Лісты падтрымкі
Шаноўная рэдакцыя!
«Нашу Нiву», адноўленую вамi, чытаю даўно. Няхай Усемагутны дапамагае вам у цяперашнiм судзе, куды выклiкалi вас тыя, што прыйшлi «от лукавого», каб зьнiшчыць беларускую мову, незалежную дзяржаву, культуру, ды ўпрэгчы ў новае бальшавiцкае ярмо.
Беларуская мова за больш чым паўстагодзьдзя майго жыцьця на эмiграцыi дала мне натхненьне да творчай працы ў лiтаратуры, узгадаваньня дзетак, адкрыла дзьверы да ўжо нябеднай беларускамоўнай лiтаратуры, яе шматлiкiх майстроў...
Праўда, некаторыя з маiх твораў, выдадзеныя ў Беларусi, падстрыглi цi падшлiфавалi, пазбаўляючы iх мяккага знаку, якi для беларускай мовы зьяўляецца так неабходным, як кiсларод для ўсяго жывога! Насадзiлi мясцамi i чужамоўнае брыды... Вiдаць, што падобная пагроза чакае і «Нашу Нiву», якую, — гэта-ж ведама, — чытаюць ня толькi ў Беларусi, але i ў нашай раскiнутай на цэлым сьвеце дыяспары.
Жадаю вам усiм добрага здароўя, вытрываласьцi, перамогi ў судзе, мэта якога нам усiм ведамая.
Будзе аднаўляцца й жыць наша мiлагучная, мяккая, сьпеўная, прывабная мова, што й дагэтуль выжыла пад нападамi ворагаў стагодзьдзямi!
З Богам! Жыве Беларусь!
З пашанай да вас!
Кастусь Акула, Таронта, Канада
Паважаная рэдакцыя «Нашай Нiвы»,
Хачу выказацца наконт суда над «Нашай Нiвай». Мая думка тут вельмi простая — газэта мне падабаецца, я яе выпiсваю i плачу за гэта грошы. Каму ж яна не падабаецца, хай яе не выпiсвае i ня лезе ў асабiстыя справы чытачоў. Газэта Канстытуцыю i законы беларускай дзяржавы не парушае, i ўсё гэтым сказана. Хай паважаны Вышэйшы гаспадарчы суд лепш паслухае, на якой мове падаецца з аўдыёкасэт рэкляма жыцьця крымiнальнага сьвету, падаецца лаянка, бруд, хамства. I самае дзiўнае —нiхто на гэтую мову не зьвяртае ўвагi. Справа тут ня ў мове цi мовах, а ў тым, што i дзе падаецца чытачу цi слухачу.
З павагаю да вас —
Аляксандар Антончык, Менск
Дабрыдзень шаноўнай рэдакцыi!
Чытаючы «Нашу Нiву», штораз адчуваю насалоду ад мэлёдыкi думак. Толькi клясычны беларускi правапiс, не зацугляны аблуднымi «нормамi», здатны перадаць гэтую мэлёдыку, чарговы раз падкрэсьлiць адметнасьцi сталага аўтара i дараваць агрэшкi пачаткоўца. На бачынах «Нашае Нiвы» паўстае Беларусь гiстарычная, цяперашняя, вiртуальная. Беларусь напоўненая эрасам змаганьня. Беларусь як наша супольная нiва. «Наша Нiва» прамаўляе будучыню, дзе няма месца для «агульнапрынятых нормаў».
На мiкраўзроўнi мне даводзiлася сутыкнуцца з праблемай клясычнага правапiсу й стаўленьнем да яго людзей, якiя любяць беларускую мову мёртвай. Цiкава прыгадаць, што напiсаны мною рэфэрат на тарашкевiцы быў перададзены выкладчыцай на «экспэртызу», якая катэгарычна заявiла — «так сейчас не пишут». Рэфэрат быў ухвалены да «незалiку». Давялося ледзьве ня зь пенай даводзiць праўду аб клясычным правапiсе, пералiчваць «тарашкевiчныя» выданьнi, размахваючы зборнiкам «Каханьне пад акупацыяй» Славамiра Адамовiча. Залiк быў атрыманы, а я задраў нос у адчуваньнi п’янкасьцi маленькай перамогi...
