ПОШТА


 

Добры дзень, шаноўная рэдакцыя!

Той факт, што я зьяўляюся чытачом i падпiсчыкам «Нашай Нiвы» ад пачатку яе аднаўленьня ў 1991 годзе, сьведчыць, што гэтая газэта — мая, яна мяне задавальняе — i па зьмесьце, i па форме, i па спосабу падачы матэрыялу.

Папярэджаньне Дзяржкамдруку лiчу надуманым. Хачу параiць «барацьбiтам» з клясычным беларускiм правапiсам азнаёмiцца са сшыткамi школьнiкаў-пачаткоўцаў. А з тых сшыткаў крычма крычыць мяккi знак, «рэпрэсаваны» сталiнскай наркомаўкай. «Чацьвер», «сьвята», «раньне» — пiшуць вучнi «памылкова», нават не падазраючы, што гэтаксама ў свой час пiсалi Янка Купала i Максiм Гарэцкi, Якуб Колас i Ларыса Генiюш.

Трываласьцi вам, нашанiўцы!

Жыве Беларусь!

Зьмiцер Цехановiч, Менск


 Шаноўная «Наша Нiва»!

Што такое Беларусь, я даведаўся ад Уладзiмера Караткевiча, а сутыкнуўся з жывой, сапраўднай Беларушчынай, калi пачаў чытаць вас. «Наша Нiва» патрэбная мне i маiм сябрам, патрэбная ўсiм беларусам.

Дзякуй, што вы ёсьць!

Сяргееў А., Менск


 Шаноўная рэдакцыя!

Я зьяўляюся сталым падпiсчыкам вашае адноўленае газэты ад першага нумару.

Каб не крывiць душою, я не заўсёды падзяляў зьменлiвыя канцэпцыi выданьня. На сёньняшнi дзень, мне здаецца, што вы дасягнулi тэй aurea mediacritas (залатое сярэдзiны), якая задавальняе густы i, галоўнае, абслугоўвае зацiкаўленьнi многiх прагнучых сапраўднага крывiцкага слова. Толькi тарашкевiца, толькi «кананiчны» правапiс захавацьме, а ў пэрспэктыве памножыцьме чытацкую аўдыторыю ў вашым выданьнi. Прага да вузкiх кан’юнктурных iнтарэсаў прывяла да згубы свайго рэзыстэнцкага твару газэтамi «Пагоня» ды «Свабода».

Падпiсчыкi «Нашай Нiвы» ведаюць, што сёньняшняя расправа над газэтай раўназначная расправе над Беларусяй (над маёй сямiгадовай дачкой, якая ня можа пайсьцi ў беларускую клясу, бо iх не йснуе ў прасторы Гораднi: калi датарнаваць гэты гвалт да соцыюму...).

Акупанты цешацца з гэтага, пацiраючы рукi. Мо й запраўды вераць, што ўсе абшары Беларусi належаць iм. Спакусы нячысьцiка робяць iх самаўпэўненымi. Але Бог адвярнуўся ад iх. Панежэ Ён стварыў народы й надаў iм мовы iх, каб людзi маглi выслаўляць Яго пачэснае iмя. Ён з намi. Намi не апаноўвае рочпач i журба, бо з намi Ён, якi дае яснасьць галаве, спакой сэрцу i ўпэўненасьць руцэ.

Нават калi нас адужаць сiлы ППРБ, што неверагодна, мы, падпiсчыкi «НН», застанемся ўладарамi недасягальнага для ворагаў «Краю». Бо старыя, цёплыя сэрцу весьнiцы нашых мараў адамкнутыя для нас у гэты край. Гэткiмi весьнiцамi стала «НН». Я веру, што газэта ё яснай зьнiчкай, якая не памеркне на сьвiтаньнi. (Прынамсi, «сьвiтаньнем» нашу сытуацыю не назавеш. Акурат больш пасуе тэрмiн «заход», або «сутоньне».) Таму прышласьць нас чакае сьветлая, ад мора зьнiчак у нябёсным сусьвеце падобных першай (якую запалiлi вы), а таму самай незабыўнай.

З павагай — Вiтаўт Парфянёнак, Горадня


Прывiтаньне, шаноўная рэдакцыя!

