Лiсты ў рэдакцыю
Паважаная рэдакцыя «Нашай Нiвы»,
прачытаўшы ў артыкуле Мiрона Менскага «Дэмантаж» абвiнавачваньне Ул.Плешчанку («злоснае хулiганства, якое вызначаецца выключным цынiзмам i дзёрзкасьцю»), а затым: «... знаходзячыся на волi, можа пашкодзiць выкрыцьцю злачынства», ня вытрымаў, каб не напiсаць вам.
Вы засталiся ў мяне адзiным адрасатам, зь якiм можна падзялiцца меркаваньнямi, з кiм можна без хваляваньняў трымаць кантакт. Ёсьць яшчэ адзiн чалавек, якому я мог даверыцца, але зараз ён за кратамi па абвiнавачваньнi, якое пазначанае вышэй. Гэта япiскап Пётар Гушча. Разумным людзям вiдавочна, што карныя органы рэжыму выбiраюць асаблiва актыўных людзей, якiя маюць патэнцыял аб’ядноўваць вакол сябе людзей i, па сфабрыкаванай справе, хоць на нейкi час тыя iмкнуцца нэўтралiзаваць iх. Гэта гiдка, па-д’ябальску, але зь iхнага боку — натуральна. ППРБ iм за гэта плоцiць. Паўстае пытаньне: як у такiх умовах нам, нацыяналiстам, сабраць арганiзацыю, здольную паставiць задачу ўзяць уладу i дасягнуць яе?
Асабiста ў мяне ёсьць распрацаваная праграма, якая, у прынцыпе, ня ўтрымлiвае нiчога новага (у палiтыцы таксама няма неабходнасьцi выдумляць ровар), але каб пачаць яе ўвасабляць у жыцьцё, трэба аб’яднаць палiтычна актыўную частку насельнiцтва (у любой краiне iх ня болей за 5%), зацiкавiць iх ФIНАНСАВА НА СЁНЬНЯ i АДКРЫЦЬ ПЭРСПЭКТЫВУ НА ЗАЎТРА. Адразу зазначу: ня хочацца яе здаць. Здаць, як здаў БНФ iдэю Беларускага Адраджэньня пад ГБ-кантроль i даць скампрамэтаваць яе ў вачах i так забiтага электарату. Хочацца заняцца сур’ёзнай справай.
Чаму гэта ўсё пiшу вам? Таму што, прабачце, але чым хутчэй будзе расьцi наклад вашае газэты, тым хутчэй рэжым яе забаронiць. Гэта вiдавочна. Падставу тады знойдуць любую. I загнаўшы вас у падпольле, дзе, я ўпэўнены, вы будзеце ўсё роўна выдавацца, ён дасьць нацянальнаму руху другi шанец на перамогу (першы ён даў, калi зьвязаўся з гэтай загнiваючай Расеяй). Баяцца будзе чаго, i вы станеце друкаваным органам вызвольнай арганiзацыi (для чаго, я лiчу, i павiнна iснаваць газэта, прытым любая). Я ўпэўнены, у нас ва ўсiх наперадзе шмат сур’ёзнай працы. Галоўнае — не ўпусьцiць шанец.
Бывайце, V dz M
ЦIШЭЙ ВАДЫ, НIЖЭЙ ТРАВЫ...
Некалi бесьсьмяротны Бэтховэн, наведаўшы вялiкага Гётэ, сказаў: «Думаў, пабачу цара паэтаў, а ўбачыў царскага паэта».
Гэтыя паказальныя словы прыгадалiся, калi знаёмiўся са стэнаграмай сустрэчы прэзыдэнта А.Лукашэнкi зь пiсьменьнiкамi рэспублiкi. I мабыць таму, што рэплiкi ўдзельнiкаў сустрэчы выглядаюць вельмi сьцiплымi, занадта стрыманымi i абачлiвымi, нават нясьмелымi — як гавораць у такiх выпадках, цiшэй вады, нiжэй травы. Да таго ж зьмест iх тычыўся галоўным чынам вузка «цэхавых» iнтарэсаў, прычым мэркантыльнага i бытавога характару.