У «Нашай Нiвы» сытуацыя больш складаная. Як давесьцi сваю слушнасьць да тых, каму непатрэбна беларуская слова ў любым выглядзе ейнага бытаваньня. Але ж яна патрэбная мне, iншым чытачом «Нашай Нiвы», якiя ўсьвядомiлi сваю несавецкасьць i намагаюцца пазбыцца спадчыннасьцi «саўка» ва ўсiм. Суд чынiцца ня толькi над «Нашай Нiвай» як увасабленьнем беларускасьцi i беларускай несавецкасьцi, суд чынiцца праўдападобна i над сэрцамi адданых ейных чытачоў. Мы зашмат цярпелi паразаў, каб прайграць у гэтай бiтве.
З павагаю — Сяргей Балахонаў, Гомель
Паважаная рэдакцыя «Нашай Нiвы»!
Прыкра й горка становiцца на душы пасьля вашага паведамленьня ў газэце пра суд над беларускай мовай. Абурэньне маё адрасаванае тым кiраўнiчым структурам, што ня лiчаць за ганьбу сабе ўвогуле распачынаць такую беспрэцэдэнтную судовую справу. Гэта ж проста непрыстойна!
Здаецца, наша сучаснае грамадзтва рухаецца не наперад, а назад, i ў апошнiя часы надзвычай дзiкiм тэмпам. Што ж гэта такое творыцца?
Нават царскай цэнзурай i рознымi там мовазнаўцамi (былi ж, пэўна, такiя й раней) было дадзена «дабро» на выданьне таго ж Максiма Багдановiча (гл. зборнiк «Вянок», факсымiльнае перавыданьне 1913 году) з прыкладна тым жа правапiсам, што зараз выкарыстоўвае газэта «Наша Нiва»! Можа, i не зусiм такiм, але ж вельмi падобным. Я не спэцыялiст у галiне мовазнаўства, таму дакладна гэткага параўнаньня не правяду, але ж падабенстваў безьлiч!
Дык адчапiцеся, калi ласка, паважаныя, ад адзiнай у Беларусi газэты, якая пiша ПРЫСТОЙНАЙ беларускай мовай. Не такi ўжо вялiкi яе наклад, каб прэзыдэнцкiя вэртыкалi усур’ёз баялiся падрыву сваёй улады. Досыць i таго гандлёвага ўшчымленьня, «дзякуючы» якому дарэмнымi намаганьнямi зьяўляюцца любыя спробы набыць «Нашу Нiву» ў шапiках Саюздруку цi ў прыватных распаўсюднiкаў (асабiста мне за 2-3 гады не ўдалося зрабiць гэтага нi разу, хоць i жыву ў абласным цэнтры). Таму, паважаныя судзьдзi, дайце магчымасьць газэце друкавацца так, як яна друкуецца зараз, а нам, чытачам, вучыцца правiльнай беларускай мове праз газэту.
З павагай да нашанiўцаў i ўдзячнасьцю iм — Сяргеенка Любоў, бiблiятэкар, Гомель
Вiтаю вас, шаноўнае спадарства.
Iзноў, пасьля працяглага перапынку вырашыў вам напiсаць, а паўплывалi на гэты патрэбны крок некалькi акалiчнасьцей.
Па-першае, кожны лiст, дасланы ў рэдакцыю зараз, гэта, мажлiва, тая запаветная кропля, што схiлiць непарушныя шалi спляжанай Фэмiды ў наш бок, i супольна мы абаронiм «Нашу Нiву» законным шляхам.