Даслаць лiст змусiлi тыя абставiны, што склалiся вакол газэты.

Шчыра ўдзячны вам за тое, што сяньня ў Беларусi ёсьць сапраўдная беларуская газэта.

Мне вельмi патрэбныя вы, вашая газэта, сапраўдная, а не скалечаная беларуская мова. Толькi разам з вашаю газэтай адчуваю сябе беларусам, ганаруся нешым прыгожым, пявучым словам. I нiякiя прыхаднi, пагатоў, не забароняць размаўляць i думаць па-беларуску.

Зараз цяжкi стан дзеля ўсяе беларушчыны, але Пан Бог даў нам гэтую зямлю й мову, i мы павiнны баранiць iх.

Ворагам беларушчыны карцiць забiць вольнае беларускае слова, але трымайцеся, хлопцы! За варожымi хмарамi абавязкова прыйдзе цёплае сонейка. У гэта вераць людзi, якiм неабыякавы лёс нашае Бацькаўшчыны. Вы ня першыя, што паўсталi за абарону вольнага слова, але й не апошнiя й павiнны ведаць — пакуль жыве нават апошнi беларус на сьвеце — мова не загiнула.

Яшчэ раз трымайцеся, хлопцы! Мы з вамi. Жыве Беларусь!

Ермакоў, Гомель


 

Высылаю газэце «Наша Нiва» свой лiст з выказваньнем сваёй падтрымкi вашага памкненьня вярнуць беларусам iхную мову.

Лiчу ваш першы крок у гэтым напрамку — вяртаньне да тарашкевiцы — слушным.

Цяпер пра iншае. Хацелася б, каб на тарашкевiцу перайшлi «Крынiца» i «Спадчына», якiя я выпiсваю. Можа, у вас будзе нагода сказаць iм гэта, таму што нельга нешта рабiць напалову.

Што да суда, дык я асабiста не ўспрымаю яго, як i ўсё астатняе, што цяпер робiцца, быццам бы ўсур’ёз i надоўга, як такое.

Жыве Беларусь!

Бывайце здаровы.

Эдуард Харанскi, Бабруйск


 

Чарга па перац

Дзень добры, спадарства!

Хачу падзялiцца сваiмi назiраньнямi за тым, як дзецi зь iх непасрэднасьцю вызначаюць у сваiх гульнях адметнасьцi часу —тое, што мы, дарослыя, успрымаем як належнае.

Калiсьцi мой тата распавядаў, што для ўсiх суседзкiх падлеткаў 10-12 гадоў самай цiкавай была гульня «Kolejka za pieprzem» (чарга па перац). Правiлы былi простыя: трэба было як мага шчыльней стаць адзiн за адным да вакенца ў каморы й як мага мацней цiснуцца да шкельца, аж покуль тое ня трэсьне. Тады дзецi, як пырскi, разьляталiся ў розныя бакi, каб гаспадар з розгай не дастаў каго-небудзь «з чаргi».

Гэтая гульня была «падгледжаная» дзецьмi ў дарослым жыцьцi, калi ў Лiду ў 1940 годзе прыйшлi Саветы й прынесьлi з сабой чэргi.

Дарэчы, мой стогадовы дзед Антось казаў, што першыя Саветы (гэта тыя, што ўвайшлi ў 1919 годзе) былi лепшыя, чым другiя — што прыйшлi ў 1940-м. Лепшыя, бо прыйшлi й пайшлi, а другiя — прыйшлi й засталiся.

У 1990-м мой пяцiгадовы сын з захапленьнем паказваў мне свой дзiцячы пакой, застаўлены ў рад крэсламi, стоўчыкамi, на якiх былi раскiданыя дзiцячыя цацкi, адзеньне. Дзецi стаялi ў чарзе па адзiн бок крэслаў, а старэйшы хлопчык хадзiў па другi. Аказваецца, гэта была мытня. Дзецi ехалi за мяжу так, як iхныя бацькi.

А зусiм нядаўна мой сусед апавёў такi выпадак.

Разам са сваёй дачушкай, якой пяць гадоў, яны паехалi праведаць бабулю зь дзядулем, што жывуць у Бярозаўцы. Ад Лiды недалёка, усяго 25 кiлямэтраў. Як i ва ўсiх беларускiх мястэчках, на плошчы стаiць бронзавы правадыр.

