ГАРЭЛА ЗЯМЛЯ

Сялянскi антыкамунiстычны супрацiў 20-х гадоў ва Ўсходняй Беларусi

 

Прызнацца, я досыць паступова пазбаўляў ся ад дзiцячых ружовых ўражаньняў, створаных савецкiмi кiнафiльмамi, пра ўсталяваньне савецкай улады, да прыкладу, у Сярэдняй Азii. Я не разумеў у дзяцiнстве, чаму гэтыя «чуркi» не ўспрымаюць «рускага, добрага дзядзьку», якi любiць дзетак, з павагаю ставiцца да жанчын i старэйшых, цягне «азiятаў» да чыстай i сьветлай будучынi. Яны ж, у адказ, не падпарадкоўваюцца, страляюць, забiваюць i г.д. Гартаючы ў беларускiх архiвах пажоўклыя аркушы паперы з апэратыўнымi зводкамi ГПУ, я адчуў драму народу. Колькi ж можна зьняць фiльмаў i напiсаць мастацкiх кнiг паводле гэтых дакумэнтаў. «Край, якi ваюе» альбо «Унутраны фронт» — гэта беларускiя землi 20-х гадоў. На той час жорсткае змаганьне не зацiхала нi на хвiлiну.

«Наша Нiва» двойчы зьмяшчала на сваiх старонках падрыхтаваныя мною матэрыялы пра супрацiў 20-30-х гадоў («Невядомы дакумэнт з гiсторыi Прапойскага паўстаньня» i «Магiлёўшчына антысавецкая»). Сёлета мне пашчасьцiла папрацаваць з дакумэнтамi ў дзяржаўных архiвах Гомеля i Вiцебска.

Гэты матэрыял грунтуецца на вытрымках з дакумэнтаў Дзяржаўнага Архiву Грамадзкiх Аб’яднаньняў Гомельскай вобласьцi (ДАГАГВ) i Дзяржаўнага Архiву Вiцебскай вобласьцi (ДАВВ). Пераважна гэта апэратыўныя зводкi мясцовых органаў ГПУ. Амаль усе дакумэнты мелi адзнаку «сакрэтна» альбо «зусiм сакрэтна», большасьць —нумараваныя асобнiкi («экз. №___»), што азначае iснаваньне вельмi абмежаванай колькасьцi копiяў. Дакумэнты сьцiслыя й дакладныя паводле зьместу. Дарэчы, цiкавая акалiчнасьць. У абагуленых данясеньнях партыйных органаў у вышэйшыя ўстановы прыводзяцца шматлiкiя факты «зьверстваў» бандытаў (так камунiстычная ўлада называла беларускiх змагароў). Але ў зводках ГПУ зьвестак пра адсечаныя рукi, ногi, галовы я не знаходзiў.

Напачатку 20-х гадоў усходняя частка спрадвечна беларускiх земляў знаходзiлася ў складзе Расеi. Бальшыня Магiлёўшчыны належала да Гомельскай губэрнi; Себескi, Невельскi, Вялiскi i Сураскi паветы — да Вiцебскай губэрнi. Абедзьве губэрнi былi адмiнiстрацыйнымi адзiнкамi РСФСР. Мясцовае насельнiцтва ў гэты час зьведала як эканамiчны прыгнёт («харчразьвёрстку»), так i нацыянальны. Беларускiя сяляне мусiлi баранiцца. Камунiстычныя ўлады, аналiзуючы ў чэрвенi 1922 году «бандытызм», сьцьвярджалi, што ён «не есть пришлый и чуждый местному крестьянскому населению... бандиты исключительно крестьяне...» (ДАВВ. Ф.56, в.6, спр.54, арк.166).

Ня маючы магчымасьцi для цытаваньня ўсiх дакумэнтаў, зробiм агляд найбольш тыповых i красамоўных.