Па-другое, вельмi занепакоены тым, што апошнiм часам пачалi зьяўляцца апытаньнi на вулiцах паважанага мною Севярына Квяткоўскага, дзе пераважная большасьць адказаў занатаваная па-расейску. Зразумела, што гэткiм чынам карэспандэнт iмкнуўся захаваць мову арыгiналу, але, шчыра кажучы, кожнае расейскае слова, нават кшталту такiх, як «обшчапанятный язык» (К.Невяроўскi) цi «Пачотная грамата» (Я.Каляда), дзе аўтары наўмысна намагаюцца паказаць сваё неадэкватнае стаўленьне да трасянкi, якой на сёньня карыстаецца пераважна большасьць несельнiцтва краiны, псуе ўтвораны атмасфэрай сапраўднай беларускасьцi настрой. Бо заўжды, чытаючы «Нашу Нiву», я адмяжоўваюся ў думках ад астатняга сьвету, на вечар цi ў скрайнiм выпадку два забываюся, што iснуе такая мова, як расейская, а калi й iснуе — дык недзе там — далёка-далёка за ўсходнiмi ўскраiнамi.
Па-трэцяе, на першай iмпрэзе С.Адамовiча я быў асьведамлёны пра ягоную задумку ў хуткiм часе выдаць кнiгу выбранага «Плавiльшчыкi расы». У сувязi з тым, што кнiгi беларускага паэта немажлiва адшукаць на запыленых палiцах шапiкаў ды кнiгарняў, я прапаную выдавецтву «Наша Нiва» ўзяць ды зрэалiзаваць гэты, не пазбаўлены посьпеху, праект, а потым распаўсюдзiць праз сыстэму «Кнiга — поштай». Да прыкладу, адна зь ягоных апошнiх кнiг, «Каханьне пад акупацыяй», зьяўлялася, паводле зьвестак вашае газэты, адным з бэстсэлераў IV кварталу 1996 году пры зусiм невялiчкiм накладзе ў 500 асобнiкаў.
Па-чацьвертае, хачу выказаць вам сваю падзяку i асабiста Андранiку Антаняну за файны пераклад «Птушак» Бруна Шульца —чытаў з захапленьнем! А вось «Лiсты ў правiнцыю» С.Адамовiча крышачку расчаравалi, бо ў адрозьненьне ад «Лiстоў з правiнцыi» Славамiр страчваў рамкi прыстойнасьцi, губляючыся ў вычварэньнях, што бухторацца ў ягонай сьветлай галаве. Вось i вершы — «Ave Homo» i «Цела Маякоўскага», прымеркаваныя да няўбачанай мною art-акцыi «Сьвята сэксуальнай большасьцi», вылучаюцца на шэрым тле «Лiма-Палымянай» штодзённасьцi арыгiнальнасьцю, але, на жаль, няма ў iх нi ўласьцiвых яму пранiкнёнасьцi, суперажываньня i незаплямленых, а таму здаровых, юнацкiх шчырасьцi й iмпэту. Ад яго я чакаю большага.
Ну вось i ўсё. Да сустрэчы. З павагай, шчыра ваш —
Уладзя Жаўняк, Мар’iна Горка
Прывiтаньне, шаноўныя нашанiўцы!
Пiшу вам, таму што лiчу — зараз нельга маўчаць. Лёс нашай мовы i Бацькаўшчыны, як паказалi падзеi пасьля першага «лукашэндуму», залежыць цяпер ад кожнага з нас. Крыўдна асэнсоўваць, што для большасьцi нашага грамадзтва пасьля траўня 1995 году ў тым, што датычыцца мовы, верх узялi «каўбасныя пачуцьцi». Тут я маю на ўвазе ў першую чаргу выкладчыкаў ды шмат каго з iнтэлiгенцыi. Як толькi на дзяржаўным узроўнi была зьнятая датацыя за выкладаньне на беларускай мове, так раптам пераважная большасьць пра яе нiбыта забылася — быццам бы выкладаньне на роднай (нямала ж сярод iх менавiта беларусаў) мове — што праца, скажам, па занятках у iнстытуце замежных моваў.