А ў нашым ужо традыцыйным уяўленьнi пiсьменьнiк — нешта большае, чытачу хацелася б пачуць ад «iнжынэраў чалавечых душаў», як раней называлi лiтаратараў, якой iм бачыцца наша рэчаiснасьць — станоўчыя i адмоўныя праявы ў ёй, якiя праблемы iх хвалююць, што iх засмучае, а што натхняе. На жаль, нечага падобнага не адшукаць у стэнаграме сустрэчы.
Паказальна, што нiхто не заступiўся за С.Алексiевiч, сусьветна вядомую пiсьменьнiцу. Бачыце, яна ня так уяўляе чарнобыльскую трагедыю, як таго хочацца ўладам. А пiсьменьнiк жа мо мае права на ўласную думку i гледзiшча.
Выключэньнем сталiся хiба выступленьнi Г.Бураўкiна, Г.Далiдовiча, Р.Баравiковай i В.Iпатавай, якiя з болем гаварылi пра гаротнае становiшча роднай мовы i наогул беларускасьцi, у якiм мы апынулiся, дзякуючы дзяржаўнай палiтыцы.
Забягаючы наперад, адзначым, што гэтым выступоўцам больш i дасталося ад «бацькi» (гаспадара сустрэчы). Далiбог, нiяк iнакш i не назавеш гэты дыялёг, як «бiцьцё хлопчыкаў».
Але думаецца, не дзеля таго была наладжаная сустрэча — пра гэта гаворана-перагаворана, а воз, як кажуць, нi зь месца. Уражаньне такое, што прэзыдэнту ня столькi карцела паслухаць пiсьменьнiкаў, колькi выказацца пра сваю сацыяльна-эканамiчную палiтыку, пра тое, як ён змагаецца на ўсе жылы за сувэрэнiтэт i незалежнасьць дзяржавы, пра клопаты аб дабрабыце народу, у тым лiку i пiсьменьнiцкiм. I нiякi ён не дыктатар, як гаворыць пра яго апазыцыя. Пра многае iншае гаварыў гаспадар сустрэчы, у прыватнасьцi, пра тое, якая лiтаратура патрэбная народу. А яна патрэбная такая, каб у ёй не крытыкаваўся прэзыдэнт i ягоная палiтыка, а ўсяляк падтрымлiвалiся, каб дапамагалi грамадзтву рухацца наперад.
А што родная мова апынулася ў цяжкiм становiшчы, у многiм вiнаватыя самi пiсьменьнiкi. Напiшыце цiкавы твор, — разважаў прэзыдэнт, — каб яго чытаў народ, тады паступова загавораць i ўсе па-беларуску. А пакуль гэтага няма, то дэкрэтам нельга нiкога прымусiць карыстацца мовай.
Канечне, уся гэтая дэмагогiя, як i ў iншых выпадках, засталася без адказу.
Як бачым, у наяўнасьцi выпадак, калi галоўнакамандуючы сабраў падпарадкаваных дзеля таго, каб паслухаць iх, ды павучыць, абразумiць, паставiць перад iмi задачы.
Пра гэта сьведчыць i вялiзны тэкст стэнаграмы: бясконцыя маналёгi гаспадара i, прабачце, куцыя, ледзь не выпадковыя рэплiкi выступоўцаў. (Куды толькi падзелася iхнае пiсьменьнiцкае красамоўства).
Як бы там нi было, калi напачатаку з абодвух бакоў адчувалася некаторая насьцярожанасьць, то напрыканцы атмасфэра зьмянiлася ў лепшы бок. Пiсьменьнiкi шкадавалi, што не адбылося падобнай сустрэчы раней. У будучым яны прасiлi рабiць гэта часьцей, як тое было ў мiнылыя часы. Прэзыдэнт абяцаў улiчыць просьбу. Словам, разьвiтаньне адбылося палюбоўнае, паразумелiся.
А на тое, што стэнаграма ўбачыла сьвет больш як празь месяц, прычым у скарочаным выглядзе, г.зн. як тое рабiлася ў савецкiя часы, калi партыя ведала лепш за сам народ, што яму патрэбна, ня варта зьвяртаць увагу. Мы ж i ў iншых галiнах пераймаем усё «лепшае», што было ў мiнулым.