Iнфармацыя з сакрэтных «Iнфармацыйных зводак Гомельскай губэрнскай надзвычайнай камiсii (ЧК)». Зводкi складалiся за два тыднi. Вось што ў iх, пад грыфам «зусiм сакрэтна», паведамлялася (тут i далей пераклад мой — I.П.):

 

«... 1-15.ХII.20 г... §7. Быў адзiн выпадак паўстаньня ў Чэрыкаўскiм павеце... У мястэчку Крычаў 3000 асобаў з прычыны разьвёрсткi распачалi хваляваньнi. Бiлi ў званы, але прыбыўшы нарад у колькасьцi 20 чалавек хваляваньне лiквiдаваў i пачынальнiкi яго расстраляныя...

§12. Бандытызм за апошнiя два тыднi зноўку распачаў сябе актыўна праяўляць... У в. Бакулавiчы (Старынская воласьць Чэрыкаўскага павету) бандыты прыйшлi ў памяшканьне сельсавету, забралi ляснога iнструктара Пячкоўскага, завялi яго ў лес i забiлi... З Клiмавiцкага павету паведамляюць, што бандыты ў колькасьцi 104 чалавек, добра ўзброеныя, увесь час робяць напады... Сяляне сустракаюць iх з радасьцю, як збавiцеляў ад прыгнёту Савецкай улады i камунiстаў. З Горацкага павету паведамляюць, што бандыты сьмелыя настолькi, што iх сьмеласьць даходзiць да нахабства. Напрыклад, бандыты робяць напады ў мясцовасьцi, абкружанай з усiх бакоў пяхотай, якая ўзмоцненая атрадам кавалерыi. Яшчэ з выпадкаў бандытызму цiкава адзначыць банду, якая дзейнiчае ў Горацкiм павеце i называе сябе «балахоўскiм атрадам»...» (ДАГАГВ. Ф.1, в.2, спр.609, арк.11-11 адв.).

«... 1-15.01.1921 г... §12... У Чэрыкаўскiм павеце адбылося сутыкненьне бандытаў з атрадам пад камандаваньнем упаўнаважанага 16-й армii агента па барацьбе з бандытызмам. Бандытамi былi абяззброеныя камандзiр i некалькi чырвонаармейцаў. Камандзiра Нядведскага i двух чырвонаармейцаў т.Блюмiса i Трубкiна завялi ў лес, дзе пасьля допыту Блюмiса i Трубкiна расстралялi, а Нядведскага вызвалiлi. У Чэрыкаўскiм павеце на тракце Чэрыкаў — Прапойск былi параненыя бандытамi камбрыг 49 ВНУС Лебядзеў i брыгадны ўрач Берлiн. Былi яшчэ заўважаныя бандыты ў колькасьцi 48 чалавек, якiя пайшлi ў Быхаўскi павет, мiж iх знаходзяцца 2 бандыты, якiх шукаюць каля палутара гадоў: Сьцяпан Зязюлiн i Рыгор Нiкiцiн...» (ДАГАГВ. Ф.1, в.2, спр.609, арк.21 адв.).

Найбольш цiкавыя ў зводках менавiта §7 i §12. У сёмым асьвятлялiся выпадкi паўстаньняў, у дванаццатым «бандытызму».

