Мовазнаўцы падтрымалi «Нашу Нiву»

 

Камiсiя Iнстытуту мовазнаўства НАН выказалася на карысьць клясычнага правапiсу i «Нашай Нiвы»

У мiнулы аўторак у Iнстытуце мовазнаўства Нацыянальнай Акадэмii Навук адбылося паседжаньне экспэртнай камiсii, сфармаваць якую Iнстытуту даручыў Вышэйшы гаспадарчы суд. Навуковая экспэртыза спатрэбiлася для вызначэньня таго, цi зьяўляецца ўжываньне клясычнага правапiсу Бранiслава Тарашкевiча «скажэннем агульнапрынятых норм выкарыстоўваемай мовы». Менавiта за ўжываньне такога правапiсу «Нашу Нiву» папярэдзiў быў Дзяржкамдрук, пасьля чаго газэта i зьвярнулася ў названы суд, а суд запатрабаваў заключэньня спэцыялiстаў.

Нагадаем, што палемiка вакол двух правапiсаў беларускай мовы — «тарашкевiцы» (1918 г.) i «наркомаўкi» (1933 г.) — вядзецца ўжо больш за пяцьдзясят гадоў без асаблiвых вынiкаў i зрухаў. Радыкальнае ўмяшаньне ў гэтую чыста мовазнаўчую справу эканамiчнага суда краiны прымусiла навукоўцаў у хуткiм парадку вызначыць сваю пазыцыю. Да гонару мовазнаўцаў, яны не паступiлiся сваiмi прафэсiйнымi прынцыпамi на карысьць зьменлiвае iдэалягiчнае кан’юнктуры i прынялi не ангажаваную ў палiтыку пастанову. Гэта надзвычай важна, калi ў заблытаныя часы стагнацыi й бязьвер’я адукаваныя людзi становяцца фарпостамi здаровага сэнсу ў грамадзтве.

Пры любых абставiнах нехта заўсёды мусiць белае называць белым, а чорнае — чорным. На шчасьце, пры самых пэсымiстычных прагнозах, беларуская мовазнаўчая прафэсура зрабiла гэта.

Вось што распавёў нам пасьля паседжаньня камiсii адзiн з найбуйнейшых у Беларусi спэцыялiстаў у галiне агульнага мовазнаўства Бранiслаў Плотнiкаў, прафэсар катэдры тэарэтычнага i славянскага мовазнаўства БДУ, доктар фiлялягiчных навук:

«Суд сфармуляваў для экспэртаў тры пытаньнi. Першае: «Вызначыць паняцьце «агульнапрынятыя нормы мовы», у тым лiку беларускай мовы». На пашыраным пасяджэньнi камiсii Акадэмii Навук, куды быў уключаны i я, была прынятая пастанова, што ў сучаснай навуковай лiтаратуры паняцьце «агульнапрынятыя нормы мовы» не выкарыстоўваецца. Тыя паняцьцi, якiя выкарыстоўваюцца, з гэтым не зьвязаныя. I даецца тлумачэньне, што разумеецца пад нормамi ў розных навуковых крынiцах. Так што на першае пытаньне вызначана станоўча на карысьць газэты «Наша Нiва».

Пытаньне 2: «У якiх прававых i (або) фiлялягiчных крынiцах вызначана паняцьце «агульнапрынятыя нормы беларускай мовы». Тут таксама прыводзяцца пэўныя крынiцы, але гаворыцца таксама, што азначэньняў паняцьця «агульнапрынятыя нормы выкарыстоўваемай мовы» ў прававой лiтаратуры не iснуе.

Трэцяе пытаньне: «Цi зьяўляецца выкарыстаньне правапiсу, якi iснаваў у Беларусi да 1933 году, «скажэннем агульнапрынятых норм выкарыстоўваемай мовы»?» Прынятая такая пастанова: выкарыстаньне правапiсу, якi iснаваў у Беларусi да 1933 году, не зьяўляецца скажэньнем агульнапрынятых нормаў беларускай мовы. Правапiс, якi выкарыстоўваўся да 1933 году, прымяняецца ў клясычнай лiтаратуры, а правапiс з пастановы Савета народных камiсараў ад 26 жнiўня 1933 году выкарыстоўваецца зараз у пэўных беларускiх дзяржаўных установах i зьяўляецца абавязковым у навучаньнi ў школах, у ВНУ i г.д.

Вось i ўсё па тых пытаньнях, якiя сфармуляваў суд i на якiя сёньня прынятая пастанова Iнстытуту мовазнаўства Нацыянальнай Акадэмii Навук Беларусi. Да гэтай пастановы далучаныя заключэньнi такiх экспэртаў, як прафэсар Г.Цыхун, член-карэспандэнт Акадэмii Навук А.Булыка, прафэсар Б.Плотнiкаў, загадчык катэдры БДПУ П.Мiхайлаў i прафэсар П.Сьцяцко, якi сам не прысутнiчаў, але прыслаў свой падрабязны водгук, дзе таксама падтрымлiвае два варыянты беларускага правапiсу».

Такiм чынам, ва ўсiх трох пастаўленых Вышэйшым гаспадарчым судом пытаньнях камiсiя заняла бок газэты «Наша Нiва». Паводле меркаваньня спэцыялiстаў Акадэмii Навук, ужываньне дарэформавага беларускага правапiсу — гэтак званай тарашкевiцы — ня лiчыцца парушэньнем Закону аб друку й Закону аб мовах.

Галоўны вынiк паседжаньня экспэртнай камiсii — гэта большыя шанцы беларушчыны на будучыню. Мы бачым, што за мовай стаяць ня толькi паспалiтыя людзi — чытачы «Нашае Нiвы», якiя даслалi ў рэдакцыю некалькi соцень лiстоў падтрымкi, але й шанаваныя ў Беларусi i ў сьвеце спэцыялiсты-мовазнаўцы. Саюз першых i другiх дае надзею.

Неўзабаве Вышэйшы гаспадарчы суд прызначыць чарговае паседжаньне ў справе беларускае мовы. Акрамя заключэньня Iнстытуту мовазнаўства, суд запрасiў яшчэ й тлумачэньне «агульнапрынятых нормаў мовы» ў цяперашняга заканадаўцы. Нават калi ўлады працягнуць сваю вайну з клясычным правапiсам, мы ўжо прыйдзем на гэты суд не з пустымi рукамi. Пастанова Iнстытуту мовазнаўства i некалькi соцень вашых лiстоў — гэта ўсё, што трэба, каб наша пазыцыя была маральнай.

Сяргей Шупа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0