— Тата, гэта хто?

— Гэта, Машачка, Ленiн.

— А, гэта той, што зь «Бiтлз»?!

Такiя вось адметнасьцi ў нашага часу. Ленiн мае асацыяцыю толькi зь «Бiтлз», бо нашыя дзецi ўжо лепш ведаюць Ленана.

Лаўрэш Галiна, Лiда


Студэнты выбiраюць беларускае шоў

Напрыканцы навучальнага году (у чэрвенi) МГА МФ правяла апытаньне сярод студэнтаў ВНУ г. Магiлёва. Мэтай анкетаваньня было высьвятленьне настрояў у маладзёвым асяродку, якiя датычаць стаўленьня маладых людзей да беларускасьцi (мовы, культуры, гiсторыi).

Было апытана 297 студэнтаў, пераважна МДУ i ММI. Кожная анкета ўтрымлiвала 5 пытаньняў з варыянтамi адказаў. Вынiкi атрымалiся наступныя:

Пытаньне 1. Што б Вы наведалi ў першую чаргу?

31% абралi беларускiя (гэта значыць, як мiнiмум на беларускай мове) шоў i конкурсы; 22% — беларускую дыскатэку (зь беларускамоўным ды-джэем); 13% спадабалася спартовая сэкцыя; 9% наведалi б сэмiнары й лекцыi. Астатнiя 25% абралi «iншае», дзе перавагу мелi гiстарычныя мясьцiны, музэi, пiўбар i нават сход БНФ.

Пытаньне 2. Якому веравызнаньню Вы аддаеце перавагу?

Гэтае пытаньне высьветлiла даволi вялiкi працэнт абыякавых (22,56%) i перавагу праваслаўя (56,23%).

Астатнiя перакананьнi выглядаюць наступным чынам:

каталiцызм — 2,02%;

буддызм — 1,68%;

iслам i пратэстантызм — па 0.67%;

канфуцыянства — 0,34%.

Пытаньне 3. Што для Вас беларускае, беларушчына?

Вельмi актуальнае пытаньне, якое адлюстравала вельмi вялiкую (у параўнаньнi з астатнiм электаратам) прыхiльнасьць моладзi да беларушчыны. Разважайце самi:

нешта цiкавае, але малазначнае — 19,53%;

нiчога — 9,09%;

няма адказу — 8,75%;

важная галiна ведаў — 36,03%;

справа жыцьця — 26,6%.

Просты разьлiк паказвае на прыкладныя суадносiны: 62% «шчырых беларусаў» супраць 28% абыякавых.

Пытаньне 4. Як Вы ставiцеся да вяртаньня беларускiм гарадам спрадвечных назваў (Менск, Горадня i iнш.)?

Адказы на гэтае пытаньне, на нашую думку, простапрапарцыйна залежалi ад ступенi адукаванасьцi студэнтаў увогуле й веданьня гiсторыi ў прыватнасьцi. Бо, калi праводзiць паралель з папярэднiм пытаньнем, адразу заўважаецца вялiкi разрыў. I гэта натуральна, бо калi ўсе разумеюць, што такое беларускае, дык пра тое, што яшчэ зусiм нядаўна Мiнск быў Менскам — ведаюць ня ўсе...

А вынiкi атрымалiся наступныя:

станоўча — 30%;

адмоўна — 59%;

няма адказу — 11%.

Пытаньне 5. Каму, на Вашую думку, варта паставiць помнiк на пляцы Незалежнасьцi?

Адказы на гэтае пытаньне выявiлi даволi высокi ўзровень веданьня гiсторыi й культуры Беларусi. На жаль, пераважае тут усё яшчэ «савецкае» ўспрыманьня гiсторыi ды адсутнасьць «лiдэра», што мог бы скансалiдаваць нацыю.

Такiм чынам, у адказах на гэтае пытаньне было названа 27 асобаў. Вось як выглядае сьпiс самых уплывовых людзей у гiсторыi Беларусi:

1. Ф.Скарына — 17,51%;

2. К.Калiноўскi — 10,44%;

3. А.Лукашэнка — 5,72%;

4. Якуб Колас — 4,71%;

5. Янка Купала — 4,38%;

6. Еўфрасiньня Полацкая — 3,37%;

7. М.Багдановiч — 3,03%.