На тэрыторыi Вiцебскай губэрнi дзейнiчалi шматлiкiя партызанскiя атрады змагароў супраць савецкай улады. Барыс Савiнкаў, абапiраючыся на свае структуры, iмкнуўся таксама выкарыстаць i iх — каб у жнiўнi 1921 году, у вынiку арганiзаванага выступленьня, захапiць Полацак, Вiцебск, Смаленск, Воршу. Аднак гэтыя пляны сталi вядомыя савецкаму вайсковаму й палiтычнаму кiраўнiцтву. На Вiцебшчыну перакiдвалiся войскi з Тамбоўшчыны i з ССРБ. У вынiку ўзброенае выступленьне было сарвана i адбывалiся толькi асобныя акцыi. Напрыклад: у сакавiку 1921 году на тэрыторыi Вiцебскага павету дзейнiчаў паўстанцкi атрад Барэйкi, у чэрвенi таго ж году па Невельскiм павеце «прайшоўся» атрад змагароў у колькасьцi 30 чалавек, забiваючы актывiстаў, членаў сельсаветаў i камунiстаў (ДАВВ. Ф.10050, в.1, спр.219, арк.210, 284). Такiх прыкладаў шмат. Супраць паўстанцаў дзейнiчалi вельмi жорстка. Вось як тлумачыў прычыны «бандытызму» адзiн з павятовых камунiстычных кiраўнiкоў, дасылаючы сакрэтны лiст у Вiцебскi губвыканкам (3.02.1922): «... пасьля падаўленьня паўстаньня 1919 году паводле асабiстых матываў расстрэльвалi нi ў чым не вiнаватых людзей, рэквiзоўвалi i канфiскоўвалi iх маёмасьць... [у 1921 годзе —I.П.] атрады Захфронту на чале з Валенценковым... паводзiлi сябе тут як захопнiкi i на кожным кроку iгнаравалi i зьдзеквалiся над мясцовай уладай... Iх атрады [чырвонаармейцаў — I.П.] у вёсках выкарыстоўвалi лупцоўкi i экзэкуцыi... тэрор стаў улюбёным сродкам бандытаў для iх самаабароны...» (ДАВВ. Ф.10050, в.1, спр.396, арк.47).

Асобныя факты жорсткiх катаваньняў сялян выклiкалi жах нават у самiх камунiстычных кiраўнiкоў. Каб неяк захаваць маску «справядлiвасьцi», спрабавалi наладзiць суды над занадта зацятымi. Аднак, заўжды знаходзiлiся абаронцы тых. Напрыклад:

 

«Сакрэтна.

Сакратару губкаму РКП(б) т.Сьпяранскаму

копiя сакратару губ. кантррэв. кам. т.Тумарынсону.

На 23 гэтага лютага прызначана да слуханьня ў Вiцгубрэўтрыбунале справа па абвiнавачаньню былога супрацоўнiка Вiцгубчэка Пятра Карпава ў незаконных дзеяньнях (расстрэлах, канфiскацыях) у часе барацьбы з бандытызмам у Сураскiм павеце Вiцебскай губэрнi ў 1920-21 гг.

Не спыняючыся на пытаньнi пра вiноўнасьць цi невiноўнасьць Карпава, я аднак лiчу доўгам чалавека, якi адказвае, нароўнi з усёй нашай Партыяй у цэлым, за ўчыненае намi за час вострай грамадзянскай вайны, зьвярнуць Вашую ўвагу на тую акалiчнасьць, што суд над Карпавым, на маю думку, будзе мець значэньне зусiм ня проста суда на крымiнальным злачынцам, а суд гэты будзе мець значнае палiтычнае значэньне: калi добра разабрацца ў гэтым пытаньнi, дык верагодна прыйдзецца асуджаць ня столькi Карпава, колькi ўвогуле нашую лiнiю паводзiнаў у пытаньнi пра чырвоны тэрор.

Непiсьменны Карпаў быў членам нашай Партыi i на прадпiсаньнi Чэка i Трыбуналу ён амаль вымушаны быў прыводзiць у выкананьне сьмяротныя прысуды на працягу больш чым году. Цяпер «Рэвалюцыйная законнасьць», на вачах узрадаванай дробнабуржуазнай стыхii i схаванай контррэвалюцыi, будзе судзiць утаймоўшчыка найзьлейшых нашых ворагаў.

Цi маем мы на гэта маральнае права? Цi на нашу гэта карысьць? Цi мэтазгодна? Цi не пад уплывам наступу ўнутранай рэакцыi?

Рэкамэндую разабрацца ў закранутым мною пытаньнi.

8.02.1922 г. Член РКП (б) С.Дубаў» (ДАВВ. Ф.10050, в.1, спр.396, арк.31).