Яфiм Iвановiч,
настаўнiк-пэнсiянэр,
выдатнiк народнай адукацыi, Менск
КАШТОЎНЫ СКАРБ ЛIТАРАТУРЫ
Факсымiльныя выданьнi твораў беларускiх пiсьменьнiкаў — каштоўны скарб лiтаратуры, безь якога немагчыма ўявiць росквiт культуры. Кнiгi, напiсаныя мiлагучнай мовай, не скалечанай рэформамi 1933 году, выклiкаюць iнтарэс дасьледнiкаў, прыцягваюць увагу чытацкай аўдыторыi, займаюць не апошняе месца на бiблiятэчных палiцах. Гэта гiсторыя друку, гiсторыя народу мужнага, мудрага, адукаванага, ня зломленага пакутамi i зьдзекамi царскага самаўладзьдзя i ягоных пасьлядоўнiкаў, якi не дазваляе чужынцам ганьбiць вечныя сьвятынi i мову, непаўторны фальклёр, звычаi i абрады, герб i сьцяг, цiкавую i адначасова трагiчную мiнуўшчыну.
Гартаючы старонкi першых кнiг Якуба Коласа, Максiма Гарэцкага i адзiнага паэтычнага зборнiка Казiмiра Сваяка «Мая лiра», знаходзiм асаблiвасьцi, уласьцiвыя клясыкам пяра, да чаго аднясём жаданьне беларусаў заставацца свабоднымi ад прыгнёту, вучыць дзяцей грамаце, мець права на ўласны абшар зямлi, не баяцца цяжкасьцяў жыцьця, абараняць асабiсты гонар, не губляць аптымiзму i пачуцьця гумару. Чырвонай стужкай кантрастаў праяўлялася тая эпоха, дзе панавалi галеча i раскоша, праўда i хлусьня, дабро i зло, сквапнасьць багацеяў i нястача беднякоў, воля ды турмы з астрогамi. Папулярнымi ў творчасьцi майстроў слова былi матывы «забранага краю», лiрычнага настрою, пошукаў чалавекам свайго шчасьця, псыхалягiчнага адлюстраваньня сялянскай долi, уплыву нацыянальнай iнтэлiгенцыi на людзей пры разнастайных сацыяльных выпрабаваньнях.
Выкарыстоўвалi ў народных школах мэтадычную лiтаратуру: чытанкi, падручнiкi, лемантары, слоўнiкi. Знакамiтае Коласава «Другое чытаньне для дзетак беларусаў» цалкам пабудаванае на прыродазнаўчым i этнаграфiчыным матэрыяле, дзе ў якасьцi неабходнага дадатку ўключаныя вершы, байкi i казкi. Вартасьць кнiгi высокая i сёньня, бо дае магчымасьць пазнаёмiцца са складаньнем чытанак на пачатку ХХ стагодзьдзя.
Рупiўся пра будучыню беларускай мовы Язэп Лёсiк, складаючы ўжо пры савецкiм часе «Сынтаксiс» i «Граматыку». Сучасныя навукоўцы, ствараючы ўласныя манаграфii, абапiраюцца на Лёсiкавы ўнiкальныя працы. У падручнiку на даступным узроўнi выкладзена фанэтычная сыстэма матчынай мовы, якая праiлюстраваная шматлiкiмi прыкладамi i практычнымi заданьнямi, прыводзяцца аналёгii гукавых зьяваў зь iншых моваў сьвету.
Вельмi хочацца, каб цяперашнiя выдаўцы, выпускаючы творы нашых суайчыньнiкаў, не забывалi друкаваць тых аўтараў, якiх абмiнуў шчасьлiвы лёс пры жыцьцi.