Амаль чвэрць лiчыць, што помнiкаў у нас ужо хопiць (нiкому —23,5%).

Акрамя таго, выказвалiся меркаваньнi, што варта ўшанаваць «беларускую жанчыну», адпаведны «народ» ды «Мiколку-цягнiка». А нейкi лiбэрал (?) з усёй сур’ёзнасьцю зазначыў, што «варта падумаць аб эканомiцы».

А незвычайная папулярнасьць нашага Прэзыдэнта, на наш погляд, тлумачыцца не маленькiм пачуцьцём гумару моладзi. Больш грунтоўны аналiз апытаньня мы пакiдаем на адмыслоўцаў ды нашых паважаных чытачоў. Зазначым толькi апошняе: пераканаўчая большасьць моладзi выбiрае НЕЗАЛЕЖНУЮ БЕЛАРУСКУЮ дзяржаву, i ўладам прыйдзецца з гэтым лiчыцца.

Старшыня Магiлёўскай гарадзкой арганiзацыi Маладога Фронту Андрусь Кавалёў, Магiлёў


Дзе тая Нарач...

Дзе тая Нарач, якая яшчэ дзясяткi два гадоў таму бiла вялiкай хваляй у маляўнiчыя берагi з лугамi й буйнымi соснамi. Возера было празрыстае, i рыбалову лёгка было бачыць рыбу, дзе кiдаць свае вуды, а травы былi такiя, што ня бачна, дзе якая скацiна пасецца. Граў ражок там-сям старога пастуха i хто наведваў гэтыя мясьцiны, захапляўся прыгажосьцю Нарачанскага краю. На кожным кроку сьпявалi крынiчкi жывыя й празрыстыя, але зараз ужо не пачуць iхнага шапаценьня, бо iх ужо няма, як няма зялёнага гаю па берагах, а таму й няма хваляў у брудным возеры, зацягнутым цiнай. Хворае возера! — кажа той, хто жыве тутака. Ужо не адзiн год мала хто рашаецца ўлезьцi ў возера, бо атрымае скурную хваробу, i часам можна бачыць, як той або iншы адпачывальнiк шкрабе сваю сьпiну.

Хутка зарасьце возера хмызьняком i чаротам, якiя адно й будуць нагадваць, што тутака было некалi празрыстае возера зь дзiвоснымi берагамi й жывымi крынiцамi, што давалi возеру магчымасьць плёскацца жывой хваляй. Не хвалюе мясцовае начальства будучыня тых, хто захоча адпачыць, едучы з гораду, хаваючыся ад шуму й брыдкага паветра. Былыя заўхозы нядрэнна тутака папрацавалi — пабудавалi прыгожыя, як палацы, катэджы й кватэры ў вялiкiх будынках, спаганiлi й зьнiшчылi возера. I не знайшоўся ў Менску чалавек, якi б паўстаў у абарону памiраючага, некалi прыгожага куточка сваёй радзiмы. Тут хворае ўсё: i лясы, i возера, i сама Беларусь. I таму я заклiкаю кожнага грамадзянiна сваёй бацькаўшчыны вартаваць тое, што належыць народу Рэспублiкi Беларусi. I забаранiць мясцоваму й менскаму начальству распараджацца на сваё меркаваньне багацьцем зямлi нашай. I гудуць на беразе не лясы, а машыны, бо йдзе сучасная тэхнiка па наша з вамi жыцьцё i ўсё асяродзьдзе.

