ТВАР КАНЯ

Славамiр Адамовiч

 

Настаўнiкам Беларушчыны

Мова — гэта больш, чым кроў.

Франц Розэнцвайг

 

Маiм першым настаўнiкам у Беларушчыне быў i застаецца чалавек, старэйшы за мяне ўсяго на год. Па-беларуску ён гаварыў 24 гадзiны ў суткi: на працы, дома, у забягалаўцы за кухлем пiва, у п’яной кампанii рабочых з заводу працяжных i адразных станкоў, у гасьцях у «тонкаарганiзаваных» натур; па-беларуску ён трызьнiў, калi быў сам нападпiтку, па-беларуску заляцаўся да дзяўчат; па-беларуску лаяўся на мяне, i, нарэшце, па-беларуску спрабаваў пiсаць вершы.

Майго таварыша, зь якiм мы некалькi гадоў пражылi пад адным дахам, звалi Iваноў.

Яскравы прыклад суседа досыць хутка вярнуў мяне ва ўлоньне роднай мовы, якую я з часоў службы ў савецкiм войску пачаў быў разбаўляць расейскай. Ужо летам 1984-га ў сваiм першым дзёньнiку я стаў рабiць запiсы пераважна па-беларуску. Што да першых вершаў, дык яны былi выключна беларускiя.

У 1985-м маё беларускамоўнае кола пашырылася. Прыйшоў у лiтгурток пры газэце «Чырвоная зьмена», якi вяла паэтэса Рая Баравiкова. Там сустрэў другую паэтку, Сьвятлану Каробкiну, а таксама паэта Вiктара Шнiпа, якi ўжо тады любiў пiсаць пра «сьмяцьцё».

У сьнежнi таго ж году трапiў на лiтаратурны сэмiнар, якi праходзiў у пiсьменьнiцкiм доме творчасьцi «Каралiшчавiчы». Памятаю, гаварылi там пераважна па-беларуску, што, вядома, грэла душу. Але было чуваць i «русскоговорящих». Праўда, iхнае «чириканье» тады патанала ў нашым цiўканьнi. Вечарамi Лявон Баршчэўскi распавядаў палiтычныя анэкдоты. А знаны грак паэтычных разораў паэт Рыгор Барадулiн у час калектыўнага абмеркаваньня маiх вершаў заўважыў, што радок «Я дома, пасярод жытоў» на слых успрымаецца як «Я дома, пасярод жыдоў». З гадамi я ўсё часьцей задумваюся над правiльнасьцю гэтае заўвагi, над ейнаю, так бы мовiць, фiлязафiчнаю глыбiнёю.

Па зьбегу апошняга сэмiнарскага дня спаткаў Анатоля Сыса. Быў ён барадаты i назваўся «Княжычам». Хто ж мог падумаць.

1986-ы. У красавiку звольнiлi з працы. Не перажываў. На 26-ы дзень — катастрофа. Таксама не перажываў, як i ўсе. У канцы траўня дзесьцi за Чачэрскам, у вёсцы на мяжы з Браншчынай аддаваў замуж за палешука стрыечную сястру Алену Чантарыцкую. У лiпенi ўжо вучыўся на падрыхтоўчых курсах (вырашыў паступiць на фiлфак). Аднойчы сярод белага дня прыйшлi з КГБ. Сказалi, аддай, што маеш i паказваеш iншым. Не аддаў. I розум меў. Але паслаць iх адразу куды далей — ня здумаў. I парады папытаць у знаёмых — сорамна. Сорамна было ўжо хоць бы за тое, што ў КГБ палiчылi мяне апрыёры дастаткова слабым, раз занялiся мною. Так я, прынамсi, разважаў у той час.

