Адам Глёбус

СУАЙЧЫНЬНIКI-3

 

Максiмюк

Пачытаў тэкст Яна Максiмюка «Насустрач бацьку», пра тое як Макс (мянушка Яна) перакладаў «Улiс» Джэймса Джойса, i пераканаўся: перакладчык — найлепшы з чытачоў.

 

Алексiевiч

Псэўдафальклярыстка Сьвятлана Алексiевiч зьбiрае показкi ў малаталенавiтых людзей i падае нататкi за праўдзiвыя творы, а потым наiўна пытаецца, чаму маё пакаленьне й асабiста я не люблю й не чытаю яе кнiжак.

 

Мiнкiн

Паэт Алег Мiнкiн спытаў, цi не ахоплiвае мяне жаданьне зарэзаць чалавека, каб ягонае горла кроўю сьмяялася. Не! У мяне не было такой прагi на той час.

 

Някляеў

Рэдактар Уладзiмер Някляеў любiў папалохаць беларускiх патрыётаў наступным чынам: «Вы тут героi, а зойдзе чалавек з маленькiм пiсталетам i гераiзм прападзе».

 

Гасьцюхiн

Для расейцаў кiнаактор Гасцюхiн — зорка зь Менску, для беларускiх нацыяналiстаў — расейскi шавiнiст i вораг Бацькаўшчыны, а для мяне — стомлены мужчына з азызлым тварам, мiнак у чорных акулярах, якi любiць шпацыраваць па праспэкце Скарыны.

 

Дудараў

Драматург Дудараў лёгка прызнаецца ў наступным: «Не чытаў я замежных п’есаў. Не любiў нiколi й не люблю. Я гатовы прызнаць сябе невукам, але нi Ёнэска, нi Бэкета я не разумею, як i «Чорны квадрат» Малевiча». Не чытаў i не чытаў. Усё ж не прачытаеш, каб i захацеў. Але як тады можна перакладаць Шэксьпiра, калi не чытаць. Загадка. I сьмешна робiцца ад думкi, што Дудараў —галоўны рэдактар адзiнага ў Беларусi часопiса па мастацтву.

 

Някляеў

Аналiзуючы паводзiны Някляева, прыходжу да парадаксальнай высновы: i канфармiст можа мець устойлiвае жаданьне рабiць дэмакратычныя выданьнi.

 

Федарэнка

Бэлетрыст Андрэй Федарэнка заклiкае крытыкаў: «... для сябе вызначыў цьвёрда: крытыка ў бэлетрыстыцы (?) нiкому не прыносiла й не прынясе карысьцi. Трэба або хвалiць, калi спадабалася, або маўчаць, калi здаецца (?), што твор слабы». Карацей, як пра мёртвага: або добрае, або маўчы. У адрозьненьне ад Федарэнкi, жаданьня быць мёртвым пры жыцьцi ў мяне няма.

 

Елiзар’еў

У таталiтарных краiнах, дзе няма свабоды слова, квiтнее мастацтва жэстаў i танцаў, прыкладам можа служыць творчасьць менскага балетмайстра Елiзар’ева.

 

Поклад

Калi б жывапiсец Сяргей Поклад жыў не напрыканцы ХХ стагодзьдзя, а напачатку, калi б пiсаў ня Вiленскiя краявiды, а Парыскiя, верагодна, ён меў бы прозьвiшча Утрыла. А каб Утрыла жыў у Вiльнi...

 

Казей

Каля помнiка майму земляку, хлопчыку, герою-тэрарысту Марату Казею, задумваюся... Няўжо дзяржава ня можа йснаваць, каб не ўшаноўваць памяць пра забойцаў, ставячы кошыкi з кветкамi да пастамэнтаў? Зрэшты, нашто крывiцца, у кожнай Францыi хапае сваiх Маратаў.

 

Iваноў

Фотакарэспандэнт Юры Iваноў робiць настолькi безасабовыя здымкi, што нават у партрэтах прэзыдэнтаў адсутнiчаюць асобы.

 

Цэсьлер

Прамысловы графiк Уладзiмер Цэсьлер зрабiў такi благi варыянт герба Рэспублiкi Беларусь, што калi я сказаў — буду пiсаць пра кепскi герб, ён паабяцаў пакрыўдзiцца. Ня ясна, чаму трэба крыўдзiцца на мяне?

 

Сiтнiца

Графiк акадэмiк Рыгор Сiтнiца вельмi дасьцiпна павымалёўваў архiтэктурныя помнiкi старажытнай Грэцыi. Сiтнiца старанна каляровымi алоўкамi маляваў Грэцыю, а ў яго атрымалiся iнтэр’еры менскага мэтрапалiтэну, станцыя Кастрычнiцкая й станцыя плошча Перамогi.

 

Басаў

Iзраiль Басаў пiсаў на палотнах Менск, а ў яго атрымлiваўся залаты Ерусалiм. Калi б Басаў зьехаў у Iзраiль i маляваў Ерусалiм, цi атрымаўся б у яго Менск?

 

Капёнкiна

Ёсць выпадкi, калi аўтару неабходна браць псэўданiм. Напрыклад, нельга падпiсваць артыкулы пра мастацтва прозьвiшчам кшталту Капёнкiна. Але ж такiм, як Капёнкiна, зусiм няварта пiсаць такiя артыкулы, бо мастакi ўзроўню Iзраiля Басава зь яе словаў — «дасягненьне ў беларускiм савецкiм мастацтве».

 

Галубовiч

Тэксты Леанiда Галубовiча цёплыя, як жывыя арганiзмы. Цеплынёю яны й прываблiваюць. Толькi ёсьць небясьпека, што яны хутка састарэюць, як састарэлi нататкi Янкi Брыля.

 

Баршчэўскi

Ян Баршчэўскi напiсаў «Шляхцiца Завальню» па-польску, спадзяваўся на масавасьць. «Бо чытаюць больш па-польску». Шырокую вядомасьць Баршчэўскi набыў якраз у беларускiм перакладзе. На жаль, гэта выключэньне, а ня правiла. Чытаюць больш па-польску, лiха iх бяры.

 

Дынько

У Андрэя Дынько погляд чалавека з наступнага пакаленьня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0