Сяргей Званар, Менск
МЫ Й НЯ МЫ
Кожны, напэўна, ставiў перад сабой пытаньне: хто й навошта я? Кожны даваў сабе свой адказ... Найчасьцей мы ставiм перад сабой пытаньне паходжаньня, шукаем каранёў, вытокаў — мы блукаем у цернях мiнулага, дзеля таго, каб самiм сабе даказаць, што мы iснуем, мы асобныя, а ня нейкая частка нечага. Але з-за iмкненьня даказаць даўна даказанае i ўсiм зразумелае ды вiдавочнае, мы губляем першапрычыну нашых пошукаў, аддаляемся ад рэчаiснасьцi, зьнiкаем у мiнулым. Што маецца на ўвазе? Нацыянальнае Я. Гiсторыя вызначыла нашае беларускае Я. Наканавана было ўвайсьцi ў III-е тысячагодзьдзе не крывiчамi, не лiцьвiнамi, не русiнамi, а беларусамi. Камусьцi здасца, што гэта ня лёс, а гвалт з нацыi. Ня думаю, факт ёсьць фактам — уся новая беларуская гiсторыя прайшла пад знакам БЕЛАРУСI. Да гэтага знаку можна дапiсваць любыя найменьнi: -Лiтва, -Крывiя i г.д. Адно застанецца непарушным — Беларусь.
Нашая трагедыя ў нежаданьнi прымаць зьдзейсьненае, жыць у рэчаiснасьцi. Мы кiдаемся ў раку мiнулага: ствараем ВКЛы, БНРы, хтосьцi ЛiтБелы. Жывем у РБ. Спадзяемся, што прачнемся ранiцай i «здрасте — нет советской власти». Не атрымаецца, будзе савецкая ўласьць — датуль, пакуль будзем спаць i прачынацца ў фантомным сьвеце.
Нашая праблема ў тым, што надта далёка залезьлi ў нетры гiсторыi й цяпер спрабуем гурбай тлумачыць яе на свой капыл кожны. Былi паўзьнятыя пласты эпохаў, стагодзьдзяў, усё перавярнулася з ног на галаву. Празь дзесяцiгодзьдзi iнфармацыйнага голаду, як паветраныя шарыкi, паўздымалiся зь нябыту, павырывалiся на волю няспраўджаныя iдэi-фантомы. Як галодны чалавек накiдваецца на смачную ежу, так мы накiнулiся на старыя тэксты з адвечнымi iсьцiнамi. Але, апрача, нас гэтыя iсьцiны нiкому ўжо не былi патрэбныя...
I ў той час, як мы крычалi, нас ня чулi. За нашымi сьпiнамi тымчасам Нехта рабiў цёмную справу... Ён ведаў, што мы яшчэ доўга будзем мроiць i жыць у сваiм фантомным сьвеце, а таму паступова дайшоў да мяжы гэтага сьвету з рэальнасьцю... i як Цэзар перайшоў Рубiкон, так Ён перайшоў мяжу, за якой засталiся мы. Мы засталiся ў Фантоме, а Ён стаўся гаспадаром на рэальнай жывой зямлi. Нас пакiнулi ў палоне iдэяў-фантомаў, сьветлых iдэяў пра Краiну, дзе б было Нам добра. Нас выкiнулi за борт плынi жыцьця. Мы застанемся толькi ў нашых тэкстах, з нашай мовай.
Сымбалем нашага фантомнага стану сталася мова, але мы яе самi зрабiлi такой, спрабуючы назваць вiноўцам усяго iншых, пераконваючы сябе самiх ва ўласнай рацыi. Для таго, каб выплысьцi з стану фантомнага iснаваньня, трэба не адмовiцца ад мовы, але зьмянiцца самiм. Бо мова ня ёсьць вiноўцай, але ахвярай. Заўсёды даводзiцца чуць папрокi: «Калi вы хочаце, каб вашыя думкi дайшлi да большасьцi (хоць нiдзе ня вытлумачаны панятак «большасьць»), размаўляйце на зразумелай мове». Гэта ня ёсьць меркаваньне рацыйнае, бо яно супярэчыць здароваму сэнсу. Нам трэба адчуць сябе на сваёй зямлi гаспадарамi. На зямлi Беларусi, а не ў паветаным Фантоме (у БНР, ВКЛ, цi яшчэ дзе). Гаспадар нiколi ня будзе сумнявацца ў тым, што ён у сваёй хаце адзiны носьбiт рацыi, ён змусiць астатнiх лiчыцца зь ёю.
