АПЫТАНЬНЕ НА МЕНСКIХ ВУЛIЦАХ

 

Як ставяцца мiнакi на менскай вулiцы да iдэi Дня беларускай мовы? З гэтым пытаньнем я выйшаў да рэчавага рынку «Дынама». Мой першы суразмоўца аказаўся адзiным у гэты дзень, хто паставiўся да Дня без чужога слова адмоўна. Што праўда, ён ня вылучыўся з агульнае плынi ўжо тым, што iмкнуўся адказваць па-беларуску:

 

— Ну, як я стаўлюся? Кожны павiнен глядзець на свае перакананьнi. Я б не падтрымаў, бо я не беларус, а iўрыт тут не пашыраны. Я, напрыклад, за ангельскую мову — каб уся Беларусь загаварыла на ангельскай мове.

Наступнай маёй суразмоўцы — маладой кабеце iдэя адразу спадабалася:

 

— Я ў прынцыпе за. Так, я б магла паспрабаваць. Можа быць у мяне гэта трохi б карава атрымалася, але я б хацела, каб такi Дзень правёўся.

Два хлопцы-кантралёры на ўваходзе ў рынак выглядалi на навучэнцаў тэхнiкуму, якiя падпрацоўваюць у вольны час. Маё пытаньне iх крыху разьвесялiла, але, паразважаўшы, адзiн зь iх наважыўся на адказ:

 

— Падтрымаць, вядома, можна. Я нармальна да гэтага стаўлюся.

Але дзейнiчаць далей за маральную падтрымку хлопцы адмовiлiся. Сказалi, што могуць паспрабаваць размаўляць па-беларуску, але зусiм крыху. Падобны настрой я сустрэў у дзьвюх студэнтак:

 

— Я б падтрымала, чаму не. Мы проста вучымся на фiлфаку. Нам гэта блiзка, i мы гэта разумеем — што такое беларуская мова i ўсё астатняе. Лекцыi ў нас некаторыя чытаюцца на беларускай мове, напрыклад, ангельская лiтаратура.

Што да пэрспэктываў Дня беларускае мовы, студэнткi былi пэсымiсткамi. Яны лiчаць, што наўрад цi падобная акцыя можа знайсьцi водгук у менчукоў:

 

— Я сама жыву ў Менску i бачу, што адбываецца.

Каля пастарунку мiлiцыi на вулiцы Карла Маркса я сустрэў нядаўнюю студэнтку наргасу. Ейны адказ быў самы кароткi, але цi ня самы радыкальны:

 

— Трэба паспрабаваць правесьцi год беларускай мовы.

Прызнацца, мне хацелася сустрэць i радыкалаў зь iншага боку. Кажуць, у Менску ёсьць апантаныя расейскiя шавiнiсты, якiя ўспрымаюць беларускую мову надзвычай варожа. Але знайсьцi такiх не пашчасьцiла. Найчасьцей траплялiся або настроеныя патрыятычна, або пасыўныя прыхiльнiкi ўсходнеславянскага трыадзiнства, як, напрыклад, вось гэтая сямейная пара:

 

— З задавальненьнем падтрымалi б такую акцыю. Мы за беларускую мову, i таксама за рускую мову. Мы славяне. Таму ўкраiнцы, беларусы i рускiя — гэта адзiны народ. Пашыраць мову? Па-мойму, яна ў нас ёсьць, больш яе ня трэба. Хто хоча яе больш вывучаць, дык няхай i вывучае.

Побач з намi апынуўся яшчэ адзiн сталы спадар i таксама ўступiў у размову наконт Дня беларускае мовы:

 

— Я б падтрымаў, добрая iдэя. Я, прабачце, сам рускi, але ў роднай рэспублiцы павiнна быць родная мова.

На рагу побач з МакДональдс’ам стаяў задуменны чалавек. Ён нiкуды не сьпяшаўся, нiкога не чакаў, а папросту сузiраў плынь мiнакоў, што цекла ад выхаду з мэтро:

 

— Можна i падтрымаць. Але якая патрэба ў гэтым? Што гэта будзе? Цiкава, вядома, але, думаю, гэта нешта вельмi небывалае, цi што, цуд. Прывучыць трэба iншым шляхам. Гэта трэба дзяржаўная палiтыка, каб людзi ва ўстановах размаўлялi на нашай мове, але гэта пацiху трэба...

А вось дзесяцiгадовы хлопец, якi сядзеў побач на парэнчах падземнага пераходу, сказаў, што акцыю падтрымала б большая частка ягонае школьнае клясы, i што ўвогуле трэба было б перавесьцi навучаньне на беларускую мову.

 

— Я люблю беларускую мову.

Сьцьвярджальны настрой у адказах менчукоў увесь час перамяжоўваўся з сумневам i недаверам да ўласнага народу:

 

— Я ня супраць. Iдэя слушная такая, але наконт канцовай мэты — ня ведаю. Калi паглядзець на наш просты люд, то нiчога не атрымаецца. Тыповая беларуская зьява — усе нiбыта за, але, калi што-небудзь будзе, усе схаваюцца.

Спадар з нашыўкай «Служба аховы» на камуфляжным бушлаце паведамiў мне, што калiсьцi аддаў свайго сына ў беларускую школу, але праз тры гады яе перавялi на расейскую мову:

 

— Падтрымаць можна, але цi ведае хто наогул беларускую мову? Наша пакаленьне вельмi мала вучылi па-беларуску: з пятага класа, i то — два раза ў тыдзень. Гэтага было недастаткова —мы ня ведаем мовы.

Далей ахоўнiк распавёў, што цяпер ягоны сын ня ведае анi беларускай, анi расейскай мовы. За лета ў вёсцы дзецi пачынаюць размаўляць па-беларуску, а за зiму ў горадзе iзноў забываюцца. Тым ня менш...

 

— Паспрабаваць абавязкова трэба. У сваёй краiне абавязаны гаварыць на сваёй мове i ведаць яе дасканала.

Падсумоўваючы, заўважу, што не сустрэў анiводнага чалавека, якi б застаўся абыякавым да iдэi Дня беларускай мовы. Адзiн дзень — гэта магчымасьць новай гiсторыi, магчымасьць зьмены прыватнага жыцьця кожнага беларуса. За апошнiя дзесяць гадоў беларуская мова ператварылася ў сымбаль свабоды. Але пакуль для большасьцi грамадзянаў стан свабоды застаецца элiтарным адчуваньнем, якое даступнае выбраным.

Севярын Квяткоўскi