Не, матчыну мову немагчыма забаранiць. Ёсьць яшчэ сумленныя грамадзяне, якiя ўжываюць i будуць ужываць мову ў штодзённым жыцьцi незалежна ад грошай, таму што гэта мова ўласнае думкi. Вельмi ўдзячны вам i (ледзь не напiсаў вашай) нашай з вамi газэце. Вы абуджаеце вялiкае пачуцьцё любовi да нашай (беларускай, а не савецкай, як некаторыя дагэтуль лiчаць) радзiмы, да нашага роднага вольнага слова, увогуле да ўсяго беларускага. Пачаў я чытаць «Нашу Нiву» ў сакавiку 1996 году i з гэтага часу нiколi зь ёй не разьвiтваюся. Не адразу звыкся з гэтым непаўторным, не падобным на iншыя, стылем, але цяпер я ўвайшоў ува ўсе тэмы i зь нецярплiвасьцю чакаю кожны наступны нумар, кожнай новай нашай сустрэчы.
Адзiн з «саўкоў» аднойчы, убачыўшы ў мяне ды прагледзеўшы нашу газэту, сказаў наконт яе, што гэта «ваша нiва». Спачатку мне стала крыўдна i балюча, але потым я зразумеў сваю маральную перавагу над iм. Непаразуменьнi могуць быць, напрыклад, памiж ангельцам ды французам i да т.п. Тое самае памiж мною i тым «таварышам». Мы жывем у розных дзяржавах — ён у СССР цi БССР (па вялiкiм рахунку сёньняшняя РБ ня лепей, а ў некаторым нават горш), а я ў нашай вольнай Беларусi, i гэта вялiкае шчасьце — адчуваць непаўторнае, неапiсальнае пачуцьцё пры кожнай сустрэчы з вамi, тое пачуцьцё, якое яму ня будзе зразумелае й прысутнае нiколi.
Я лiчу, што ў гэты цяжкi час вакол «Нашай Нiвы» павiнны аб’яднацца ўсе, каму неабыякавае роднае слова. Становiшча зараз яшчэ горш, чым пры КПСС. Калi змаўчаць, то беларуская мова i беларускае слова зьнiкнуць цалкам i бясьсьледна. Справа ня ў правапiсе, а менавiта ў мове.
Тарашкевiца была й пры КПСС. У 1982 годзе выйшла факсымiльнае выданьне зборнiка вершаў Якуба Коласа «Песьнi-жальбы» 1910 году, напiсанае менавiта тарашкевiцай. Вось гляджу зараз на гэтую кнiгу i лiчу, што калi б улады пажадалi, то, безумоўна, не выпусьцiлi б гэты зборнiк факсымiлем. Бо можна ж было надрукаваць тое самае ў сучасным выданьнi ды сучасным правапiсам, але ж вырашылi выдаць менавiта ў факсымiле. У той час беларускае мовы ў жыцьцi практычна не было, але заставаўся хоць так званы «выгляд прысутнасьцi». Усё гэта лiшнi раз сьведчыць пра тое, што сёньняшняя судовая справа датычыцца менавiта беларускай мовы як такой.
Дарэчы, узгадваю, што тады, будучы яшчэ шкаляром, я чытаў гэтыя вершы, не зважаючы на правапiс i толькi празь нямала гадоў заўважыў, што напiсана тарашкевiцай. Трэба дадаць, што тады я ня ведаў пра iснаваньне тарашкевiцы. У савецкай школе настаўнiцы беларускай мовы пра гэта ня згадвалi. Але на той момант тарашкевiца мною была ўспрынятая як натуральная зьява. Пра гэта магу сьцьвярджаць, бо быў выпадак, калi я даў пачытаць «Нашу Нiву» аднаму «беларусу па пашпарце», дык ён сёе-тое пачытаўшы, мне адразу сказаў: «Што за няграматная газэта. Словы нейкiя зь мяккiм знакам, дзе ня нада».