Усiх iх у суд, хто пагубiў большую частку ўсяго, што тут буйнела вакол. Абурэньне чую з боку тых, хто бывае тутака на адпачынку — тутака ўжо нiчога няма добрага, каб адпачыць, адны толькi каменныя каробкi ды праславуты «кацер», што два гады таму з дазволу самога прэзыдэнта кiнулi ў чыстую ваду, адкуль забруджваецца i ўсё возера. I як на тое лiха, катае трактар «Беларусь» чарнобыльскiх дзяцей, што адпачываюць тут у двух вагончыках — i не абы як, а за грошы, дзеручы з чарнобыльцаў грошы. З трэскам iмчыць трактар ля мяне, i балюча сэрца ные — да чаго дажылiся. Прыйдзе час, i адкажуць усе тыя, хто зьнiшчыў Нарач i ўсё, што вякамi было й захоўвалася мясцовымi жыхарамi. Адказ будуць несьцi й тыя кiраўнiчыя органы, што даюць мясцовым уладам распараджацца прыродным багацьцем бацькаўшчыны.

Я дзiцячы пiсьменьнiк, жыву ўвесь час тутака й ведаю, якiм было возера раней i што зь iм зрабiлi мясцовыя кiраўнiкi апошнiм часам. Iдзе перабудова санаторыя «Нарач» — ужо зь дзясятак гадоў! I калi раней асьветленыя сонейкам два будынкi хавалiся ў вялiкiх соснах на беразе возера, дык зараз яны ператварылiся ў нейкi барак даўжынёй у тысячу мэтраў i ля яго ўжо не засталося месца для кветак i дрэваў, блакiтных ялiнаў зь iх духмяных пахам. I нiхто нi за што не адказвае, а трэба, каб гаспадарчую работу правярала вышэйшае начальства з гораду. Яны й былы заўхоз, а зараз старшыня пасялковага савету Нарачы ўсё й зьнiшчылi, i яны першымi павiнны даць адказ...

Аляксандар Паскробышаў, Нарач


 

ЖЫВАЯ МОВА

Штосьцi не чуваць беларускае мовы ў Менску. Здаецца, мусiць гучаць тут i ўдзень i ўначы, а не гучыць жа. Мова, што сталася сымбалем апазыцыйнасьцi да любое ўлады на працягу ўсяго дваццатага стагодзьдзя, у самым вальнадумным горадзе краiны не гучыць. Прычыну гэтага фэномэну ня варта спрабаваць вытлумачыць «расейскасьцю» Менску, тым, што тут мала беларусаў, бо вядомая рэч: да беларушчыны ў працэнтавым стасунку горнецца нашмат болей «пашпартных» расейцаў (украiнцаў, лiтоўцаў ды iнш.), чым беларусаў. Хай гэта нiкога не зьдзiўляе i не бянтэжыць. На жаль, карэнныя жыхары краю (i гэта рэч даўна ведамая) саромеюцца й пагарджаюць сваёй моваю ў супрацьвагу прадстаўнiкам iншых нацыяў, што жывуць у Беларусi, якiя актыўна асвойваюць мову тубыльцаў i размаўляюць на ёй. Але гэта толькi адзiн бок справы: нават тыя, хто валодаюць мовай, альбо ёй не карыстаюцца (цi карыстаюцца зрэдчасу зь нейкае нагоды) альбо ўжываюць толькi у беларускамоўных асяродках (як правiла, гэта так званы «трэцi сэктар», няўрадавыя арганiзацыi), што замыкае яе ў пэўных межах i не садзейнiчае пашырэньню навонкi. I толькi невялiкая частка людзей у гарадох карыстаецца беларускай мовай заўжды i толькi ёй. Колькi такiх людзей — сказаць немагчыма, але iх так няшмат, што яны ня здольныя паўплываць анi на моўнае аблiчча свайго гораду, анi Беларусi тым болей.

Сытуацыя ў правiнцыi — там беларуская мова жыве, але ў сапсаваным выглядзе. Дзе-нiдзе захавалiся выспачкi амаль некранутае чужаземнымi ўплывамi народнае гаворкi. Сьвежы прыклад: я быў прыемна зьдзiўлены, калi ў верасьнi сёлета на адкрыцьцi адноўленае мiцкевiчаўскае сядзiбы ў Завосьсi тутэйшыя сяляне зь Iвацэвiцкага й Баранавiцкага раёнаў размаўлялi па-беларуску так, быццам не было шматгадовае русiфiкацыi, а школкi зьнячэўку «па жаданьнi бацькоў» («па жаданьнi працоўных масаў») не пераводзiлiся на мову суседняе дзяржавы. Часам нават здавалася, што тыя мужыкi, бабкi ды шкаляры не «тутэйшыя», а нацыяналiсты зь Менску. У той жа час «нацыяналiсты» значнай сваёй часткай шпарылi па-расейску i тужылi па Радзiме, плакалiся адзiн адному пра сваё бядотнае жыцьцё, пра мову.

