе слабасьць «аргкамiтэту» той факт, што пастанову падпiсалi толькi чатыры чалавекi. Яшчэ два прозьвiшчы — А.Баравога i С.Сiвак-Сьвiткi — гэта псеўдонiмы Яцэвiча-Змагара i Сiняка-Хмары (ён-жа «Iскра») адпаведна... Хмара прадстаўляў БНГрамаду, у якую ўваходзiла да сотнi сяброў, якiя жылi па ўсiм сьвеце. Алесь Яцэвiч — БВР, якi меў у той час прыкладна столькi ж актывiстаў. Генэрал М.Дзямiдаў выступаў як заслужаны вайсковы дзеяч, герой баявых чынаў БНР. Тым ня менш, менавiта на гэтай нарадзе быў утвораны Саюз былых удзельнiкаў збройнай барацьбы за вызваленьне Беларусi, а, дакладней, яго арганiзацыйнае ядро. Пасьля гэтага шэрагi Саюзу сталi паступова пашырацца.

Саюз аб’яднаў былых антыпольскiх партызанаў БНР, антысавецкiх партызанаў 20-х гадоў у БССР, паўстанцаў-случчакоў, антыгiтлераўскiх партызанаў зь Беларускае Народнае Партызанкi, а таксама былых жаўнераў i афiцэраў Беларускае Самааховы i Краёвае Абароны. Аднак, трэба ўлiчваць, што да Саюзу не далучылiся прыхiльнiкi Рады БНР i БЦР. Таму арганiзацыя, нават з улiкам сяброў Беларускага Вызвольнага Руху, была нешматлiкая.

Найбольш лiчныя аддзелы («постанi») Саюзу арганiзавалiся ў Паўднёвай Амэрыцы, дзе iх асноваю сталiся былыя ўдзельнiкi БНПартызанкi. У Бразiлii дзейнiчала «Постань Былых Удзельнiкаў Барацьбы за Вызваленьне Беларусi iмя ат. Нябабы». Напачатку вэтэранамi ў Паўднёвай Амэрыцы кiраваў атаман Якуб Харэўскi, а пасьля ягонай трагiчнай сьмерцi ў красавiку 1968-га — атаман Iван Перагуд. Аднак, да канца 80-х гадоў паўмiралi амаль усе сябры Саюзу ў Паўдн. Амэрыцы. Дзейнасьць арганiзацыi, якая й да гэтага зводзiлася толькi да выданьня зваротаў, дэклярацыяў ды да згуртаваньня былых партызанаў (у Бразылii праводзiлiся iх вэтэранскiя «зьлёты»), зусiм замерла. Асаблiва на гэта паўплывала сьмерць ат. Перагуда ў 1984 годзе.

Першым старшынём Саюзу быў ген. Дзямiдаў. Але ён, праўдападобна, на пачатку 60-х адыйшоў ад грамадзкай дзейнасьцi, бо меў ужо сталы ўзрост i дрэннае здароўе. Да таго ж, у 1964 г. на яго быў зроблены замах, пасьля чаго генэрал ужо ня змог ачуняць (яго моцна зьбiлi й паламалi руку) i неўзабаве памёр.

На працягу 1962-64 гадоў, калi Саюз актыўна выдаваў адозвы, якiя друкавалiся ў «Беларускiм Голасе», дакумэнты падпiсвалiся палкоўнiкам А.Баравым (Яцэвiчам-Змагаром), атаманам С.Iскрам (Хмарам) i маёрам У.Адамёнкам. Прыводжу нiжэй адну з гэтых адозваў:

 

«Да дваццатых угодкаў утварэньня Беларускага збройнага партызанскага руху супроць гiтляроўскае акупацыi

Браты!

20 год таму назад паасобныя Беларускiя партызанскiя групы былi аб’яднаныя пад адным Галоўным Камандаваньнем Штабу Беларускiх, Народных, Партызанскiх Сiлаў на чале з камандзерам — палкоўнiкам I.Шаньком, ствараючы гэткiм чынам зусiм самадзельную Беларускую збройную сiлу, якая мела ў прышласьцi быць абаронцам Беларускага народу ад гордаў акупантаў, топячых у крывi Беларускую зямлю.

Здрадлiва вораг, пад маскай супольнага фронту барацьбы з гiтляроўскiм акупантам, патрапiў подступам замардаваць Галоўнага Камандзера палкоўнiка Шанько, зьнiшчыць камандзерскi актыў i загубiць бальшыню складу Беларускiх Партызанскiх Народных дружынаў, аднак памяць аб iх не загiне, як ня можна скрытазабойчымi кулямi зацерцi факту, што Беларускi Партызанскi Народны рух апору нiколi ня быў савецкiм, як прабуюць удаваць у сваёй падробленай гiсторыi наёмнiкi Масквы.

Адзначаючы гэтую гадавiну нашага Народнага Партызанскага зрыву супроць гiтляроўскага акупанта, як перад тым супроць расейскага i польскага акупантаў, аб’яднаймася ў прырачэньнi берагчы верна баявое змагарскае нашчадзтва Збройнага Народнага Руху Супрацiву процiў акупантаў нашае Бацькаўшчыны i моцна стаяць за нашую Народную Праўду, за якую яны пралiвалi сваю кроў.

Слава палеглым за Бацькаўшчыну!

Няхай жыве Вольная, Незалежная, Народная Беларусь!

За Саюз Былых Удзельнiкаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусi палк. А.Баравы, удзельнiк антысавецкай Беларускай Партызанкi Зялёных; атам. С.Iскра, удзельнiк антыпольскай Захадня-Беларускай партызанкi; маёр У.Адамёнак, удзельнiк Беларускiх Збройных Сiлаў 1943-45 гг.»

(«Беларускi Голас»,
№96, жнiвень 1962 г.)

Палкоўнiк Баравы, якi адначасна зьяўляўся старшынём Галоўнай Управы БВР i Саюзу Былых Удзельнiкаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусi, пачаў адыходзiць ад Саюзу i канцэнтраваць сваю ўвагу i сiлы выключна на БВР. З 1965 г. ён працягнуў у Клiўлендзе выданьне газэты «Незалежная Беларусь», якая да таго выходзiла ў Манчэстары. З 1968 г. ён ставiць свае подпiсы выключна пад зваротамi i адозвамi Беларускага Вызвольнага Руху.

Пачынаючы з 70-х гадоў Саюз у ЗША i Канадзе не праяўляў, практычна, нiякай актыўнасьцi. Найбольш дзейным быў аддзел Саюзу ў Паўднёвай Амэрыцы. На сёньняшнi дзень арганiзацыя ўжо ня дзейнiчае, бо большасьць яе сяброў або паўмiралi, або дасягнулi вельмi сталага веку.

Саюз Былых Удзельнiкаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусi меў на мэце адыграць найперш прапагандысцкую ролю. З аднаго боку, у яе арганiзатараў былi яшчэ нейкiя iлюзii наконт стварэньня адзiнай вэтэранскай беларускай арганiзацыi. З другога, у iх было жаданьне «напалохаць» камунiстычныя ўлады БССР, зарганiзаваўшы не былых палiцыянтаў або самаахоўцаў, а беларускiх партызанаў — сьведкаў чэкiсцка-камунiстычных злачынстваў супраць беларускага народу ў гады другое сусьветнае вайны. На жаль, Саюз ня здолеў набраць неабходнай сiлы ды не распачаў актыўнай дзейнасьцi, як гэта рабiлi, напрыклад, былыя ваякi Украiнскай Паўстанчай Армii.

Сяргей ЁРШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0