У адказ сялянскi супрацiў толькi ўзмацняўся. Надыйшоў 1922 год. У чэрвенi на тэрыторыi Невельскага павету дзейнiчаў атрад паўстанцаў, якi налiчваў больш за 40 чалавек з абозам «на 25 подводах». 15.06.1922 атрад з 11 змагароў на чале з Чыстабаявым у Вiцебскiм павеце захапiў валвыканкам, застрэлiў старшыню i паранiў сакратара ячэйкi. У чэрвенi 1922 году змагалiся з бальшавiкамi атрады ў Гарадоцкiм, Невельскiм, Лепельскiм (30 чалавек), Себескiм (20 чалавек на чале зь Сергушэнкам) паветах. У лiпенi атрад з 16 чалавек абяззброiў усiх камунiстаў камуны «Зара» Гарадоцкага павету, у Вiцебскiм павеце зьявiўся яшчэ адзiн атрад паўстанцаў (прыкладна 20 чал.) (ДАВВ. Ф.56, в.6, спр.75, арк.3-4, 20, 29).

На зьнiшчэньне атрадаў камунiстычная ўлада высылала вайсковыя часткi, спэцыяльныя атрады ГПУ. У жнiўнi 1922 году яны вялi баi ў Сураскiм павеце з атрадамi Волкава (Зьмiцера Зайчонка), Быстрова (Кiрылы Якушэнкi); у Лёзьненскiм павеце — з атрадамi Каруннага i «Фэльдфэбэля», Грачова (20 чал.), Громава. У Вялiскiм — з атрадамi Асташэнкi i Грамабоя (Антон Разгуляеў — забiты 4 жнiўня); у Аршанскiм — з атрадамi Адамовiча i невядомага камандзiра каля Горак. У Гарадоцкiм павеце дзейнiчаў атрад Роганава (10-15 чал.); у Невельскiм — атрад «Вераб’я», якi карыстаўся моцнай падтрымкай мясцовага насельнiцтва; там жа вёў узброеную барацьбу атрад «Дубка». Апэратыўныя зводкi ГПУ за верасень-кастрычнiк не пасьпявалi пералiчваць акцыi атраду «Вераб’я» ў Невельскiм павеце: абяззбройваньне мiлiцыянтаў, застрэленыя камунiсты i члены сельсаветаў, баi з чырвонаармейцамi i г.д. У верасьнi частка атраду Быстрова добраахвотна склала зброю. Сам камандзiр напачатку вырашыў сысьцi за мяжу. Органы ГПУ перахапiлi яго запiску: «Я ўдаляюся, мяне больш ня ўбачыце. Не жадаю, каб хто-небуць маёй кроўю купiў сабе свабоду». Аднак у яго гэта не атрымалася. 21 верасьня i ён здаўся камунiстычным уладам.

У Лёзьненскiм павеце працягваў змаганьне атрад Каруннага, у Вялiскiм — «Зацерана» i Волкава. Але змагары несьлi страты.

24 верасьня 1922 году Вiцебскi губэрнскi камiтэт па змаганьню з бандытызмам падсумаваў вынiкi сваiх дзеяньняў i «канстатаваў лiквiдацыю бандытызму ў губэрнi». Падкрэсьлiў, што забiтыя ўсе «главари, кроме Волкова». Аднак насуперак «пастановам» у кастрычнiку па Вiцебшчыне зрабiлi рэйд атрад на чале з Пушкiным i атрад «Прафэсара»; у Лёзьненскiм павеце яшчэ ня быў разгромлены атрад Каруннага (5.10.1922 у баi быў забiты Карунны). У лiстападзе ў Вялiскiм павеце атрад чырвонаармейцаў i роту 19 палка ГПУ атакавалi два атрады змагароў (50 i 30 чалавек), усе на конях, добра ўзброеныя, мелi тры кулямёты. Карыстаючыся цемрай, яны адышлi ў лес i не панесьлi нiякiх стратаў. Чырвонаармейцы i ГПУшнiкi, сабраўшы забiтых i параненых, не рызыкнулi перасьледаваць паўстанцаў i вярнулiся ў Вялiж. (Усе зьвесткi па 1922 годзе паводле: ДАВВ. Ф.10050, в.1, спр.484, арк.1-127).