А беларускамоўнае кола ўсё пашыралася. Прыйшоў у «Талаку», адчуў сябе чалавекам. Апантана шураваў цагляны друз у Траецкiм (каб мне столькi пiва выпiць у Траецкiм адноўленым!). Каля дому Ваньковiча, перамяшчаючы зь месца на месца якiясь драўляныя аскабалкi, убачыў сваю будучую жоначку. Усё гэта было летам. I хоць выкладчык Камароўскi ў маiх кантрольных работах энэргiчна павыкрэсьлiваў словы кшталту «атрамант», «асадка» ды iншыя зь лексыкону «тарашкевiцы», на беларускае аддзяленьне фiлялягiчнага факультэту БДУ я ўсё ж паступiў. У сьнежнi 86-га ажанiўся. Зямляк мой Алег Дышлевiч быў у мяне шафэрам i прамаўляў тосты па-беларуску. Цесьць Прыкiн задаволена ўсьмiхаўся, але цешча, тутэйшая родам, крывiла цэру. Гулялi на другiм паверсе рэстарану «Журавiнка». Усяго й радасьцi, што за 400 савецкiх рублёў я зьмерз на ўласным вясельлi.

У 1987-м скiдалiся «Тутэйшыя». Пачаў разумець, што бел. мова —гэта нешта большае, чым толькi лiтаратура па-беларуску. У красавiку цешча настаяла на разводзе, i Вольга Адамовiч iзноў абярнулася Прыкiнай. Было шкада, але няўдалае жанiмства не магло мне заступiць сьвятла наступных дзён. Навокал мяне i ўва мне расла i паўставала Беларушчына. I грунтам гэтай iдэi была беларуская мова.

1988 год. Ужо дзейнiчае Беларускi Народны Фронт. Разам зь першакурсьнiкамi раблю насьценгазэту «Слова фiлолага». Матэрыялы друкуем на «тарашкевiцы». Малюем «Пагоню» й бел-чырвона-белы сьцяг. Дэканат праводзiць разборкi, але бяз нас. Насьценгазэту нельга забаранiць. Праўда, яе можна зьняць са стэнду, i то толькi тады, калi ня бачаць студэнты.

Летняя сэсiя-88. Першая група другога курсу беларускага аддзяленьня фiлфаку БДУ здае iспыт па псыхалёгii. Амаль усе з групы вырашаюць адказваць па-беларуску. Настрой рэвалюцыйны, прычым, i ў дзяўчат таксама. У выкладчыцы праблема: яна ня ведае беларускай. З катэдры псыхалёгii прысылаюць iншую, якая ведае. I тут каля дзьвярэй аўдыторыi, дзе мы пасьпяхова здаём iспыт, зьяўляецца сакратар кампартыйнай арганiзацыi факультэта Прыгодзiч i крычыць, што мы лiчым сябе лепшымi за iншых, што трэба паважаць выкладчыка i да таго падобнае. Сакратаровы абурэньнi не пахiснулi нас у нашым рашэньнi. Усе, хто здаваў па-беларуску, атрымалi адзнаку «выдатна».

Вясна 1991 году. За дрэнную адзнаку па расейскай савецкай лiтаратуры (выкладчык Фёдараў) адлiчваюць з чацьвертага курсу. З дапамогай Валодзi Пучынскага ўладкоўваюся стыльрэдактарам у «Настаўнiцкую газэту». Дамаўляемся з рэдактарам Кулiцкiм, што падборка маiх вершаў у «Настаўнiцкай» будзе надрукаваная паводле граматыкi Тарашкевiча. I тут званок з карэктарскай (карэктары «НГ» сядзелi тады ў спэцыяльным пакойчыку старога дому друку, што на праспэкце Скарыны, а сама рэдакцыя знаходзiлася, як i сёньня, на вул. Захарава). Дык вось, званочак. Тэлефанаваў дзяжурны па выпуску Георгi Клябанаў. Яго вельмi абурыла, што тэксты вершаў набраныя зь мяккiмi знакамi. Тут варта заўважыць, што гэты Клябанаў, альбо Клёнаў, як ён iншы раз падпiсваў свае матэрыялы, працаваў у «Настаўнiцкай» з часу яе заснаваньня ў 1945-м. Ён быў шараговым карэспандэнтам, але моцна ўплываў як на калектыў работнiкаў, так i на рэдактара. I тут такая неспадзяванка: за ягонай сьпiнаю, па-за ягоным кантролем (!) два беларусы (адзiн з прозьвiшчам на -цкi, другi на -iч) дамаўляюцца зьдзейсьнiць крамолу. I мы-ткi зрабiлi так, як вырашылi: трэцяга красавiка 1991 году «Настаўнiцкая газэта» надрукавала мае вершы паводле граматыкi Тарашкевiча i аўтарскай волi.