Я выказваю сваю вялiкую падтрымку ў вашым сьвятым змаганьнi за нашыя iдэалы. Ведайце, што вы не ў адзiноце. Веру, што праўда i здаровы сэнс абавязкова перамогуць. Галоўнае, што мы разам — вы i мы, чытачы. Жадаю вам мужнасьцi i посьпехаў у гэтай нялёгкай справе, i ня толькi судовай. Я веру, што «загляне сонца i ў наша ваконца», я веру, што «Нашай (нашай з вамi) Нiвы» «не разьбiць, не спынiць, не стрымаць».
Жыве «Наша Нiва»!
Жыве вольная, незалежная Беларусь!
З павагай, Раман Сьвiрскi, Менск
Шаноўная рэдакцыя!
Тры гады, як далучыўся да чытачоў вашай газэты. З тых часоў зь цiкавасьцю й захапленьнем чакаю кожны нумар. Праглядаю «Нашу Нiву» не сьпяшаючыся, з асалодай смакую кожную старонку, кожны артыкул. Апошнiя захады ўлады да забароны газэты падштурхнулi напiсаць гэты лiст.
Па-першае, вялiкi дзякуй за газэту. Вялiкае кола нашых суайчыньнiкаў праз вашыя намаганьнi ўжо сёньня жывуць у сьвеце пад назвай БНР, лiчаць сябе грамадзянамi БНР i нават плацяць падаткi па законах БНР. Гэтыя грамадзяне шчыра ўлюбёныя ў сваю Радзiму, яе гiсторыю, мову, культуру. Калi нас набярэцца працэнтаў 20 ад агульнай колькасьцi ўсiх жыхароў так званай РБ — будзе вельмi добра. На сёньняшнi дзень болей i ня трэба. Лепей адчуваць сябе ў меншасьцi, чым корпацца ў постсавецкiм сьметнiку. Таму мы абiраем тарашкевiцу, правапiс «Нашае Нiвы», бо за гэтым нашае ўчора, сёньня i заўтра.
Трохi пра сябе. Я скончыў у 1995 годзе БАМ па спэцыяльнасьцi «тэатразнаўства». Вольны дух Акадэмii спрыяў у выбары жыцьцёвага прызначэньня, загартаваў i ўзмацнiў веру ў новую незалежную Беларусь. Абаранiўся па тэме «Беларускi тэатар ў гады II сусьветнай вайны». Нават па тых больш-менш дэмакратычных часох абарона сутыкнулася зь цяжкасьцямi й непаразуменьнямi, бо ў асноўным я праводзiў досьлед дзейнасьцi Гарадзкога тэатра ў акупаваным Менску й зьдзекваўся над савецкай беларускай драматургiяй. Дарэчы, можа б тое-сёе i зацiкавiла «Архiў найноўшае гiсторыi» — матэрыялаў па тэатры ў Менску я ў вас не заўважаў.
У канцы лiпеня, якраз на сьвята Незалежнасьцi, зьдзейсьнiў былую мару — наведаць Прагу. Першае адчуваньне шоку напаткалася ў Польшчы, потым была добрая зайздрасьць — за годнае й людзкае жыцьцё суседзяў. У Празе вельмi добра разумелi беларускую мову й з насьцярогай ставiлiся да маiх расейскамоўных паплечнiкаў.
Вялiкi вам дзякуй, да сустрэчы.
Уладзiмер Брэк, Менск
Добры дзень, шаноўная рэдакцыя!