А мове не было каму паплакацца на тых, хто шануе яе толькi ў вузкiх тусоўках, а на вулiцы, у краме, у транспарце «забываецца» на родную. З таго маем паралелi: белмова = апазыцыя, белмова = БНФ, белмова = палiтыка. I беларуская мова са стратай функцыi мовы становiцца толькi зброяй у змаганьнi за валоданьне масамi. Мова перастала быць сродкам зносiнаў памiж людзьмi, яна амаль апусьцiлася да ўзроўню «прасталыткi», ёю карыстаюцца тады, калi гэта ня шкодзiць асабiстаму iмiджу, уласнай рэпутацыi, размаўляюць на ёй у «сваёй тусоўцы», баранi Божа, яе пачуе стары знаёмы цi нехта на працы: адразу на твары зьяўляецца чырвань... Узьнiкае пытаньне: навошта размаўляць па-беларуску, калi яшчэ з-за гэтага трэба перад некiм саромецца, цi не прасьцей не ствараць сабе праблемаў i кiнуць дурное?

Зайдзiце ў сядзiбу таго ж Народнага Фронту. Там «загрузяць» ня толькi ўлёткамi й зьвесткамi з гарачых франтоў змаганьня з дыктатурай, але нярэдка можна пачуць дакор (а то й кпiну) у бок некага, што той размаўляе па-беларуску. Тыя, хто так гавораць, лiчаць сябе апошнiмi з магiканаў, самымi правiльнымi i ахвярнымi — але часам ахвярнасьць гэтая вельмi хутка заканчваецца, альбо перарастае ў радыкалiзм, альбо прыцiхае, як бы яе й не было. Прасачыце дзеля цiкавасьцi за якiм-небудзь «нацыянальным героем», цi шмат такiх, хто, выйшаўшы зь беларускамоўнага асяродку, будзе й на вулiцы, i ва ўстанове, i зь мiнакамi (паўсюль i заўжды) размаўляць па-беларуску? Не, большасьць захоча застацца непрыкметнымi «змагарамi таемнага фронту», апраўдваючы гэта баязьлiвасьцю патрапiць у лапы КГБ, якое быццам так i марыць усiх пазьнiшчаць ды пазвозiць у Курапаты... Байкi гэта!

Сумна становiцца ад усьведамленьня таго, што расейшчынай ня грэбуюць нават людзi вядомыя, аўтарытэтныя, пiсьменьнiкi — як пасьля гэтага можна ганiць уладу й крычаць, што яна зьнiшчае мову? Так, улада расейская, потым савецкая, яшчэ й цяперашняя душыла й душыць усё беларускае, бо нiхто не супрацiўляецца, усе маўчаць, у выпадку чаго хаваюцца пад маскаю абывацеля, саромеюцца мовы. Ува ўсiм вiнаватыя перш за ўсё мы самi. Калi «сьвядомыя» не размаўляюць па-беларуску, чаму гэта мусяць рабiць астатнiя? Дзе прыклад? Мова перш за ўсё мае функцыянальнае значэньне (i беларуская, нягледзячы на свой спэцыфiчны стан, тут нiчым сярод iншых не вылучаецца), але ёй амаль нiхто нiдзе не карыстаецца. Як у такiм выпадку можна казаць пра «адраджэньне»: што адраджаць, з чаго адраджаць?

У Беларусi добрая маса насельнiцтва валодае беларускай мовай, i калi «сьвядомыя» загавораць на сваёй мове, iх падтрымае частка тых, хто вагаецца. За тымi прыйдуць iншыя, створыцца прэцэдэнт рэальнага йснаваньня мовы, як сродку зносiнаў памiж значнай (немалой/пэўнай) часткай насельнiцтва Беларусi. Толькi тады зь ёю пачнуць лiчыцца, паважаць i старацца ўжываць (нават чыноўнiкi). Мова будзе дапякаць ейным непрыяцелям, i толькi ўпартасьць, трываласьць i, абавязкова, нахабства забясьпечаць ёй жыцьцё. Усё гэта прыгожыя словы, iх ажыцьцявiць можа толькi воля кожнага чалавека паасобку. Трэба ж няшмат: прыйсьцi ў краму й папрасiць, да прыкладу, не «чашечку кофе», а «фiлiжанку кавы», хiба цяжка?

