Нешчасьлівы білет

Зьмiцер Бартосiк

 

Злавiў сябе нядаўна на думцы, што ўсё часьцей баiсься задаваць даўно ня бачаным аднаклясьнiкам самыя простыя пытаньнi. Справы ў iх звычайна iдуць усё горш i безнадзейна, жонкi становяцца ўсё больш нэрвовымi, а дзецi — незразумелымi. А галоўная бяда — сыходзiць маладосьць. Адна радасьць — ёсьць з кiм выпiць. Але пра што лепш зусiм не пытацца, дык гэта пра агульных знаёмых. Тут ужо магчымыя самыя сумныя сюжэты. Хтосьцi загiнуў на фасадах, хтосьцi назаўсёды згубiўся ў расейскiх даляглядах, кагосьцi загубiла гарэлка праклятая. Усё радзей i радзей пачуеш нешта вясёлае.

Апошняя вестка, што дакацiлася да мяне, зьбянтэжыла канчаткова. Па-сёньняшняму банальная, але нейкiм чынам датычная да цябе. На паўночнай расейскай шахце загiнулi людзi. Абыдзенны газэтны загаловак, у дэтэктыўных газэтах ёсьць сюжэты нашмат цiкавейшыя. Але калi аднаго з палеглых ты ведаў зь дзяцiнства, нават больш за тое — лiчылiся да пэўнага моманту сябрамi, дык, калi й ня будзеш шукаць долi сваёй вiны, дык мiжволi памянеш.

Памятаю, як ён упершыню зьявiўся ў клясе. Насьцярожаны новым, гарадзкiм асяродзьдзем. Сам ён разам з бацькамi пераехаў у Гомель з палескае вёскi. Памятаю, як нас расьсьмяшыла ягонае «шэсьцьдзесят шэсьць», калi ён называў нумар сваёй кватэры, i як яго паправiла вучыцелька. Памятаю, як пасьля я зь яшчэ адным прыяцелем расейцам узялi яго пад своеасаблiвую лiнгвiстычную апеку. Дапамагаючы ламаць i выкрыўляць ягоную грубую, простую гаворку пад нашыя лякалы. Памятаю, як мяне заўжды дзiвiў iнтэр’ер ягонае трохпакаёвае кватэры, якi абмяжоўваўся тэлевiзарам на падлозе ды параю ложкаў з бруднаю бялiзнаю. Яшчэ я зайздросьцiў колькасьцi рублёў у ягонай кiшэнi, якiя ён высмоктваў з мацi. Памятаю, што мы даволi моцна сьсябравалiся й, вядома, як i ўсе гомельскiя хлапцы, плянавалi разам паступаць у рыскую альбо калiнiнградзкую мараходку. Але сяброўства скончылася назаўжды яшчэ ў школе. I нагоду таго разрыву я ўжо не забуду, бадай, да сьмерцi.

Мы ўтрох шпацыравалi па веснавым Гомелi. Расквiталi каштаны й сьпявалi вераб’i. Адзiн з нас прапанаваў згуляць у лятарэю «Спринт» ды падзялiць выйгрыш на траiх. Пагадзiлiся ўсе, але грошы, як заўжды, былi толькi ў яго. Купiлi тры бiлеты. Мой i таго, хто прапанаваў гульню, былi пустымi. Ягоны быў з «Жигулями». Памятаю, ягоная рэакцыя не вылучалася эмацыйнасьцю. Бiлет з васьмю тысячамi рублёў быў пакладзены ў кiшэню з той нядбайнасьцю, быццам гэта быў квiток у гомельскi цырк. Мы з тым, што прапанаваў гульню, хвiлiны тры глядзелi на прыяцеля, з кожным новым iмгненьнем усё больш адчуваючы тую прорву, што расла памiж намi. Мы з тым, хто ўсё гэта заварыў, так i засталiся саплiвымi старшаклясьнiкамi з грывеньнiкам на марожанае. А перад намi быў гаспадар новенькага аўто, цi чамаданчыка, поўнага чырвонцаў, — гэта ўжо вырашаць было яму. Як бы нам, няўдачнiкам, лёгка дыхалася, калi б ня гэтая дурацкая дамова падзялiць усё па-сяброўску...