У №15 я быў вельмi зьдзiўлены вашым артыкулам — а як жа, газэта пытаецца ў чытачоў, цi трэба ёй iснаваць! Што ж, паразважаем. Каб даведацца, цi выходзiць надалей «Нашай Нiве», цi не, трэба абстрагавацца ад мiтусьнi сёньняшняга дня i паглядзець на справу з пункту гледжаньня гiсторыi беларускае дзяржавы. Уявiце сабе, што вы жывяце ў 2120 годзе, вучыцеся ў школе i вам апавядаюць, што пасьля зачыненьня «Нашай Нiвы» яе рэдакцыя разьбеглася хто куды, друк тарашкевiцай спынiўся аж да паўстаньня 20.. году, былi забароненыя i астатнiя выданьнi, якiя, праўда, спрабавалi выходзiць пад iншымi назвамi, — i тут вам паказваюць сьпiс з 500 газэтаў, нiводная зь якiх не выходзiла больш за месяц, i побач — сьпiс з 20 афiцыйных газэтаў, пераважна на iншаземных мовах, чытаньне якiх выклiкае сон. Гэта будзе пакiдаць сумнае ўражаньне i выхоўваць у дзяцей пачуцьцё непаўнавартасьцi свайго народу ў параўнаньнi зь iншымi, дзе газэты выходзяць на сваёй мове па 100-200 гадоў безь перапынку.
Прыклад таго, як трэба рабiць, дае нам Рада БНР. Хоць часам яна i спыняла актыўную дзейнасьць i ад яе заставаўся толькi прэзыдэнт, але не спыняла свайго iснаваньня. У сьпiсе яе прэзыдэнтаў, апублiкаваным у часопiсе «Спадчына», няма нiякага перапынку ад 1918 году i да нашых дзён. Гэта пакiдае прыемнае ўражаньне i служыць стымулам для барацьбы за Беларусь. Таму, калi мы жадаем быць годнымi грамадзянства БНР зараз i шанаваньня нашчадкаў у будучынi, то трэба, каб «Наша Нiва» выходзiла i надалей — легальна або падпольна, на паперы цi ў Iнтэрнэце, у Менску цi ў Вiльнi. I яна павiнна выходзiць тарашкевiцай.
Сяргей Карбоўскi, Менск
Прывiтаньне, шаноўная «Наша Нiва»!
У Вашай газэце калiсьцi прачытаў словы, што вельмi пасуюць сёньняшняй сытуацыi: «Матрыца памяцi НОРМЫ ў чалавека i народа вельмi дужая i надзвычай жывучая. Гэта генная памяць, голас крывi. Адсюль у вынiку бярэцца пашана да роднае мовы i гiстарычнае славы Краiны».
Таму хацелася б нагадаць «судзьдзям», забаранiцелям мовы:
— тое, што дадзена Богам, немагчыма забаранiць;
— мову ня здольны забраць той, хто ня можа яе даць;
— справа, якая робiцца марна, заўсёды трагiчная;
— вельмi цяжка аднаўляць, вельмi лёгка нiшчыць;
— нiякая падробка не заменiць арыгiналу, гэта прафанацыя;
— «не капайце крынiчанькi — ня будзе вады...»;
— не судзiце мовы — ды не судзiмыя будзеце.
Калi нашу мову ненавiдзяць, то гэта сьведчыць пра тое, што не такая яна ўжо i кволая, што яна ёсьць i iснуе, мае вагу, зь ёю лiчацца i хочуць зруйнаваць.
Чалавеку ўласьцiва спадзявацца. Надзея тым большая, чым меней верагоднасьць яе зьдзяйсьненьня. Таму «Contra spem — spero»! Хацелася, каб мы не абаранялi нашу мову, а на ёй гаварылi, насiлi ў сабе, «Наша мова — наш Храм, у iм не павiнен правiць хам!» Тады, можа, зоймем «свой пачэсны пасад мiж народамi».
Прывiтаньне ўсiм аднадумцам. Дотык душамi — вельмi моцны, бо ён Боскi, Брацкi, Нябесны.
З павагаю — Алесь Касьцюковiч, Магiлеў
Найвышэйшаму
Гаспадарчаму Сынэдрыёну,
Дзяржкамдруку
й iншым «русскомычащим» установам.
