МIКРАРАЁН

 

Колькi разоў мы абмяркоўвалi ў «НН» менскiя краявiды i заўсёды рабiлi выснову пра нетрываласьць, а то й няўтульнасьць пэйзажу. Менск увесь час знаходзiцца ў стадыi дараблiваньня, пераробкi й разбурэньня. Нiшто не затрымлiваецца, нiякая сытуацыя, у якой мог бы з гадамi высьпелiцца дух гораду.

Зусiм нядаўна мне пашчасьцiла патрапiць у такi менскi краявiд, дзе было й трывала i ўтульна. У хрушчоўцы на маленькай вулiцы Фролiкава, якая перасякае шырокую Ўральскую, недзе пад Трактарным мне падалося, што жыцьцёвы цыкль тут замыкнуўся.

Даўно абжытая кватэрка, у якой цьвiка не ўваб’еш, бо любая зьмена будзе лiшняй i марнай, яркiя гронкi арабiны ў вакне, старыя дрэвы памiж паралельна пастаўленымi пяцiпавярховiкамi, неверагодны спакой. Я стаяў пасярод гэтае цiшынi й думаў пра тое, ШТО ў такой сытуацыi добра было б рабiць? Добра было б хварэць, лежачы ў ложку, добра было б памерцi, а калi жыць, то адзiнае, што тут добра — пiць. Ня з гора цi радасьцi, а ад паўнаты жыцьця. Напрыклад, чытаць тут кнiгу або зьбiрацца адсюль ў вандроўку падаецца недарэчным, залiшнiм. Нават уключаны тэлевiзар перапоўнiў бы начыненьне цераз край.

Потым ужо я зразумеў, што начыньне для гэтай самай паўнаты жыцьця бывае рознае. Гэта можа быць агромнiсты горад, а можа — вось такая хрушчоўская кватэрка з арабiнаю ў вакне. Малюсенькае начыньне, у якiм ужо няма месца нiякiм парываньням, прычым незалежна ад таго, хто ты такi i кiм сябе ўяўляеш. Таму жывыя ў такiх мiкрараёнах як правiла п’юць. Толькi п’юць.

У Вiльнi таксама адчуваеш спакой i ўтулак, i паўнату жыцьця. Але тут цэлы стары горад. У Менску, варта пакiнуць тую фролiкаўскую кватэрку, як трапляеш у няцэлыя начыньнi — альбо ў сталiнскi цэнтар, дзе сёньня iдзе iнтэнсiўная зьмена насельнiкаў, або ў малiнаўкi зь вясьнянкамi, дзе гiганцкiя каменныя джунглi нiяк не пакiдаюць адчуваньня ўтулку. I толькi ў першых хрушчоўскiх пяцiпавярховых мiкрараёнах жыцьцезварот здаецца завершаным. Цi то на Розачцы, цi на Бульвары, цi ў раёне кiно «Партызан».

Напэўна, першым, хто апеў мiкрараён у сучаснай беларускай лiтаратуры быў Адам Глёбус. Прычым апеў лiтаральна, санэтам. Вось фрагмэнт:

Мне падабаецца: мiкрараён —

Жалезны дух у канструктыўным целе,

Дзiцячы пляц i школьны стадыён...

Мне падабаюцца шурпатыя панэлi.

 

Адаму Глёбусу падабаецца завершаная жыцьцёвая сытуацыя. Хрушчоўскiя мiкрараёны сёньня — гэта самы цэльны Менск, а iхны дух у неглыбокiм начыньнi — гэта й ёсьць дух Менску, не прыдуманы, а адзiны, якi стварыўся або захаваўся.

Мне даводзiлася сутыкацца з носьбiтамi менскага даваеннага духу. Той дух успрымаўся як нешта антыкварнае i пры гэтым незваротна страчанае, тое, чаго вельмi шкада, бо яно сваё, яно ўнiкальнае i больш не адновiцца нiколi. Пасьля я быў сьведкам сфармаванага савецкага духу гораду, дзе стваральнымi элемэнтамi выступалi сталiнскi ампiр, стадыён «Дынама», квас у бочках i простая радасьць на тварах. Гэты дух загiнуў на пачатку 80-х, бо жывiўся ён у фасадах, а фасады ў Менску падлягаюць пэрманэнтнаму перастварэньню. I вось адзiны дух, якi выжыў — гэта дух хрушчоўскiх мiкрараёнаў, схаваных ў нэтрах гораду, дзе можна са спакойнай душой пiць гарэлку i нiякае сумленьне ў табе не зварухнецца, бо на тое там папросту не прадугледжана месца.

Сёньня, нават калi мiкрараёны сапраўды зьнiкнуць зь беларускiх гарадоў, iх яшчэ абавязкова будуць згадваць не адзiн раз i ў раманах, i ў санэтах. Бо некалькi пакаленьняў прайшлi празь iх i завершылi ў iх свой жыцьцёвы цыкль.

Сяргей Паўлоўскi


 

Усьлед за пiсьменьнiкам-утапiстам Кампанэла, аўтарам кнiгi «Горад Сонца», iдэальныя гарады пачалi прыдумляць i дойлiды. Казачныя паселiшчы мусiлi быць прыгожымi, чыстымi i ўтульнымi. Але то войны, то хваробы, то брак сродкаў замiналi ажыцьцявiць гэтыя праекты. Нарэшце такая магчымасьць зьявiлася ў Беларусi, куды на запрашэньне Радзiвiла Сiроткi прыехалi тыя самыя летуценьнiкi-дойлiды й пабудавалi новы Нясьвiж. Першы горадабудаўнiчы комплекс, узьведзены паводле адзiнага праекту, якi спалучаў у сабе вытворчыя, адмiнiстратыўныя й жыльлёвыя функцыi, альбо, як кажуць сёньня, мiкрараён, зьявiўся ў нас яшчэ ў 1583 годзе. Беларусь стала радзiмаю мiкрараёнаў.