Карныя мэтады бальшавiцкiх уладаў далi пэўны вынiк. Найбольш актыўныя змагары за волю часткова загiнулi, астатнiя вымушаныя былi часова падпарадкоўвацца. Камунiсты сьвяткавалi перамогу. А якое сьвята без гарэлкi! Таму i «пасыпалiся» лiсты па вынiках абсьледаваньняў мясцовых арганiзацыяў РКП(б). Вось найбольш тыповы:

 

«Сакрэтна

Сакратару Невельскага Укаму

№443/с ад 31.VIII.1923 г.

У часе абсьледаваньня iнструктарам Губкаму Невельскай арганiзацыi i асабiстага аб’езду i атрыманых iм зьвестак былi выяўленыя некаторыя адмоўныя зьявы, што назiраюцца ў валасных партарганiзацыях, а менавiта:

1. Валадарскi Валкам — назiраецца п’янства i сваркi памiж членамi партыi.

2. Маеўскi Валкам — частыя выкананьнi рэлiгiйных абрадаў i п’янства членаў РКП.

3. Усьць-Далыскi Валкам — сваркi i спрэчкi памiж валвыканкамам i сакрат. Валкаму, у лясьнiцтве назiраецца хабарнiцтва, члены РКП п’янствуюць i выконваюць рэлiгiйныя абрады.

4. Нова-Хаванскi Валкам — назiраецца сварка i п’янства членаў РКП.

5. Ленiнскi Валкам — п’янства i спрэчкi сярод членаў РКП...» (ДАВВ. Ф.10050, в.1, спр.424, арк.20).

Каб пiць гарэлку, трэба было мець грошы. Пра гэта клапацiлiся вышэйшыя органы:

 

«Строга сакрэтна

Вiцебскi губэрнскi камiтэт РКП(б)

№40/с/ц. Вiцебск. 23.Х.1923 г.

Сакратарам. Усiм УКОМАМ РКП(б)

Прысланыя крэдыты ЦК РКП зусiм недастатковыя для аплаты працы супрацоўнiкаў парткамаў. Мiзэрныя стаўкi, ясна, што далёка не задавальняюць каго б там нi было, але зь iншага боку, недапушчальна падвышаць аплату працы за кошт арганiзацыйных расходаў i агiтацыi i прапаганды.

Таму прапануем iншую меру для падвышэньня зарплаты, аж да зацьвярджэньня новага каштарысу нашага ў ЦК.

А менавiта: пастарайцеся рассоваць (тут i далей падкрэсьлена мною. — I.П.) сваiх супрацоўнiкаў па ўстановах якiх бы то нi было i ў якасьцi каго б там нi было. Затым, належнае жалаваньне гэтым прымацаваным (а не працуючым. — I.П.) атрымлiвайце ад установаў у сваю касу, але не дапускаючы пэрсанальнай палучкi (акрамя сакратароў Укомаў, якiя сябе прымацоўваюць на правах тых цi iншых членаў ва ўстановах). Атрыманыя сумы ад прымацаваньня ўжо потым дзялiце прапарцыйна з стаўкамi, чым павялiчыце ўтрыманьне супрацоўнiкаў.

Мера такая да пэўнай ступенi ўдалася ў г. Вiцебску.

Неабходна правесьцi яе i на месцах сакрэтна.

З камунiстычным прывiтаньнем

Заг. аргаддзела Губкаму РКП(б) Трунтаеў. Пячатка.» (ДАВВ. Ф.10050, в.1, спр.424, а.24).

Вось такое аблiчча новай улады — п’янiцы i дробныя махляры. Усё гэта разам з эканамiчным i нацыянальным уцiскам штурхала беларусаў на ўзброеную барацьбу.

Дарэчы, Гомельскiя ўлады, каб нечым апраўдацца перад кiраўнiчымi органамi РСФСР за актыўны ўзброены супрацiў насельнiцтва, тлумачылi яго ў траўнi 1923 тым, што: «... свайго амаль няма, а бандыцкiя атрады прасочваюцца зь Беларусi...» (ДАГАГВ. Ф.1, в.1, спр.878, арк. 54).

Гарэла зямля пад нагамi бальшавiкоў i iх памагатых на беларускiх абшарах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0