Хто-небудзь можа патлумачыць: навошта патрэбнае нам зараз ТБМ? Хай спачатку хаця б кожны дваццаты цi дзясяты загаворыць па-беларуску, тады йснаваньне ТБМ будзе апраўданае. Тады яно будзе здольнае згуртаваць вакол сябе носьбiтаў, а не аматараў роднага слова, будзе здольнае ўплываць i патрабаваць, баранiць беларушчыну. Чым зараз займаецца таварыства? Нiчым! Крычыць i плача, што мова «ўмiрае», просiць у прэзыдэнта «падтрымкi, разуменьня», спадзяецца на ласку «пана». Тое ж самае можна сьмела казаць i пра пiсьменьнiцкi саюз. Выйсьце адно: размаўляць паўсюль толькi па-беларуску. Няхай мова будзе казытаць нэрвы «славянам», «iнтэгратарам» ды «жэншчынам», але трэба змусiць усiх зь ёю лiчыцца. Няхай нехта крычыць пра «нацыяналiзм» — гэта мусiць выклiкаць толькi гонар за сябе, за тых, хто не адрокся ад свайго, ад беларускага. Лепей прывiд такога «нацыяналiзму» будзе бадзяцца па Беларусi, зазiраць у кожную хату й кватэру, чым тулiцца ў сядзiбе БНФ, цi яшчэ ў якой каморцы.

Напачатку 1999 году ў РБ мусiць адбыцца ўсеагульны перапiс насельнiцтва. Зараз разумныя дзядзькi прапануюць не называць сваёй роднай мовы, а адказаць на пытаньне: «Якой моваю зазвычай Вы штодзень карыстаецеся?» Гэта можа стацца найбольшым ударам па беларускай справе, калi загадзя вядомы адказ большасьцi: «Па-рускi». Менавiта гэтак, «па-рускi», а не «по-русски» (i не па-беларуску) размаўляе насельнiцтва РБ.

Не сакрэт, што расейская лiтаратурная вымова чутная хiба толькi ў цэнтры Менску. Па-за гэтым абшарам народ трымаецца правiла: «хто как хацiт, тот так i гаварыт». Паўсюдна ўсе дзекаюць ды цекаюць (кажуць ня дядя, хотеть, видишь, телевизор, а дзядзя, хацець, вiдзiш, целевiзар — прыклады адвольныя, можаце прывесьцi свае). Паслухайце аб’явы прыпынкаў у транспарце: «Сьледуюшчая астаноўка «Плошчадзь пабеды». Часам даводзiцца чуць, быццам гэткiя моўныя ляпсусы —сапсаваная расейская мова. Вiнцук Вячорка схiльны лiчыць гэта «тралейбусна-мiкрараённым кайнэ» — з гэтым цяжка не згадзiцца. Кожная мова вылучаецца ня толькi лексыкай, але й гукамi, вымовай. Ангельца пазнаем не па тым, на якой мове ён гутарыць, а па iнтанацыi й па спэцыфiчным, уласьцiвым толькi гэтай мове вымаўленьнi. Знаёмыя прызнаюцца, што па прыезьдзе ў Маскву iхнае беларускае паходжаньне адразу пазнаюць па акцэнце.

Цяжка патлумачыць абывацелю, што ён размаўляе не па-расейску, як бы нi намагаўся. Навукоўцы даказалi, што асаблiвасьцi вымаўленьня абумоўленыя генэтычна й антрапалягiчна на самым першым этапе фармаваньня кожнае нацыi. Таму тое, як беларус будзе размаўляць, закладваецца з малаком мацi (негарадзкiя жыхары будуць якаць у першым складзе перад нацiскам, казаць «сьнег», «зьем», «цьвiце», «дзяўбе», i нязьменна дзекаць ды цекаць). Вось чаму Лукашэнка, як бы нi хацеў дасканала авалодаць «великим и могучим», ня здолее гэтага зрабiць нiколi — i тут таварышу прэзыдэнту застаецца толькi паспачуваць, бо нiхто яму не дапаможа — лёс такi. Не пашэнцiла нарадзiцца «русским»...