А што ж калега Клябанаў? Клябанаў-Клёнаў аказаўся габрэем i, здаецца, у 1995-м эмiграваў у ЗША. На жаль, тыя кадры, якiя заставалiся ў «НГ», таксама не выклiкалi захапленьня. Балюча было назiраць, як газэту шматтысячнага корпусу ўнiвэрсытэцкiх выкладчыкаў i школьных настаўнiкаў, пэдагогаў i выхавальнiкаў самых розных узроўняў выдаюць фактычна не

 

прафэсiяналы, а дылетанты. Бадай, найбольш сымпатычным работнiкам рэдакцыi была Сафiя Iванаўна, жанчына ўжо паважнага веку, якая займалася наборам i вёрсткай. Сымпатычнай у сэнсе апантанасьцi работай i адказнасьцi за якасьць выданьня, яго мову. У той жа час некаторыя карэспандэнты па-беларуску без дапамогi слоўнiка не маглi напiсаць i невялiчкага рэпартажу. Больш таго, вярнуўшыся з рэдакцыйнага заданьня за свой рабочы стол, яны мусiлi перакладаць свае чарнавiкi з расейскай.

Так было i ёсьць у рэдакцыях усiх беларускамоўных афiцыйных газэт.

Пiшуць, пiшуць выпускнiчкi журфаку на мёртвай бел. мове, а выпускнiчкi фiлфаку, паступiўшы ў асьпiрантуру i пад кiраўнiцтвам якога-небудзь былога сакратара парткаму сыстэматызуюць тую пiсанiну. I нагадвае ўсё гэта прэпараваньне трупа, якi, зрэшты, нiколi й ня быў жывой плоцьцю.

 

***

Апошнiм часам на сэмiнарах, якiя арганiзоўвае Беларуская Асацыяцыя Журналiстаў, здараецца назiраць, зь якiм энтузiязмам журналiст Мiкалайчанка зноў i зноў уздымае праблему белмовы. Але перад кiм? Перад замежнымi кiраўнiкамi сэмiнараў? Дык у iх iншыя тактыка-стратэгiчныя заданьнi. Перад калегамi з расейскамоўных выданьняў? Дык яны ўсё i так разумеюць. Толькi што нi пiсаць, нi гаварыць па-беларуску ня будуць. Некаторыя зь iх побач «с этими белорусами» аказалiся толькi дзякуючы ППРБ. Таму, вiдаць, няма сэнсу рассыпаць пэрлы на кожным скрыжаваньнi, дзе тусуецца «общедемократическая» i «русскоговорящая» публiчка. У публiчкi таксама свае заданьнi. А вось паказваць юнаму пакаленьню беларусаў прыклад уласных адназначных адносiнаў да роднай мовы неабходна.

Сёлета БНФ, вядучая палiтычная арганiзацыя ў беларускiм нацыянальна-вызвольным руху, адзначае дзясятую гадавiну барацьбы. Адзначаюць свае юбiлейчыкi iншыя большыя й меншыя прабеларускiя карпарацыi. Але юбiлеiць асаблiва ня хочацца. Баюся лiшнi раз трапiць у непрыемную сытуацыю цi проста страцiць добрых знаёмых. Вось, напрыклад, пазваню заўтра ў кватэру да N., каб павiншаваць, а з-за дзьвярэй: «Кто там? Папы дома нет». А мы ж з гэтым «папам» гадоў дзесяць назад так глоткi дзёрлi за «не жалезную» Беларусь, улёткi на мэханiчнай друкарцы памнажалi, таварыства вольных лiтаратараў стваралi i яшчэ д’ябал што ведае выраблялi!

