Чаму беларускiя адраджэнцы ў побыце, як правiла, гавораць па-расейску?

 

Вiнцук Вячорка:

— Беларускiя адраджэнцы ў побыце гавораць па-беларуску. Што да тых, якiя не гавораць, тыя не адраджэнцы.

 

Вiктар Iвашкевiч:

— Таму што хочуць мiру, а не вайны. Бо iнакш у сям’i трэба ваяваць з жонкай, якая выходзiла замуж не за нацыяналiста, а за звычайнага, нармальнага чалавека. Гэта потым ён стаў нацыяналiстам. I калi хто прыходзiць дахаты i кажа: усё, гаварыць буду па-беларуску, — гэта сустракае адтаржэньне. На працы — тое самае, сярод сяброў — тое самае. Яшчэ бывае ў грамадзкiм транспарце, у краме... Хаця, з другога боку, хочацца ж набыць канкрэтны прадукт, а не ўстрайваць дыскусiю на прадмет — што такое локшыны. I таму застаецца толькi махаць сьцягамi i крычаць «Жыве Беларусь!» у канкрэтна вызначаныя днi.

 

Iгар Бабкоў:

— Я ня ведаю такiх фактаў. Тыя людзi, якiх я ведаю, яны якраз у побыце гавораць па-беларуску. Мы можам знайсьцi такiя рэчы, як размовы па-расейску, але я асабiста стаўлюся да гэтага без фанатызму. Я не ўспрымаю гэта як факт, якi б сьведчыў пра маральныя недахопы. Звычайна гэта традыцыя, якая склалася ў канкрэтных абставiнах або ў вынiку няведаньня мовы.

 

Iгар Гермянчук:

— Таму што, вiдаць, у сям’i астатнiя члены сям’i гавораць па-расейску. Iншая рэч, што можна пераламiць гэтую сытуацыю, калi, дапусьцiм, муж або жонка будуць прынцыпова да гэтага пытаньня ставiцца. Я думаю, што другi член сям’i зразумее, i будзе беларускамоўная сям’я.

— А праца, сябры...

— Тут таксама, калi сябры рускамоўныя... Калi я, дапусьцiм, гавару са сваiм родным братам, рускамоўным, я зь iм гавару па-руску. Я тут асаблiвай праблемы ня бачу.

 

Вячаслаў Сiўчык:

— Гэта няпраўда. Беларускiя адраджэнцы гавораць па-беларуску, калi яны беларускiя адраджэнцы. Я па сваiх знаёмых, тых людзях, якiя здаўна гэтым займаюцца, ведаю, што працэнт людзей, якiя размаўляюць не па-беларуску ў побыце, дастаткова маленькi.

Мусiць, гэта якраз наадварот, тыя людзi, якiя нядаўна прыйшлi. У iх ёсьць чыста псыхалягiчная праблема. Таму што чалавеку дастаткова цяжка адразу зрабiць усё дакладна i правiльна. Ёсьць, вядома, такiя выпадкi, калi людзi, якiя дэкляруюць вернасьць беларускаму адраджэньню ўжо некалькi дзесяцiгодзьдзяў, у побыце карыстаюцца расейскай мовай. Але ж, наколькi я ведаю, гэта выключэньнi. Iншая справа, чым яшчэ адметны рэжым Аляксандра Лукашэнкi, тым, што нават людзям, якiя заўсёдна карысталiся беларускай мовай, у пэўныя пэрыяды пад цiскам прыходзiлася ня ў побыце, а для таго, каб захаваць сваю свабоду, пераходзiць на расейскую мову, каб ня быць арыштаванымi. Такiя выпадкi былi, у тым лiку i са мной.

 

Адам Глёбус:

— Я не лiчу, што ўсе гавораць па-расейску, i што гэта правiла. Я думаю, што ўсё ж нельга так задаваць пытаньне. Я сябе таксама адношу да адраджэнцаў. Мы гаворым па-расейску, але ў душы мы ўсё адно гаворым па-беларуску.

 

Зянон Пазьняк:

— Адраджэнцы ў побыце па-расейску не гавораць. Тут блытанiна ў пытаньнi.

Размаўляў Сяргей Шупа