Такiм чынам, наш люд у бальшынi размаўляе цi на зрусiфiкаванай беларускай мове, цi на «тралейбусна-мiкрараённым кайнэ», ну толькi не па-расейску! У 1999 годзе прэзыдэнцкiя вестуны на ўсю Беларусь загалосяць, што белмова адмерла, народ ад яе адмовiўся. «Воляю народа» можна будзе яе пазбавiць i сымбалiчнага статусу «другой дзяржаўнай» i абвесьцiць наагул па-за рамкамi закону — гэта ў нас можна праз чарговы рэфэрэндум «прагнаць». Толькi пры ўмове, калi сёньня патэнцыйныя носьбiты мовы яе ўвядуць у штодзённы ўжытак, беларушчына будзе здольная гвалту супрацьпаставiць не пустыя словы, а саму сябе — ня ўяўную, але насамрэч жывую.

Вiктар Мухiн


 

У нашым храме то склад, то стайня, то бар...

 

Шаноўная Рэдакцыя!

Пiшуць вам католiкi з Рэчыцы. I зьвярнуцца па вашу дапамогу нас змушае тая сытуацыя, якая склалася вакол нашага касьцёлу. Пабудаваны ён быў зь вялiкiмi цяжкасьцямi ў 1903 годзе нашымi бацькамi ды дзядамi. Некаторыя з нас яшчэ памятаюць, як ён дзейнiчаў, хрысьцiлiся ў iм, вянчалiся; а калi памiралi родныя i блiзкiя, дык малiлiся за жыцьцё вечнае для iх у гэтым касьцёле. Але ў 1932 годзе яго ў нас забралi. Што толькi нi рабiлi з нашым касьцёлам: быў тут i склад, i электрастанцыя, падчас вайны немцы зрабiлi стайню. Зараз там рэстаран, дзе прадаюць таксама i гарэлку. Зьдзеквалiся з нас i ў 1932, i ў 1942, i зараз зьдзекуюцца. Ня раз i ня два, на працягу астатнiх гадоў, зьвярталiся мы ў розныя iнстанцыi з просьбаю аб дапамозе. У 1993 годзе гарадзкая сэсiя дэпутатаў вырашыла вярнуць нам нашу сьвятыню, але камусьцi ў Рэчыцы ня хочацца гэтага рабiць i памiма пастановы сэсii дэпутатаў храм нам не вярнулi. 03.04.98 сэсiя гарадзкiх дэпутатаў iзноў выдае пастанову, каб гарсавет зрабiў дамову з нашай абшчынаю аб перадачы яго нам. Але мiма намаганьняў з нашага боку гэтая дамова да сёньняшняга дня не падпiсаная. Усё штосьцi замiнае. А ўжо восень на двары.

Зьвярталiся i зьвяртаемся па дапамогу да старшынi гарсавету, старшынi абласнога савету. Але хiба нашыя пiсьмы не даходзяць да каго трэба, дзесьцi гiнуць. Пiсалi таксама да прэзыдэнта, i, кажуць, быццам прэзыдэнт даў загад аддаць, але яго не паслухалi.

Таго зьвяртаемся да вас — дапамажыце нам!

Сярод нас ёсьць людзi старыя, якiя багата чаго перажылi на сваiм вяку: вайну, тое, што было перад вайною i што было па вайне, перажылi холад i голад, страх за жыцьцё блiзкiх людзей i iх сьмерць, перажылi зьнявагу годнасьцi людзей. I хто б мог падумаць, што на старасьцi зноў давядзецца цярпець зьдзек!

Просiм, надрукуйце наш лiст, можа яго прачытаюць людзi, ад якiх залежыць перадача сьвятынi.

З шанцункам, каталiкi Рэчыцы:

Каўнацкая Ядвiга,
Зямброўскi А.,
Карнiцкая Марыя,
Закрэўская Марыя,
Сушэвiч Iван
i яшчэ 10 подпiсаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0