***

Калi малым я шчагаляў у дзiцячай будзёнаўцы па адным зь першых савецкiх мiкрараёнаў Менску — Арлоўскiм, дзе нарадзiўся й правёў першыя свае гады, дык пра наяўнасьць нейкага iншага Менску й не здагадваўся...

Мой дзiцячы сьвет быў абмежаваны тэрыторыяй, прылеглай да вулiцы Гая, якая адным канцом упiралася ў кацельню, другiм —у кальцавую дарогу, за гастраномам пачыналiся паплавы на месцы недасушаных тарфяных балотаў, за iмi быў бярэзьнiк, якi здаваўся тады эталёнам хараства й выклiкаў малаакрэсьленыя жаданьнi. Тры-чатыры месяцы тут усё зелянела зь пераменным посьпехам, але большую частку году вецер насiў тафяны пыл з таго самага балота i куродым з той самай кацельнi. Доўгi час жыхары мiкрараёну з энтузiязмам спрабавалi тут нешта прыхарошыць, саджалi дрэвы й кветкi, дзякуючы чаму вакол дамоў забуялi палiсаднiкi. Рыхтык як у вёсцы, адкуль i папрыяжджалi жыхары. Падабенства зь вёскаю дадавалi лавачкi пад вокнамi, на якiх, не раўнуючы як на прызбах, сядзелi кабеты, пiльна ўглядаючыся ў кожнага мiнака.

Недзе далёка-далёка iснаваў велiзарны прыгожы палац, насупраць якога былi самыя прыгожыя ў сьвеце вежы — Вакзал, зь якога разьлягалiся шляхi ў сьвет, у маiм дзiцячым выпадку — у вёску. Гэтак, цi прыблiзна гэтак, працякала жыцьцё маiх раўналеткаў зь мiкрараёнаў... Тут быў дзiцячы сад, школа, дзiцячыя пляцоўка. Для дарослых была крама й тралейбусны прыпынак, на якiм яны прападалi ўраньнi i ўзьнiкалi надвячоркам.

Калi на раёне былi монстры iндустрыi — Тактарны, Камвольны альбо «Электронiка», дык лёс большасьцi мiкрараённых менчукоў ставаўся перадвызначаным: гэтак званыя «працоўныя дынастыi» паглыналi ўсё новыя пакаленьнi. З малаком мацi й смогам тут усмоктвалiся каштоўнасьцi iндустрыялiзацыi. Каля заводаў нараджалiся, вучылiся, сьпiвалiся... Складаўся дзiўны горад: людзi, народжаныя на адной ягонай ўскраiне, добра ведалi толькi суседнюю ўскраiну i гадамi ня мелi патрэбы перасякаць Цэнтар. Усе iх цiкавасьцi ў Менску абмяжоўвалiся ГУМам i Вакзалам. Гэтак мiкрараёны ператваралiся ў цалкам самадастатковыя арганiзмы, дзе адбываўся штодня замкнёны цыкль людзкога жыцьця. Толькi пахаваньнi адбывалiся недзе бясконца далёка адсюль. Тут не было нi бажнiцаў, нi могiлак, а таму нiшто не нагадвала пра канечнасьць жыцьця. Заставалася толькi канечнасць жыцейскiх цыкляў.

Сёньня там, дзе ў Арлоўскiм мiкрараёне быў тарфянiк, даўно шумiць парк зь дзiўнаю назваю Бангалор. Там, дзе некалi зелянеў таямнiчы гаёк — яшчэ адзiн мiкрараён. Спусьцеў дзiцячы сад. Цяпер у iм нечы офiс. Новая царкоўка ўвабралася ў бель i золата. Састарэлыя жыхары мiкрараёну ходзяць сюды на сьвяты... На сьвяты да iх прыяжджаюць дзецi...

***

Клясычны беларускi мiкрараён сёньня — рэлiкт. Ускраiны гарадоў усё больш самi нагадваюць гарады. Вантробы мэтро зьнiтавалi Менск у адзiны арганiзм. Вырасьлi дрэвы, пакрысе захiнуўшы бэтонныя швы дамоў. Да непазнавальнасьцi перабудоўваюць «хрушчоўкi», былыя канторы й крамы. Пакуль яшчэ недарэчна зазiхцелi люстранымi шкельцамi навабуды. Камунiстычныя транспаранты з простымi лёзунгамi зьмянiлiся капiталiстычнымi, зь iншымi, але па-ранейшаму простымi лёзунгамi. Тут расьце сабор, за iм, праз вулiцу — малельны дом з шырокiм паркiнгам для новых машын новых прыхаджанаў... Ужо не чуваць заводзкiх гудкоў i зрэдку яшчэ дымiць якi комiн. Радзiма бяз жалю разьвiтваецца са сваiм дзiцём — мiкрараёнам, якi апявалi, якi ганiлi, якi неўзабаве будзе цяжка згадаць... Шкада толькi няма ўжо больш таго Вакзалу, куды я ў дзяцiнстве заўсёды ехаў як на сьвята.

Сяргей Харэўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0