Хвiлiну маўчаньня перабiў наш наваяўлены мiлiянэр. Адным дарэчным словам, якое мяне працягвае заварожваць па сёньня. Ён сказаў: «Гуляем».

Стаяла вясна 84-га году. Апошняга разгульнага году вялiкае п’янае краiны. Якая на цьвярозую галаву проста ня здолела iснаваць. А тады! Тады любы падлетак мог узяць сабе на Дзень пiянэра цi бутэльку «Белого» за 95 капеек, цi нават «Агдаму» за рубшэсьдзесят. Яшчэ нiхто ня ведаў сапраўднага сэнсу слова «траўка». Нам хапала той, што расла на маляўнiчых сожскiх адкосах. I кайфу таксама хапала. Самы багаты выбар быў у вiна-гарэлачных крамах. Асабiста я вельмi любiў разглядаць тыя вiтрыны, марачы аб часе, калi нарэшце змагу ўсё гэта пакаштаваць. I тут такая падзея.

Смутна згадваецца геаграфiя таго першага сур’ёзнага алкагольнага падарожжа. Пачалi, здаецца, з кубiнскага рому, а пасьля праз «Карабах» выйшлi на чэскi лiкёр i скончылi свой цудоўны вечар роднай «Белай вежаю». Усё гэта пiлося адразу на вулiцах, дзе нас нiхто й ня думаў затрымлiваць. Помнiцца, як мы заляцалiся да ўдвая старэйшых за нас кабет, як я чцiў памяць герояў, палеглых за маё сёньняшняе шчасьце, укленчыўшы перад вечным агнём, як пасьля хацеў заснуць вечным сном пад сеньню дрэваў румянцаўскага парку. Алкаголь весялiў i загаворваў тую малюсенькую крыўдачку-язвачку — «Ну чаму пашанцавала гэтаму гаўнюку?» За што я й палюбiў на ўсё жыцьцё гэтую радасную справу. Пра бiлет у той вечар не было сказана нi слова. Здаецца, ён нешта казаў пра Амэрыку.

Наш удачлiвы сябра нечакана зьнiк з нашага далягляду. А мы яго й не шукалi. Толькi недзе праз год у абласной газэце пра яго зьявiўся дурацкi артыкул пад назваю «Колькi вяровачцы ня вiцца». Як высьветлiлася, словы пра Амэрыку былi сказаныя ў свой час нездарма. За няпоўны год наш, як нам здавалася, недалёкi прыяцель свае восем тысяч ператварыў у дваццаць. Пры гэтым маючы справу выключна зь дзяржаваю. На чым i пагарэў. Ён лётаў у горад Львоў, дзе ў тамтэйшых камiсiёнках закупляў электронныя гадзiньнiкi, што ўваходзiлi тады ў моду. Пасьля чаго здаваў iх у камiсiёнкi гомельскiя. I ўсё. Але на самым узьлёце ягонага гешэфту ў краiне пачалася барацьба са спэкуляцыяй. Яму далi тры гады «хiмii» з канфiскацыяй маёмасьцi.

Я зайшоў у тую краму, зь якой 15 гадоў таму пачалася гэтая гiсторыя. Узяў нейкую пладова-ядавiтую дрэнь ды некалькiмi глыткамi памянуў таго, каму ўжо ня трэба было зайздросьцiць. Як жа ён урэшце прайграў, ня выканаўшы ўмовы той, на першы погляд, несур’ёзнае дамовы. Адзiн з герояў гэтае гiсторыi, той, якi яе й заварыў, жыве цяпер у Амэрыцы. Другi пiша песенькi на той мове, якую ўжывую ўпершыню пачуў менавiта ад трэцяга ўдзельнiка. Якога ўжо няма на гэтым сьвеце. Чыё цела назаўсёды завалена чужою, халоднай зямлёй. Цi не абакралi мы нашага таварыша? Незаўважна для яго прысвоiўшы сабе ягоную мару ды ягоную мову? Цi, можа, уся справа ў фартуне, якая ўсьмiхаецца толькi аднойчы й давярацца той усьмешцы небясьпечна для жыцьця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1