Чаму, на вашую думку, людзi, якiя ў прафэсiйным i грамадзкiм жыцьцi гавораць па-беларуску (палiтыкi, пiсьменьнiкi i г.д.), вельмi часта ў побыце мовай не карыстаюцца?
Янка Брыль:
— Мне прыходзiлася спатыкацца з гэтым i на Беласточчыне, дзе мiж сабою спэцыялiсты гавораць i пiшуць па-беларуску, а дома iх хiлiць на польскую. I там быўшы, мне гэта заўсёды здавалася вельмi дзiўным, таксама, як i нашыя гэтыя ненармальныя пераходы. Тут, чорт яго знае, iнэрцыя нейкая дурная.
Памятаю, адзiн харошы беларус, на жаль яго ўжо няма, скардзiўся мне, як ён прыйшоў зь дзiцячай экскурсiяй да аднаго вельмi паважанага пiсьменьнiка на дачы, нагаварыўшы папярэдне дзецям пра яго ўсяго добрага, а той пачаў зь iмi гаварыць па-расейску. I ён кажа, быў такi жах, такi правал, што я ня ведаў, куды мне ад дзяцей дзявацца.
Гэта iнэрцыя, нейкая такая бяздумная. Скажаш, а потым спахопiсься, а чаму гэта я сказаў не на роднай мове. Гэта адно з наступстваў асымiляцыi, якая з двух бакоў на нас iдзе —расейскай i польскай.
Уладзiмер Някляеў:
— Значыць, так лягчэй. Значыць, так у iх у сям’i наладжана. Пераважае нават не расейская мова, а мешанка нейкая. Размаўляюць, як умеюць. Гэта асаблiвасьць нашага народа, якi да гэтае пары нiяк ня звыкне да таго, каб стаць народам з усiмi атрыбутамi, якiя народ мае. Тут мы самi можам, вядома, паразважаць пра гэта, але без высiлкаў дзяржаўных, палiтычных тут наўрад цi што-небудзь зьменiш.
Дзень Мовы — тут ёсьць нешта ад гульнi. Я асабiста нiколi нiкога не заклiкаю, маўляў, давайце, беларусы, гаварыць па-беларуску. Усё натуральна неяк павiнна адбывацца. Калi я са сцэны, з трыбуны размаўляю так, як звык, з гэтага само сабою вынiкае... I хiба iх мала заклiкалi? Колькi я сябе памятаю, стаiць амаль што лямант: гiне, гiне, прападае. Гэта таксама мае i адмоўнае ўзьдзеяньне.
Генадзь Бураўкiн:
— Гэта вельмi няпростае пытаньне i, я думаю, на такое пытаньне кожны павiнен адказваць сам. Бо абагульняць вельмi цяжка. Я ведаю такiх людзей, у беларускасьцi якiх нi на хвiлiнку не сумняваюся, але часам бываюць такiя абставiны, што яны вымушаныя карыстацца расейскай мовай. А бывае й так, што блiзкiя й дарагiя для iх людзi карыстаюцца ў побыце расейскай мовай, ня ўмеюць гаварыць па-беларуску, i з павагi да гэтых людзей, людзi, якiх я ведаю, паўтараю, як абсалютна шчырых, адданых беларусаў, самi робяць выключэньне з сваiх паводзiн. Я б iх за гэта ня надта караў маральна.
— Але чаму з тае самае павагi найчасьцей беларус саступае, а не наадварот?
— Што зробiш, калi i ўлада, i атмасфэра грамадзкая, i мэнталiтэт беларускi спрыяюць гэтаму. Бясьсьледна цэлыя вякi не праходзяць. Бясьсьледна гэтая беспардонная русiфiкатарская палiтыка, якая была пры савецкай уладзе i пышным цьветам расьцьвiтае цяпер, не праходзiць. Гэта вельмi непрыемная для беларусаў i Беларусi зьява. I калi я бачу, як у час сустрэчы зь пiсьменьнiкамi нават, калi на тэлебачаньне прыводзяць сваiх дзетак, а тыя ня ўмеюць па-беларуску гаварыць, мяне гэта i зьдзiўляе i нават, як беларуса, як пiсьменьнiка, абражае. Дзецi павiнны, хаця б з павагi да бацькоў i да той справы, якой займаюцца бацькi, валодаць i павiнны карыстацца, паважаць гэтую мову.
— На Вашую думку, якая галоўная прычына гэтага?
— Галоўная прычына ў тым, што, на жаль, наш народ ня меў дзяржаўнасьцi нашай мовы вельмi доўга. А дзяржаўнасьць мовы вельмi моцна ўзьдзейнiчае на штодзённыя побытавыя звычкi й стэрэатыпы. Калi б дзяржава з самага пачатку ўсюды паказвала, што яна беларуская, гэтага б не было. Але я веру, што ўсё роўна, раз мова перажыла столькi вякоў цемрадзi i цiску, то яна не памрэ, але, на жаль, такога бытаваньня, як бы мне хацелася, як бы вам хацелася, трэба пачакаць.
Прысутнасьць побач такой вялiзнай суседкi, як Расея зь яе мовай, зь яе мэнталiтэтам iмпэрскасьцi, зь яе культурай, цiкавай, i ў той жа час з абсалютна масавым шавiнiстычным настроем, бясьсьледна прайсьцi ня можа. Тым болей для беларусаў, людзей зь мяккiм мэнталiтэтам, мяккай душой, не ваяўнiчых, не агрэсiўных.
Размаўляў Сяргей Шупа