Нова-стары аспэкт моўнай праблемы своечасова закранае ў сваiм матэрыяле «Жывая мова» аўтар «НН» Вiктар Мухiн (12 кастрычнiка), заўважаючы: «Трэба ж няшмат: прыйсьцi ў краму й папрасiць, да прыкладу, не «чашечку кофе», а «фiлiжанку кавы», хiба цяжка?» I, на вялiкi жаль, гэтае пытаньне Мухiн вымушаны адрасаваць не звычайным грамадзянам Краiны, а так званым сьвядомым беларусам, многiя зь якiх вызначаюць сябе беларускiмi нацыяналiстамi.

Сёлета мне досыць часта прыходзiлася бавiць час за столiкамi, якiя пагоднымi днямi выстаўлялiся каля цэнтральнага сталiчнага ўнiвэрсаму. I, бадай, кожны раз прыходзiлася назiраць, як нашыя беларускамоўныя ў вузкiх колах «сьвядомыя» заказвалi якраз не «фiлiжанку кавы», а гэтую самую «чашечку». Прычым, нават тыя, хто прайшоў праз «суткi» за ўдзел у мiтынгах i шэсьцях, хто не аднойчы даставаў амонаўскiх дубiнак! I вось аказваецца, што нават тэрор рэжыму не ўмацаваў глебы пад нагамi некаторых нашых белмоўных. Аказваецца, плыве з-пад ног глеба. Дрыгва, як i ў астатнiх.

 

***

У першай кнiзе прозы аднаго беларускага лiтаратара вычытаў я неяк сярод iншых падобных адзiн мiлы сказ: «Жывёла зь цяжкасьцю прабiралася праз густы травастой, цяжка дыхала, узмыленыя бакi дрыжалi ад напружаньня, З РОТА падалi белыя шматкi пены». Гэтай жывёлай быў конь. А празаiк, якi напiсаў пра конскi рот, беларускую мову вывучыў толькi ў дарослым веку. I хоць ён нiколi ўжо не авалодае нi стылiстычным гладкапiсам, нi чыстым беларускiм вымаўленьнем, зроблена галоўнае: чалавек ажыцьцявiў прынцып вяртаньня да свайго.

Сумна, але нi дэклярацыi колiшнiх «Тутэйшых», нi заявы «Таварыства Вольных Лiтаратараў» не спынiлi працэсу разьвiцьця i ў адваротным напрамку: ад свайго. Ужо новыя, несавецкiя беларускiя iнтэлектуалы-лiтаратары на новым вiтку беларускай гiсторыi здраджваюць i сваiм бацькам-пiсьменьнiкам, i чытачам, i ўласным юнацкiм марам. А паслухаўшы некаторых, ствараецца ўражаньне, што яны часьцей бываюць у басэйне, чым гавораць па-беларуску.

Нарэшце, яшчэ адзiн прыклад.

Днямi мне расказалi пра Валодзю Дамарацкага, работнiка сталiчнага аэрапорту. Яшчэ зусiм нядаўна авiяпасажыры хадзiлi глядзець на яго, як на адзiнага беларуса, якi гаварыў па-беларуску. I ён сапраўды паслугоўваўся толькi роднай мовай. А на пытаньне, навошта гэта яму, адказваў, што так яго выхавалi бацькi. Валодзя Дамарацкi ня быў нi беларускiм пiсьменьнiкам, нi настаўнiкам белмовы, нi сябрам БНФ. Проста ён пiльнаваўся свайго. I гэтым падаваў прыклад.

Загiнуў Валодзя недарэчна i бязь лiшнiх сьведкаў. Аднойчы грузiлi партыю зброi для Пэру. Ноччу, безь сьвятла, парушаючы тэхнiку бясьпекi (улады асьцерагалiся спадарожнiкаў сачэньня ў небе i цiкаўных вачэй на зямлi)...

Аэрапорт асiрацеў. Транзытныя пасажыры засталiся бязь дзiва. Ува мне ж гэтая гiсторыя падмацавала спадзеў на тое, што, мабыць, заўсёды знойдзецца беларус, якi назаве рэчы сваiмi iмёнамi.

Iнакш бы я не пiсаў.

Менск, кастрычнiк 1998 году