Мы сябе штучна загналi ў рэзэрвацыю, стварылi фантом «беларускае нацыянальнае меншасьцi» ў Беларусi. Мы адасобiлiся ад усяго сьвету — загналi сябе ў думках у мiнулае, але ведаем, што жывем сёньня й тут. Чуваць стала пра аддзяленьне ад РБ, стварэньне беларускае Рэспублiкi, куды перасялiлiся б усе «нацыяналюгi» й будавалi б «вольную эўрапейскую Беларусь». Мы з кожным годам аддзяляемся, страчваем сваю зямлю, бо не адчуваем сябе тут гаспадарамi... Мы нiколi не пераможам без пачуваньня сябе тут гаспадарамi. Мы нiколi не пераможам, пакуль будзем бегчы ад адказу на пытаньне: «Чаго нам хочацца?» Пакуль будзем зьбягаць «у БНР», пакiдаць астатнiх канаць у РБ... Нам ня хочацца, нам патрэбная ўлада, бо безь яе немагчыма ажыцьцявiць свае жаданьнi, немагчыма зрабiць з РБ Краiны, дзе было б нам добра. Як яе здабыць, каб потым ня страцiць — гэта iншая рэч. У кожным выпадку, калi ведаеш, чаго хочаш — думаеш, як гэта зрабiць i ўтрымаць.
Краiна можа быць нашай толькi з нашаю мовай. Нашая мова — беларуская, ня наша — небеларуская. Мусiм пераканаць iншых у тым, што мы ёсьць тое, да чаго яны мусяць iмкнуцца. Мы гаспадары гэтае зямлi — так? Так! Нашая мова гаспадарская? Не! Негаспадарская? Не! Нашая мова незаўважаная! Яе трэба зрабiць прыкметнай. Супэрмэта — гаспадарскай. Нашая мова мусiць быць усiхнай.
Мы беларускамоўныя, мы носьбiты станоўчага, рацыйнага. Яны небеларускамоўныя, не такiя. Яны не ў апазыцыi да нас толькi ў тым выпадку, калi яны ня нейкiя асобныя, далёкiя ад нас, калi нас нешта лучыць. Нас лучыць гэтая зямля, Беларусь. Мы мусiм памагчы iм знайсьцi сваё Я на гэтай зямлi, пазбавiцца ад часьцiнкi не-, стацца такiмi самымi, як мы — беларускамоўнымi, беларусамi.
Мы павiнны вылезьцi з пыльных архiваў, з палону мiнулага на сьвятло, у сёньняшнi дзень, крывiцка-лiцьвiнскiя фантомы мусяць застацца там, толькi ў памяцi, яны не павiнны нас зьвязваць, жыць намi. Мы беларусы. Яны (нямы) павiнны сысьцi ад «тутэйшасьцi», стацца адным цэлым з намi. Яны беларусы. Яны не «рускамоўныя», няма ў нас такiх — гэта таксама фантом, мiт, створаны намi дзеля супрацьпастаўленьня. Жыхарства гэтае краiны — толькi тыя, хто адчувае сябе тут гаспадарамi ў сваёй Бацькаўшчыне. Разам мы — Народ, Нацыя, Краiна. Рэшта — часовае насельнiцтва, якое ведае, што яно часовае тут, iх варта пашкадаваць, бо ня маюць Бацькаўшчыны, Дому, Сям’i.
Той, хто адчувае сябе беларусам як часткай народу, грамадзянiнам гэтае Краiны — той ёсьць часьцiнкай нацыi. Нацыя — не бiялягiчны падвiд, а сьведамасьць, бо няйстотна, цi ты чуваш, цi ты армянiн, цi мо грэк, галоўнае трымацца Краю, у якiм жывеш, не пачувацца ў iм чужынцам. Няма праблемы ў беларускамоўнасьцi й небеларускамоўнасьцi, бо, паўтаруся, што гэта не супрацьпастаўленьнi, а велiчынi: адна ймкнецца да другое. Той, хто хоць неяк спрабуе гаварыць па-беларуску, паступова перацякае з аднае сутнасьцi ў iншую, набывае сваё аблiчча, становiцца беларускамоўным, то ж бо 100-адсоткава сваiм у Краiне Беларусi.
Мы, беларускамоўныя й небеларускамоўныя, ёсьць тэарэтычна непадзельным арганiзмам, у якiм ня мусiць быць супярэчнасьцяў. У гэтым арганiзме няма «рускамоўных» (т.зв. «пятае калёны»), яны зьнiкаюць i сыходзяць, бо застаюцца незаўважанымi...
Вiктар Мухiн