Шаноўнае спадарства, бачу, вам ППРБ не дарма плоцiць грошы. Вы выдатна разьлiчылi — калi нельга людзей пазбавiць паветра, то можна адабраць у iх лёгкiя, тым больш, што яны адныя на ўсiх. Так, гэта я пра «Нашу Нiву», якую вы вельмi жадалi б забаранiць, затаптаць. Але «каб Сонца засланiць, вушэй асьлiных мала». Вам ўсё роўна не зразумець, што «Нашу Нiву», як i Нашу Мову, зьнiшчыць немагчыма. Таму рабiце сваю чорную справу, i чым «лепей» вы яе зробiце, тым хутчэй адыдзеце ў нябыт, i пра вас нiхто ня ўспомнiць.
Жыве Беларусь!
Унучак Андрэй, Валожыншчына
Шаноўная рэдакцыя «Нашай Нiвы»!
Мы выпiсваем, чытаем i чакаем кожны нумар вашай газэты. Гэта наш сьвядомы выбар па атрыманьнi неабходнай нам iнфармацыi па-беларуску. I тое, што дзяржаўнае чынавенства распачало перасьлед газэты — вялiкая бязглузьдзiца. Няўжо няма iншай карыснай працы альбо iншых праблемаў.
На мосьце, зь якога падлеткi даюць нырца ў стаў, напiсаныя словы: «пашол» (указальная стрэлка паказвае, ў якi бок трэба даваць нырца), «снiкерс» i чамусьцi «куба» (з маленькай лiтары).
Гэтыя тры словы — своеасаблiвы сымбаль нацыянальнай праблемы, якая складаецца зь нiзкi праблемаў.
Тое, што «Наша Нiва» друкуецца тарашкевiцай, адпавядае маральным i эстэтычным нормам i надае газэце стройную стылёвую форму. Гэта ёсьць адна з прычынаў, якая вабiць нас, чытачоў.
I калi Дзяржкамдрук прымушае рэдакцыю адмовiцца ад прынцыпова занятай этычнай i эстэтычнай пазыцыi, ён павяргае газэту на страту пэўнага кола падпiсантаў. Дзеля прыватнай газэты такi стан — недапушчальны!
Гэткая практыка з боку чыноўнiкаў зразумелая i простая. Больш складаныя наступныя пытаньнi, хто будзе адказваць:
1) За маральны стан грамадзтва?
2) За культурны i адукацыйны ўзровень моладзi?
3) За парушэньнi правоў чалавека?
4) За распальваньне мiжнацыянальнай варожасьцi?
Яўгiня Лiс — мастачка,
Уладзiмер Лось — студэнт, Менск
Дарагая «Наша Нiва»!
Калi тую мову, якой я пiшу, якой я размаўляю, якой я дыхаю, якой жыву, нехта хоча забаранiць — некуды адыходзiць роспач i мне робiцца сьмешна. Як забаранiць жыцьцё? Як можна перакрэсьлiць гiсторыю маёй краiны? Майго народу? Як?..
Суд над мовай крывiчоў, што пачаўся ў 1933 годе, ня ёсьць судом. Гэта жарт, усьмешка лёсу, нашага лёсу. Зрэдчас мне ўяўляецца, нiбыта ў нас забаранiлi ўсе газэты й часопiсы на беларускай. Можа, так было б найлепш? Каб не было таго ганебнага йснаваньня, што бачым зараз. Можа б тады й зразумеў беларус сваю ролю ў жыцьцi ды мэту жыцьця на Зямлi, спазнаўшы сваю мову, мову Сусьвету.
Мова ёсьць пачаткам. Гэта зорка, што зiхацiць далёка ў начным небе. Iсьцi да яе — самае галоўнае. Асабiста для мяне «Наша Нiва» можа сысьцi, але сьвятло застанецца. Калi змог расплюшчыць вочы — трэба рабiць першы крок. А перашкоды —гэта смуга, што дазваляе ўбачыць сваю постаць.
Жыве Наша Мова! Жыве «Наша Нiва»!
Юры Чарнякевiч, Пiнск